Вы тут

Бібліятэкі Магілёўскай вобласці фарміруюць любоў да малой радзімы


Бібліятэкі Магілёўскай вобласці займаюцца пошукавай дзейнасцю і фарміруюць любоў да малой радзімы.


Акцэнт робіцца на народныя традыцыі, сімвалы, знакамітых людзей, якія праславілі сваю малую радзіму. Напрыклад, Рэчыцкая сельская бібліятэка Чэрыкаўскага раёна распрацавала праект «Спадчына ад продкаў», які падтрымалі юныя аматары фальклору, якія разам з бібліятэкарам здзяйснялі экспедыцыі па вёсках і папаўнялі фонд бібліятэкі новымі цікавымі легендамі і паданнямі. У Хоцімску раённая цэнтральная бібліятэка стварыла краязнаўчую базу даных «Вытокі малой радзімы. Гісторыя вёсак Хоцімскага раёна», якая карыстаецца папулярнасцю ў аматараў даўніны, у тым ліку моладзі. Дараганаўская сельская бібліятэка Асіповіцкага раёна прысвяціла пошукава-даследчы праект знакамітаму роду Дараганаў, які шмат чаго зрабіў для развіцця раёна. Магілёўская гарадская бібліятэка-філіял № 2 імя І. Шамякіна наогул распрацавала віртуальны музейны пакой, прысвечаны беларускаму класіку, імя якога яна носіць. 

Усе гэтыя дасягненні былі адзначаны на рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры». Вышэйазначаныя ўстановы атрымалі дыпломы першай, другой і трэцяй ступеняў. Заахвочвальны дыплом уручаны таксама дзіцячаму аддзелу Круглянскай цэнтральнай бібліятэцы. Цырымонія ўзнагароджання праходзіла ў рамках ІХ Міжнароднага кангрэса «Бібліятэка як феномен культуры». 

— Гэты конкурс праводзіцца ў мэтах узмацнення ролі публічных бібліятэк у фарміраванні нацыянальнай свядомасці насельніцтва, распаўсюджвання беларускай ідэі, папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, айчыннай літаратуры, роднай мовы, народных традыцый, падтрымкі кнігі і чытання, — адзначыла дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. Леніна Ілона Сарокіна. — Публічныя бібліятэкі Магілёўскай вобласці — пастаянныя ўдзельнікі гэтага конкурсу. На Магілёўшчыне вядзецца комплексная маштабная работа па захаванні гістарычнай памяці рэгіёна. 

Конкурс праводзіцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь з 1992 года і бібліятэкі Магілёўскай вобласці рэгулярна атрымліваюць на ім узнагароды ў розных намінацыях. 

Ілона Сарокіна адзначае, што гэта ацэнка іграе вялікую ролю для дзейнасці бібліятэк і ўдасканальвання іх работы: 
— Па-першае, гэта прэстыж, па другое, папаўненне цікавай краязнаўчай інфармацыяй рэспубліканскай бібліятэчнай скарбонкі, па-трэцяе, атрыманне сродкаў на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэк. 

Усяго ў маштабах краіны дыпломамі першай, другой і трэцяй ступеняў адзначаны 22 публічныя бібліятэкі, яшчэ пяць атрымалі заахвочвальныя дыпломы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.