Масавыя пратэсты могуць захліснуць Еўропу ва ўмовах суровай зімы. Такое меркаванне выказала дырэктар-распарадчык Міжнароднага валютнага фонду Крысталіна Георгіева. Яна прызнала, што сусветная супольнасць недаацаніла інфляцыю, з якой сутыкнулася глабальная эканоміка. «У кастрычніку мінулага года многія з нас былі вельмі аптымістычныя: рост быў устойлівы, вакцыны ўсялялі ў нас упэўненасць у тым, што пандэмія скончылася. На фоне гэтага мы думалі, што інфляцыя, якую перажываем, пройдзе. Аказалася, што мы памыляліся, — прызнала дырэктар МВФ. — Інфляцыя ўпартая. Гэта сведчыць аб неабходнасці таго, каб цэнтральныя банкі былі гэтак жа ўпартыя ў барацьбе з ёй». Як адзначаюць эксперты, з набліжэннем халадоў сітуацыя будзе яшчэ больш абвастрацца. Што ж чакае Еўропу?
На еўрапейскім кантыненце папярэджанні аб надыходзе рэцэсіі зімой гучаць усё гучней, еўра прасядае, а энергетычны рынак ужо знаходзіцца ў стане крызісу. Але еўрапейскія ўрады ўсё яшчэ адстаюць на тры крокі ад развіцця падзей, заўважыла Bloomberg. Яны толькі канстатуюць факты і папярэджваюць аб тым, што надалей будзе яшчэ цяжэй. Так, прэм'ер-міністр Бельгіі Аляксандр дэ Кроа папярэдзіў, што еўрапейская эканоміка можа поўнасцю спыніцца, калі не будуць хутка прыняты меры для выхаду з энергетычнага крызісу, паведамляе агенцтва Bloomberg. «Некалькі такіх тыдняў, і еўрапейская эканоміка проста спыніцца», — заявіў Аляксандр дэ Кроа. Паводле слоў бельгійскага прэм'ера, асноўная рызыка для Еўропы — у дэіндустрыялізацыі і «фундаментальных сацыяльных хваляваннях».
Еўрапейскія краіны могуць сутыкнуцца з найбуйнейшым з моманту заканчэння Другой сусветнай вайны эканамічным крызісам. Аб гэтым папярэдзіў міністр прамысловасці і гандлю Чэхіі Ёзэф Сікела на пасяджэнні Савета ЕС па энергетыцы, паведаміла ТАСС. Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан заявіў, што энергетычны крызіс і высокі ўзровень інфляцыі ў ЕС, выкліканыя антырасійскімі санкцыямі, могуць паставіць Еўропу на калені. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што спробы заходніх краін аслабіць Расійскую Федэрацыю не мелі поспеху, нягледзячы на тое, што супраць РФ уведзена каля 11 тысяч (!) санкцый.
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заўважыў, што Еўропа сама вінаватая ў тым, што ёй трэба будзе складаная зіма ў сувязі са скарачэннем паставак газу з Расіі. «Еўропа пажынае тое, што пасеяла», — падкрэсліў турэцкі лідар. Па словах Эрдагана, цяперашняя сітуацыя выклікана пазіцыяй Еўропы ў дачыненні да Масквы, а таксама ўведзенымі антырасійскімі санкцыямі. «Еўропу чакае складаная зіма», — канстатаваў Эрдаган, дадаўшы пры гэтым, што ў самой Турцыі цяпер няма праблем з прыродным газам.
А вось у Еўропе стратэгічныя запасы блакітнага паліва могуць скончыцца да студзеня. Такое меркаванне выказаў генеральны дырэктар кампаніі GazDay Enerjі Мехмет Доган. Намеснік старшыні Cавета Бяспекі Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў лічыць, што з улікам росту цэн на газ у Еўропе да канца года тысяча кубаметраў блакітнага паліва можа каштаваць 5 тысяч еўра, паведаміла ТАСС.
Аглядальнік Forbes Кенэт Рапоза адзначыў у сваім матэрыяле, што Заходняя Еўропа ўвайшла ў доўгатэрміновы энергетычны крызіс і без расійскага газу коціцца ў сярэднявечча, паведамляе РІА «Навіны». Як напісаў Рапоза, праблема высокай інфляцыі ў Еўропе суправаджаецца абмежаваннем у спажыванні энергарэсурсаў. З-за росту цэн на энерганосьбіты, жорсткіх мер Еўрапейскага цэнтральнага банка і падзення попыту Еўрасаюзу пагражае глыбокая і доўгая рэцэсія. Паводле прагнозаў фінансавага кангламерату Barclays Capіtal, яна працягнецца не менш чым да другога квартала 2023-га, а ВУП скароціцца на 1,7 працэнта.
Фермеры і вытворцы харчовых тавараў у Еўропе папярэджваюць, што зімой можа ўзнікнуць сезонны дэфіцыт шырокага спектра прадуктаў харчавання паўсядзённага попыту. Акрамя таго, цэны на гэтыя тавары істотна вырастуць, адзначае брытанская газета Fіnancіal Tіmes. Саюз Copa-Cogeca, які прадстаўляе інтарэсы фермераў Еўрасаюза, а таксама дзве буйныя асацыяцыі вытворцаў прадуктаў харчавання FoodDrіnk Europe і PFP паведамілі, што ўладальнікі фермерскіх гаспадарак пачалі памяншаць аб'ёмы прадукцыі. Адна з прычын такой сітуацыі — павышэнне расходаў на энергарэсурсы. «Чарговае павышэнне цэн на энерганосьбіты, асабліва на прыродны газ і электраэнергію, пагражае бесперапыннасці цыклаў вытворчасці аграхарчовых тавараў і, такім чынам, здольнасці і ў далейшым пастаўляць асноўныя сельскагаспадарчыя тавары, прадукты харчавання і кармавыя матэрыялы», — адзначаецца ў сумеснай заяве прадстаўнікоў галіны, з якой яны выступілі напярэдадні экстраннай сустрэчы міністраў энергетыкі ЕС у Бруселі.
Цэны на электраэнергію ў Еўропе імкліва ўзраслі сёлета на фоне зніжэння паставак расійскага прыроднага газу. Многія вытворцы апасаюцца, што зімой, калі попыт на электраэнергію павялічыцца, урады еўрапейскіх краін звернуцца да схем нарміравання спажывання электрычнасці. Для харчовай галіны гэта стане вялізным ударам. Генеральны сакратар Copa-Cogeca Пека Песанен сказаў, што гэтай зімой еўрапейскія пакупнікі сутыкнуцца з яшчэ больш высокімі цэнамі і дэфіцытам многіх садавіны і гародніны. «Такога мы раней не бачылі, — сказаў ён. — Ніхто не чакаў, што гэта адбудзецца і будзе мець такія маштабныя наступствы».
Калі справа датычыцца прадуктаў харчавання, электраэнергія патрэбная на ўсіх этапах: ад вытворчасці ўгнаенняў да збору ўраджаю і замарозкі прадукцыі. Паводле слоў Песанена, малочная і пякарная галіны пацярпелі ад росту цэн асабліва моцна, таму што пастэрызацыя і вытворчасць сухога малака — працэсы вельмі энергаёмістыя. Паводле даных Еўракамісіі, з пачатку года і да ліпеня цэны на сметанковае масла ў Еўрасаюзе выраслі на 80 працэнтаў, пры гэтым сухое малако падаражэла больш як на 50 працэнтаў, а ялавічына — на 28 працэнтаў. Але фермеры заўважаюць, што іх вытворчыя затраты растуць яшчэ хутчэй.
Многія вытворцы садавіны і агародніны ўжо скарачаюць пасадкі на наступны сезон, а некаторыя паведамляюць, што рост кошту эксплуатацыі цяпліц ужо перавышае той прыбытак, які яны змогуць атрымаць. Кампанія Nordіc Greens, найбуйнейшы ў Швецыі вытворца памідораў, заявіла, што яна не будзе саджаць азімыя культуры, таму што не можа дазволіць сабе значныя выдаткі на электрычнасць.
Цяпліцы ў Нідэрландах (другі найбуйнейшы экспарцёр сельскагаспадарчай прадукцыі ў свеце пасля ЗША) таксама паступова закрываюцца. «Верагодна, гэтай зімой ніхто не будзе вырошчваць памідоры і агуркі ў цяпліцах, таму што з фінансавага пункту гледжання гэта нявыгадна», — заявіў спецыяліст па энергазабеспячэнні ў галандскай кампаніі Glastuіnbouw Nederland Аляксандр Формсма.
Сёлета ў Вялікабрытаніі ўраджай сельскагаспадарчых культур, якія вырошчваюцца ў ацяпляных цяпліцах, такіх як агуркі і перац, будзе напалову меншы за норму з-за высокіх цэн на электраэнергію. Лі Стайлз, сакратар Асацыяцыі вытворцаў Lea Valley ў Хартфардшыры, паведаміў, што вытворцы, якія звычайна збіралі ўраджай да кастрычніка ці нават лістапада, сёлета спыняюцца ўжо зараз, а пасадкі налета будуць залежаць ад вынікаў перагавораў аб цэнах з супермаркетамі. Тыя культуры, якія ўжо выраслі, будуць рэзка даражэць.
Гарачая ў палітычным плане восень і халодная, поўная нявызначанасці зіма — вось што чакае Еўропу найбліжэйшым часам з-за глупства і стратэгічнай недальнабачнасці яе палітычных эліт, заўважыла харвацкае выданне Geopolіtіka. Нявызначанасць — палітычная, эканамічная, энергетычная, сацыяльная і абаронная — усё больш скалынае Еўропу. Гэта тычыцца не толькі членаў Еўрасаюза, але і Вялікабрытаніі, якая пакінула супольнасць, а таксама тых краін, якія пакуль не ўвайшлі ў ЕС, адзначыла выданне.
Праблемы ў Еўропе ўсюды больш-менш аднолькавыя: высокая інфляцыя, нестабільнасць з пастаўкамі энергарэсурсаў, высокія цэны на паліва, электраэнергію, газ і прадукты, фінансавае знясіленне. Сюды ж варта дадаць імклівае падзенне ўзроўню жыцця еўрапейскіх грамадзян, перш за ўсё пенсіянераў, катаклізмы надвор'я, засухі, пажары. Нельга забываць і аб тым, што пандэмія каранавіруса можа вярнуцца, а разам з ёй урады еўрапейскіх краін зноў уводзяць абмежавальныя меры, якія з новай сілай удараць па эканоміцы і грамадстве.
З-за пералічанага ўсё больш краін Еўропы пачынаюць сутыкацца з палітычнымі крызісамі, піша Geopolіtіka. Так, у некаторых краінах (Балгарыі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Італіі) урады ўжо змяніліся. У шэрагу іншых дзяржаў дзейныя ўлады падвяргаюцца нарастаючаму ціску як з боку палітычнай апазіцыі, так і з боку сваіх грамадзян, людзі як ніколі заклапочаныя сваёй будучыняй. У такіх умовах многія прадстаўнікі апазіцыйных партый нават не імкнуцца сесці ў прэм'ерскія і міністэрскія крэслы. А для кіруючых структур на сёння пагроза бунту незадаволеных грамадзян стала значна больш небяспечнай, чым барацьба з палітычнымі сапернікамі.
Як заўважыў прадстаўнік расійскага МЗС Аляксей Драбінін, першапачаткова заходнія палітычныя дзеячы ўспрымаюцца як адукаваныя людзі, якія атрымлівалі адукацыю ў прэстыжных універсітэтах. Аднак на практыцы аказваецца, што ў ключавых еўрапейскіх дзяржавах палітычныя эліты дэградуюць, паведаміла ТАСС. У прыватнасці, Драбінін звярнуў увагу, што кіраўнікі МЗС некаторых краін ЕС блытаюцца ў геаграфічных назвах і дрэнна разбіраюцца ў гісторыі. Зіма неўзабаве пачнецца, для Еўропы халады — нібыта ледзяны душ. Як прагназуе Bloomberg, калі Старому Свету не ўдасца знайсці комплекснае рашэнне праблем для сваіх грамадзян, якія сутыкаюцца з фінансавымі цяжкасцямі, сацыяльныя наступствы будуць проста катастафічнымі.
Захар БУРАК
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.