Вы тут

Свята юнацтва і дзяцінства


Юныя чытачы разам з бацькамі мелі цудоўную магчымасць пазнаёміцца бліжэй з пісьменнікамі на Фестывалі дзіцячай кнігі «У гасцях у Францыска Скарыны». Свята адбылося 10 верасня, падчас святкавання Дня горада Мінска, каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Ініцыятарам выступіў Саюз пісьменнікаў Беларусі.


Тэма свята была абрана невыпадкова. Сёлета — 505-годдзе беларускага кнігадрукавання. Францыск Скарына — цэнтральная асоба. Чалавек, які, без сумневу, з’яўляецца прыкладам як для дарослых, так і для дзяцей. Дзіцячая літаратура — менавіта гэты напрамак развіваецца найбольш дынамічна, з выкарыстаннем навацый у далучэнні шырокай аўдыторыі да чытання. Міхась Пазнякоў, Мікола Чарняўскі, Уладзімір Мазго, Яўген Хвалей, Генадзь Аўласенка, Ніна Галіноўская, а таксама аўтары з усіх рэгіёнаў Беларусі прадставілі свае добра вядомыя і новыя кнігі для дзяцей.

На галоўнай пляцоўцы свята гучалі вершы на беларускай і рускай мовах з вуснаў не толькі літаратараў, але і юных удзельнікаў Тэатра паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Майстроў слова падтрымалі найбліжэйшыя паплечнікі — мастакі, ілюстратары, дызайнеры, выдаўцы, дзякуючы якім творы становяцца кнігамі.

Ва ўрачыстасці актыўны ўдзел бралі дзіцячыя бібліятэкі Мінска. Бібліятэкары распрацавалі літаратурна-пазнавальны квэст, падчас якога ўдзельнікі праходзілі ад прыпынку да прыпынку. Захапілі займальныя віктарыны «Скрозь шолах старонак», «Рамонкавая палянка пажаданняў», «Палянка малявашак», «Лабірынты ведаў». Да свята дзіцячай кнігі далучыліся і выдавецтвы «Беларусь», «Народная асвета», Выдавецкі дом «Звязда», з якімі супрацоўнічаюць пісьменнікі і дзе выходзяць найбольш знакавыя ў нашай краіне выданні для дзяцей. На фестывалі можна было не толькі пагутарыць з творцамі, але і набыць кнігі з аўтографамі аўтараў. Каб лепш адчуць атмасферу свята і настрой фестывалю, мы звярнуліся да ўдзельнікаў мерапрыемства з просьбай падзяліцца сваімі ўражаннямі.

Алена СТЭЛЬМАХ, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня секцыі дзіцячай літаратуры СПБ:

— Гэта наш першы вопыт правядзення такога фестывалю. Падзея важная для ўсяго Саюза пісьменнікаў Беларусі і для мяне асабіста. Хацелася ацаніць творчыя сілы. Мы такія розныя: выдавецтвы, бібліятэкі, пісьменнікі, музеі. Сённяшняе свята даказала, што робім адну справу і імкнёмся рабіць яе на самым высокім узроўні. Чытач таксама зацікаўлены.

Людзі актыўна падыходзяць да пісьменнікаў, удзельнічаюць у аўтографсесіях. Хацелася з дапамогай фестывалю паказаць, што Мінск — сталіца, якая чытае. Беларусь — краіна, якая выхоўвае праз кнігі. Вядома, што моцная будучыня той дзяржавы, дзе чытаюць, дзе ёсць прыхільнасць да адукацыі. Толькі так ідзе станаўленне асобы. Асабіста для мяне сённяшняя падзея сімвалічная.

Мы знаходзімся каля помніка Францыску Скарыну, я прэзентую сваю кнігу «У гасцях у Францыска Скарыны». Прыемна, што ад вялікага накладу засталіся лічаныя экзэмпляры. Фестываль супаў з пачаткам новага навучальнага года, і гэта не проста так. Субота, людзі з’ехаліся з усёй краіны і ад’язджаюць выключна з добрым настроем. Радуе, што з’явілася дамоўленасць паміж мінскай сеткай бібліятэк і пісьменнікамі з іншых гарадоў аб выступленнх перад сталічнымімі чытачамі. У сваіх гарадах яны вядуць актыўнае літаратурнае жыццё, а вось такія сустрэчы вельмі неабходны, даюць літаратару натхненне.

Не магу не падзяліцца тым, што маю першую кнігу сёння атрымалі дзеці з дзіцячага дома сямейнага тыпу з Горак, якія прыехалі ў сталіцу спецыяльна па яе. Мне, як аўтару, вельмі прыемна. Тым больш што кніга стваралася сямейным калектывам, пры ўдзеле маіх дачок і ўнучак. Натхняюць прадстаўленыя выданні. Смела скажу, што яны вельмі розныя.

Ёсць творы і пра гісторыю нашай радзімы, таму што кожны аўтар стараецца звяртацца да вытокаў. Ёсць кнігі і звышсучасныя, якія сведчаць пра тое, што чытачоў цікавіць і творчая навацыя, а пісьменнікі гатовы падараваць яе. Думаю, гэтае мерапрыемства стане традыцыйным. Чула ўжо думкі аб тым, каб не толькі працягваць святы дзіцячай кнігі, але і даваць фестывалю новы ўзровень.

Міхась ПАЗНЯКОЎ, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ:

— Рэспубліканскі фестываль атрымаўся. Такі фармат вельмі цікавы, на мой погляд. Таму што гэта сведчыць пра сувязь з народам. З табой могуць пагаварыць, сфатаграфавацца. Просяць і аўтограф, хоць часам не на кнізе, а на паперы, задаюць пытанні. Такая ўвага не можа не радаваць. Раней у савецкі час падобныя мерапремствы былі частымі, праходзілі, напрыклад, у парку Горкага. Цяпер, канешне, пандэмія перашкодзіла многім, але думаю, што прыйшоў час аднаўляць такія сустрэчы. Надвор’е не падвяло.

Тым больш гэта фестываль не толькі дзіцячай кнігі, але і ўвогуле свята горада. Настрой у наведвальнікаў добры, ёсць цікаўнасць да літаратуры, паэзіі, дзіцячай кнігі. Вельмі прыемна, што сучасная літаратура запатрабавана. Лічу, што такія мерапрыемствы трэба праводзіць часцей. Часта даводзіцца выступаць у школах, і здараецца, што дзеці проста не ведаюць сучасных пісьменнікаў. У малодшых класах вывучаюць Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулю і ведаюць, што яны памерлі.

А сучасных пісьменікаў не чытаюць. Таму трэба сустракацца, каб ведалі, што пісьменнікі жывыя і літаратура жывая. Многія з нашых сучаснікаў таксама цягам часу стануць класікамі. Іх будуць вывучаць не адно дзесяцігоддзе, а можа, і стагоддзе. Такую справу трэба рабіць абавязкова.

Ганна СКАРЖЫНСКАЯ-САВІЦКАЯ, дзіцячая пісьменніца, г. Гродна:

— Свята атрымалася. Асаблівым для мяне было тое, што ўсё адбываецца на пляцоўцы перад Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, каля помніка Францыску Скарыну. Я пабачыла яго ўпершыню і ў захапленні. Неабходна праводзіць такія фестывалі і надалей. Калі бачыш зацікаўленых чытачоў, гэта натхняе. З’яўляецца жаданне пісаць, шукаць новыя ідэі, распрацоўваць цікавыя тэмы. Гэта каласальная падтрымка.

Таццяна СУЧКОВА, дзіцячая пісьменніца, г. Гродна:

— Гродзенскую дэлегацыю прынялі вельмі цёпла і гасцінна. Даўно не было столькі размоў і сустрэч. Пабачыліся з пінскімі, віцебскімі і барысаўскімі пісьменнікамі. Абмен досведам такі неабходны. Эмоцыі перапаўняюць, проста касмічныя. У Гродне мы часта бачымся з чытачамі, але надзвычай прыемна паглядзець на сталічных хлопчыкаў і дзяўчынак, якія цікавяцца нашымі кніжкамі. Усе кнігі, якія я прывезла, апынуліся ў добрых руках. Хочацца асабліва адзначыць, што радасна і бачыць тут выдавецтвы.

Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ, дзіцячая пісьменніца:

— Цудоўны фестываль дзіцячай кнігі. Радасна бачыць, як шмат дзяцей з бацькамі, з бабулямі і дзядулямі прыходзяць набыць кнігі, пагаварыць з пісьменнікамі, атрымаць аўтограф. У мяне сёння моцнае і ўстойлівае адчуванне пісьменніцкага шчасця: неверагодная атмасфера свята — якія цудоўныя людзі сюды прыйшлі! Тут разумееш, што ўсё тое, што ты робіш, ствараеш — цікава, каштоўна. Вельмі прыемна, што актыўна працуюць адзінай камандай пісьменнікі, выдаўцы, мастакі, бібліятэкары.

Анастасія БАЛЫШ, мастачка і ілюстратар:

— Атмасфера добрая, натхнёная, узнёслая, бо не кожны дзень можна ўбачыць жывога пісьменніка. Гэта заўсёды цікава: паціснуць руку, пагаварыць падчас сустрэчы, разам пагартаць кнігу. Нам, аўтарам, прыемна сустракацца з чытачамі ўжывую. На паліцах стаіць шмат кніг, а ў планах — яшчэ больш. Сачыце за навінкамі!

Яна ЦЭГЛА

Фота Анастасіі КАВАЛЬЧУК

Выбар рэдакцыі

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Кіно

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?