Вы тут

Лукашэнка: Сітуацыя вельмі сур’ёзная, я б нават сказаў небяспечная, і нам ні ў якім разе нельга спрашчацца


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандра Вальфовіча. На парадку дня — абноўленая Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. У ёй прапаноўваецца ўлічыць навэлы, замацаваныя ў абноўленай Канстытуцыі. Адна з асноўных звязана з захаваннем гістарычнай памяці. Канстытуцыйная катэгорыя «народ» і яго ўсямерная абарона ўключаны ў пералік стратэгічных нацыянальных інтарэсаў. Таксама абазначаны новыя нацыянальныя інтарэсы — сацыяльная адказнасць грамадзян (а не толькі дзяржавы), бяспека персанальных данных, развіццё атамнай энергетыкі. З улікам сусветных пагроз біялагічнага характару ў Канцэпцыю дабаўлена новая сфера — біялагічная бяспека. У цэлым Канцэпцыя нацыянальнайй бяспекі абнавілася амаль на 70 працэнтаў. Гэта звязана, у першую чаргу, з нарастаннем геапалітычнай нестабільнасці.


«Сітуацыя мяняецца, вы гэта лепш за мяне разумееце і ведаеце, былі прыцягнуты да падрыхтоўкі ранейшых канцэпцый. На якім узроўні мы сёння знаходзімся пры падрыхтоўцы новай канцэпцыі нацыянальнай бяспекі?», — пацікавіўся Прэзідэнт. Пры гэтым ён папрасіў, каб Канцэпцыя была абсалютна адкрытая . Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што не трэба нічога хаваць, зыходзячы з нейкіх палітычных ці эканамічных матываў. 

«Мы павінны сапраўды прапісаць тыя рызыкі і пагрозы, якія існуюць і нашу рэакцыю на іх. Каб і суседзі і іншыя ведалі, як мы на іх будзем рэагаваць. Каб не казалі, што для некага гэта была нечаканасць. Не трэба нічога хаваць, трэба ўсё рабіць сумленна. Калі мы з Расіяй, значыць, мы з Расіяй. Мы стварылі абаронную прастору, у нас агульныя ўзброеныя сілы фактычна, наша армія на вастрыі. Рэгіянальная групоўка дзейнічае. І няхай ніхто нас не крытыкуе і не робіць з гэтага нейкіх фэйкаў ці надзвычайных заяваў. Што „ах, вох, вось Лукашэнка, расійскія войскі і іншае“. А што тут дзіўнага? Мы даўно аб гэтым заявілі. Ужо, мусіць, гадоў 20, як мы дамовіліся аб гэтым. Тут няма нічога дзіўнага. Ім патрэбны гэтыя надзвычайныя здарэнні, таму яны і будуць пісаць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі трэба ўсё прапісаць, каб у грамадстве ведалі, як будзем абараняцца і якія будуць нашыя дзеянні. 

«Нам трэба абараніць сваю Айчыну»

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы паставіў перад Аляксандрам Вальфовічам яшчэ адно пытанне — сітуацыя на паўднёвай граніцы. Ён нагадаў, што яшчэ на пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне даручыў сілавым структурам прапрацаваць на практыцы дзеянні на мяжы з Украінай. Там ёсць вопыт супрацьдзення, у тым ліку вопыт стварэння батальённых тактычных груп прыкрыцця граніцы. «Ззноў жа не трэба нас папракаць, што мы на Украіне збіраемся ваяваць і іншае. Нам трэба абараніць сваю Айчыну. І што тычыцца падтрымкі Расіі — яшчэ раз пацвярджаю: праз Беларусь ніякага ўдару ў спіну, ў бок, збоку з флангаў па расійскім войскам быць не павінна і не будзе. У гэтым нашы абавязацельствы перад нашым саюзнікам», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Савет бяспекі па даручэнні Прэзідэнта аналізуе сітуацыю ў сілавых структурах, каардынуе пэўныя мерапрыемствы і інфармуе Прэзідэнта. «Усе станоўчыя рысы гэтых мерапрыемстваў я ведаю. Я быў ваенным шмат гадоў, таму я ведаю, як гэта ўмеюць падаваць: схаваць нешта негатыўнае, лепшае паказаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што добрага было шмат. Але кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, што выявілася негатыўнага і над чым яшчэ трэба працаваць. 

«Сітуацыя вельмі сур’ёзная, я б нават сказаў небяспечная, і нам ні ў якім разе нельга спрашчацца. Не трэба нічога баяцца. Трэба падняць па трывозе воінскую часць па нормах ваеннага часу — значыць, трэба. Трэба адмабілізаваць яе, каб мы бачылі ці жывыя людзі, якія прыпісаны да гэтай часці — значыць, трэба яе адмабілізаваць. Трэба тэрытарыяльную абарону падняць — значыць трэба. Трэба народнае апалчэнне праверыць на месцы, што гэта за байцы ў нас будуць і якая ў іх зброя — значыць, трэба. Асабліва апошняе, таму што народнае апалчэнне ў нас у стадыі фарміравання. Таму гэтыя рэчы мы не павінны забывацца і гэта ўсё павінна быць пад кантролем», — заявіў Прэзідэнт. 

«Нам не трэба фэйкі»

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў пытанне інфармацыйнай бяспекі. Яго ён назваў пытаннем пытанняў. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што цяпер ідзе вайна, перш за ўсё, у сферы інфармацыйнай бяспекі. І тут павінны быць падключаны ўсе— ад журналістаў да Прэзідэнта. 

«Інфармацыйная вайна — гэта вельмі небяспечна ў сучасным свеце. Пачынаючы ад газеты раённай і прыватнай газеты і заканчваючы інтэрнэтам. Усюды павінны актыўна працаваць», — сказаў Прэзідэнт. Ён пагадзіўся з прапановай, што дзяржсакратарыят Савета бяспекі павінен быць да гэтага падключаны. «Гэта будзе добрая апора для нашых дзеянняў у СМІ. Але хачу вас перасцерагчы ад усялякіх фэйкаў, нам гэтым шляхам ісці не трэба. Не трэба нам фэйкі, нам трэба паказваць сапраўдную рэчаіснасць. У рэшце рэшт гэта перамагае. Фэйк гэта на дзень, на два, а потым усё гэта развеецца. Таму не трэба фэйкі, не трэба даваць ілжывую інфармацыю, трэба рабіць усё дастойна, прыгожа, каб потым не апраўдвацца», — акцэнтаваў Прэзідэнт.

«Нам спакойна жыць не дадуць»

Наступным пытаннем стала ўзмацненне работы з рэспубліканскімі органамі ўлады. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба ўзмацняць адказнасць, дысцыпліну нашага грамадства. Па яго словах, непарадкаў звышдастаткова. Нават займаючыся дробяззю, можна выйсці на вельмі сур’ёзныя пытанні. Прэзідэнт прывёў прыклад. У адной з прыватных школ хлопчык выстраліў з пісталета. Гэта быў дзіцячы пісталет з гумавымі шарыкамі, але яны змаглі разбіць дзяўчынцы акуляры і пашкодзіць вока. 

«З гэтага зрабілі надзвычайшчыну. Я даручыў разабрацца. Справа нават не ў гэтай дробязі, хаця гэта таксама важна. Аказваецца, у гэтай школе ажно 26 вучняў. Што гэта за школа — ажно 26 вучняў. Пачалі разбірацца — яна зарэгістраваная на тэрыторыі нейкага прыватнага прадпрыемства, якое ні халеры не робіць. Напэўна, чакаюць, каб гэтую зямлю прыкарманіць і пабудаваць там жыллё (а месца зручнае), потым прадаць можна добра. Пачалі разбірацца, а кіраўніцтва школы на дух не ўспрымае беларускую дзяржаву. Там каламуць нейкая, клаака антыдзяржаўная ўтварылася», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Таму ён даручыў недакладна увесці ліцэнзаванне падобных устаноў. Па словах кіраўніка дзяржавы, трэба навесці парадак у сістэме адукацыі

«Народная адукацыя школы ВНУ — гэта не тая сфера, дзе мы жартаваць павінны, — заўважыў ён, — Здавалася б, нехта ляпнуў у інтэрнэце, пачалі раскручваць, выйшлі на цікавыя моманты. Пра што гэта гаворыць? Гэта сведчыць аб тым, што мы пачынаем пакрысе супакойвацца. Усё ў нас добра пасля 2020 года». 

Прэзідэнт падкрэсліў, што супакойвацца нельга. Па яго словах, мы ў гэтым катле, нам спакойна жыць не дадуць, нас увесь час будуць ціснуць па ўсіх кірунках. «А гэтыя „свядомыя“, гэта ўжо ворагі, яны ўвесь час будуць круціць, каламуціць і падкідваць нам розныя пытанні. Потым у патрэбны момант зноў пойдуць граміць, бамбіць, здзекавацца з людзей. Бракуе дысцыпліны», — канстатаваў ён. Кіраўнік дзяржавы даручыў дзяржсакратарыяту і ўсім, хто адказны за выканаўчую дысцыпліну, мабілізаваць усе структуры органаў улады на навядзенне дысцыпліны і парадку ў краіне па ўсіх напрамках. 

«У нас хапае праблем і ў сацыяльнай сферы, і ў эканоміцы ў нас праблем хапае. Усё больш атрымліваю інфармацыі, што тыя збеглыя і іх сваякі тут залеглі ціхенька, адляжаліся і сёння разгортваюць бізнесы. І прама кажуць, што „мы зараз грошай падназапасім, а потым мы тут устроім бучу“. А ва Украіне ўжо ствараюцца нейкія ці то палкі, ці то батальёны для звяржэння не толькі ўлады, але і для таго, каб перавярнуць, адарваць Беларусь і далучыць да блока НАТА. Хочуць новую Украіну ў Беларусі стварыць! Гэта недапушчальна. Я пра гэта кажу адкрытаа і шчыра, каб ведалі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

У тэму

Гарантаваць бяспеку нашых грамадзян

Аляксандр Вальфовіч расказаў журналістам, пра што ішла размова на сустрэчы з Прэзідэнтам. Кіраўніку дзяржавы былі даложаны асноўныя напрамкі ўдасканалення ваеннай арганізацыі дзяржавы з улікам сучасных рызык, выклікаў і пагроз. «Абстаноўка сёння сапраўды вельмі няпростая. І сілавы блок павінен зрабіць усё для таго, каб наш народ, наша краіна жылі мірна і спакойна. Гарантаваць бяспеку нашых грамадзян — гэта асноўная задача, якая стаіць перад структурамі сістэмы нацыянальнай бяспекі. Нацэлена была ўвага на тое, што гэтыя сістэмы павінны быць гатовы супрацьдзеянню любым выклікам і пагрозам, рэагаванне на любыя надзвычайныя сітуацыі, як на мяжы так і ўнутры краіны, на дакладнае ўзаемадзеянне ўсіх структур сілавога блока па нейтралізацыі гэтых пагроз», — адзначыў дзяржсакратар Савета бяспекі. 

Аляксандр Вальфовіч расказаў, што абноўленая Канцэпцыя дзяржаўнай бяспекі ўжо практычна гатовая. Работа над ёй вялася на працягу года. «Гэта асноўны дакумент, які выпрацоўвае механізм процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам. Зыходзячы са стратэгічнай канцэпцыі блока НАТА, якая выйшла ў мінулым годзе, ва Усходнім еўрапейскім рэгіёне ідзе ўзмацненне ваеннай актыўнасці, нарошчванне ваеннай груповак у тым ліку на межах Рэспублікі Беларусь, павялічваецца колькасць вучэнняў, колькасць ваеннаслужачых Аб’яднаных узброеных сіл НАТА. Вось гэтая ваенная актыўнасць і гэтая ваенная прысутнасць, вядома ж, не можа не хваляваць і не выклікаць турботы і не пагражаць бяспецы Рэспублікі Беларусь. Таму наша Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі выпрацоўвае асноўныя механізмы супрацьдзеяння гэтым выклікам і пагрозам. Намі дасканала вывучаны досвед іншых краін па распрацоўцы стратэгічных дакументаў у сферы нацыянальнай бяспекі. Гэта не значыць, што мы скапіравалі. Мы заклалі тыя пасылы, якія адлюстраваны сёння ў Канстытуцыі», — расказаў ён. Дакумент гатовы да абмеркавання на Савеце бяспекі. І, калі ён будзе адобраны, Прэзідэнт даручыў прадумаць пытанне аб абмеркаванні яго на пляцоўках па прынцыпе Канстытуцыі. Па словах Аляксандра Вальфовіча, гэта забяспечыць удзел грамадзян у кіраванні краінай і пакажа, што дакумент адкрыты.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».