Вы тут

Заказнікі + школы = новы фармат экаадукацыі


Беларускія асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі ўпершыню рэалізуюць новы, унікальны для Беларусі вопыт супрацоўніцтва з установамі адукацыі, які пазней можна будзе пашырыць у маштабах усёй краіны.


Чатыры найбуйнейшыя мясцовыя ААПТ — заказнікі «Асвейскі», «Налібоцкі», «Азёры» і «Чырвоны бор» — аб'ядналі намаганні са школамі, каб стварыць сетку клубаў юных эколагаў. Яна дапаможа павысіць узровень экалагічных ведаў школьнікаў.

Аўтары праекта ўпэўнены, што такі фармат экалагічнай адукацыі дапаможа сфарміраваць у дзяцей экалагічную адукаванасць і культуру «зялёных паводзін», пашырыць веды пра экатурызм як адзін з кірункаў развіцця зялёнай эканомікі ў нашай краіне.

У аснову ініцыятывы па стварэнні сеткі клубаў юных эколагаў леглі напрацоўкі раней рэалізаваных экалагічных і адукацыйных праектаў Праграмы развіцця ААН (ПРААН) у Беларусі.

У эксперыменце бяруць удзел Асвейская сярэдняя школа Верхнядзвінскага раёна, Клясціцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа імя В. А. Хамчаноўскага Расонскага раёна (Віцебская вобласць), сярэдняя школа № 1 г. Валожына (Мінская вобласць) і Азёрская сярэдняя школа (Гродзенская раён), размешчаныя каля гэтых заказнікаў. Створаныя на іх базе клубы юных эколагаў ужо аб'ядналі больш за 100 чалавек — 80 дзяцей і 20 экспертаў-эколагаў. У клубах дзеці будуць знаёміцца ў раслінным і жывёльным светам запаведных тэрыторый, даведаюцца пра важнасць захавання прыроды і біяразнастайнасці для дабрабыту чалавека.

Клубы юных эколагаў будуць узаемадзейнічаць з абласнымі клубамі экалагічнага маніторынгу, рэгіянальнымі рэсурснымі цэнтрамі і ўстановамі адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйны праект «Зялёныя школы». У перспектыве на іх базе таксама можа пачаць развівацца экалагічны валанцёрскі рух.

Да створанай сеткі клубаў юных эколагаў ужо далучыліся спецыялісты кафедры фізіялогіі чалавека і жывёл Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У планах — пашырыць колькасць партнёрскіх ВНУ у Віцебскай і Мінскай абласцях і наладзіць узаемадзеянне на ўзроўні ВНУ — школа — прыродаахоўныя ўстановы.

Першыя сумесныя мерапрыемствы заказнікаў і сеткі клубаў юных эколагаў прайшлі сёлета ў Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцях. Акцыя «Экалагічны мост» сабрала вучняў з Расонскага раёна на семінар з інтэрактыўнымі мерапрыемствамі, экскурсіямі ў заказнікі «Чырвоны бор» і «Сіньша». У рамках акцыі ў інклюзіўным экалагічным квэсце ўзялі ўдзел людзі з інваліднасцю з аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і людзей пажылога ўзросту гарадскога пасёлка Расоны. Валожынскія школьнікі наведалі з экскурсіяй заказнік «Налібоцкі».

Таццяна Мельман, дырэктар Клясціцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя В. А. Хамчаноўскага:

— Экалагічнае краязнаўства для нас — напрамак не новы, мы ўжо больш за дзесяць гадоў працуем па розных краязнаўчых праектах. А апошнія тры гады вучні школы актыўна займаюцца даследаваннямі на тэрыторыі заказніка «Чырвоны бор» у галіне экалагічнага і гістарычнага краязнаўства.

Новы праект — цікавы вопыт. Дзякуючы яму дзеці больш даведаюцца пра асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі, змогуць атрымаць каштоўныя веды па гэтай тэме. Наша ж установа адукацыі атрымае магчымасць набыць тэматычную літаратуру, абсталяванне для правядзення назіранняў у прыродзе і новых доследаў.

Нашы навучэнцы ўжо не раз паспяхова выступалі на абласных і рэспубліканскіх канферэнцыях са сваімі даследаваннямі па прыродаахоўных тэрыторыях, а цяпер, думаю, у нас гэты кірунак будзе толькі пашырацца.

Праект «Развіццё экалагічнага турызму для садзейнічання зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту» рэалізуецца ПРААН сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі.

Настасся АЛЯКСЕЕВА

Фота заказніка «Чырвоны бор»

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.