Вы тут

Качанава прыняла ўдзел ва ўрачыстасці ў гонар аднаўлення жаночага манастыра з Гродне


У святочных мерапрыемствах узяла ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава. Пасля святочнай літургіі, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, спікер верхняй палаты парламента звярнулася да вернікаў і падзякавала ігуменні Гаўрыіле (Глухавай) і насельніцам манастыра за працу па аднаўленні святыні.


— Хачу падзякаваць вам яшчэ і таму, што вы займаецеся выхаваннем падрастаючага пакалення ў духу любові да ўсіх — да Бога, да свайго блізкага, да сваёй краіны. Вы робіце ўсё для таго, каб людзі разумелі і цанілі, як важна ўсё гэта захаваць, — дадала спікер.

Наталля Качанава выказала спадзяванні, што людзі і надалей будуць прыходзіць і прыязджаць сюды па падтрымку і суцяшэнне, па адказ на пытанне — што з'яўляецца самым галоўным у жыцці чалавека.

Манастыр мае даўнюю гісторыю. Ён размешчаны на месцы праваслаўнага сабора ХІІ стагоддзя, рэшткі якога былі знойдзены падчас земляных работ у 80-я гады ХХ стагоддзя. У пачатку XVІІ стагоддзя храм быў перададзены ўніятам, пазней пры ім з'явіўся жаночы базыльянскі манастыр. Драўляны комплекс неаднаразова гарэў, і ў ХVІІІ стагоддзі быў узведзены каменны храм і жылы корпус. У 1843 годзе манастыр стаў праваслаўным, быў асвечаны ў гонар Нараджэння Багародзіцы. Праз два дзесяцігоддзі пабудавалі цёплую манастырскую царкву ў гонар Сергія Раданежскага, а таксама гаспадарчыя карпусы.

За савецкім часам храм і манастыр некалькі дзесяцігоддзяў не дзейнічалі. Тут спачатку размяшчаліся спартыўныя клубы, затым комплекс перадалі Рэспубліканскаму музею атэізму і рэлігіі. У сценах былога манастыра праводзіліся выстаўкі і канцэрты. У 1992—1995 гадах будынкі вярнулі жаночаму манастыру. Указ аб перадачы ўсяго комплексу быў падпісаны Прэзідэнтам Беларусі, а пазней Аляксандр Лукашэнка і сам наведаў ужо адноўленую святыню.

У 1992 годзе адбылося першае пасля закрыцця храма богаслужэнне, якое ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. Праз 10 гадоў манастыр атрымаў статус стаўрапігіяльнага і пераведзены пад непасрэднае кіраўніцтва Патрыяршага Экзарха.

Падчас святочных мерапрыемстваў 21 верасня на тэрыторыі манастыра адбыліся ўрачыстая цырымонія адкрыцця і асвячэнне бюста першаму Патрыяршаму Экзарху Беларусі Мітрапаліту Філарэту. Наталля Качанава ўручыла падзякі тым, хто садзейнічаў устаноўцы помніка — Марыне Анікеевай, генеральнаму дырэктару ААТ «Малочны мір», і Мікалаю Гаварко, дырэктару па развіцці ТАА «Белдан». Потым усе накіраваліся ў выставачную залу манастыра, дзе адкрылася экспазіцыя, прысвечаная памяці Мітрапаліта Філарэта.

Цяпер у манастыры пражывае 14 манашак, тут дзейнічае праваслаўнае сястрыцтва, маладзёжная група, працуе нядзельная школа. Манастыр мае зямельны надзел плошчай 3,2 гектара, дзе вырошчваецца гародніна для насельніцтва і паломнікаў.

Галоўнай святыняй манастыра з'яўляецца цудатворная ікона Божай Маці «Уладзімірская-Міратачывая». Таксама тут захоўваюцца каўчэг з часцінкамі Жыватворнага Дрэва Крыжа Гасподняга і з часцінкамі мошчаў святых угоднікаў, ікона прападобнага Сергія Раданежскага з мошчамі і іншыя святыні.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.