Вы тут

Якуб Міско. Нястомны барацьбіт за ўз’яднанне беларускага народа


Празаік, публіцыст, журналіст, паэт, перакладчык, крытык Якуб Міско нарадзіўся 1 чэрвеня 1911 года. Зусім маленькім зведаў гора і пакуты, якія прынесла Першая сусветная вайна. Сям’я Міско папоўніла шэрагі бежанцаў з Беларусі, якія накіроў­валіся ў Расію. Яе знаходжанне там доўжылася сем гадоў. За гэты час малая радзіма Якуба Міско — вёска Чамяры на Слонімшчыне — знаходзілася пад рознымі ўладамі. Калі вярнуліся ў Чамяры, яны ўжо ўваходзілі ў склад Польскай Рэспублікі. Да вяртання Якуб Міско паспеў павучыцца ў расійскай пачатковай школе. Яго бацькі, бедныя сяляне ў Расійскай імперыі, заставаліся такімі і ў часы польскай улады. Якуб Міско даволі рана стаў усё гэта ўсведамляць.


На момант пачатку навучання ў Віленскай беларускай гімназіі ён ужо заўзяты яе праціўнік. У падпольным часопісе вучняў гэтай гімназіі быў надрукаваны яго верш «Наперад». Там сапраўдных барацьбітоў супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту натхнялі наступныя радкі: «Наперад, да лепшае долі! Наперад, да сонца, да зор! Мы ў цемры не можам жыць болей, // Нам трэба святло і прастор!» Малады чалавек настолькі ўцягнуўся ў барацьбу супраць санацыйнага і адначасова антыбеларускага рэжыму, што яго ні раз і ні два выключалі з гімназіі, кідалі за краты. Неаднойчы пазбаўляўся свабоды і пасля заканчэння вучобы.

Працаваў у галоўным сакратарыяце арганізацыі «Змаганне», кіраваў рэдакцыяй віленскай «Беларускай газеты».

Апошняя для Якуба турма за польскім часам — Лукішкі ў Вільні. Адтуль яго прывозілі на апошні судовы працэс — «Маладой грамады». Разам з ім судзілі яго паплечнікаў Валянціна Таўлая і Піліпа Пестрака. Судовыя пасяджэнні праходзілі шэсць дзён. На календары быў трэці месяц трыццаць сёмага. Усіх траіх транспартавалі з Лукішак у кайданах. Усе трое былі не згодны з абвінавачваннем і вельмі рашуча аб гэтым заяўлялі. Праўда, перад самым будынкам кайданы здымалі. Кожны з іх бліскуча выступіў на судзе. Вось што пачулі суддзі ад Якуба: «Любоў да свайго прыгнечанага народа, да роднай мовы мы ўсмакталі з малаком нашых матак, любоў гэтая з намі назаўсёды, і вы, панове, судзіце нас за яе — за любоў па свяшчэнным праве жыцця!..»

Ён горача вітаў вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь восенню 1939 года. Будучы актыўным удзельнікам рэвалюцыйнага руху, радаваўся, што ўсталявалася ўлада, за якую ён змагаўся. Але новая ўлада 1 лістапада 1939 года абвясціла гэтага чалавека недарэчным для грамадства «правакатарам», пазбавіла волі.

Цяжка сказаць, як бы склаўся лёс Якуба Міско, каб у яго справу не ўмяшаўся першы сакратар ЦК КП (б)Б. У трэцяй дэкадзе красавіка 1940 года яго вызвалілі і рэабілітавалі. Пасля вызвалення з савецкай турмы Якуб Міско некалькі месяцаў правёў на радзіме, затым накіраваўся ў Ліду, дзе стаў працаваць літсупрацоўнікам раённай газеты «Уперад». Тут сустрэў Вялікую Айчынную вайну. Чатыры гады змагаўся на франтах супраць германскіх агрэсараў. Пачынаў радавым, Вялікую Перамогу сустрэў маёрам. Затым да 1947 года служыў у Германіі. З 1947 да 1976 гг. працаваў у «Сельскай газеце». У 1948 годзе паступіў у Баранавіцкі дзяржаўны настаўніцкі інстытут, які паспяхова скончыў у 1949 годзе. З 1976 да 1981-га — у часопісе «Коммунист Белоруссии».

Якую ж спадчыну пакінуў пасля сябе?

Самы вялікі яе сегмент — журналісцкія матэрыялы. Гэта — хрэстаматыйны дапаможнік для тых маладых людзей, якія робяць першыя крокі ў журналістыцы. Не менш удалымі атрымаліся дакументальная аповесць «Было яно калісьці…», апавяданні, гумарэскі. Трэці сегмент: артыкулы пра вядомых дзеячаў Заходняй Беларусі, у якіх арганічна спалучаюцца ўспаміны і бліскучы аналіз. Чацвёрты сегмент выдае ў ім выдатнага літаратурнага крытыка. Вычар­пальна паказана мастацкая каштоўнасць кніг Максіма Танка, Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Міхася Машары, Віктара Казько. Пяты сегмент: узорныя ва ўсіх адносінах пераклады на беларускую мову твораў К. Брандыса, М. Жулаўскага, Е. Путрамента, М. Каўнацкай. Пра іх можна смела казаць: копія не горшая за арыгінал», бо дасканала ведаў некалькі замежных моў.

Фінальная кропка на жыццёвым шляху ўраджэнца вёскі Чамяры была пастаўлена 23 кастрычніка 1981 года.

39 гадоў таму ўбачыла свет кніга «Маё маўклівае сэрца». Яе выданне — заслуга народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. Ён выступіў тут і ўкладальнікам, і рэдактарам, і аўтарам уступнага слова. Гэта самае лепшае з таго, што напісаў за сваё жыццё Якуб Герасімавіч. Змястоўная частка першага раздзела — дакументальная аповесць «Было яно калісьці…». У другі ўвайшлі нарысы, артыкулы, гумарэскі. Ва ўступным слове Янка Брыль згадваў: «Найлепш пісалася яму тое, што звязана з былой Заходняй Беларуссю, з яе горкай нядоляй, са слаўнай барацьбой яе найлеп­шых сыноў і дачок за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. У гэтай цікавай, высокакультурнай публіцыстыцы амаль усюды натуральна і неабходна прысутнічае аўтар — як актыўны ўдзельнік многіх галоўных падзей свайго часу, са сваім глыбінным веданнем прадмета, са сваёй ідэйнай перакананасцю, грунтоўна праверанай у выпрабаваннях на сталасць».

Заслугі пісьменніка, журналіста, пісьменніка былі высока ацэнены. За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне ўзнагароджаны пяццю баявымі ордэнамі. 55 гадоў таму Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР В. Казлоў змацаваў сваім подпісам Указ аб прысваенні Якубу Герасімавічу ганаровага звання «Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР».

Міхаіл СТРАЛЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.