Вы тут

У «Светачы» прэзентавалі «Адзінства непераможнага народа»


17 верасня, у Дзень народнага адзінства, у кнігарні ААТ «Белкніга» па праспекце Пераможцаў, 11 беларускай сталіцы прайшла прэзентацыя філакартычнага альбома Уладзіміра Ліхадзедава «Адзінства непераможнага народа». Кніга, якая пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пабачыла свет зусім нядаўна, стала выдатным падарункам да дзяржаўнага свята


Пра гэта на прэзентацыі гаварылі старшыня Беларускага саюза журналістаў, кіраўнік інфармацыйнага агенцтва «Мінск-Навіны» Андрэй Крывашэеў, генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Уладзімір Матусевіч, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, паэты і празаікі Міхась Пазнякоў, Уладзімір Мазго, Іна Фралова, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, народны артыст Рэспублікі Беларусь Эдуард Ханок, іншыя ўдзельнікі святочнай імпрэзы.

На прэзентацыю ў «Светач» завіталі навучэнцы Мінскага педагагічнага каледжа, актывісты БРСМ ВНУ сталіцы. Андрэй Крывашэеў звярнуў асаблівую ўвагу прысутных на тое, што ў суседняй Польшчы забыліся на той выразны здзек, які адбываўся ў дачыненні да карэннага насельніцтва Заходняй Беларусі ў 1920—1930-я гады, расказаў пра фэйкі і абсалютны падман, які стараюцца ўкараняць у свядомасць не толькі сваіх грамадзян польскія ўлады. Важную ролю адыгрывае пры гэтым падзвіжніцтва сапраўдных гісторыкаў, сапраўдных экспертаў і публіцыстаў, якія ёсць нават і ў Польшчы. Яны выбіраюць праўду, імкнуцца выкараняць падман і палітычную хлусню.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч расказаў пра сістэмныя падыходы Міністэрства інфармацыі нашай краіны ў рэалізацыі творчага асветніцкага праекта «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага», у рамках якога рэалізоўваюцца многія ініцыятывы і калекцыянера, лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі « За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава. Выдадзеная ў Выдавецкім доме «Звязда» кніга «Адзінства непераможнага народа» ўжо разыходзіцца па ўсёй нашай краіне. Унікальны філакартычны альбом, гартаючы старонкі якога ёсць магчымасць ажыццявіць віртуальнае падарожжа ў 1920—1930-я гады ў многія куточкі Заходняй Беларусі, можна набыць літаральна ва ўсіх крамах ААТ «Белкніга» не толькі ў Мінску, але і на Віцебшчыне, Берасцейшчыне, Гродзеншчыне, у іншых абласцях Беларусі. З кнігай можна прыйсці на школьны ўрок гісторыі, наладзіць добры ўрок патрыятычнага выхавання.

Унікальны філакартычны альбом, гартаючы старонкі якога можна ажыццявіць віртуальнае падарожжа ў 1920-1930-я гады ў многія куточкі Заходняй Беларусі, можна набыць літаральна ва ўсіх крамах ААТ «Белкніга» не толькі ў Мінску, але і на Віцебшчыне, Берасцейшчыне, Гродзеншчыне, у іншых абласцях Беларусі. А таксама — у кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 72. З кнігай можна прыйсці на школьны ўрок гісторыі, наладзіць добры ўрок патрыятычнага выхавання. 

Гендырэктар «Белкнігі» Уладзімір Матусевіч запрасіў літаратараў, публіцыстаў краіны часцей завітваць у кнігарні, зрабіць іх творчымі дыялогавымі пляцоўкамі, звярнуць увагу шараговых наведвальнікаў, пакупнікоў на тое, што на паліцах знаходзіцца мноства кніг, якія паказваюць гісторыю нашай Айчыны, адлюстроўваюць яе ключавыя этапы на добрым мастацкім узроўні. Аўтарамі з'яўляюцца публіцысты, палітолагі, якія працуюць у Выдавецкім доме «Беларусь сегодня», іншых айчынных дзяржаўных масмедыя: Андрэй Мукавозчык, Ігар Тур, Людміла Гладкая, Юрый Церах...

Міхась Пазнякоў, вядомы паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, нагадаў пра вартасці інтэрнацыянальнага выхавання. Пісьменнік расказаў пра сваю працу над перакладам славутай эпапеі Мухтара Аўэзава, прысвечанай пачынальніку сучаснай казахскай нацыянальнай літаратуры, легендарнаму асветніку Абаю Кунанбаеву. І, вядома ж, Міхась Паўлавіч прачытаў свае вершы высокага грамадзянскага гучання.

Вось якімі ўражаннямі ад прэзентацыі падзялілася першы намеснік старшыні СП Беларусі, вядомы ў краіне дзіцячы пісьменнік, публіцыст і краязнаўца Алена Стэльмах:

— 17 верасня як Дзень народнага адзінства з'ядноўвае, злучае нас у адну грамадскую, адну агульную ўсенародную кагорту. Мы — моцная краіна. Найперш таму, што здольныя на чале са сваім Прэзідэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам вытрымаць многія знешнепалітычныя ціскі. Такія кнігі, як «Адзінства непераможнага народа», — гэта адлюстраванне пераемнасці традыцый, пераемнасці сапраўднай гісторыі, асэнсаванне еднасці пакаленняў.

...Падсумоўваючы сустрэчу ў «Светачы», Алесь Карлюкевіч сказаў, што праект «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага» будзе прадоўжаны ў Выдавецкім доме «Звязда» і надалей. Уладзімір Ліхадзедаў рыхтуе да выдання новы філакартычны альбом, у якім збіраецца прадставіць шырокаму колу чытачоў свае гісторыка-культурныя знаходкі. Кніга пабачыць свет у пярэдадзень Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу на пачатку 2023 года.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Фота: Лізавета ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.