Вы тут

У сумна вядомых Чырвоных казармах Бяроза-Картузскага лагера адкрылася пастаянная экспазіцыя


Да Дня народнага адзінства Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей падрыхтваў пастаянную экспазіцыю, якая размясцілася ў сумна вядомых Чырвоных казармах. Тут з 1934 года да верасня 1939 знаходзіўся канцэнтрацыйны лагер «Бяроза-Картузская».


Фота: БелТА

Зараз у былым памяшканні лагернай адміністрацыі размяшчаецца гандлёвы цэнтр, у суседнім — дзіцячая бібліятэка, галерэя мастацтваў, цэнтр рамёстваў. Для экспазіцыі знайшлося месца на першым паверсе адной з казармаў. Летась, калі адзначалі Дзень народнага адзінства ўпершыню і адкрывалі побач адноўлены помнік, краязнаўчы музей зладзіў тут часовую экспазіцыю. Цяпер падрыхтавалі пастаянную.

Наведвальнікі, для якіх адкрыты тры залы, могуць паглядзець на адноўлены карцар і камеру, у якіх у нечалавечых умовах утрымлівалі людзей. Адна зала паказвае камеры вязняў. Экспазіцыя таксама змяшчае арыгіналы дакументаў, лістоўкі, транспаранты, асабістыя рэчы тых, хто прайшоў зняволенне. Можна пачытаць успаміны былых вязняў, а таксама ўзяць акуляры віртуальнай рэальнасці і паглядзець панараму тэрыторыі канцлагера. Працуе відэагід. Матэрыяламі з бярозаўскімі музейшчыкамі падзяліліся Нацыянальны гістарычны і Брэсцкі абласны краязнаўчы музеі.

Старшы навуковы супрацоўнік Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Галіна КРАЎЧУК расказала, што экспазіцыя пра лагер «Бяроза-Картузская» ў іх музеі працуе з 1965 года. А цяпер у філіяле «Галерэя мастацтваў» падрыхтаваная зусім новая экспазіцыя, тут сабраны матэрыялы, якія да гэтага захоўваліся ў фондах. Па сутнасці, прадстаўлены лагер у мініяцюры, які можна ўбачыць з дапамогай інтэрактыву. Кожная дэталь, кожны экспанат адноўлены, паводле ўспамінаў былых вязняў, тых з іх, хто правёў у гэтым страшным месцы не адзін месяц.

Напрыклад, «паліцэйскі калідор», праз які праганялі няшчаснага. Па абодва бакі «калідора» стаялі паліцэйскія з дубінкамі, а вязню трэба было прабегчы пад ударамі. Цяжэй за ўсё было таму, хто падаў, такіх білі з двайной сілай. Наогул, у лагеры забаранялася хадзіць пешшу, вязні мусілі бегаць, прычым па камандзе.

Самым страшным месцам быў карцар, дзе людзей трымалі без святла, ежы і адпачынку. У памяшканні не было нават нар, сядзець даводзілася на бетоннай ледзяной падлозе. Яшчэ адным відам пакарання была «крывавая дарожка». У экспазіцыі ёй адведзена асаблівае месца. На сцяне адлюстраваны вязень, які паўзе па вострых, як шкло, аскепках цэглы. За ім застаецца тая самая крывавая дарожка. Амаль ва ўсіх успамінах згадвалася пра гэтую экзекуцыю.

Польскі рэжым змяшчаў сюды найперш нязгодных з ім. У розныя гады тут сядзелі Мікалай Максімовіч, у 1961—1981 гадах — рэктар Львоўскага ўніверсітэта, Уладзімір Гуль, у 1960—1970 гады старшыня Нясвіжскага гарсавета, актыўныя члены КПЗБ Іосіф Жыўлюк, Іван Калеснікаў, Вера Іскрык, украінскі паэт Аляксандр Гаўрылюк. Апошні сядзеў двойчы і ў лагеры пачаў пісаць сваю паэму «Песня з Бярозы». Калі ў яго знаходзілі шматок паперы з радкамі, паэта білі, а запісы знішчалі. Тады Аляксандр вучыў на памяць уласныя радкі, дыктаваў таварышам, каб запаміналі, а пасля выхаду на волю ўзнавіў запісы. На беларускую мову паэму пераклала Ніна Мацяш. «Мы — мацнейшыя за стыхію, мы — людзі», — напісаў паэт Гаўрылюк, і гэтая думка грэла душу ўсім, хто знаходзіўся за кратамі.

У 1967 годзе была зладжана сустрэча былых вязняў Бяроза-Картузскага лагера. Успаміны, сведчанні яе ўдзельнікаў потым увайшлі ў зборнік «Яны не сталі на калені». Цяпер кніга ўяўляе сабой бясцэнны матэрыял для музея.

Паводле розных ацэнак, праз лагер прайшло ад 10 да 13 тысяч чалавек: беларусы, украінцы, яўрэі, палякі, немцы, нават адзін кітаец. Афіцыйна пацверджана гібель 13 вязняў, адзін чалавек не вытрымаў здзекаў і перарэзаў сабе горла. Але насамрэч, хутчэй за ўсё, ахвяр было больш, перыядычна ўспыхвалі інфекцыйныя хваробы, людзей адпраўлялі ў бальніцы, дзе яны паміралі.

Адзіны ў Бярозаўскім раёне сведка тых падзей Фёдар Труцько, бацька якога быў вязнем лагера амаль год, наведаў выставу адным з першых. Яму, 90-гадоваму, цяжка даюцца ўспаміны пра роднага чалавека, які прайшоў лагернае пекла: «Не ведаю, як адны людзі маглі так здзекавацца з іншых», — гаварыў Фёдар Сцяпанавіч.

А бярозаўскі краязнаўца Яўген Сяленя, які падрабязна вывучаў матэрыялы, падрыхтаваў нямала артыкулаў пра Бярозу-Картузскую, гаварыў аўтару гэтых радкоў пра тое, што забываць драматычную старонку гісторыі не варта найперш таму, каб ніколі такое больш не паўтарылася, каб падобныя аб'екты ці мясціны былі музеямі альбо іншым чынам служылі людзям.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».