Вы тут

Міхась Пазнякоў: Мікола Мятліцкі запальваў зорачкі на небасхіле нашай паэзіі


Яшчэ нядаўна Мікола Мятліцкі быў частым госцем на старонках літаратурных выданняў, у тым ліку «ЛіМа», цікавіўся творчым жыццём краіны і быў яго актыўным удзельнікам, даваў слушныя парады і падбадзёрваў аптымістычным словам, мог і пажартаваць... А цяпер распачала дзейнасць Камісія па ўшанаванні памяці Міколы Мятліцкага, створаная ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Сёння старшыня камісіі Міхась Пазнякоў дзеліцца ўспамінамі пра паэта і распавядае пра тое, што звязвала іх на працягу доўгіх гадоў працы, а таксама знаёміць з планам мерапрыемстваў на найбліжэйшыя некалькі гадоў.


Мікола Мятліцкі.

— Міхась Паўлавіч, вы ведалі Міколу Мятліцкага даўно, шмат разам працавалі. Што збліжала? 

— Мы сябравалі і як творцы, і як людзі шмат гадоў. Блізка пазнаёміліся, калі ён працаваў рэдактарам у выдавецтве «Мастацкая літаратура», а я — галоўным рэдактарам у выдавецтве «Юнацтва» (месціліся ў адным будынку). Часта сустракаліся па пытаннях не толькі творчых, але і выдавецкіх: удзельнічалі ў розных круглых сталах і семінарах, кніжных выстаўках, у тым ліку міжнародных. Выдавецтвы нашы займалі пазіцыі лідараў у айчынным друку. Ездзілі разам у камандзіроўкі: у Варшаву, Маскву, СанктПецярбург, Кіеў. Безумоўна, выпадала разам выступаць і ў Мінску, браць удзел у літаратурных святах, прымеркаваных да юбілеяў нашых класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча; бывалі на літаратурных імпрэзах, прысвечаных таленавітым творцам: Генадзю Бураўкіну, Нілу Гілевічу, Максіму Танку, Анатолю Вялюгіну, Івану Навуменку, Івану Чыгрынаву. 

У Саюзе пісьменнікаў Мікола Мятліцкі быў членам прэзідыума, вельмі актыўна выяўляў сябе на ўсіх пасяджэннях. Заўсёды імпанавала яго мудрае ўдумлівае выказванне: прапановы як палепшыць, па¬глыбіць, пашырыць літаратурнае жыццё, як зрабіць яшчэ больш запатрабаваным наша беларускае нацыянальнае слова, як палепшыць справу кнігадрукавання. 

Шмат увагі ўдзяляў ён і маладым літаратарам. У яго было шмат вучняў, асабліва ў паэзіі. Тут мы таксама часта пераклікаліся: у Саюзе пісьменнікаў была заснавана кніжная серыя для маладых, а ў Мінскім аддзяленні — гарадская серыя «Мінскія маладыя галасы». Працуючы ў выдавецтве, а затым у часопісе «Полымя», Мікола Мятліцкі адкрываў новыя імёны, запальваў зорачкі на небасхіле нашай паэзіі, падтрымліваў юныя таленты, дзяліўся з імі чым мог, і гэта стала надзвычай істотным для гісторыі нашай літаратуры. 

На працягу апошніх гадоў паралельна з Міколам перакладалі казахскую класіку: ён — паэзію Абая і вершы іншых паэтаў, а я — чатырохтомнік Мухтара Аўэзава «Шлях Абая». Пастаянна дзяліліся знаходкамі, падтрымлівалі адзін аднаго. 

Вельмі ўдзячны яму і за тое, што ён браў удзел у перадачах, прысвечаных маёй творчасці. 

— Якім запомніўся Мікалай Міхайлавіч? 

— Чалавекам надзвычай мудрым і шчырым, таленавітым, постаць на на¬шых літаратурных абсягах найадметнейшая... 

Найперш прыцягвала ўвагу тое, што ён заўсёды мог трапна выказацца: і на сцэне, і ў прыватных абставінах. Прамоўцам ён быў цудоўным, выступаў выразна і пафасна, і ў той жа час словы заўжды ішлі ад сэрца, вельмі праўдзівыя і плённыя. Бачу яго падзвіжнікам, які праявіўся і як выдатны паэт, і як перакладчык, рэдактар, арганізатар і грамадскі дзеяч... 

А як ён апяваў у сваёй творчасці малую радзіму, Хойніччыну! Прысвяціў Бабчыну кнігу! І гэта не проста гучныя словы. Родная вёска яго была вельмі забруджана і адселена — а Мікола неаднойчы туды ездзіў!.. Магчыма, гэта адмоўна паўплывала на яго здароўе... 

— У чым, на вашу думку, сакрэт яго працаздольнасці? 

— Перш за ўсё тут адыграла ролю яго жыццёвая школа. Гэта складвалася паступова. А закладзена было з дзяцінства. Ён прайшоў працоўную загартоўку: нарадзіўся на Палессі ў вёсцы, у глыбінцы, рос сярод прыроднай прыгажосці і шчырых працавітых людзей. Яму пашанцавала з бацькамі, настаўнікамі, якія прывілі любоў да роднай зямлі, працы і чалавека працы — гэта паважалася і ставілася на першае месца. Як і вера ў святое і прыгожае. З малых гадоў спазнаў мазалі, не цураўся ніякай работы — вось дзе крыніца яго апантанасці, працавітасці і паспяховасці. Ведаю, як шчыра ён любіў сваю зямлю і на¬стаўнікаў, папярэднікаў, самых простых людзей, сярод якіх рос, ад іх пераймаў, як чэрпаў з крыніцы натхнення, любоў да працы, шчырасць, дабрыню. Далей была вучоба ў БДУ і журналісцкая школа, праца ў ЛіМе: шмат пісаў, ездзіў па Беларусі, знаёмячыся з літаратурнымі мясцінамі, з непадробнай цікавасцю рас¬павядаў пра пісьменнікаў і кнігі — яго допісы заўсёды здзіўлялі і ўражвалі... 

Пасля было рэдагаванне галоўнага літаратурнага часопіса краіны, дзе папярэднікамі з’яўляліся Максім Танк, Кастусь Кірэенка, а сярод калег былі Анатоль Вялюгін, Іван Пташнікаў... Мікола Мятліцкі ўбіраў у сябе іх досвед, веру, апантанасць, іх агонь служэння роднай краіне, мове, літаратуры. 

Такім чынам Мікола і вырас у маштабную асобу. Першым клопатам яго была літаратурная праца. 

З туркменскім пісьменнікам Агагельды Аланазаравым у Музеі гісторыі ВАВ, 2017 г.

— Менавіта вы, чалавек, які добра ведаў Міколу Мятліцкага, узначальваеце камісію па ўшанаванні яго памяці. Напэўна, ужо распрацаваны праект мерапрыемстваў... 

— Так, рашэннем Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі мяне зацвердзілі старшынёй Камісіі па ўшанаванні памяці Міколы Мятліцкага. У складзе камісіі 12 чалавек: далі згоду працаваць і дапамагаць Алесь Карлюкевіч, Мікалай Чаргінец, Алена Стэльмах, Уладзімір Гаўрыловіч, удава пісьменніка Ірына Мятліцкая, а таксама калегі-літаратары Вадзім Спрынчан, Уладзімір Мазго, Ніна Рыбік, паэт і навуковец Алесь Бараноўскі, зямлячка — пісьменніца Наталля Канопліч з Гомельшчыны, скульптар Іван Міско. 

Плануем правесці вечар памяці пісьменніка да юбілею: неўзабаве будзем ствараць аргкамітэт па яго правядзенні ў Доме літаратара — якраз там, дзе праходзіў адзін з апошніх творчых вечароў паэта... Будзем хадайнічаць і аб наданні імя Міколы Мятліцкага адной з вуліц горада Хойнікі Гомельскай вобласці і адной з бібліятэк горада Хойнікі альбо Хойніцкага раёна. 

Было вырашана заснаваць паэтычны конкурс імя Міколы Мятліцкага сярод маладых літаратараў, а пераможцаў узнагароджваць на Рэспубліканскім фесты¬валі нацыянальнай паэзіі і песні ў Маладзечне. Ужо абвясцілі аб гэтым на сёлетнім фестывалі. Цяпер распрацоўваем палажэнне, па якім школьнікі і студэнты, якія пішуць на роднай мове і па-руску, змогуць браць удзел у творчым спаборніцтве. 

У плане мерапрыемстваў ёсць і стварэнне дакументальнага фільма аб жыцці і творчасці Міколы Мятліцкага. Якраз і планую цяпер гэтым займацца: прапра¬цоўваць пытанні з адказнымі работнікамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, пісьмо туды падрыхтавана. 

Будзем вырашаць сумесна з Інстытутам літаратуразнаўства Акадэміі навук Беларусі пытанні падрыхтоўкі да выдання Збору твораў паэта. Безумоўна, гэта зойме значны час, будзе патрабаваць вялікіх высілкаў. Але, спадзяюся, дапамогуць калегі-літаратары і ўдава пісьменніка — разам мы зробім усё магчымае для таго, каб гэтае шматтомнае выданне пабачыла свет. Колькі будзе тамоў, пакуль невядома, — пра гэта можна будзе меркаваць тады, калі збярэцца ўся творчая спадчына пісьменніка. 

Ірына Мятліцкая збірае ненадрука¬ванае. Апошнім часам, дарэчы, Мікалай Міхайлавіч пісаў цікавыя ўспаміны і нататкі аб сваёй працы ў часопісе і выдавецтве, аб сустрэчах з пісьменнікамі, акрамя таго, публіцыстычныя і крытычныя творы, займаўся перакладам. З яго эпісталярнай спадчыны штосьці захавалася, а штосьці яшчэ адшукаецца! Магчыма, і яе ўдасца ўключыць у выданне. 

— А ў чым вы бачыце галоўную складанасць пры стварэнні шматтомніка? І калі ён пабачыць свет? 

— Публіцыстыка, літаратуразнаўчыя і крытычныя артыкулы Міколы Мятліцкага раскіданы па многіх выданнях. Усё трэба выявіць. Без дзяржаўнай падтрымкі тут не абысціся. Будзем дамаўляцца, каб у Інстытуце літаратуразнаўства ўключылі адпаведную работу ў план. Спадзяёмся, праз год-два многае збяром і падрыхтуем. 

На Купалаўскім свяце паэзіі ў Вязынцы, 2009 г.

Калі казаць пра тэрміны... Асноўныя вызначаныя пункты плануем ажыц¬цявіць да юбілею паэта, а Збор твораў будзе рыхтавацца на працягу пяцісямі гадоў: спачатку вызначацца адказныя работнікі, рэдактары, навукоўцы... Добра, калі будзе выходзіць хаця б адзін том у год. Найскладанейшая частка — карпатлівая праца ў асабістых архівах, вывучэнне надрукаванага за многія гады. Але ўсё вырашальна, і я ўпэўнены, што камісіі ўдасца гэта зрабіць... 

— Якія крокі ўжо зроблены па ажыц¬цяўленні плана мерапрыемстваў? 

— Распачаў работу над стварэннем мемарыяльнай дошкі Іван Міско. Плануем адкрыць яе на доме на вуліцы Каліноўскага, дзе жыў Мікола Мятліцкі, у сакавіку 2024 года, да 70-гадовага юбілею паэта. 

Накіравалі пісьмы ў адпаведныя органы аб наданні імя Міколы Мятліцкага адной з бібліятэк Хойніччыны і адной з вуліц на радзіме паэта. Пачынаецца праца над стварэннем дакументальнага фільма, падрыхтаваны ліст на імя міністра. Шукаем сцэнарыста і рэжысёра, які змог бы паказаць маштабнасць паэта і як творцы, і як грамадскага дзеяча. Думаю, спрычыняцца да гэтай працы і сям’я творцы, сябры і калегі, якія яго добра ведалі. Хацелася б пакінуць для нашчадкаў праўдзівы вобраз паэта і чалавека, чулага і дэмакратычнага, які, тым не менш, умеў сказаць і крытычнае слова: у тым ліку і пра чыноўнікаў, і пра творцаў, і пра пэўныя падзеі... Канкрэтныя моманты яшчэ шмат будуць абмяркоўвацца ў Саюзе пісьменнікаў…

Гутарыла Аліса БРАТКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.