Вы тут

Падарожжа да старадаўніх сядзіб: Запрашаем у Свіслач і Слонім


У Выдавецкім доме «Звязда» падрыхтавана да выдання кніга легендарнага даследчыка сядзібна-паркавага комплекса Беларусі доктара біялагічных навук Анатоля Тарасавіча Федарука «Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны: Свіслацкі раён, Слонімскі раён». 

Багата ілюстраванае выданне расказвае пра 24 адрасы гістарычнай памяці толькі ў двух раёнах Гродзеншчыны. Раней ужо выходзілі кнігі А. Федарука, прысвечаныя іншым раёнам гэтага рэгіёна. У 2013 годзе — том, прысвечаны сядзібам толькі Карэліцкага раёна. Тады ініцыятарам выдання стала ўстанова "Музей «Замкавы комплекс «Мір» і асабіста кандыдат гістарычных навук Вольга Мікалаеўна ПАПКО. У 2014 годзе — працяг даследвання: кніга, у якой даследчык сабраў звесткі пра гісторыю з’яўлення, развіцця і сучасны стан сядзіб Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Воранаўскага, Гродзенскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага і Іўеўскага раёнаў. У 2020 годзе, пасля вялікага перапынку, звязанага з хваробай Анатоля Тарасавіча, выйшла трэцяя кніга, прысвечаная Гродзеншчыне. Пад адной вокладкай — расповяд пра сядзібы Лідскага, Мастоўскага, Навагрудскага, Астравецкага і Ашмянскага раёнаў. Згаданыя кнігі пабачылі свет у выдавецтве «Беларусь». 

11 жніўня 2022 года Анатоль Тарасавіч пайшоў з жыцця. Выданне сабраных ім гісторыка-краязнаўчых матэрыялаў пра сядзібна-паркавае мастацтва на Гродзеншчыне стала справай гонару і кнігавыдаўцоў, і родных і блізкіх даследчыку людзей. І вось зараз да чытача прыходзіць працяг даследвання — расповяд пра свіслацкія і смаргонскія сядзібы. Праз фотаздымкі, планы, лаканічны інфармацыйны аповяд вас чакаюць сустрэчы з Багудзенькамі (гэта ў Поразаве), Валіцкоўшчызнай (вёска Валіскаўшчына), Вярдомічамі, Гарнастаевічамі, Ляскамі ( у Навасадах), Свянціцай (вёска Вялікая Свянціца), Свіслаччу, Хараўшчызнай (вёска Рудня), Якушоўкай — у Свіслацкім раёне. А яшчэ — з Альбярцінам (у Слоніме), Бікевічамі (вёска Рудаўка), Высоцкам, Грыбавам (вёска Чамяры), Дзевятковічамі (вёска Новадзевятковічы), Дзеравянчыцамі, Ісаевічамі, Клепачамі, Львоўшчынай, Акунінавам, Парэччам, Слонімам (сядзіба па вуліцы Оперная ў раённым цэнтры), Старымі Жыровічапмі (вёска Заверша), Хмяльніцай, Шыдлоўцамі (вёска Шылавічы) — гэта ў Слоніме і Слонімскім раёне. 

Кніга нараджалася няпроста. Анатоль Тарасавіч хварэў. Было б іначай — можна было б адказы на многія пытанні знайсці прасцей. Вольга Папко зазначае ў прадмове да кнігі: «... На наш зварот адгукнуліся многія фатографы, калекцыянеры, супрацоўнікі музеяў і бібліятэк, а таксама нашчадкі ўладальнікаў сядзіб, якія падзяліліся здымкамі са сваіх сямейных архіваў, што значна ўзбагаціла кнігу. За дапамогу ў працы над рукапісам і архівам аўтара выказваем асаблівую ўдзячнасць яго дачцэ, Наталлі Анатольеўне Федарук, якая з’яўляецца нязменным паплечнікам бацькі, без яе публікацыя кнігі была б немагчымай. Словы ўдзячнасці ўсім, хто быў побач з Анатолем Тарасавічам у яго паездках па краіне, дапамагаў у правядзенні экспедыцыйных даследванняў, а таксама старажылам паселішчаў, у якіх захаваліся сядзібы, за іх любоў да роднага края і памяць пра мінулае». 

Несумненна, новы том з цыкла «Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны» стане падзеяй для айчыннага чытача, для ўсіх, хто нераўнадушна ставіцца да гісторыі і культуры Беларусі. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».