Вы тут

На што здольны маладзёжны парламент раённага маштабу


Напярэдадні Дня народнага адзінства ў Крычаўскім гістарычным музеі прэзентавалі адзін з найлепшых праектаў першага рэспубліканскага конкурсу маладзёжных ініцыятыў. Гэты праект трапіў у лік 18 найлепшых ініцыятыў з усёй краіны. У Год гістарычнай памяці крычаўскія актывісты ад моладзі вырашылі стварыць перасовачную выставу пра ваеннае мінулае свайго раёна. Атрымаўся грунтоўны праект, які ахоплівае ўсе перыяды ваеннага ліхалецця: абарончыя баі ў ліпені 1941 года, час акупацыйнага рэжыму і гераічнае вызваленне Крычаўшчыны.


Фота Таццяны Падліпскай.

— Гэта была ініцыятыва маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, падрыхтаваная разам з гістарычным музеем Крычава, — расказвае дырэктар музея і старшыня маладзёжнага парламента пры Крычаўскім райсавеце дэпутатаў Уладзімір Мішчанка. — Выстава, якая адкрылася ў музеі на мінулым тыдні, выклікала жывую цікавасць. У апошні дзень верасня, калі Крычаў будзе святкаваць свой дзень нараджэння, жыхары і госці горада змогуць убачыць яе ў гарадскім парку Перамогі. Потым яна аб'едзе ўсе арганізацыі, установы і прадпрыемствы раёна.

У выставе прадстаўлена вялікая колькасць дакументаў, карт і фотаздымкаў, якія расказваюць пра ваенны перыяд жыцця раёна.

— У нас у музеі ёсць экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, але мы не маем магчымасці вывезці яе на раённыя мерапрыемствы, у якіх удзельнічаем, — удакладняе навуковы супрацоўнік музея і намеснік старшыні раённага маладзёжнага парламента Анастасія Радоўская. — Ідэя зрабіць перасовачны аналаг лунала ў паветры, і калі аб'явілі І Рэспубліканскі конкурс маладзёжных ініцыятыў, адразу ж падумалі: чаму б яе не рэалізаваць! Напісалі праект і перамаглі! На рэалізацыю ініцыятывы атрымалі 5 тысяч беларускіх рублёў.

Экспазіцыя ўяўляе 10 інфармацыйных стэндаў у чалавечы рост, дзе размешчаны копіі дакументаў з фондаў музея плюс копіі дакументаў пра новыя злачынствы супраць насельніцтва, якія сталі вядомыя ў ходзе расследаванняў раённай пракуратуры. Дадалася таксама інфармацыя па чалавечых стратах з занальнага архіва. На сёння гэта самая поўная інфармацыя пра ваенныя падзеі ў Крычаўскім раёне. Яшчэ падрыхтавана пяць рол апаў з інфармацыяй па памятных знаках, патрыятычных мерапрыемствах, якія
адбываюцца ў раёне з удзелам моладзі.

У падрыхтоўцы праекта былі задзейнічаны актывісты БРСМ і райсавет дэпутатаў. Апошні ўсяляк прасоўвае маладзёжныя праекты і ідэі. Дарэчы, у актыве мясцовых пачынаючых дэпутатаў гэта не адзіны важны праект. Ёсць нават міжнародны — «Дарогамі Пацёмкіна: па памятных мясцінах князя-стваральніка». Удзел у яго распрацоўцы прымала і расійская моладзь са смаленскай асацыяцыі «Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў». Адной з частак праекта стаў гістарычны квэст на тэму малой радзімы расійскага князя, які праходзіў у Смаленскай вобласці. А ўжо ў крычаўскім музеі, які, як вядома, знаходзіцца ў палацы Пацёмкіна, падводзілі разам з расійскімі сябрамі вынікі гэтага вялікага турыстычнага праекта і прэзентавалі віртуальную экспазіцыю, прысвечаную жыццю і спадчыне дзяржаўнага дзеяча.

У раённым Савеце дэпутатаў адзначаюць, што крычаўскі маладзёжны парламент працуе на поўную моц. Нездарма сюды едуць па вопыт з іншых раёнаў. І спадзяюцца, што сёлетні патрыятычны праект крычаўскай моладзі стане адным з узорных у маштабах не толькі вобласці.

— Знамянальна, што ён быў адзначаны з 500 заявак, якія былі пададзены на конкурс, — падкрэсліла старшыня Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Пруднікава. — Нашы стваральнікі ўвайшлі ў лік 18 пераможцаў. Наогул, па Магілёўскай вобласці перамагло толькі чатыры праекты. Асабліва каштоўна, што гэты «ваенны летапіс» пісалі маладыя людзі і для моладзі. Дзеля таго, каб памяць жыла і будучыя пакаленні не забываліся пра гістарычную праўду вайны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».