Вы тут

Цаной жыцця ратавалі кнігі і трымалі сувязь з падполлем


Гісторыі супрацоўнікаў Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна, якія цаной свайго жыцця ратавалі кнігі і трымалі сувязь з падполлем.


Будынак, дзе падчас вайны і да 1967 года знаходзілася абласная бібліятэка.

У Год гістарычнай памяці і напярэдадні свята Дня бібліятэк, якое мы адзначалі 15 верасня, работнікі абласной бібліятэкі правялі вялікую работу па вывучэнні архіўных дакументаў і матэрыялаў пра сваіх калег, якія працавалі падчас вайны. Гістарычныя факты сведчаць аб беспрэцэдэнтным подзвігу гэтых мужных людзей. На пачатак вайны штат абласной бібліятэкі налічваў усяго 13 чалавек, з іх двое былі прызваныя ў рады Чырвонай Арміі. Але тыя, што засталіся працаваць у тыле, рызыкавалі сваім жыццём не менш чым на фронце. Вядучы бібліятэкар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя В.І. Леніна Аліна Ніедра расказала падрабязнасці з жыцця сваіх гераічных калег.

— У перыяд акупацыі абласная бібліятэка не была эвакуіравана і стала цэнтрам тайных сустрэч падпольшчыкаў, — адзначае яна. — Чытачам была даступная толькі частка мастацкай літаратуры. Фонд знаходзіўся пад асаблівым наглядам немца са штаба Розенберга.

З 1 чэрвеня 1940 года бібліятэку ўзначаліла Марына Нянашава, якая працавала тут з першага дня заснавання — 5 студзеня 1935 гады. Былы кіраўнік падпольнай групы

Марына Наняшава.

«Камітэт садзейнічання Чырвонай арміі» Надзея Арлова ў сваіх успамінах пісала, што Марына Міхайлаўна была звязаная з падпольнай групай, якая дзейнічала ў раёне трубаліцейнага завода. У бібліятэцы яна хавала тых, хто ўцёк з лагера ваеннапалонных, уладкоўвала іх на работу, адпраўляла ў партызанскі атрад. З яе дазволу ў чытальнай зале і кнігасховішчы ладзіліся сустрэчы падпольшчыкаў. Для перадачы інфармацыі партызанам бібліятэкары на старонках кніг упісвалі алоўкам прозвішчы і іншыя сакрэтныя звесткі. Як сведчаць дадзеныя Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, за сваю сувязь з партызанамі Марына Міхайлаўна Нянашава была расстраляна немцамі ў 1943 годзе.

На гэтым пасту яе змяніла Ганна Чудовіч, якая на пачатку вайны працавала загадчыцай абанементу. Немцы не ведалі, што яна была паплечніцай Марыны Нянашавай, разам з ёй трымала сувязь з партызанамі, ратавала каштоўную літаратуру ад вывазу ў Германію. Жанчыны закопвалі кнігі ў зямлю, хавалі ў скляпах, на гарышчах, у комінах, раздавалі супрацоўнікам і надзейным чытачам. У 1946 абласная газета «За Радзіму» пісала, як прыбіральшчыца бібліятэкі Фядора Скрыпчанка замуравала ў галандскай печы 342 кнігі, а пасля вызвалення Магілёва вярнула іх у бібліятэку. Дзякуючы выратавальнай «аперацыі» ў бібліятэку было вернута каля 40 тысяч экзэмпляраў каштоўных выданняў.

Пасля расстрэлу Марыны Нянашавай Ганна Якаўлеўна ўзначаліла бібліятэку і заставалася на пасадзе дырэктара да 1946 года. Увесь перыяд Вялікай Айчыннай вайны Ганна Якаўлеўна падтрымлівала сувязь з 113-м Чырвонапартызанскім палком. Дапамагала распаўсюджваць улёткі, перадавала партызанам паперу, канцылярскія прылады, ваенную літаратуру. На старонках пасляваеннай газеты «За Радзіму» можна пабачыць водгукі байцоў, дзе яны дзякавалі Ганне Якаўлеўне за кнігі. Дарэчы, менавіта дзякуючы гэтай адважнай жанчыне падпольшчыкі змаглі самастойна зрабіць гектограф для размнажэння ўлётак. Надзея Арлова пісала ў сваіх успамінах, як Ганна Якаўлеўна дазволіла ёй прабрацца ў забаронены фонд бібліятэкі і вырваць з Вялікай Савецкай энцыклапедыі старонку з апісаннем гэтага прыбора.

Ганна Чудовіч.

Чытальная зала бібліятэкі пачала працаваць ужо на пяты дзень пасля вызвалення Магілёва. Работнікі самастойна зашклілі вокны, з падручных матэрыялаў змайстравалі стэлажы для кніг. За актыўны ўдзел у рабоце па аднаўленні горада Ганна Чудовіч была ўзнагароджана медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.»

Пасля вайны ў абласной бібліятэцы працавала шмат франтавікоў, якімі таксама ганарыцца сённяшні склад работнікаў. Сярод іх удзельнік вайны з Фінляндыяй і ў Вялікай Айчыннай вайне Іван Антонавіч Пруднікаў. За свае баявыя подзвігі ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і пяццю медалямі. У бібліятэцы ён прайшоў шлях ад памочніка бібліятэкара да загадчыка аддзела міжбібліятэчнага абанемента. І выконваў свае абавязкі не з меншай адказнасцю. За свае дзелавыя якасці і актыўную грамадзянскую пазіцыю ўзнагароджваўся граматамі абласнога ўпраўлення і Міністэрства культуры БССР.

Старшы бібліятэкар Іван Загорскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся членам Камітэта садзейнічання Чырвонай арміі. Ён распаўсюджваў антыфашысцкую літаратуру, збіраў разведвальныя звесткі аб варожых аб’ектах, медыкаменты для партызанскіх атрадаў. Бібліятэкар Агаф’я Цэбрава была сувязной 128-га і 129-га атрадаў 14-ай партызанскай брыгады. Акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў выконвала яшчэ і грамадзянскія — некалькі гадоў узначальвала пярвічку таварыства Чырвонага Крыжа. На розных пасадах працавала тут і адважная франтавічка Лідзія Шушкевіч (Батурына), подзвігі якой былі адзначаны медалямі «За абарону Сталінграда», «За баявыя заслугі», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.». У бібліятэцы яна таксама ўзначальвала партыйную пярвічку.

Ганна Бабушкіна.

Асаблівы гонар сённяшнія супрацоўнікі бібліятэкі адчуваюць за Ганну Бабушкіну, ураджэнку Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. На пачатку вайны яна з мужам жыла ў Брэсце і, калі ў жніўні 1941 года там быў створаны антыфашысцкі камітэт, стала яго актыўнай ўдзельніцай. Працавала спачатку інструктарам, потым намеснікам старшыні. Разам з таварышамі збірала і перадавала зброю партызанам, праводзіла дыверсіі на прадпрыемствах, выконвала шмат іншых не менш важных баявых задач. У яе кватэры было ўстаноўлена прыстасаванне для прыёму зводак Саўінфармбюро і далейшай перадачы іх падпольшчыкам. Адважная падпольшчыца ваявала таксама ў складзе Першамайскай брыгады партызанскага атрада «1 Мая», а ў 1944 годзе заняла пасаду сакратара Баранавіцкага падпольнага гаркама камсамола і удзельнічала ў дыверсіях. За заслугі перад Айчынай Ганна Бабушкіна ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» I ступені, «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.». Медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» узнагароджаны і іншыя работнікі абласной бібліятэкі, сярод якіх Ганна Вашчанка, Соф’я Каінава, Хая Чарток.

Падрыхтавала Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.