Вы тут

Сенатары з усёй Беларусі пра свае ўражанні ад Дня народнага адзінства


Дзень, які нагадвае пра няпросты лёс беларускага народа. Дзень, які прымушае згадаць гісторыю сваёй краіны. Дзень, калі варта падзякаваць продкам за тое, што ў нас ёсць сёння. Краіна адзначыла самае маладое дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. Пра значэнне 17 верасня ў гісторыю Беларусі напісана і сказана шмат. Многае яшчэ варта ўсвядоміць. Але тое, што гэта дзень не згубіўся ў падручніках гісторыі і шырока адзначаецца беларусамі, сведчыць аб правільнасці ўзятага курсу. Як заўважыла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, Дзень народнага адзінства становіцца адным з любімых свят беларусаў.


Фота: БелТА.

«Таму што мы як ніколі можам адчуць сапраўды адзінства ўсяго нашага народа, адзінства душ, імкненняў зрабіць сваю краіну лепшай, прыгажэйшай. Нават людзі, мне здаецца, становяцца бліжэйшымі адзін да аднаго. Праводзяцца рознага роду мерапрыемствы, якія дазваляюць нам аб'яднацца ў вырашэнні не толькі нейкіх глабальных пытанняў: захавання міру, незалежнасці, што вельмі важна, але нават у такіх пытаннях, калі мы дапамагаем дзецям, сустракаемся ў аўдыторыях з людзьмі, моладдзю, калі абмяркоўваем тое, што хвалюе сёння нашых грамадзян», — адзначыла яна ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

Спікер падзялілася, што асабіста для яе Дзень народнага адзінства — гэта як успаміны сваіх родных і блізкіх, нагода задумацца, кім былі продкі. А калі браць у цэлым, то, вядома, успаміны нашай гісторыі — слаўнай, знакавай, значнай і трагічнай. «І таму, вядома, гэта добрае, светлае свята, якое, відавочна, становіцца любімым для нашай краіны. Калі мы разважаем аб тым, што нам трэба захоўваць гістарычную памяць, ведаць свае карані, сваю гісторыю для таго, каб у далейшым развіваць краіну, мне падаецца, гэта вельмі відавочныя факты для кожнага. Бо паасобку ўзяты чалавек памятае, аналізуе сваё жыццё: як пражыў правільна-няправільна, што было зроблена не так, што яшчэ трэба рабіць для таго, каб тваё жыццё было лепшым. Роўна так і для краіны. Краіна — гэта жывы арганізм. Таму, канешне, мы павінны памятаць, улічваць тыя ўрокі гісторыі, якія не павінны паўтарыцца. І, наадварот, светлыя старонкі нашай гісторыі, яркія асобы, якія зрабілі шмат для станаўлення нашай краіны, — мы павінны аб гэтым ведаць, каб прымаць правільныя рашэнні, накіраваныя на далейшае развіццё нашай краіны, але і для таго, каб захаваць нашу краіну», — падкрэсліла Наталля Качанава.

Спікер верхняй палаты парламента заўважыла, што ўжо стала добрай традыцыяй да Дня народнага адзінства праводзіць патрыятычныя форумы, куды збіраюцца людзі з усёй краіны. Па яе словах, на такіх мерапрыемствах адчуваецца адзінства душ і імкненне да лепшага.

Журналісты «Звязды» таксама даведаліся, якія ўражанні ад Дня народнага адзінства засталіся ў сенатараў па ўсёй краіне.


Чужога нам не трэба, але свайго не аддадзім

Алена Зяблікава, член Савета Рэспублікі, старшыня Барысаўскага раённага аб'яднання прафсаюзаў:

— Другі год у нашай краіне адзначаецца Дзень народнага адзінства. Гэта актуальнае і важнае для беларусаў свята. Геапалітычнае супрацьстаянне, новыя гарачыя канфлікты прывялі да пераацэнкі значнасці падзей ва ўсім свеце. Таму Дзень народнага адзінства — 17 верасня — з'яўляецца яшчэ адным напамінам аб непарушнасці і самадастатковасці беларускай нацыі і дзяржавы, фарміруе пачуццё датычнасці да лёсу краіны і кожнага грамадзяніна.

Жнівень 2020 года прымусіў нас паглядзець на свет іншымі вачыма. Наша грамадства стала мацнейшая, яно кансалідавалася, таксама ў людзей узрасла ўвага да айчыннай гісторыі. 17 верасня — гэта не толькі 1939 год, не толькі ўз'яднанне БССР, гэта і пра нас з вамі.

Лічу, што свята народнага адзінства ўяўляе сабой працяг працэсу ўмацавання нашага суверэнітэту, незалежнасці, гістарычнай праўды. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваёй прамове з нагоды Дня народнага адзінства 17 верасня, гэта ўдзячнасць сучаснікаў папярэднім пакаленням, якія адстаялі права вырашаць свой лёс. Ён усяляе гонар за краіну і дае асэнсаванне таго, што мы адзіны народ. Сапраўды, мы самастойная дзяржава і самі ў праве вырашаць, як нам жыць далей, вызначаць свой лёс.

Дзень народнага адзінства я правяла разам з барысаўчанамі на нашым агульным мерапрыемстве, прымеркаваным да гэтай значнай падзеі. Напярэдадні свята ў мяне прайшлі дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы з моладдзю. У тым ліку з навучэнцамі Барысаўскага медыцынскага каледжа. На ўсіх мерапрыемствах ішла адкрытая размова аб нашым сённяшнім жыцці, планах на будучыню.

Беларускі народ — працалюбівы, творчы, добры, заўсёды адкрыты для дыялогу. Але сваё мы ніколі не аддадзім! Такая думка праходзіла лейтматывам у выступленні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Нас аб'ядноўваюць традыцыі, каштоўнасці, дружба, памяць аб нашых продках, дзякуючы якім мы жывём у прыгожай, незалежнай, самадастатковай краіне. Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, калі б не было ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, не было б у нас ні Дня Незалежнасці, ні Дня перамогі. І нас бы не было, паколькі б не было той зямлі, дзе нарадзіліся нашы продкі. Гэтыя словы асабліва актуальныя сёння.

Мы нашчадкі тых, хто ў сорак першым адступаў, але не здаваўся, трымаўся за кожную пядзю сваёй зямлі, не шкадаваў свайго жыцця ў імя нашай будучыні, будучыні дзяцей.

Два мае дзяды прапалі без вестак у першыя дні вайны. Толькі два гады таму мы даведаліся, что адзін мой дзядуля Канстанцін Сасноўскі пахаваны пад Ржэвам у брацкай магіле. Мая маці нарадзілася на ваенным караблі, які стаяў на рэйдзе ў Чорным моры, і маракі аддалі бабулі анучы, каб можна было спавіць малую. Яны захавалі жыццё маёй маці, а яна дала жыццё мне — вырасла цэлае пакаленне Сасноўскіх.

Наша сям'я такая ж, як тысячы іншых, перанесла боль і пакуты Вялікай Айчыннай. Таму лічу, што асноўнымі напрамкамі ва ўмацаванні гістарычнай памяці павінна быць прызнанне і асуджэнне генацыду беларускага народа на міжнародным узроўні.


Адчувалася моц нацыянальнага духу

Таццяна Полушкіна, член Савета Рэспублікі, дырэктар Полацкага каледжа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава:

— 17 верасня яшчэ раз нагадвае кожнаму, што беларускі народ жыве ў міры, згодзе і ўзаемапавазе толькі дзякуючы яднанню. Разам мы перамаглі нялёгкія эканамічныя і палітычныя перашкоды, толькі моц агульнага духу і стойкасць нашых продкаў далі нам сёння права на незалежнасць і самастойнасць як краіне, так і нацыі. Беларуская зямля нарадзіла і выхавала выдатных дзеячаў культуры і навукі, медыцыны і новых тэхналогій. Кожны спецыяліст у сваёй галіне адданай працай фарміруе вобраз моцнай і развітой дзяржавы: аграрыі, што на высокім узроўні забяспечваюць харчовую бяспеку; педагогі, якія рыхтуюць будучых навукоўцаў; урачы, якія ўдасканальваюць метады лячэння. Гатовыя працягнуць руку дапамогі, гасцінныя і шчырыя — гэта мы, беларусы.

Дзень народнага адзінства — зусім маладое, але важнае для кожнага з нас свята. Патрыятычны форум «Гэта НАША гісторыя» з удзелам Прэзідэнта Беларусі пакінуў у мяне моцныя ўражанні. На «Мінск-Арэне» ўвечары 17 верасня, дзе сабраліся тысячы нераўнадушных да лёсу народа і дзяржавы людзей, як ніколі адчувалася моц нацыянальнага духу. Такое бывае на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці — галоўныя для нас святы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў адзін строй з гэтымі датамі не проста так устаў Дзень народнага адзінства, бо дзень, калі ў верасні 1939-га аб'ядналіся беларускія землі, сапраўды ў многім вызначыў вынік Вялікай Айчыннай вайны і нашу сучаснасць.

Чаму мы сёння прытрымліваемся міралюбівай палітыкі? Чаму не дазваляем, як у мінулыя стагоддзі, выкарыстоўваць нашы землі як арэну баявых дзеянняў і барацьбы інтарэсаў іншых краін? Таму што беражом нашу гістарычную памяць — гэта цячэ ў нашай крыві, нашчадкаў пераможцаў. Невыпадкова ў сваім выступленні Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што «беларусы ў саюзе з іншымі савецкімі народамі не толькі перамаглі, але і, адкінуўшы ранейшыя крыўды, у 1945-м вызвалілі Польшчу ад фашызму». Мы заўсёды жылі ў міры і згодзе з суседзямі, падстаўлялі плячо ў складаных момантах, і нашы гераічныя продкі ахвяравалі жыццём дзеля брацкіх народаў — толькі на польскіх землях засталося звыш 600 тысяч савецкіх воінаў. І мы ніколі не дазволім зносіць помнікі вызваліцелям і таптаць мемарыялы, як апошнім часам здараецца ў краінах так званага калектыўнага Захаду.

Мы помнім, якой цаной заваяваны мір, гэты гістарычны ўрок замацаваўся ў свядомасці кожнага беларуса. Патрыятызм, народнае адзінства і недапушчальнасць памылак мінулага — тры кіты, на якіх стаіць наша незалежная дзяржава. Мы ніколі не прэтэндавалі на чужое, беларусы змагаліся за сваё: мову, тэрыторыю, права на самавызначэнне. Зараз, калі свет літаральна трашчыць па швах, гэтыя паняцці з'яўляюцца для нас адным з найвялікшых багаццяў.

Кіраўнік дзяржавы вывеў мудрасць жыцця нашай нацыі, якая доўгія стагоддзі фарміравалася пад уплывам палітычных і эканамічных выпрабаванняў: «ні перад кім не кланяцца, жыць сваім розумам і са свайго мазаля» — гэта не проста высакамоўнае выказванне, а горкі вопыт, доўгая барацьба і высокія дасягненні сучаснасці. І тое, што мы маем зараз, будзем берагчы і ахоўваць як найвялікшы народны скарб.


Традыцыя — быць патрыётамі

Кацярына Серафіновіч, член Савета Рэспублікі, намеснік дырэктара дзяржаўнай установы «Рэдакцыя «ЛідаМедыяКампанія»:

— Сёння Беларусь — незалежная, суверэнная краіна. Беларускі народ ведаюць у свеце як народ, унікальны сваёй адукаванасцю, культурай выхавання, уменнем і жаданнем працаваць.

Але сёння набіраюць моц разбуральныя для цывілізацыі ўсёй планеты працэсы. Устанаўленне новага глабальнага светаўладкавання не пройдзе бяскроўна, непрыкметна. Тым больш для нас — краіны, якая знаходзіцца на перакрыжаванні геапалітычных інтарэсаў. Пра гэта казаў у сваёй прамове на Дзень народнага адзінства Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка: «Гэта значыць, тут, на гэтай нашай святой беларускай зямлі, калі глядзець у гісторыю, ды і будучыню — я гэта бачу, — эпіцэнтр усіх падзей. Тут заўсёды тварылася гэта каша, тут заўсёды сутыкаліся інтарэсы найбуйнейшых дзяржаў. І мы часам аказваліся ў сітуацыі не сваіх дзеянняў і не сваёй вайны. Тут ішлі разборкі буйных сусветных гульцоў».

Лідар нашай краіны дае дакладную карціну сітуацыі, якая існуе на сёння, а яна, мякка кажучы, не вельмі радасная. Але разам з тым у прамове Аляксандра Лукашэнкі ёсць і «рэцэпт», што трэба рабіць, каб не трапіць, як кажуць, «у замес». «І ўрок адзін. Нас не будуць піхаць то ўлева, то ўправа, калі мы будзем жыць на сваёй зямлі, будзем яе цаніць, нікому не аддаваць і будзем свята захоўваць свой суверэнітэт над гэтай тэрыторыяй.» Яшчэ адна красамоўная цытата: «У нашых сілах сёння зрабіць высновы з падзей мінулага, каб устаяць і захаваць сябе як суверэнную дзяржаву».

Амаль дваццаць гадоў беларускі народ быў раз'яднаны: па ўмове Рыжскага дагавора ў 1921 годзе землі Заходняй Беларусі адышлі да Польшчы. Што спазнала беларускае насельніцтва за час знаходжання ў складзе іншай дзяржавы — увогуле тэма для асобнай размовы. Зазначу адно: на пачатак новага навучальнага года ў 1938-1939 гадах у Заходняй Беларусі не засталося ніводнай беларускай школы. Больш за 100 тысяч беларускіх дзяцей не наведвалі ўвогуле ніякай школы. Адукаваныя людзі з ліку беларусаў «міласцівай» Польшчы не былі патрэбны.

Ёсць у беларусаў добрая нацыянальная традыцыя: нягледзячы ні на што, заставацца добразычлівымі, лагоднымі, улюбёнымі ў сваю краіну — сапраўднымі патрыётамі Беларусі. Гэта дае надзею выстаяць у ліхаманкава зменлівым свеце. У тым, што так будзе, ёсць упэўненасць. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Калі тады, 100 гадоў назад, у пачатку XX стагоддзя, маладая беларуская рэспубліка не мела сіл сябе абараніць, то сёння абарону нашых спрадвечных нацыянальных межаў мы не проста абаронім — утрымаем. Утрымаем таму, што ў нашых жылах цячэ кроў пераможцаў, таму што ў нас моцная ўлада, моцная адзіная нацыя. Таму што мы проста хочам жыць на сваёй зямлі, сваім розумам і гадаваць сваіх дзяцей». І такі стан вельмі важна захаваць і надалей.

Сёлета Дзень народнага адзінства мы адсвяткавалі другі раз. Я ўпэўнена: у нашай краіне гэты дзень, як сімвал адзінства народа, будзе святкавацца штогод і надалей. Яшчэ нямала будзе раскрыта новых старонак, звязаных з тымі гістарычнымі падзеямі. Напрыклад, наша «Лідская газета» зараз рыхтуе святочны нумар да 83-й гадавіны нашага выдання. Сярод матэрыялаў ёсць і архіўныя звесткі, якія сведчаць пра тое, што ў 1939 годзе лідчане з вялікай радасцю і патрыятычным уздымам сустракалі часці Чырвонай Арміі, якія першымі прынеслі вестку пра вызваленне Заходняй Беларусі і далучэнне яе да Усходняй. Засталіся ўспаміны відавочцаў пра тое, як у Лідзе, іншых населеных пунктах нашага раёна людзі ўстанаўлівалі трыумфальныя аркі для сустрэчы воінаў-вызваліцеляў.


Дзеля інтарэсаў беларускага народа і дзяржавы

Алег Дзячэнка, член Савета Рэспублікі, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:

— Я б хацеў звярнуць увагу вось на які аспект выступлення кіраўніка нашай дзяржавы. На палітычнай авансцэне ў некаторых заходніх краінах найбольшы грамадскі рэзананс выклікала наданне дню 17 верасня статусу такога ж дзяржаўнага свята, як Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці. Прынятае рашэнне азадачыла тых нашых суседзяў, якія думаюць катэгорыямі вялікадзяржаўнага шавінізму і мараць аб новых раздзелах Беларусі, аб вяртанні да міжнароднай палітычнай сітуацыі 1921 або 1939 года. Прэзідэнт у сваім выступленні абнуліў гэтыя фантазіі і накіраваў пасыл усім, хто яшчэ не зразумеў або не жадае разумець, што Беларусь — суверэнная і незалежная дзяржава і абароніць сваю тэрытарыяльную цэласнасць усімі магчымымі сродкамі. «Мы жывём на сваёй зямлі, — падкрэсліў ён, звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму. — Гэта наша зямля з тых даўніх часоў. Гэта непахісна, і мы гэтую зямлю нікому не аддадзім».

Таму адной з найбліжэйшых палітычных задач павінна стаць рэальная нацыянальная кансалідацыя ўсіх патрыятычных сіл нашай краіны перад выклікам новых геапалітычных пагроз. Так гістарычна склалася, што беларускія землі неаднаразова станавіліся арэнай сутыкнення геапалітычных інтарэсаў і ваеннага супрацьстаяння вядучых дзяржаў свету. І ўсе гэтыя знешнепалітычныя авантуры прыносілі беларускаму народу толькі гора і пакуты, эканамічную разруху і тэрытарыяльныя страты. У сувязі з гэтым Прэзідэнт наўпрост звярнуўся да суайчыннікаў з заклікам аб'яднацца, пераадолець палітычныя рознагалоссі і, адкінуўшы ўсё «асабістае ўбок», адзіным фронтам выступіць у абарону інтарэсаў беларускага народа і дзяржавы.

Не пакінуў кіраўнік дзяржавы без увагі і стварэнне ў адной з сумежных краін дыверсійных банд для захопу ўлады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам, за якімі стаяць прадстаўнікі замежных ваенных арганізацый. Гэтыя ўзброеныя групоўкі навучаны вядзенню тактыкі партызанскай вайны і складаюцца з апазіцыянераў і «збеглых», якія даўно ўжо скаціліся ў адно балота з ашалелымі міжнароднымі палітыкамі, якія выступаюць супраць існавання незалежнай і суверэннай Беларусі. Гэты прыклад быў адрасаваны ўсім беларусам як напамін, што сёння нельга губляць пільнасць. Па перыметры нашай краіны палаюць канфлікты, паднімае галаву неаімперыялізм. Вядучыя дзяржавы планеты зноў бразгаюць зброяй і гатовы да развязвання войнаў. Мір і бяспека дорага каштуюць, менавіта таму беларусам неабходна сёння пачуць патрыятычны заклік Прэзідэнта і аб'яднацца, паколькі ў народным адзінстве і сіла, і праўда.

Фота з архіва Алега Дзячэнкі


Наша задача — не забываць аб сваім паходжанні, аб вялікай гісторыі

Аляксей Нявераў, член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога аб'яднання арганізацыі прафсаюзаў:

— У Дзень народнага адзінства, калі гістарычна ўз'ядналася наша нацыя, мы нагадваем сабе аб тым, як павінен паводзіць сябе народ перад тварам бяды і небяспекі, як трэба шанаваць уласную культуру, не паддавацца іншаму ўплыву, не апускаць рукі. І ў гэтым ёсць глыбокі сэнс галоўных жыццёвых каштоўнасцяў беларусаў: жыць у міры і згодзе, ствараць на карысць сённяшняга дня і на стагоддзі, любіць, гадаваць дзяцей, рэалізоўваць свае таленты. Захоўваць памяць аб Радзіме, уносіць пасільны ўклад у яе развіццё, прытрымлівацца традыцый продкаў, старацца быць дастойнымі нашчадкамі — усё гэта залог мірнага неба над галавой.


Жыць сваім розумам і са свайго мазаля

Анатоль Шалтанюк, член Савета Рэспублікі, старшыня Жабінкаўскага раённага Савета:

Падчас урачыстага адкрыцця  моста па вуліцы Міру, у цэнтры Анатоль Шалтанюк.

— У выхадныя ўся наша краіна адсвяткавала Дзень народнага адзінства. З асаблівай увагай мы слухалі выступленне Прэзідэнта на патрыятычным форуме «Гэта НАША гісторыя».

Кіраўнік дзяржавы правёў падрабязны экскурс у гісторыю, спыніўся на падзеях 1939 года, не абышоў увагай нашу ролю ў Вялікай Перамозе, абмаляваў цяперашнюю складаную палітычную сітуацыю ў свеце. Аляксандр Лукашэнка адзначыў наша несумненнае дасягненне, што людзі жывуць ціхім спакойным жыццём, гадуюць дзяцей, вырошчваюць хлеб, нацэлены ў будучыню: «А калі нас падзялілі па-жывому, быў такі замес у гісторыі і каша на тэрыторыі Беларусі, што не толькі гісторыкам, але і многім іншым: палітолагам, юрыстам, дзяржаўным дзеячам — давядзецца разбірацца. Нязмена адно — мы жывём на сваёй зямлі. Гэта наша зямля з даўніх часоў. Гэта непарушна. І мы гэтую зямлю нікому не аддадзім», — сказаў Прэзідэнт, і гэтыя словы, як выглядае, выклікалі не толькі шквал апладысментаў, але і знайшлі водгук у кожным сэрцы. Як і іншыя, сказаныя на роднай мове ад усёй душы:

— Мы вякамі жывём на гэтай Богам прызначанай нам зямлі. Мы не жадаем чужога і ніколі не жадалі. Веліч і годнасць нашых продкаў заўсёды абуджаліся перад любымі пагрозамі і ніколі не будаваліся на прыніжэнні суседзяў. Як я казаў, суседзі ад Бога, іх не выбіраюць. Мудрасць жыцця, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, — ні перад кім не кланяцца, жыць сваім розумам і са свайго мазаля. У Дзень народнага адзінства мы ўпэўнена кажам, што спрадвечная мара беларусаў спраўдзілася.

Гэта сапраўды па-нашаму: жыць сваім розумам і са свайго мазаля, а яшчэ жыць у спакойнай краіне, працаваць на карысць нашых гарадоў і вёсак. У сваім невялікім горадзе-спадарожніку Брэста мы асабліва гэта адчуваем. Жабінка апошнім часам стала актыўна развівацца. Літаральна за два апошнія тыдні ў райцэнтры адкрылася некалькі патрэбных і знакавых аб'ектаў. Напрыклад, восьмага верасня мы віншавалі выхаванцаў і іх бацькоў з адкрыццём новага дзіцячага садка на 240 месцаў. Дашкольная ўстанова размясцілася ў паўночна-ўсходняй частцы горада. Узвялі аб'ект нават менш чым за паўтара года. Фінансавалі будоўлю абласны і раённы бюджэты. Садок атрымаўся прыгожы, светлы, прасторны на радасць бацькам і дзецям. Будынак зрабілі рознаўзроўневым: двух- і трохпавярховым. Ёсць добра аснашчаныя музычная і спартыўная залы, а таксама камп'ютарна-гульнявы пакой, абсталяваны класы для заняткаў у гуртках — адным словам, прадугледжана ўсё, каб дзеці адчувалі сябе камфортна і гарманічна развіваліся.

Тэрыторыя садка максімальна добраўпарадкавана і ўладкавана. Ёсць гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі. Паставілі нават спецыяльны бокс, дзе бацькі могуць на дзень пакідаць веласіпеды, каляскі, зімой — санкі. У садок ужо прынялі больш за 200 дзяцей. Бацькі выказвалі вялікую падзяку за тое, што дашкольная ўстанова з'явілася ў крокавай даступнасці. Нядаўна здадзены першы дзевяціпавярховік, побач жа будуецца новы мікрараён, дзе будуць жыць у тым ліку і брастаўчане. Некаторыя з іх ужо падалі заявы на прыём іх дзяцей у садок.

А літаральна напярэдадні свята, 16 верасня, у райцэнтры адкрылі пасля рэканструкцыі мост. Гэты пуцеправод знаходзіцца па вуліцы Міру, размешчаны побач з камбікормавым заводам. Раней эксперты абследавалі мост і прыйшлі да высновы, што стан яго аварыйны і патрабуе рэканструкцыі. Будаўнікі разабралі старое збудаванне і фактычна ўзвялі новы мост даўжынёй 27 метраў. Мост па вуліцы з сімвалічнай назвай — Міру — азначае, несумненна, паляпшэнне якасці жыцця кожнага гараджаніна. Наш горад невялікі, кампактны, і любая транспартная артэрыя мае вялікае значэнне. Новы мост выглядае сучасна, стыльна, па ім прыемна праязджаць. Тым больш што будаўнікі адначасова добраўпарадкавалі тэрыторыю размешчанага паблізу помніка ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

Фота БелТА

Меркаванні членаў Савета Рэспублікі запісалі Аляксандра Гвоздзева, Нэлі ЗІГУЛЯ, Арына КАРПОВІЧ, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Маргарыта УШКЕВІЧ, Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».