Вы тут

7 прадуктаў для здароўя сэрца


Аб сумным лідэрстве захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы сярод іншых хвароб чуў кожны. Як падтрымаць свой «матор» з дапамогай харчавання? Дактары і дыетолагі даўно вызначылі «дружалюбныя для сэрца» прадукты, якія пойдуць на карысць і здаровым людзям. А тым, хто ўжо мае праблемы з сэрцам, яны проста неабходныя.


Фота: pixabay.com

  • Садавіна і гародніна. Асабліва рэкамендуецца ўключыць у меню тыя з дарункаў садоў і палёў, якія багатыя каліем. Гэта адзін з самых важных мікраэлементаў для сэрца: ён дапамагае сардэчнаму рытму быць у норме, забяспечвае наш «матор» кіслародам, зніжае артэрыяльны ціск. Па ўтрыманні карыснага мікраэлемента лідзіруюць абрыкосы, бананы, вінаград, цытрусавыя, дыні, гранат, а таксама курага, разынкі, фінікі. Шмат калію ў бульбе, авакада, бураках. Падтрымаюць сэрца і памідоры, якія змяшчаюць лікапін.
  • Тлустая рыба. Сакрэт яе карысці — утрыманне поліненасычанай тлустай кіслаты «Амега-3», якая перашкаджае сардэчна-сасудзістым катастрофам: знізіць рызыку з’яўлення тромбаў, дапаможа нармалізаваць паказчыкі халестэрыну. Лідзіруе ў гэтым спісе жыхароў паўночных мораў ласось, але карысныя таксама палтус, тунец, фарэль, гарбуша, траска.
  • Зялёная ліставая гародніна і крыжакветныя. Шпінат, ліставыя салаты, а таксама капуста — белакачанная, брусельская, квяцістая, брокалі, — багатыя на харчовыя валокны, магній, калій, вітаміны К, С, Е, флаваноіды і караціноіды. Гэтыя рэчывы важныя для здароўя міякарда, аказваюць антыаксідантнае дзеянне, нармалізуюць ліпідны абмен, перашкаджаюць згушчэнню крыві.
  • Цэльназерневыя прадукты. Да іх адносяцца буры рыс, ячмень, грэчка, авёс. Зробленыя з цэльнага зерня крупы, макароны, хлеб перашкаджаюць атлусценню, зніжаюць артэрыяльны ціск і нармалізуюць халестэрын, што зніжае рызыку атэрасклерозу сасудаў. Навукоўцы адкрылі, што перайшоўшы на цэльназерневы хлеб, вы ўжо прынесяце свайму сэрцу велізарную карысць. Дапамогуць сэрцу быць здаровым і бабовыя — фасоля, гарох, сачавіца.
  • Арэхі. Карысныя ўсе арэхі: фундук, міндаль, кедравы, але асабліва добры варыянт для сардэчнай мышцы — грэцкія. У іх змяшчаюцца тлустыя кіслоты, якія паляпшаюць ліпідны баланс, а таксама вітаміны, мінералы, клятчатка. Устаноўлена, што пры рэгулярным умераным ужыванні арэхі скарачаюць верагоднасць інфарктаў і інсультаў.
  • Аліўкавы алей уваходзіць у склад так званай міжземнаморскай дыеты. Павышаючы пругкасць сценак сасудаў, алей з пладоў аліўкавага дрэва можа дапамагчы нармалізаваць крываток, паменшыць рызыку інфарктаў і падоўжыць жыццё. У Беларусі вырабляецца льняны алей, які таксама багаты на тлустыя кіслоты і змяшчае вітамін Е, насычае арганізм антыаксідантамі, зніжае «дрэнны» халестэрын. Абодва алеі паспяхова чысцяць кроў і змагаюцца з захворваннямі сэрца.
  • Часнок знаёмы нам як народны супрацьвірусны сродак у перыяд эпідэмій грыпу, але ён таксама сябар сэрца і сасудаў, бо разрэджвае кроў, прадухіляе з’яўленне тромбаў, можа дапамагчы знізіць артэрыяльны ціск. Злоўжываць гэтым прадуктам, асабліва людзям з некаторымі захворваннямі, не рэкамендуецца. Для здароўя сэрца карысць прынясуць і спецыі: каляндра, чорны перац, імбір і карыца.

На думку дыетолагаў, недастаткова проста ўжываць «правільныя» прадукты. Трэба адмовіцца ад таго, што шкодзіць сэрцу, а гэта фастфуд, транстлушчы, насычаныя жывёльныя тлушчы, шыпучыя віны, салодкая газіроўка, прадукты з вялікім утрыманнем рафінаванага цукру і смажаныя. Спажыванне солі таксама рэкамендуецца абмежаваць.

Падрыхтавала Аліна ТОМІНА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.