Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Вар’ятка-крэветка»


Упершыню крэветак я ўбачыла ў Крыме. Іх прадавалі на пляжы шкляначкамі. З тых часоў адпачынак на поўдні ў мяне асацыюецца з ружовымі крэветкамі ў шкляначцы. Цяпер гэтыя членістаногія — звычайны прадукт у нашых супермаркетах. Побач з ружовымі крэветкамі (варанымі) на прылаўках з’явіліся шэрыя (свежазамарожаныя). Крэветкі, як і ракі, пры варэнні чырванеюць.


Фота: pixabay.com

Зяць у мяне акварыуміст, у яго вялікі акварыум, абсталяваны кампрэсарам, фільтрамі і асвятленнем. Кот Васька таксама акварыуміст, першы час спрабаваў лавіць рыбак лапай пакуль не выклапатаў, а цяпер, час ад часу, сядзіць каля акварыума і назірае.

У акварыуме рыбкі розныя: ружовыя, паласатыя, залатыя ... Зяць імі вельмі даражыць: мяняе ваду, замярае яе хімічны склад, чысціць акварыум, хоць у акварыуме жывуць два чысцільшчыка, якія поўзаюць па сценах і аб’ядаюць нарастаючую на іх зеляніну. Акварыум радасць для ўсёй сям’і. Калі я прыязджаю ў госці да дачкі, то таксама прыпадабняюся да ката Ваські, то бок сяджу каля акварыума і назіраю.

Мы былі ў захапленні, калі зяць прынёс і выпусціў у акварыум двух марскіх канькоў. Далікатныя ўнікальныя стварэнні, сапраўды падобныя на конікаў. І якое было наша расчараванне, калі раніцай не знайшлі ніводнага. Хто з рыб іх з’еў? Або кот дабраўся …

На гэты раз зяць прынёс некалькі шэрых напаўпразрыстых акварыўмных крэветак і запусціў у акварыум гэтых членістаногіх. Адразу ў вадзе іх і не разгледзіш. Яны мірна суіснавалі з рыбкамі. Пры чарговай чыстцы акварыума зяць дастаў з яго каменьчыкі, прамыў іх пад праточнай вадой і паклаў на балкон прасохнуць пад сонечнымі прамянямі.

Праз тры гадзіны, калі выйшаў за каменьчыкамі, выявіў практычна выпечаную на сонцы крэветку. Не заўважыў, як яна трапіла з каменьчыкамі на балкон. Але факт быў у наяўнасці — яго любімая крэветка загінула, стала ружовай, ляжала на баку і не варушылася. Засмучаны зяць збіраўся ўжо з ёю развітацца, але мая дачка заўважыла, што тая ледзь варухнула адной нагасківіцай і прапанавала апусціць яе ў акварыум і паназіраць, можа ажыве. Так і зрабілі.

Ніякай надзеі, што крэветка ачуецца, не было. Яна нерухома ляжала на дне. Аднак на наступную раніцу ўразіла сваёй цягавітасцю — ажыла. Крэветка так і засталася ружовай, відаць трохі з варылася на сонцы. Зараз яе лёгка было заўважыць у акварыуме. Вось вам і ўваскрашэнне, — захапляўся зяць. Пасля гэтага выпадку крэветка стала дзіўна сябе паводзіць.

Праз тыдзень мы ўсе ўскочылі сярод ночы. Ўскрыкнула мая дачка, яна пайшла ў туалет і ўбачыла нешта, што рухалася ў змроку на падлозе... Калі ўключылі святло, усе былі шакіраваныя. Ружовая крэветка, выцягнуўшы свае членістыя ножкі, якія апынуліся даволі доўгімі, як на хадулях ішла праз пакой…

Зяць аднёс крэветку ў акварыум. Праз пару дзён сярод ночы пачулі нейкую валтузню і шыпенне ката. Уключылі святло. Пасярод пакоя стаяла ружовая крэветка і круціла вачыма, а кот шыпеў на яе. З тых часоў акварыум сталі прыкрываць вечкам на ноч.

Але ўлавіўшы момант, крэветка пакідае сваё асяроддзе пражывання і яе можна знайсці дзе заўгодна, адзін раз выявілі нават у чаравіку. Напэўна, ад спёкі яна звар’яцела...

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».