Вы тут

Што прывозіць «крама на колах» і каму гэта патрэбна


Заязджаючы ў вёску, аўтакрама працягла сігналіць — апавяшчае пакупнікоў аб сваім прыбыцці. І першымі на гэты гук збягаюцца навакольныя каты. Яны ведаюць, што чуллівыя бабулі купяць ім ліверкі, а можа, і сасісак. А калі не — заўсёды можна што-небудзь сцягнуць з сумак, пакуль пакупнік будзе расплачвацца або спыніцца пагаварыць. «Супермаркет» на колах наведвае кожны населены пункт па сваім маршруце двойчы на тыдзень, і закупляюцца вяскоўцы грунтоўна.


Душэйная праца

Зрэшты, часта ў месцах прыпынку аўтакрамы пакупнікі збіраюцца загадзя. І калі па нейкіх прычынах машына крыху спазняецца, дакараюць: маўляў, чаму так доўга...

— Усіх нашых пастаянных пакупнікоў мы ведаем па імёнах і імёнах па бацьку, — кажа найстарэйшая з прадаўцоў аўтакрам Пружанскага райспажыўтаварыства Людміла Нікалайчук.

— Дык іх жа чалавек сто ў кожнага прадаўца!

— Больш. Чалавек 120... У мяне на маршруце ёсць вёска Обеч, прыязджаю туды ў пачатку лета, пакупнікі пытаюцца: чаго, маўляў, так доўга ў папярэдняй па маршруце вёсцы стаялі? Кажу, папрыязджалі туды людзі. «А хто?». Пачынаю пералічваць, па-вулічнаму, як у вёсцы каго называюць. А яны: «Ты што, у нас ужэ жывэш?» — усміхаецца суразмоўца.

Не так даўно Пружанскае райспажыўтаварыства вырашыла «памяняць» прадаўцоў маршрутамі. Маршруты нераўназначныя: дзесьці пакупнікоў больш, дзесьці — менш, а ў прадаўца заробак фарміруецца зыходзячы з тавараабароту. Таму было вырашана перыядычна мяняць месцамі прадаўцоў на маршрутах і такім чынам выраўноўваць іх даходы. Але не прайшло і тыдня, як вал званкоў пакупнікоў... прымусіў вярнуць аднойчы заведзены парадак.

Людзі прывыкаюць да «сваіх» прадаўцоў, кажа дырэктар філіяла «Колас» Пружанскага райспажыўтаварыства Алена Старко. Прадаўцы таксама прывыкаюць да «сваіх» пакупнікоў. Кажуць, не надта проста сысці з аўтакрамы, хоць праца сапраўды цяжкая. Алена Мікалаеўна ўзначальвае філіял «Колас» (у яе падначаленні 5 аўтакрам, сфера адказнасці якіх — 136 населеных пунктаў) з 2013 года. І ўсе яе прадаўцы працуюць на аўтакрамах ужо шмат гадоў.

— Чатыры гады я працавала ў краме, але мне не падабалася праца ў горадзе, — распавядае прадавец Дар'я Вольска. — Патэлефанавала па аб'яве. На свой дзень нараджэння прыйшла прымаць аўтакраму. І вось я тут ужо 8 гадоў.

Прадавец 6 разрада Дар’я Вольска.

— Я адзін раз адсюль звольнілася, — кажа Аксана Ліпніцкая. — Тады ў Пружанах толькі адкрыўся «Еўраопт», пайшла туды працаваць. Хапіла мяне на паўгода, і я вярнулася ў родны «Колас», за прылавак аўтакрамы.

Тут, тлумачыць Аксана, яна больш чым дзесяць гадоў таму пазнаёмілася з мужам: працавала ў аўтакраме, а ён прыйшоў на склад грузчыкам. А яшчэ тут праца... душэўная. «Свае» бабулечкі і дзядулі, якія чакаюць прыезду аўтакрамы. І дзякуючы ім супрацоўнікі адчуваюць, што робяць сапраўды важную, патрэбную людзям справу.

«Тут мая хатка, тут я і буду»

У 8 раніцы аўтакрамы Пружанскага райспажыўтаварыства загружаюцца на складзе. Тут — свайго роду «прафесійны клуб»: прадаўцы і вадзіцелі дзеляцца навінамі, абмяркоўваюць, што адбылося за папярэдні працоўны дзень. Выехаўшы з варот склада ў 9 раніцы, вяртаюцца ў горад звычайна гадзін у 9 вечара, а часам і пазней.

«Не ў кожным сельскім магазіне такі асартымент», кажуць прадаўцы.

— Ну, не кожны дзень мы так позна прыязджаем. У суботу — часам у 6 гадзін вечара, — кажа Дар'я. — Летам, калі шмат дачнікаў, бывае, вядома, заканчваем і ў адзінаццаць.

З 241 населенага пункта Пружанскага раёна крамы ёсць у 49. Гандлёвым абслугоўваннем астатніх — а гэта 164 сельскія населеныя пункты, або 4659 чалавек, або 10,9 % ад агульнай колькасці жыхароў раёна, — займаецца сем аўтакрам. Прычым траціна з гэтых 164 населеных пунктаў — вёскі з насельніцтвам менш за 10 чалавек.

— Значыць, у мяне сёння так: дзве Сяменчы (Сяменча-1 і Сяменча-2, яны праз дарогу), Забалацце, Рапяхі, Вінец, Задвараны, Тулоўшчына, Загор'е, Бортнавічы, Доўгае, Круглае, Алішэвічы, Купліна — пералічвае прадавец Алена Радзівончык. — Гэта мала, у аўторак будзе больш. Па аўторках мы яшчэ заязджаем на хутар Ляхі, там жывуць бабуля і дзядуля, ім пад 90. Потым едзем так: Шакуны, Сярэдняе, Засімы, Паддубна, Жабін, Ліб'е, Харкі і Сасноўка. А ў суботу ў мяне дадаецца яшчэ тры вёскі... Ужо тры гады працую на гэтым маршруце.

Усе прадаўцы працуюць у аўтакрамах Пружанскага райспажыўтаварыства не адзін і не два гады.

Брэсцкае Палессе — гэта вялікія адлегласці паміж вёскамі, раскіданыя сярод лясоў хутары, куды не вельмі і дабярэшся ў восеньскую або вясновую бездараж. І, як усюды, гэта старое насельніцтва невялікіх населеных пунктаў. У маленькіх вёсках, дзе адкрываць нават маленечкую краму эканамічна нявыгадна, аўтакрама для пажылых людзей — не толькі забеспячэнне прадуктамі харчавання і неабходнымі рэчамі (прадаўцы прымаюць ад насельніцтва заказы і прывозяць пенсіянерам з горада тавары прамысловай групы). Па сутнасці, гэта адзіная сувязь з цывілізацыяй.

— У нас бабуля жыла ў Гараднянах, ёй 87 гадоў было, — успамінаюць прадаўцы. — Яна выходзіла да аўтакрамы з веласіпедам. Здаецца, і дзеці ў яе, і ўнукі, але рэдка да яе прыязджалі.

Адна на хутары яна жыла, а веласіпед выкарыстоўвала замест хадункоў, распавялі прадаўцы.

— Веласіпед без шын, на абадах. Мы заўсёды на дарозе спыняліся, яна далей дайсці не магла. А мы не маглі пад'ехаць бліжэй: дарогі не было. Гаспадарка пераворвала поле каля яе дома і пакідала бабулі толькі вузкую сцежку. Вось летам па гэтай сцежцы праз кукурузу яна і выходзіла да нас са сваім веласіпедам. А зімой мы самі з кіроўцам насілі ёй прадукты: ведалі, што яна звычайна бярэ. Аляксееўна ёй накладвала сумку і насіла або кіроўцу адпраўляла аднесці.

Не абавязаныя?.. Вядома, яны не абавязаныя! Але, кажуць жанчыны, як жа не прынесці бабулі прадукты — чыста па-чалавечы?

— А ў Бабінцы цяпер таксама адна бабуля засталася на ўсю вёску. Там восенню ці вясной аўтакрама праехаць не можа — бяром УАЗік або «Жыгулі» і вязём ёй асобна прадукты. Часам старых дзеці на зіму забіраюць у горад. Але многія не хочуць ехаць катэгарычна. «Тут мая хатка, тут я і буду». Тая бабуля, што з веласіпедам, так і памерла ціха ў сваёй хатцы. Паштальён яе знайшоў. Бабуля з Бортнавічаў таксама сядзіць адна ў вёсцы — і нікуды. Ездзім да яе двойчы на тыдзень. А яна купляе толькі хлеб і малако...

Праца аўтакрам стратная па азначэнні. У маленькіх вёсках засталіся пенсіянеры, якія робяць мінімальныя пакупкі.

— Рознічныя цэны ў аўтакрамах і «стацыянарных» крамах не адрозніваюцца. У нас 18 працэнтаў гандлёвая надбаўка па арганізацыі. Але на пакрыццё працы аўтакрам гэтага не хапае, — кажа дырэктар філіяла «Колас». — Транспартныя выдаткі, заробкі прадаўцоў, плюс у іх пастаянная перапрацоўка. А даходнай часткі ў дзень не хапае на пагашэнне нават транспартных выдаткаў. Каб перакрываць усё гэта, нацэнка павінна быць працэнтаў 40, напэўна. Так што аўтакрамы — гэта сацыяльная функцыя, якая кладзецца на плечы райспажыўтаварыства. Гэтыя выдаткі даводзіцца пагашаць іншымі відамі дзейнасці. У любым выпадку, крамы ў вёсках з некалькімі жыхарамі будуць закрывацца, і мы адразу пускаем туды аўтакраму, кажа Алена Мікалаеўна.

Пра ката і каўбасу

Акрамя прадуктаў харчавання, прадаўцы прымаюць ад насельніцтва заказы і прывозяць пенсіянерам з горада самыя розныя тавары. А часам і лекі, хоць у задачы аўтакрамы гэта не ўваходзіць. Аўтакрамы — не сацыяльная служба. Але жыццё ўносіць карэктывы...

— Возім і цэмент, і руберойд па замове. І шклабанку па папярэдніх заяўках у сезон закатак. І лекі — людзі рэцэпты даюць. Заязджаем, купляем. Гэта ўжо адхіленне ад маршруту, але калі старэнькі чалавек просіць — як адмовіць? Бывае, замовілі нешта такое, чаго не знайсці, а бабулі трэба тэрмінова. Забяжыш па шляху, купіш на свае грошы і завязеш. Яны нам тэлефануюць — у іх ёсць нашы тэлефоны. Сёння ўжо з сямі раніцы мне тэлефанавалі, — кажа Дар'я.

...Далёка не ўсе гісторыі ў прадаўцоў сумныя. Наадварот, большасць вясёлых. Напрыклад, як кот скраў з сумкі каўбасу.

— Пакупнікі ставяць сумкі каля ног і расплачваюцца або размаўляюць. Вось бабуля паставіла так сумку і разлічваецца. А кот за каўбасу — і пацягнуў. Да плота дацягнуў, а праз дзірку не можа: зачапілася каўбаса. Я заўважыла, крычу: «Каўбасу вашу скралі!». Пабеглі адымаць, кот кавалак адарваў — і бегчы. Але палову каўбасы пакупніца ўсё ж забрала дадому, — распавядае Дар'я.

У тэлефонах прадаўцоў аўтакрам зашмат пацешных фота і відэа. Напрыклад, як у пакупніцы два рублі пад машыну закаціліся, і прадавец з кіроўцам лазілі шукаць. Ці як частуюць «сваіх» прадаўцоў пажылыя вяскоўцы.

— Ой, частуюць! — смяюцца суразмоўніцы. — І піражкамі, і дранікамі, і закаткамі, і грыбамі, і яйкамі. Наліўкамі хатнімі нават імкнуцца пачаставаць. І з днём нараджэння заўсёды віншуюць.

— Мне на дзень нараджэння пакупнікі кошык прыгожы падарылі, — кажа Дар'я.

— А адкуль яны даведаліся, калі ў вас дзень нараджэння?

— Адна бабуля ў інтэрнэце паглядзела і потым усім патэлефанавала, — смяецца дзяўчына. — Яны ў нас сучасныя!

— А дзядулі ў маленькіх вёсках засталіся?

— Ёсць і дзядулі, але мала. Мужчын наогул на вёсцы менш, чым жанчын...

— Дзядулі не такія патрабавальныя, — адзначае Алена Старко. — Колькі працую, дзядулі ні разу не патэлефанавалі з прэтэнзіямі — толькі бабулі. Часцей за ўсё патрабуюць перанесці прыпынак або дадатковы зрабіць. Або пашырыць асартымент.

Стаіць у кожнай вёсцы аўтакрама ад 10—15 хвілін да гадзіны — у залежнасці ад колькасці пакупнікоў. У вялікіх вёсках «крама на колах « робіць часам 5-6 прыпынкаў.

Дырэктар філіяла «Колас» Алена Старко.

— Тэлефануюць, плачуць: не магу дайсці, хаджу з палачкай. Мы працуем з сельвыканкамамі, яны лепш ведаюць сваіх жыхароў. Таму што адна бабуля яшчэ можа трымаць свіней і прыпынак каля свайго дома патрабуе — у шкоду іншай, якая сапраўды не можа дайсці. Вось мы з мясцовай уладай і раімся — вызначаемся, дзе рабіць дадатковыя прыпынкі, — распавядае дырэктар філіяла.

Што прывозіць аўтакрама

Асартымент аўтакрам — у першую чаргу сацыяльна значныя прадукты. А людзям яны і патрэбныя, распавялі мне. Але не толькі. Кожны прадавец, ведаючы густы пастаянных пакупнікоў, дадае ў свой асартымент пэўныя гатункі каўбас, малочкі, кандытаркі.

— Вядома, памятаем, хто што бярэ! А як інакш, калі бабуля прыходзіць і кажа: «Дай ты мне той каўбасы, што я мінулы раз брала»?.. — тлумачыць Дар'я.

Па дарогах Пружаншчыны, а часам — нават без дарог аўтакрама праязжае ў дзень больш за 100 кіламетраў.

— Мы ведаем, хто што любіць: тваражкі, сыркі, малачко. Нехта любіць смятану тлусцейшую, нехта «пятнаццатку», аднаму падабаецца заварны хлеб, другому — «кірпічык». І мы ўжо памятаем, каму што прывезці, — дадае прадавец Алена.

— Шмат бяруць каўбас. Мы заказваем іх у трох мясакамбінатаў, яшчэ райспажыўтаварыствы з Івацэвіч і Іванава нам каўбасы прывозяць. І, бывае, на тыдзень не хапае.

Прадаўцы кажуць, што за адну паездку 50 кілаграм каўбасы сыходзіць.

— І галубцы возім, і катлеты, і каўбаскі, і адбіўныя. Адбіўныя наогул добра раскупляюцца — людзі бяруць па 4 пачкі ў адны рукі. Пажылым людзям цяжка гатаваць, вось і купляюць паўфабрыкаты, — распавядае Дар'я. — Малочкі глядзіце колькі — не ў кожнай сельскай краме такі асартымент! І, галоўнае, усё свежае, таму што высокі абарот. Кандытарка, макароны, крупы... Ёсць і гарэлка, і каньяк. Гэта ўжо больш для дачнікаў.

Сярэдні чэк у аўтакраме — ад 30 да 50 рублёў. Нямала, вядома, старых, якія на сябе грошы шкадуюць: толькі батон і малако, кажуць прадаўцы. Але шмат і тых, хто наогул не глядзіць на цану — ім не важна, ці дарагі тавар, калі ён спадабаўся. Здараецца, бабулі не могуць палічыць грошы і проста даюць кашалёк — бяры, колькі трэба, па чэку. Настолькі вялікі давер да «сваіх» прадаўцоў. Але бываюць, вядома, і скаргі.

— З дачнікамі працаваць больш складана. Ёсць капрызныя — такія звычайна з вялікіх гарадоў прыязджаюць: з Мінска, з Брэста. І асартыменту ім недастаткова, і няма нейкіх навінак, і дорага, хоць у нас гандлёвая нацэнка такая ж, як у стацыянарных крамах. Адна дачніца была незадаволеная: маўляў, хлеб занадта мяккі, а ёй патрэбен чэрствы, яна на дыеце, распавядаюць жанчыны.

Прадавец 6 разрада Людміла Несцяровіч.

Людміла Нікалайчук, якая адпрацавала ў аўтакраме 20 гадоў, успамінае, як калісьці ў машынах не было вітрын, а замест халадзільнікаў прадаўцы замарожвалі ваду ў пластыкавых бутэльках і ставілі ў скрыні, каб летам не псаваліся малако і каўбаса.

— Тады ў нас было ўсяго дзве аўтакрамы. Асартыменту не было ніякага, толькі самае неабходнае. Ні смятаны, ні сыркоў, 1-2 віды каўбасы.

Цяпер, кажуць прадаўцы, пакупнікі сталі распешчаныя, а стаўленне да жыцця і навакольных у вялікіх гарадах у многіх людзей спажывецкае.

— Прыезджыя патрабуюць ад нас асартымент буйных гіпермаркетаў. Але мы ж не можам столькі тавару прывозіць! Людзі не разумеюць, як усё гэта робіцца...

Ёсць, вядома, «складаныя» пакупнікі і сярод мясцовых.

— Амаль у кожнай вёсцы ёсць чалавек, аб якім ведаеш, што з ім трэба быць як мага далікатнейшым, — тлумачыць Аксана.

Але сярод вяскоўцаў такіх — адзінкі, кажуць дзяўчаты. З надыходам халадоў раз'едуцца дачнікі. А хутары і вёсачкі працягнуць жыць сваім мерным, ціхім жыццём, у якім прыезд аўтакрамы — вялікая падзея і нагода сустрэцца з суседзямі.

— Па прабітых чэках колькасць пакупнікоў не палічыш, — адзначае Аксана. — Таму што людзі падыходзяць па некалькі разоў. Нешта забыліся купіць, а па дарозе дадому ўспомнілі. Або адыдзе бабулечка, спыніцца з суседкай: «А што ты ўзяла? Ой, і мне ж трэба!» — і вяртаецца...

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.