Вы тут

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Плачуць Боркі


Невыпадкова новы праект — «Вогненныя вёскі. Нельга забыць (памяці спаленых фашыстамі паселішчаў прысвячаецца)» мы распачынаем у Дзень народнага адзінства. Памяць — менавіта тое, што нябачнай, але вельмі моцнай сувяззю яднае, мацуе наш народ. Памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны — святая для кожнага беларуса. 

Спаленыя нацыстамі ў гады акупацыі населеныя пункты — наша агульная незагойная рана. Яна дагэтуль баліць, крываточыць. Выжыць у вогнішчы смерці, распаленым гітлераўцамі і іх памагатымі, удалося нямногім. Аднак выжылі. Для таго, каб расказаць нам, сучасным пакаленням беларусаў, што вайна — гэта трагедыя, што фашысты — забойцы, што гэты жах БОЛЬШ НІКОЛІ не павінен паўтарыцца.

Больш за 9300 вёсак і пасёлкаў (менавіта такую лічбу цяпер даюць даследчыкі) поўнасцю і часткова было сцёрта з геаграфічнай карты Беларусі. Большаць населеных пунктаў было спалена з людзьмі. Колькі з іх — назаўсёды, — не падлічана да гэтага часу (у мемарыяльным комплексе «Хатынь» увекавечана 186 вёсак, якія так і не адрадзіліся). У полымі загінулі цэлыя сем’і, дзеці, у тым ліку яшчэ ненароджаныя...

Мы не забыліся, колькі гора беларускаму народу прынеслі акупанты. Аб гэтым сведчаць тысячы помнікаў спаленым вёскам па ўсёй Беларусі. Дагледжаныя, са свежымі кветкамі — да іх ніколі не зарасце народная сцяжынка. На старонках «Звязды» — унікальныя факты, успаміны сведкаў тых жудасных падзей, некаторыя з якіх публікуюцца ўпершыню. Наступныя пакаленні павінны ведаць, якой цаной беларускаму народу дасталася Перамога.


Мемарыяльны комплекс «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў Борках. У чэрвені 2020 года ў яго адкрыцці ўдзельнічаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Трагедыю вёскі Боркі ў сваёй аповесці «Карнікі» апісаў Алесь Адамовіч

Такога жаху — ні дагэтуль, ні пасля — не бачыла Беларусь. Напэўна, няма такога месца ў цэлым свеце, каб у АДЗІН дзень, у АДНЫМ месцы загінула столькі чалавек! Адна з найбольш маштабных трагедый Вялікай Айчыннай вайны адбылася 15 чэрвеня 1942 года на Магілёўшчыне. У агні, распаленым фашыстамі і іх памагатымі, загінула прыгожая вёска Боркі, што ў Кіраўскім раёне. Разам з вёскай зажыва згарэлі і яе жыхары. Жудасная смерць напаткала і насельніцтва навакольных пасёлкаў. Усе з іх, акрамя Борак, назаўжды былі сцёртыя з геаграфічнай карты: Доўгае Поле, Чырвоны Араты, Хватаўка, Дзяржынскі, Пралетарскі, Закрынічча.

1800 чалавек — жыхароў Борак і гэтых населеных пунктаў — загінула ў той дзень. Менавіта такая лічба была агучана адразу пасля вайны. Аднак, як вядома, многія дакументы доўгі час былі засакрэчаны, доступ у архівы быў абмежаваны. Не ўсё ў свой час расказалі і сведкі, некаторыя з якіх загаварылі толькі цяпер, калі пачалося расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Сёння навукоўцы сцвярджаюць: у Борках і ў шасці найбліжэйшых да вёскі населеных пунктах загінула больш як дзве тысячы чалавек! Канкрэтная лічба — 2027 жыхароў — прыводзіцца і ў данясенні Дырлевангера аб карнай акцыі 15 чэрвеня 1942 года.

Засада на лётчыкаў

Менавіта батальён Дырлевангера, аднаго з самых жорсткіх фашысцкіх злачынцаў, удзельнічаў у знішчэнні Борак і прылеглых населеных пунктаў. Дапамагалі яму рабіць чорную справу ўзвод калабарацыяністаў, 8-я айнзатцкаманда пад кіраўніцтвам штурмбанфюрэра СС Гейнца Рыхтэра, падраздзяленне рускай крымінальнай паліцыі з Магілёва, узвод 51-га рэзервовага паліцэйскага батальёна і аддзяленне Нацыянал-сацыялістычнага механізаванага корпуса, які з’яўляўся дапаможным фарміраваннем вермахта. Загад нямецкага кіраўніцтва — падвергнуць насельніцтва «спецыяльнай апрацоўцы» — быў выкананы.

У чым прычына, што супраць мірнага насельніцтва была накіравана такая колькасць нацыстаў? На думку краязнаўца Аляксандра Паўлюковіча, які не адзін дзень правёў у архівах, асабіста сустракаўся са сведкамі тых падзей, карнай аперацыі над нявіннымі людзьмі папярэднічалі падзеі, якія і паўплывалі на лёс жыхароў Борак і іншых населеных пунктаў. Расправіўшыся з мірным, безабаронным насельніцтвам — па сутнасці з дзецьмі, жанчынамі і старымі, — гітлераўцы і іх памагатыя адпомсцілі партызанам, якія напярэдадні забілі афіцэраў нямецкіх ваенна-паветраных сіл. Аднак аб усім па парадку.

На дарозе Магілёў — Бабруйск партызаны нярэдка арганізоўвалі засады на ворага. Баявыя дыверсіі здзяйснялі тут і народныя мсціўцы атрада Ігнація Ізоха. Гэта было боегатоўнае падраздзяленне з вопытам вядзення баёў і засад на дарогах.

— Дзякуючы агентурнай і вайсковай разведцы партызанам стала вядома, што ў Магілёве сканцэнтравана група карнікаў, яшчэ адна фарміруецца ў Кіраве, — расказвае краязнаўца Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ. — Па даных разведкі, акупанты перавозілі боепрыпасы, харчаванне, а таксама людзей да фронту. З мэтай паралізацыі жывой сілы і забеспячэння праціўніка камандзіру 2-й роты старшаму лейтэнанту Анцюху было загадана сфарміраваць аператыўную групу і выйсці ў раён шашы Магілёў — Бабруйск і старога Кацярынінскага тракту Магілёў — Бабруйск, арганізаваць засаду і знішчыць жывую сілу і транспарт праціўніка.

Задача была выканана. Партызаны знішчылі тры машыны і звыш 40 чалавек, большасць з якіх былі лётчыкамі. 42 афіцэры накіроўваліся ў Бабруйск за баявымі самалётамі. Яны павінны былі зверху знішчаць нашы гарады і сёлы, але партызаны не дапусцілі гэтага і ліквідавалі іх саміх. Праўда, народныя мсціўцы тады мала разумелі, якую вялізную шкоду нанеслі ворагу: лётчыкі — унікальныя спецыялісты, на падрыхтоўку якіх патрабуецца нямала часу і сродкаў. Пазбаўленне такіх каштоўных кадраў, несумненна, прывяло немцаў у шок.

Сярод партызан у той аперацыі пацярпелых не было. Усе яны вярнуліся ў атрад жывымі і здаровымі. Вынікі праведзенай дыверсіі задаволілі камандаванне. Акрамя знішчэння праціўніка, партызаны захапілі варожую зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання — правіянтам для лётнага складу была загружана цэлая машына. Аляксандр Паўлюковіч, які вывучаў дакументы аб гэтай дыверсіі ў Нацыянальным архіве Беларусі, расказвае, што ў данясенні партызан сярод трафея ўказвалася толькі некалькі пісталетаў. «Атрымліваецца, што лётчыкі ехалі практычна бяззбройныя і без аховы», — адзначае ён. Аб тым, што немцы не аказвалі супраціўлення, у свой час сцвярджалі і сведкі.

Праз два дні пасля дыверсіі партызаны, зноў падчас засады на дарозе, знішчылі 27 эсэсаўцаў, у тым ліку 8 СС-фюрараў. Аднак, нягледзячы на домыслы некаторых экспертаў наконт таго, што гэта стала апошняй кропляй, аб сувязі гібелі лётчыкаў і эсасаўцаў са знішчэннем вёскі Боркі не ўказваецца ні ў адной крыніцы праціўніка. Да таго ж, нападзенні на нямецкія машыны і жывую сілу ворага ажыццяўлілася партызанамі ў гэтым раёне пастаянна. Аб гэтым сведчаць і нямецкія дакументы.

Гэта яшчэ раз пацвярджае, што абсалютна няправільна і памылкова звязваць жорсткасць фашыстаў да мірнага насельніцтва з дзеяннямі партызан. Палітыка нацыстаў на акупаванай тэрыторыі была жорсткая і адназначная: згодна з генеральным планам «Ост», 75 % беларусаў падлягала вынішчэнню. І гэтым усё сказана.

У 2004 годзе на месцы трагедыі ў вёсцы Боркі з’явілася капліца ў гонар іконы Божай Маці «Спагнанне загінулых».

Жорсткая расправа Дырлевангера

Раніцай 15 чэрвеня 1942 года жыхары вёскі Боркі спалі мірным сном. Тыя, хто рана прачынаўся, завіхаліся па гаспадарцы. Нічога не прадвяшчала бяды. Раптам карнікі акружылі вёску, навакольныя пасёлкі. Каб ніхто не ўцёк, устанавілі па перыметры кулямёты. Людзей забівалі ў іх жа хатах, не глядзелі, малы перад імі ці стары. Пасля хаты палілі — такім чынам спрабавалі схаваць сляды свайго злачынства.

Вось як яго самі дакументальна зафіксавалі немцы: «Учарашняя аперацыя супраць в. Боркі прайшла без судакранання з праціўнікам. Вёска адразу ж была акружана і занята. Жыхары, якія спрабавалі бегчы, былі расстраляныя, у тым ліку трое ўзброеных. Вобыск вёскі паказаў, што размова ідзе аб партызанскай вёсцы. Амаль нікога з мужчын у вёсцы не аказалася, вельмі мала коней і без вазоў. Падчас вобыску выяўлены 7 рускіх вінтовак, 3 ручныя гранаты, 2 пісталеты. Жыхары вёскі былі расстраляныя, вёска падпалена і згарэла...» (з данясення батальёна Дырлевангера ад 16 чэрвеня 1942 года).

Знішчэнне Борак — не адзінае падобнае злачынства батальёна Дырлевангера. Гэтае нацысцкае падраздзяленне пакінула крывавы след на нашай зямлі. Ваеннаслужачыя батальёна, сфарміраванага з асуджаных браканьераў і забойцаў, а таксама калабарацыяністаў (батальён быў інтэрнацыяальным), удзельнічалі ў знішчэнні Хатыні, многіх іншых населеных пунктаў, праводзілі карныя акцыі супраць партызан. Дзе б ні з’яўляліся эсэсаўцы Дырлевангера, яны неслі смерць. Па жорсткасці і бесчалавечнасці іх цяжка было пераўзысці.

У пасёлку Закрынічча, што побач з Боркамі, гітлераўцы выгналі людзей на вуліцу. Пасля без разбору заганялі па восем чалавек у кожную хату, прымушалі класціся на падлогу. Па людзях пускалі аўтаматную чаргу. Скончыўшы злачынства ў адным доме, акупанты пераходзілі ў іншы. У іншых населеных пунктах, у тым ліку ў саміх Борках, фашысты заходзілі ў кожную хату і, нічога нікому не кажучы, стралялі ў людзей. Завяршыўшы расправу над мірнымі грамадзянамі, карнікі падпалілі ўсе сем населеных пунктаў.

Помнік, які з’явіўся на месцы трагедыі ў 1964 годзе. Яго адкрыццё было прымеркавана да 20-годдзя вызвалення Кіраўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На папялішчы — сынавы косткі

Некаторым у тым пекле ўсё ж пашчасціла выжыць. У прыватнасці, жыхарцы спаленага пасёлка Закрынічча Еўфрасінні Сакадынец. Вось што яна ўспамінала аб тых трагічных падзеях: «15 чэрвеня 1942 года, раніцай, на золку, я пачула рух аўтамашын па шашы Магілёў — Бабруйск. У гэты час я выйшла з дому на двор і ўбачыла, што ад шашы ідуць аўтамашыны на наш пасёлак і пасёлак Боркі. Таксама заўважыла, што па полі ад шашы ланцугом ідуць карнікі і акружаюць нашу вёску, дакладней, наш пасёлак».

Жанчына спалохалася, кінулася ў хату і залезла на печ. Яе трое дзяцей — 13-гадовы Валодзя, сямігадовы Мікалай і Рыгор (1940 года нараджэння) — спалі. У хаце таксама знаходзіўся чырвонаармеец, які апынуўся на акупаванай тэрыторыі і хаваўся ў пасёлку. Ён быў родам з Казані, звалі яго Васіль. «У хату зайшоў адзін немец, узброены аўтаматам, нешта сказаў па-нямецку і паказаў, каб выходзілі з дому, — успамінала сведка тых падзей. — Да гэтага часу мой сын Валодзя прачнуўся. На загад немца я, Васіль і сын Валодзя выйшлі з дому на вуліцу. Мае сыны Мікалай і Рыгор спалі, немец не дазволіў іх чапаць. Калі я выйшла на вуліцу, то ўбачыла, што карнікі выганяюць з усіх хат жыхароў пасёлка і збіраюць у адным месцы. Гэта было якраз супраць майго дома. Стоячы ў натоўпе сабраных грамадзян, я ўбачыла, як адзін карнік зайшоў у маю хату, а затым, выйшаўшы, спытаў па-руску, хто гаспадыня. Я назвалася. Ён загадаў забраць з сабой дзяцей, якія спалі. Я пайшла ў дом, разбудзіла сыноў і з імі прыйшла ў натоўп».

Карнікі пачалі адбіраць па восем чалавек з натоўпу, заводзіць у дамы. Стрэлы, якія пачуліся, не пакінулі сумнення — людзей забіваюць. Старэйшы сын Еўфрасінні Сакадынец апынуўся ў першым доме... Праз некаторы час карнік пачаў ствалом зброі штурхаць у спіну і жанчыну (побач з ёй знаходзіліся яшчэ два сыны). «Гэта было недалёка ад майго дома, — успамінала пасля вайны Еўфрасіння Сакадынец. — У гэты момант я ўбачыла, што Казлоўскі Максім, ляснічы Маркевіч і Сакадынец Лявон, якіх заводзілі ў хату, пачалі ўцякаць. Ад мяне пабег мой сямігадовы сын Мікалай. Карнікі адкрылі па іх страляніну. Мой сын упаў на вуліцы, Маркевіч таксама ўпаў пад акном майго дома. Сакадынец Лявон таксама быў забіты, а Казлоўскаму, як я потым даведалася, удалося выратавацца. Скарыстаўшыся тым, што карнікі сталі пераследваць тых, хто ўцякаў, я з дзіцём на руках забегла ў свой дом. У гэты час да мяне ў хату прыбег пяцігадовы сын Казлоўскага Максім. Ён сказаў, што яго маці забілі, а бацька ўцёк. Я хутка падняла дошку падлогі і схавалася ў ямцы пад падлогай са сваім сынам і сынам Казлоўскага».

Пасля яны чулі, як карнікі зайшлі ў хату і забілі сабаку, які знаходзіўся пад печчу. Чулі, як забіралі рэчы і... размаўлялі паміж сабою па-руску. Як раптам сын гаспадыні закашляў. Гітлераўцы зразумелі, у чым справа: паднялі дошку падлогі і пачалі страляць. Еўфрасіння Сакадынец была параненая ў левую нагу, яе сын — у грудзі. Сын Казлоўскага застаўся цэлы. Жанчына страціла прытомнасць...

Апрытомеўшы, Еўфрасіння вылезла з-пад падлогі (карнікаў паблізу чуваць не было) і выцягнула дзяцей. Уцячы ўдалося толькі ёй. Аднак застацца жывой, калі трое дзяцей загінула, — такога лёсу не пажадаеш нават ворагу. Косткі аднаго з сыноў жанчына потым знайшла на пажарышчы ўласнай хаты...

Жыхар в. Боркі Міхаіл САКАДЫНЕЦ — адзін з тых, каму ўдалося выжыць.

«Падняў коўдру і стрэліў дзяўчынцы ў галаву»

Наталля Ждановіч — адна з нямногіх, каму таксама пашчасціла выжыць, калі нацысты палілі Боркі і прылеглыя пасёлкі. Яе роднае Закрынічча карнікі акружылі на досвітку. Акрамя яе і маці, у хаце знаходзіліся сёстры дзяўчыны: Вольга (1928 г. нараджэння), Еўфрасіння (1925 г. нараджэння) і Ганна (1908 г. нараджэння) са сваімі дзецьмі — трынаццацігадовай Соняй, Рэмай, якой быў адзін год і восем месяцаў, і яшчэ адной дачкой, якая толькі нарадзілася, ёй яшчэ нават не паспелі даць імя.

Калі людзей вывелі ў цэнтр вёскі, а потым, падзяліўшы на групы, заводзілі ў хаты, яна трапіла ў сваю хату. «У нашым доме аказалася 20 чалавек разам з дзецьмі, — сведчыла пасля вайны жанчына. — Услед за намі ў хату зайшлі тры карнікі і спыніліся на парозе». Яны пачалі страляць па людзях. Наталлю параніла ў абедзве рукі. Калі нацысты сабраліся выходзіць, заплакала дачка сястры: дзяўчынка, якой быў адзін год і восем месяцаў, апынулася пад ложкам. Адзін з карнікаў падышоў да ложка, падняў коўдру і стрэліў дзяўчынцы ў галаву.

Карнікі пайшлі далей рабіць сваю чорную справу. «У доме чуўся стогн, бо некаторыя грамадзяне, якія знаходзіліся ў доме, былі толькі паранены, — расказвала Наталля Ждановіч. — Я прыўзняла галаву і спытала, хто жывы. З-пад ложка вылезла мая сяброўка Сакадынец Ніна Лявонаўна. Яна аказалася цэлай. Услед за ёй вылезла мая сястра Вольга, яна была параненая ў грудзі і жывот. У доме на трупе забітых ляжала сястра Еўфрасіння. Яна таксама аказалася параненай. Ёй куля трапіла ў лапатку, выйшла ў рот, выбіла два зубы і затрымалася ў сківіцы».

Карнікі яшчэ некалькі разоў заходзілі — дабівалі тых, хто падаваў прыкметы жыцця. Неўзабаве пачалі прыносіць у хату сена — стала зразумела, чым усё скончыцца. Наталля і Ніна сабраліся бегчы: дзяўчаты вырашылі, што лепш загінуць ад кулі, чым згарэць жывымі. Калі яны выбраліся з-пад падлогі, у хаце ўжо гарэлі сцены. «Ніна і я выйшлі з дому і пабеглі полем у лес, узяўшыся за рукі, — згадвала дэталі таго дня Наталля Ждановіч. — Полем мы беглі каля кіламетра. Ці стралялі па нас карнікі, не памятаю. Уцякаючы, я паглядзела назад і ўбачыла, што ўсе пасёлкі нашай вёскі гарэлі. Прыбегшы на ўзлесак, я адчула боль у левай руцэ і даведалася, што паранена і ў левую руку. Я спрабавала сысці назад на поле, каб мяне забілі карнікі, але Ніна затрымала мяне...»

Каля двух месяцаў дзяўчаты жылі ў вёсках, якія ўцалелі. Увосень 1943 гады Наталля і Ніна сышлі ў партызанскі атрад, дзе знаходзіліся да вызвалення раёна. З таго пекла ўдалося выбрацца яшчэ і сястры Наталлі Ждановіч. Праўда, раненні не далі ёй доўга пратрымацца: праз пяць тыдняў Еўфрасіння памерла ад заражэння крыві. Больш у жанчыны нікога не засталося: яе маці, сястра Вольга, сястра Ганна з трыма дзецьмі і брат, які жыў у Борках, былі спалены.

Схема карнай акцыі ў в. Боркі. 15 чэрвеня 1942 г.

Здарылася непапраўнае

Адным з тых, хто тым летнім днём выжыў у Борках, быў і Міхаіл Сакадынец. Сведка тых трагічных падзей толькі нядаўна пайшоў з жыцця, таму паспеў падзяліцца сваімі ўспамінамі.

У той чорны дзень на досвітку Міхаіл Сакадынец разам з братам пайшлі на возера паглядзець, ці трапіла ў сеткі, якія ўстанавілі напярэдадні, рыба. Адтуль і ўбачылі, як у бок вёскі едуць нямецкія машыны і матацыклы. Міша пабег дахаты, але доўга не затрымаўся. Маці з малодшым братам панесла сваякам малако. Следам за ёй з хаты выскачыў і Міша. Аднак не за імі, ён пайшоў да іншых сваякоў, якія жылі на суседняй вуліцы: Міша сябраваў з іх сынам Валодзем. Хлопцы вырашылі ісці да возера і схавацца ў купніку — малыя баяліся, што немцы разам з іншымі забяруць іх у Германію. Не ведалі яны, што карнікі падрыхтавалі яшчэ горшы лёс. На возера ўцячы не паспелі — каля брамкі ўжо стаялі два немцы.

Ужо стары, Міхаіл Скадынец прызнаваўся, што пазнаў бы іх нават праз столькі гадоў. Так яны ўрэзаліся ў памяць 14-гадовага хлопца. Немцы пералічылі ўсіх, хто знаходзіўся ў хаце, і пачалі страляць. «У нас з гаспадаром першых стрэлілі, — расказваў сведка. — Братаў пінжак быў надзеты на мне. Так я тым пінжаком закрыўся, адвярнуўся і зваліўся разам з гаспадаром з лаўкі. Гаспадару трапілі ў галаву. Усе мазгі і кроў, калі я ўпаў, трапілі мне на плячо». Гэта акурат і выратавала хлопчыка — карнікі падумалі, што забілі і яго.

Затаіўшы дыханне, Міша ляжаў і не рухаўся — прыкідваўся забітым. Напэўна, ад страху страціў прытомнасць, бо, калі апрытомеў, немцаў ужо не было. Усе, з кім яшчэ нядаўна знаходзіўся ў хаце, былі мёртвыя. Усе, акрамя яго. Шчасліўчык! Доўга не думаючы, падлетак кінуўся ў жыта і папоўз у хмызнякі. Адтуль — у лес. Там сустрэў Мацвеевіча з жонкай, таксама жыхароў Борак. Убачыўшы знаёмыя твары, пачаў плакаць. Толькі тады ўсвядоміў, што здарылася непапраўнае.

Разам з аднавяскоўцамі Міхаіл Сакадынец пераначаваў у суседнім Убалацці. Назаўтра вярнуліся ў Боркі. Ад некалі вялікай вёскі засталося адно папялішча. «Усё спалена, усё на свеце, — успамінаў ён. — Толькі ў школе-сямігодцы грубкі з цэглы стаялі, як помнікі ў Хатыні. Нават яшчэ свінні бегалі. Мы самыя крайнія жылі — наш дом быў каля могілак, там, дзе капліца зараз стаіць. Дома сястра Ганна была з двума дзецьмі. Я знайшоў толькі трупы дзяцей, а сястры не знайшоў».

Таксама ў Міхаіла былі тры браты: Іван (1924 г. н.), Васіль (1920 г. н.) і Мікалай (1938 г. н.). Менавіта з ім, малодшым, і панесла маці сваякам малако. Дахаты не вярнуліся... Іван, які начаваў у суседа, знік бясследна. Абгарэлага Васіля Міша ўбачыў каля школы. Што здарылася з бацькам, хлопец задаваўся пытаннем доўгія тры месяцы. Якое ж шчасце было даведацца, што ён жывы!

Многія са сведак тых падзей у сваіх паказаннях сцвярджаюць: сярод карнікаў, якія палілі Боркі і прылеглыя населеныя пункты, былі людзі, якія размаўлялі па-руску, але з украінскім акцэнтам. Яшчэ сведкі, якія выжылі, расказвалі, што нацысты не шкадавалі нікога: нават мясцовых паліцэйскіх разам з іх сем’ямі спалілі.


Тыя жыхары Борак, якім пашчасціла выжыць, пабудавалі на папялішчы невялікія хаты. Аднак пажылі ў іх нядоўга. Боркі палілі тройчы. Два гады гэтыя няшчасныя людзі, якім удалося выжыць, туліліся ў лясах — да чэрвеня 1944 года, пакуль не прыйшла Чырвоная Армія.

Пасля вайны вёска Боркі адрадзілася. З’явіліся новыя хаты, пабудавалі школу. Нарадзіліся маленькія жыхары Борак. Аднак аб тых, хто жыў да іх і загінуў страшнай смерцю, тут ніколі не забываліся. На месцы трагедыі ўстанавілі помнік, узвялі капліцу ў гонар іконы Божай Маці «Спагнанне загінулых». Нядаўна ў Борках з’явіўся мемарыяльны комплекс «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці». Увекавечаны ў мемарыяле і знішчаныя разам з Боркамі населеныя пункты: Доўгае Поле, Чырвоны Араты, Хватаўка, Дзяржынскі, Пралетарскі, Закрынічча. Пасёлкі так і не паўсталі з попелу — іх не было каму адраджаць...

Вераніка КАНЮТА 

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, кандыдат гістарычных навук

Фота з адкрытых крыніц

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».