Вы тут

У Акадэміі МУС адкрылася новая трэнажорная зала


Такі падарунак да Дня народнага адзінства галоўная міліцэйская ВНУ краіны атрымала ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.


Гэта не першы такі падарунак рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання будучым праваахоўнікам — у канцы мінулага года сучасная трэнажорная зала з’явілася ў адным з карпусоў навучальнай установы па адрасе вул. Баграціёна, 85. Чарговы сучасны спартыўны аб’ект з нецярпеннем чакалі будучыя праваахоўнікі і іх выкладчыкі — справа ў тым, што прынцыпы здаровага ладу жыцця даводзяцца навічкам з першых дзён навучання ў сталічнай міліцэйскай ВНУ.

У святочнай цырымоніі, якая адбылася на пляцы Акадэміі МУС, прынялі ўдзел міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў, старшыня цэнтральнага савета Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Лукашэнка, намеснік міністра ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Дзмітрый Карзюк, начальнік Акадэміі МУС генерал-маёр міліцыі Аляксандр Васільеў, афіцэры, курсанты, а таксама школьнікі, якія наведваюць створаныя пры ВНУ патрыятычныя клубы «Патрыёт», «Аператыўнік» і «Юны крыміналіст».

Міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў назваў сімвалічным адкрыццё новай трэнажорнай залы ў Акадэміі МУС напярэдадні Дня народнага адзінства. «17 верасня з’яўляецца днём гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, — адзначыў кіраўнік міліцэйскага ведамства. — Свята, заснаванае кіраўніком дзяржавы ў 2021 годзе, стала сімвалам пераемнасці пакаленняў, непахіснасці, самадастатковасці беларускай нацыі і яе дзяржаўнасці. Згуртаванасць, салідарнасць і паразуменне беларусаў, аб’яднаных гісторыяй, традыцыямі, культурай, заўсёды былі нашай візітнай карткай».

Па словах Івана Кубракова, адзінства і згуртаванасць з’яўляюцца важнымі складальнікамі функцыянавання органаў унутраных спраў. «Без адзінства ў нашай прафесіі нельга, — перакананы ён. — Мы павінны быць адзіныя ў барацьбе са злачыннасцю, дапамозе людзям, абароне іх правоў і законных інтарэсаў. Згуртаванымі і дружнымі таксама трэба быць і на спартыўных пляцоўках, бо без добрай фізічнай формы міліцыянерам не абысціся». 

У сваю чаргу, старшыня цэнтральнага савета Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Лукашэнка заўважыў, што вельмі прыемна прымаць удзел у такім знакавым і маштабным мерапрыемстве. «Дапамога ў адкрыцці сучаснай трэнажорнай залы — самае малое, што мы можам зрабіць для вас, — звярнуўся ён да курсантаў. — Упэўнены, займаючыся ў ім, вы станеце больш моцнымі, вынослівымі і мацнейшымі духам».

Начальнік Акадэміі МУС генерал-маёр міліцыі Аляксандр Васільеў выказаў словы падзякі Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу і кіраўніцтву МУС за магчымасць займацца фізічным развіццём на самым высокім узроўні. «Упэўнены, што цяпер матывацыя весці здаровы лад жыцця стане больш моцная, а клопат аб сабе — больш даступным», — падкрэсліў кіраўнік установы адукацыі і нагадаў, што спорту (ад гульнявых відаў да прафесійна-прыкладной фізпадрыхтоўкі) у ВНУ надаецца вялікая ўвага. 

Па выніках выступленняў на спаборніцтвах рознага ўзроўню за апошнія пяць гадоў 16 курсантам акадэміі прысвоена званне майстар спорту, 25 маладых атлетаў сталі кандыдатамі ў майстры спорту. Штогод каманды Акадэміі МУС прымаюць удзел у больш як 30 спаборніцтвах, якія праводзяцца ў Міністэрстве ўнутраных спраў і іншых ведамствах, выступаюць на турнірах міжнароднага ўзроўню ў складзе нацыянальных зборных па розных відах спорту, становячыся чэмпіёнамі і прызёрамі. За гэтымі поспехамі — карпатлівая праца трэнераў-выкладчыкаў кафедры прафесійна-прыкладной фізічнай падрыхтоўкі. У акадэміі працуюць 17 секцый па службова-прыкладных і масавых відах спорту, у якіх займаецца амаль 300 курсантаў.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?