Вы тут

Асабістае ў бок! Толькі народ, толькі дзяржава! Лукашэнка заклікаў суграмадзян захоўваць суверэнітэт краіны


Прэзідэнт Беларусі разам з усёй краінай 17 верасня адсвяткаваў Дзень народнага адзінства. Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у патрыятычным форуме «Гэта НАША гісторыя», які прайшоў на пляцоўцы «Мінск-арэны». Тысячы людзей з усёй Беларусі прыехалі ў Мінск, каб адзначыць самае маладое дзяржаўнае свята. 


Перш чым выступаць афіцыйна, беларускі лідар папрасіў усіх прысутных ціха і вельмі ўважліва паслухаць. Ён падкрэсліў, што апошнім часам нашы людзі проста і будзённа ўспрымаюць цяперашнія падзеі. Па словах Прэзідэнта, з аднаго боку, так і павінна быць. «З іншага боку, вы нават не можаце сабе ўявіць, якую буру эмоцый не толькі ў нашых суседзяў, але і ва ўсім свеце, выклікала абвяшчэнне ў Беларусі гэтага свята», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Яго словы выклікалі апладысменты зала. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, з аднаго боку, людзі ўспрымаюць гэта будзённа. Ён назваў гэта правільным. «Вы жывяце ціхім спакойным жыццём, нацэлены ў будучыню. Гадуеце дзяцей, вырошчваеце хлеб для таго, каб можна было іх карміць. Ёсць каму займацца палітыкай і вялікай гісторыяй. Але яшчэ раз падкрэсліваю: палітыка заўсёды ўціскала гісторыю. Падзеі векавой даўнасці былі вельмі моцна палітызаваныя. Калі нас падзялілі па-жывому, быў такі замес у гісторыі і каша на тэрыторыі нашай Беларусі, што не толькі гісторыкам, але і многім іншым палітолагам, юрыстам і дзяржаўным служачым давядзецца разбірацца. Нязменна адно — мы жывём на сваёй зямлі. Гэта наша зямля з тых даўніх часоў. Гэта непарушна. І мы гэту зямлю нікому не аддадзім», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, што выклікала шквал апладысментаў з залы. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што Дзень народнага адзінства ў нашай гістарычнай памяці стаіць побач з дзяржаўнымі святамі Вялікай Перамогі і Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Таму што ў далёкім 1939-м ён абумовіў будучыя гераічныя здзяйсненні адзінага беларускага народа.

«Страчаную традыцыю святкаваць вызваленне заходніх беларускіх земляў мы вярнулі ў сваё жыццё не толькі як даніну памяці аб эпахальнай падзеі. Без гэтай падзеі нам было б складана гаварыць аб перамозе, не кажучы ўжо аб незалежнасці. Гэта адказ на новыя спробы Захаду падзяліць беларускі народ па жывым і разарваць на шматкі краіну. Гэта наказ будучым пакаленням беларусаў памятаць гістарычныя ўрокі», — сказаў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу на тое, што мы не можам паўплываць на той факт, што знаходзімся на скрыжаванні геапалітычных інтарэсаў вядучых дзяржаў свету. «Тут, на гэтай нашай святой беларускай зямлі, калі глядзець у гісторыю, ды і ў будучыні я гэта бачу, эпіцэнтр усіх падзей. Тут заўсёды рабілася гэтая каша. Тут заўсёды сутыкаліся інтарэсы найбуйнейшых дзяржаў, і мы часам апыналіся ў сітуацыі не сваіх дзеянняў не сваёй вайны. Тут ішлі разборкі буйных сусветных ігракоў. Пры чым тут мы?», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, гэта ўрок для ўсіх, хто жыве на тэрыторыі Беларусі. Для праўладных і няўладных., для апазіцыянераў і збеглых. 

«Мы павінны запомніць, калі мы не возьмем галаву ў рукі, у гэтым цяперашнім перадзеле свету мы зноў апынемся ў гэтым страшным палітыка-эканамічным замесе. Так, я яшчэ пад уражаннем ад падзеі ўчарашняга і пазаўчарашняга дня ў старажытным Самаркандзе. Там асабліва, калі сядзіш сярод кіраўнікоў дзяржаў, адчуваеш нерв эпохі. Там асабліва адчуваеш: наша зямля. Колькі б нас не было: 10, 12, 20 мільёнаў. Памерці павінны, але ж захаваць яе для сваіх дзяцей. У адваротным выпадку будзем зноў пад бізуном гарбаціцца стагоддзямі. Пакуль не складзецца сітуацыя, калі складзецца, што мы зноў станем незалежнымі. Вось у чым момант і ўрок адзін: нас не будуць штурхаць то ўлева то ў права, то з усходу на захад, дзяліць, рэзаць, калі мы будзем жыць на сваёй зямлі, будзем яе шанаваць, нікому не аддаваць і будзем свята захоўваць свой суверэнітэт на гэтай тэрыторыі. Асабістае ўбок, толькі народ, толькі дзяржава»- эмацыйна выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што ў нашых сілах зрабіць высновы з падзеяў мінулага, каб выстаяць і захаваць сябе як суверэнную дзяржаву.

Я хачу, каб мы беларусамі былі

Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць памятаць (без гэтага нельга) і нагадваць усім пра тое, што ў саюзе з усходнеславянскімі суседзямі беларускія землі развіваліся (Кіеўская Русь, Расійская імперыя, СССР), а ў абдымках Захаду — не аднойчы мы знаходзіліся там — амаль гінулі, загнівалі як нацыя. Па яго словах, беларусаў рабавалі, знішчалі як этнас і ў эпоху Рэчы Паспалітай, і ў перыяд 20-гадовага польскага парадку на нашых заходніх землях. Землях, якія і сёння польскія эліты называюць сваімі «ўсходнімі крэсамі».

«Мы не беларусы, мы проста крэсы нейкія. І калі вы ацэньваеце і думаеце, што гэтыя бедныя беглыя там сядзяць. Якія яны беларусы, за якую яны незалежнасць? Яны за крэсы! А я хачу, каб мы беларусамі былі. Каб дзеці нашыя беларусамі былі, а беларусамі мы будзем толькі на сваёй зямлі», — заявіў беларускі лідар. Ён нагадаў, як не паспеўшы атрымаць літаральна «з рук» ленінскага Саўнаркама сваю дзяржаву пасля больш як 100-гадовага перапынку, польскія ўлады адразу ж прад’явілі прэтэнзіі на беларускія тэрыторыі.

«З пазіцыі сённяшняга дня мы бачым непазбежнасць гэтай геапалітычнай катастрофы ў нашай гісторыі. Як пакажа пасля час, воля супрацьстаяць агрэсару ў народа была. Не было адзінства ў кіруючых колах, якія ў пачатку ХХ стагоддзя стаялі ля вытокаў стварэння беларускай нацыянальнай дзяржавы. Наша зямля, спустошаная германскай акупацыяй у пачатку стагоддзя, была тады напоўнена ўнутрыпалітычнымі звадамі. У 2020 годзе нам гэта хацелі падкінуць, гісторыя паўтараецца», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, як адны — мясцовыя нацыяналісты з ліку прыхільнікаў БНР — марылі пра ўладу любой цаной. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, так было і ў 2020 годзе, нашчадкі тых нацыяналістаў думалі толькі пра ўладу, як схапіць, парваць і падзяліць паміж сабой. Іншыя жылі марамі аб сусветнай рэвалюцыі. Прэзідэнт звярнуў увагу, што і ў першым, і ў другім выпадку інтарэсы нашага народа альбо адмаўляліся ў прынцыпе, альбо адсоўваліся ў бок як «несвоечасовае» пытанне.

«Нашыя інтарэсы былі несвоечасовыя. Яны ігнараваліся. Чаму? Бо мы не былі гаспадарамі на сваёй зямлі. Мы не былі суверэннымі. Нічога ў нас не было: ні дзяржавы, ні ўлады, ні зямлі не было. Таму і перакройвалася карта рэспублікі як заўгодна і кім заўгодна. Самае страшнае — без удзелу беларусаў», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. На прадстаўленай карце ён паказаў, што з сябе ўяўляла Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі ў 1921 годзе пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора: 6 паветаў былой Мінскай губерні на плошчы крыху больш за 52 тысячы квадратных кіламетраў з насельніцтвам каля паўтара мільёна чалавек. І мірнай для заходніх беларусаў гэтая дамова не была.

«Кошт тэрытарыяльных страт — паламаныя лёсы мільёнаў беларусаў. Яшчэ жывыя тыя, чыя памяць захоўвае ўспаміны аб пакутлівых 18 гадах жыцця па розных баках мяжы, якая прайшла не толькі праз вёскі, гарады, але і праз людскія душы і сэрцы. Межы, якія падзялілі адзіны народ.

Мы памятаем, як “за польскім часам” адданыя сваім традыцыям, культуры, веры і мове беларусы калі што і мелі, то горкі “сірочы” хлеб, рабскую працу, разбураныя сем’і», — звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён з гонарам падкрэсліў, што людзі самі падняліся на барацьбу. Усталі на абарону нацыянальнай культуры, мовы, сваёй чалавечай годнасці, разгарнуўшы маштабны партызанскі рух і адплачваючыся за волю жыццямі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гісторыкі налічылі некалькі соцень буйных і дробных паўстанняў беларусаў і ўкраінцаў за амаль 20-гадовы польскі міжваенны перыяд. 

«Мы памятаем тую жорсткасць, з якой было задушана Скідзельскае паўстанне, калі польскія жандары рэзалі ўсіх запар, не шкадуючы старых, жанчын і дзяцей. Памятаем дзікія катаванні, якім падвяргаліся вязні канцлагера Бяроза-Картузская. І будзем памятаць герояў, якія сталі сімваламі народнага супраціву ў Заходняй Беларусі: Сяргея Прытыцкага, Веру Харужую, дзеда Талаша, Кірыла Арлоўскага, Станіслава Ваўпшасава і іншых нашых землякоў. Мы і сёння бачым сілу і веліч непакоранага беларускага духу ў творчасці Максіма Танка, Валянціна Таўлая, Максіма Сеўрука, Рыгора Шырмы і многіх іншых. Бачым, адчуваем і памятаем», — сказаў Прэзідэнт. Ён акцэнтаваў увагу, што не трэба спекуляваць на тэме пакта Рыбентропа — Молатава. Як гісторык ён растлумачыў, што міжваенная Польшча сама прывяла сябе да краху. Калі прымалася рашэнне аб пачатку вызваленчага паходу Чырвонай арміі, Польшча ўжо не існавала як суб’ект міжнароднай палітыкі.

«Звярніце на гэта ўвагу. У канцы 1930-х — пачатку 1940-х гадоў, як яны гавораць, не было Беларусі. Заходнія землі — гэта польскія, яны былі акупаваны Чырвонай арміяй. Нашае аб’яднанне імі ўспрымаецца як акупацыя. Але гэтага суб’екта, які аспрэчвае гэты факт, не было», — заўважыў беларускі лідар. Ён працягнуў гістрычны экскурс і расказаў, што да 16 верасня 1939 года ў Румынію быў перапраўлены залаты запас Польшчы, а ўжо 17 верасня фашысты былі ў Брэсце. Гітлераўскае войска стаяла на парозе Беларусі! І гэта, як акцэнтаваў Аляксандр Лукашэка, 1939-ы год — два гады да вайны. На дапамогу заходнім беларусам і ўкраінцам прыйшло Чырвоная армія. Большасць насельніцтва сустракала чырвонаармейцаў як вызваліцеляў, а ўз’яднанне беларускіх земляў успрымала як акт гістарычнай справядлівасці. Гэта падзея на цэлыя два гады спыніла шалёны бліцкрыг нацысцкай Германіі. Больш за тое, паўплывала на вынік Вялікай Айчыннай вайны.

«Не было б гэтага ўз’яднання, не было б аб’яднання беларускіх земляў, не было б гэтага адзінства беларускага, рускага, украінскага і іншых народаў, як мінімум калі б мяжа праходзіла пад Мінскам, Масква б не выстаяла. Як мінімум. Гэтая падзея на цэлыя два гады спыніла шалёны бліцкрыг нацыяналістычнай Германіі», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён прывёў яшчэ адзін гістарычны парадокс. Беларусы ў саюзе з іншымі савецкімі народамі не толькі перамаглі, але і, адкінуўшы ранейшыя крыўды ў 1945, вызвалілі Польшчу ад фашызму. Больш за 600 тысяч савецкіх воінаў сярод іх нямала беларусаў, назаўжды засталіся ляжаць у польскай зямлі.

«І хто там, за Бугам, сёння аб гэтым успамінае? Чым нам сёння адказваюць? Картамі паляка, фэйкамі Белсату, праграмамі Каліноўскага, палітэмігранцкімі цэнтрамі, байполамі, байсоламі і іншымі ідэалагічнымі дыверсіямі. Дадайце да таго, што на тэрыторыі гэтых дзяржаў і ва Украіне (знайшлі зручнае месца) сёння фарміруюцца сілавыя падраздзяленні для звяржэння ўлады ў Беларусі і вяртанне нас да 1939 года», — канстатаваў беларускі лідар. 

Галоўнае, каб мы памяталі свой гістарычны вопыт

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны, якія захавалі польскую нацыю і дзяржаўнасць, якія выратавалі Прыбалтыку і цывілізаваную Еўропу ад карычневай чумы, сёння проста сціраюць з гісторыі ўнукі і праўнукі салдат Вермахта і германскіх сатэлітаў. «Паглядзіце на сёлетніх палітыкаў Еўропы і нашых суседзяў. Таты і дзядулі служылі ў фашысцкіх войсках. Вось яны сёння рвуцца сюды. Ім патрэбен рэванш», — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што развал Украіны ўжо пачаўся. А польскія, літоўскія і латышскія палітыкі, па яго словах, мяркуючы па ўсім, наіўна разлічваюць выгандляваць сабе будучыню ў новых геапалітычных рэаліях. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яны паўтараюць памылку канца 1930-1940 гадоў. «Вы успомніце, як усё лізалі пяткі фашысцкай Германіі і Гітлеру. Асабліва поўзала кіраўніцтва Польшчы. І да чаго гэта прывяло? У першыя дні верасня, на працягу двух тыдняў Польшча перастала існаваць. Вельмі шкада, што нашы суседзі не вывучылі ўрокі гісторыі. Але галоўнае, каб мы памяталі свой гістарычны вопыт, а ўнукам нашым не прыйшлося выбудоўваць нацыянальную дзяржаўнасць наноў», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў гэты няпросты час, толькі лянівы не правёў паралель паміж падзеямі ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя і днём сённяшнім.

«Усе памятаюць, чым заканчваецца нежаданне вялікіх імперый дамаўляцца. Напалеонаўскім нашэсцем, дзвюма сусветнымі войнамі і некалькімі дзясяткамі лакальных канфліктаў. І сотнямі мільёнаў жыццяў. А што сёння? ЗША штурхаюць Еўропу ў ваеннае супрацьстаянне з Расіяй на тэрыторыі Украіны. Свае планы яны не хаваюць — кантракты ўжо заключаны на гады наперад. Гэта значыць Украіну будуць разбураць дашчэнту. І мэта пры гэтым — паслабленне Расіі і знішчэнне Беларусі», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Паводле яго слоў, яшчэ адна мэта заакіянскіх гаспадароў — Еўропа. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што Амерыка з’яўляецца адзінай краінай выгадаатрымальнікам ад таго, што адбываецца тут: і Еўропу на месца паставіць, і канкурэнтаў прыбраць. Сёння Украіна, заўтра будзе Малдова: ці Прыбалтыка, Польшча ці Румынія. Штаты раздзімаюць вайну ў Косава, спрабуючы ціснуць на Сербію, падкідваюць вуголле ў тлеючыя супярэчнасці ў Карабаху, каламуцяць ваду ў Сірыі. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў гэтыя дні на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва наслухаўся, як няпроста ўсе ў Афганістане і суседніх дзяржавах. 

«Вашынгтон прысутнічае ва ўсіх значных палітычных канфліктах, пры гэтым цалкам ігнаруе ўнутраныя супярэчнасці на грані грамадзянскага супрацьстаяння. Я выкладаю факты. Свет страціў галаву і трашчыць па швах. Чым усё завершыцца? Усё больш задумваюцца звычайныя людзі, далёкія ад палітыкі — чым завершыцца. З моманту заканчэння халоднай вайны чалавецтва ўпершыню аказалася на парозе ядзернага канфлікту.

І ў гэтым чадзе нам яшчэ не раз давядзецца даказваць сваю нацыянальную сталасць, гатоўнасць адзіным фронтам адказваць на геапалітычныя выклікі ХХI стагоддзя», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што калі тады, 100 гадоў таму ў пачатку ХХ стагоддзя, маладая беларуская рэспубліка не мела сілы сябе абараніць, то сёння абарону нашых спрадвечных нацыянальных межаў мы не проста абаронім, мы ўтрымаем! 

«Утрымаем, таму што ў нашых жылах цячэ кроў пераможцаў, і мы гатовы ўзяць у рукі зброю, каб абараніць родную зямлю. Бо ў нас моцная ўлада і моцная адзіная нацыя. Таму што мы проста жадаем жыць на сваёй зямлі, сваім розумам і гадаваць сваіх дзяцей», — заявіў Прэзідэнт.

«Спрадвечная мара беларусаў спраўдзілася»

«Паважаныя беларусы! Мы вякамі жывём на гэтай Богам прызначанай нам зямлі. Мы не жадаем чужога і ніколі не жадалі. Веліч і годнасць нашых продкаў заусёды абуджаліся перад любымі пагрозамі і ніколі не будаваліся на прыніжэнні суседзяў. Як я казаў — суседзі ад бога, іх не абіраюць. Мудрасць жыцця, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, — ні перад юм не кланяцца, жыць сваім розумам і са свайго мазаля. У Дзень народнага адзінства мы ўпэунена кажам, што спрадвечная мара беларусаў спраўдзілася», — звярнуўся да ўсіх беларусаў Прэзідэнт. 

Ён расказаў, як на саміце ШАС Прэзідэнт Казахстана высока ацаніў сказаную некалі беларускім лідарам думку. Некалі Аляксандр Лукашэнка сказаў, што няхай у нейкія часы Беларусі не было. Але зараз яна ёсць і з гэтым трэба лічыцца. 

«Мы аб’ядналіся ў адной краіне, у адной рэспубліцы. Ад сіняй стужкі Прыпяці да званоў полацкай Сафіі. Ад Камянецкай вежы і нёманскіх хваяляў да велічных Дняпра і Сожа. Паходню беларускай дзяржаўнасці запалілі ў старажытным Полацкім княстве і праз стагоддзі выпрабаванняў дзякуючы сіле духу нашых продкаў адрадзілі ў Мінску. І пад светлым знакам нашага адзінства мы ўпэўнена крочым у будучыню. Так будзе заўжды! Гэта наша гісторыя», — эмацыйна заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт павіншаваў усіх са святам, з Днём народнага адзінства. Пасля свайго выступлення кіраўнік дзяржавы разам з усёй «Мінск-арэнай» у акружэнні дзяцей праспяваў гімн. 

У тэму

Максім Рыжанкоў: Пакуль мы адзіныя — мы непераможныя

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў нагадаў, што пакуль мы адзіныя — мы непераможныя. «І насамрэч, мы ўбачылі наколькі пасля 2020 года страпянуўся народ, наколькі яны адзін аднаго пачалі падтрымліваць, наколькі ўсе адзін аднаму дапамагаюць у рэалізацыі задум, задач, нейкіх важных рэчаў для ўсёй краіны і як у нас усё добра ладзіцца, як усё ідзе сур’ёзнымі тэмпамі», — сказаў ён. Максім Рыжанкоў звярнуў увагу, што калі людзі адзіныя — то самыя сур’ёзныя задачы вырашаюцца. У любым напрамку: сельская гаспадарка, прамысловасць. «Мы знаходзімся ва ўмовах санкцый, але людзі не сышлі ў сябе, а такой талакой пераадольваюць усе перашкоды. І, насамрэч, мы добра выглядаем у нашым развіцці з улікам усіх гэтых абмежаванняў», — адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Алег Гайдукевіч: Сапраўднае свята — ад душы

Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч упэўнены, што не варта звяртаць увагу на тое, што гавораць заходнія партнёры. Мы нікога не крыўдзім тым, што святкуем сваё свята. 

«Гэта дзень, калі Беларусь стала адзінай. Гэта дзень, калі беларусы сталі больш шчаслівымі. Дзень, калі сем’і аб’ядналіся. Дзень, калі мы атрымалі тую тэрыторыю, на якой цяпер жывем. Гэта тэрыторыя дадзена нам богам. І самае дзіўнае, наведваючы розныя рэгіёны краіны, як дэпутат я бачу, што людзі дзякуюць за тое, што гэты дзень нарэшце стаў святам і заняў тое месца, якое мусіў займаць у нашым календары», — адзначыў парламентарый. Ён адзначыў, што гэта свята запатрабавана. «Бо сапраўднае свята — ад душы. А яно ад душы, і гэта бачна ў кожным рэгіёне. Людзі разумеюць, што мы святкуем і радуюцца гэтаму», — падкрэсліў Алег Гайдукевіч. Па яго словах, не ўсім на Захадзе падабаецца суверэнная і незалежная Беларусь. «Ім хочацца, каб мы азіраліся на кагосьці, глядзелі знізу ўверх. А мы не хочам. Мы народ, які мае права быць нароўных з любым народам свету», — канстатаваў дэпутат.

Уладзімір Пярцоў Дзень народнага адзінства стаў усенародным святам

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў звярнуў увагу, што за два гады Дзень народнага адзінства стаў агульнанародным, любімым святам. І за такі кароткі з гістарычнага пункту гледжання тэрмін набыў маштаб другога дзяржаўнага і нацыянальнага свята ў нашай краіне. 

«Тут ёсць і гістарычны складнік, і сэнсавы. Заходнія вобласці заўсёды адзначалі 17 верасня, і ў беларускіх сем’ях нават былі застоллі, таму што было вызваленне часткі беларускай зямлі, часткі беларускага народа з-пад прыгнёту, і ўсяго таго, што там адбывалася», — сказаў міністр. 

Па словах Уладзіміра Пярцова, у нас ёсць дзень, калі людзі могуць вывесіць сцяг з акна кватэры ці дома, надзець нейкія атрыбуты з сімволікай. Міністр нават паказаў журналістам свае запанкі з беларускім сцягам. «Я заўсёды стараюся паказаць, што я беларус, грамадзянін беларускай зямлі, грамадзянін Рэспублікі Беларусь. І разам з пераважнай большасцю людзей, якія жывуць у нашай краіне, гэты дзень адзначаю», — падкрэсліў ён.

Вольга Чамаданава: Мы яшчэ шмат можам зрабіць для нашай краіны

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама звярнула ўвагу, што дзень народнага адзінства выклікае вялікую цікавасць у моладзі. Пра гэта сведчаць шматлікія дыялогавыя пляцоўкі, якія праходзяць у Мінску. «Людзі разумеюць, што адзінства — гэта вельмі глыбокае паняцце. Людзей розных узростаў, канфесій, прафесій аб’ядноўвае любоў да сваёй Радзімы, жаданне жыць і тварыць пад мірным небам. І ў “Мінск-арэне” мы ўбачылі гэта яшчэ раз, калі з усёй краіны прыехалі людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, неабыякавыя да лёсу сваёй краіны. І самае галоўнае — яны разумеюць, што такое адзінства на мерапрыемствах і ў жыцці гэта поспех, гэта залог нашай будучыні. І я не сумняваюся, што мы яшчэ можам зрабіць шмат для нашай краіны, для яе працвітання і развіцця і на карысць нашай Радзімы», — падкрэсліла яна.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?