Вы тут

Падарунак лёсу


«Як жа хутка ўсё мяняецца!» — гэтыя словы апошнімі тыднямі давялося чуць безліч разоў і вымаўляць самой, асабліва калі не паспяваеш мяняць прадметы гардэробу на больш цёплыя. Здавалася б, вось толькі нядаўна, у апошнія дні жніўня, падчас камандзіроўкі на палях гаспадаркі аднаго з раёнаў мы ледзь не з ног валіліся ад спёкі, а ў нумары гасцініцы давялося насцеж адчыняць акно і дзверы, каб хоць як дыхаць, і на табе: дажджы і холад.


Няўжо лета прайшло? А галоўнае — скончылася неяк па-здрадніцку раптам, у адзін дзень, без усялякага плаўнага пераходу, як бывала раней. І крыху недарэчна выглядаюць у шафе летнія сукенкі, не ўсе з якіх удалося апрануць нават па разе, некаторыя чамусьці пакідаліся на потым. Але рука не ўзнімаецца пакуль перамыць іх і павесіць у іншую шафу, дзе захоўваецца ўсё летняе. Гэтак жа і пантофлі. Усё думаецца: «А раптам яшчэ пацяплее, і ўсё гэта спатрэбіцца», ды ўсё роўна разумееш, што спадзяванні марныя. Хоць лета надта часта называюць маленькім жыццём, але ж яно праходзіць хутка, і яго зялёную старонку мусіш перагортваць, каб адкрываць новую — жоўта-залатую, восеньскую, і ў ёй знаходзіць сваю прыгажосць.

У стужцы сённяшніх навін звярнула на сябе ўвагу паведамленне пра асеннія кірмашы, на якія запрашае гараджан мэр. Звычайная, як быццам бы, аб'ява для большасці, толькі не для Ніны. Яна ходзіць на кірмашы, нібы іншыя — на тэатральны фестываль. Для яе гэта цяпер падзея, і не без прычыны.

...Даўно заўважала іх прыгожую пару, што гады два таму набыла дом у нашай вёсцы, найчасцей яны праязджаюць па дарозе на веласіпедах. Аднойчы яна разгаварылася з маёй сяброўкай-суседкай Наталляй. Потым зайшла на чай, мы і даведаліся яе гісторыю. Ніна засталася ўдавою рана, як толькі старэйшы сын рыхтаваўся абараняць дыплом. Дзеці даволі хутка пасля гэтага абзавяліся сем'ямі, раз'ехаліся па розных гарадах. Збіраліся ў маці на святы, ды прывозілі на тыдзень-другі ўнукаў улетку. Яна ўжо і прывыкла жыць адна. На працы была не з апошніх заўсёды, ладна вяла сваю немудрагелістую хатнюю гаспадарку, старалася ва ўсім дапамагаць дзецям. Аднойчы ў суботу, такою вось парой, пайшла на асенні кірмаш. Не тое, каб купіць чаго — найбольш каб прайсціся, паглядзець, што прадаюць і купляюць, дзень быў надзвычай прыгожы. Разгаварылася там з прадаўцамі — шматдзетнай сям'ёй. Яны прадавалі лішкі са свайго вялікага агароду, дзеці ім дапамагалі. І такімі прыгожымі падаліся ёй гэтыя людзі — захацелася іх неяк падтрымаць, накупляла ў іх і бульбы, і цыбулі, і яблыкаў з грушамі. Калі аднесла паклажу за некалькі метраў, зразумела, што перабрала: не данясе сама, таксі выклікаць неяк няёмка, жыве, лічы, праз дарогу ад плошчы, дзе праходзіў кірмаш. І стаяла разгублена, прыпёршы гэтыя клункі да бардзюра, лаяла сябе, азіралася ў роздуме, што непрыкметна пакінуць ды пайсці. І тут выпадковы чалавек, відаць, заўважыў яе разгубленасць, падышоў, прапанаваў дапамагчы. Яна адарыла ўдзячнай усмешкай... І не ў першы момант пазнала, ён потым казаў, што прамільгнула здагадка, але таксама не адразу. Не дзіва — больш за сорак гадоў не бачыліся, ад школьнага выпускнога, лічы, а тут такая сустрэча.

У школе некалі яны нават сябравалі. Але потым паступілі ў розныя ВНУ ў розных гарадах, потым далёкае саюзнае размеркаванне, затым сваё жыццё, свае сем'і, свая работа. Аказалася, што Уладзімір таксама ўдавец, займае немалую пасаду, працуе ў суседняй вобласці. Пагаварылі, сталі перапісвацца, потым сустракацца. А калі зразумелі, што тое школьнае, першае, нясмелае недзе ўсё ж жыло, цеплілася ў душах, вырашылі сысціся. Адначасова выйшлі на пенсію, купілі дом у ваколіцах нашага абласнога цэнтра, уладкавалі яго і пераехалі. Зараз іх можна бачыць на веласіпедах нават за дзесяць кіламетраў ад дома. Ніна гаворыць, што ў іх новай сям'і культывуецца здаровы лад жыцця, некалькі гадзін у дзень яны прысвячаюць фізічнай актыўнасці, шмат чытаюць, ездзяць у тэатр, наведваюць выставы, як высветлілася, абое любяць паэзію і, галоўнае, што вельмі важна, аднадумцы. На ўсе рэчы і падзеі вакол глядзяць аднолькава.

А яшчэ ўвосень абавязкова ходзяць на адзін з кірмашоў, стараюцца падабраць дзень з лагодным надвор'ем. Яна ўвесь час спадзяецца сустрэць тых прадаўцоў, але ні разу пакуль не ўдавалася. Наогул, Ніна вельмі пазітыўны чалавек. І калі мая Наталля любіць пабурчэць, што любыя перамены ў жыцці — гэта горшы варыянт, бо змены ў стане здароўя вядуць да хваробы, новае кіраўніцтва на працы заўсёды аказваецца горшым за папярэдняе, то Ніна перакананая ў адваротным. Паводле яе слоў, ніколі не ведаеш, дзе цябе чакае падарунак лёсу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?