Вы тут

На Віцебшчыне Дзень народнага адзінства святкуюць разам з «Дажынкамі»


Сёння беларусы другі раз адзначаюць свята, якое яднае прадстаўнікоў нашай нацыі розных пакаленняў, веравызнання і сацыяльнага статусу — Дзень народнага адзінства.


17 верасня яшчэ раз нагадвае кожнаму з нас, што беларускі народ жыве ў міры, згодзе і ўзаемапавазе толькі дзякуючы яднанню. Разам мы перамаглі нялёгкія эканамічныя і палітычныя перашкоды, толькі моц агульнага духу і стойкасць нашых продкаў далі нам сёння права на незалежнасць і самастойнасць як краіны, так і нацыі. Беларуская зямля нарадзіла і выхавала выдатных дзеячаў культуры і навукі, медыцыны і новых тэхналогій. Кожны спецыяліст у сваёй галіне адданай працай фарміруе вобраз моцнай і развітой дзяржавы: аграрыі, што на высокім узроўні забяспечваюць харчовую бяспеку; педагогі, якія рыхтуюць будучых навукоўцаў; урачы, якія ўдасканальваюць метады лячэння. Гатовыя працягнуць руку дапамогі, гасцінныя і шчырыя — гэта мы, беларусы.

Дата 17 верасня для правядзення галоўнага свята ўсіх хлебаробаў была абрана кіраўніцтвам паўночнага рэгіёна невыпадкова: што, як не хлеб, з’яўляецца галоўнай аб’яднаўчай сілай? З вясны і да першых дзён верасня аграрыі Віцебшчыны рупліва фарміравалі каравай вобласці і рэспублікі, і па выніках гэтага жніва ўстанавілі новы рэкорд — перасягнулі мільённы намалот. Сёння ў горадзе Глыбокае сабралася кіраўніцтва вобласці, прадстаўнікі працоўных калектываў і гаспадарак, каб выказаць шчырыя словы падзякі людзям, чые рукі пахнуць хлебам.

«Сёння, у Дзень народнага адзінства, мы даем старт абласному фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі невыпадкова: у сінтэзе гэтых дат адлюстраваны наша мінулае і сучаснасць, ратны подзвіг і працоўныя дасягненні, лепшыя рысы нацыянальнага характару і багатыя духоўныя традыцыі. А яшчэ — права быць гаспадарамі на сваёй зямлі», — адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Удзельнікі свята на чале з губернатарам Аляксандрам Субоціным у даніну памяці героям-вызваліцелям усклалі кветкі на мемарыяльным комплексе «Барок». Пасля ў святочным Глыбокім адкрылі рад сацыяльна значных аб’ектаў: амфітэатр, басейн у раённым фізкультурна-аздараўленчым цэнтры, абноўлены будынак Глыбоцкай гімназіі.

У Віцебску на плошчы Перамогі сёння праходзіць будаўнічая выстава-фестываль «Майстар фэст — 2022». У Оршы Дзень народнага адзінства адзначылі адкрыццём скульптурнай кампазіцыі «Сям’я — аснова міру» — яна ўяўляе сабой бацькоў з дзецьмі, якія трымаюць на далонях зямны шар, над сям’ёй кружаць галубы. У кампазіцыі закладзены асновы існавання, якімі асабліва даражыць увесь беларускі народ — мір і сямейныя каштоўнасці.

Багацце нашай краіны — яшчэ і багатая чыстая прырода. Сёння актывісты Кастрычніцкага раёна Віцебска заклалі ў парку Партызанскай славы імя Міная Піліпавіча Шмырова алею адзінства са 160 маладых дрэўцаў шаравіднай туі і 55 кустоў спірэі.

Кіраўніцтва, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў, моладзь і ветэраны, актыў горада — звыш 200 чалавек — накіраваліся ў Мінск на патрыятычны форум «Гэта наша гісторыя», які пройдзе сёння на пляцоўцы «Мінск-Арэна».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».