Вы тут

Смачныя, востранькія і незвычайна духмяныя


З зялёных памідораў

Квашаныя

Памідорчыкі атрымліваюцца вельмі смачнымі, востранькімі і незвычайна духмянымі, гатовыя да ўжывання ўжо праз трое сутак.


Спатрэбіцца: памідоры зялёныя (можна і бурыя) — 1,5 кг; морква — 1 шт.; перац балгарскі салодкі — 1 шт.; перац чылі — 1 шт.; часнок — 1 галоўка; зяленіва кропу і пятрушкі — па 0,5 пучка; ліст лаўровы — 3-4 шт.; вада — 1,5 літра; соль буйная — 3 ст. л.; цукар — 1 ст. л.

Зялёныя памідоры (лепш сярэдняга памеру) вымыць, зрабіць крыжападобныя надрэзы зверху, але не да канца. Здрабніць моркву, перац, часнок і перац чылі ў блэндары. Дадаць да гэтай сумесі здробненае зяленіва. Старанна ўсё перамяшаць. Падрыхтаванай масай начыніць разрэзы памідораў і змясціць іх у глыбокую каструлю пластамі. Зверху дадаць лаўровы ліст. Прыгатаваць расол: у ваду дадаць соль і цукар, давесці ўсё да кіпення. Даць расолу крыху астыць (хвіліны 4-5) і заліць ім памідоры. Зверху памідораў размясціць невялікі груз і пакінуць іх пры пакаёвай тэмпературы на 3-4 сутак. Пасля таго квашаныя зялёныя памідоры можна падаваць на стол.

Захоўваць памідоры ў халадзільніку.

Па-карэйску

Спатрэбіцца: зялёныя памідоры — 500 г; морква — 0,5 шт.; перац салодкі балгарскі (лепш чырвоны) — 0,5-1 шт.; часнок — 3 зубчыкі; перац чылі — 1 шт.; соль — 1 ч. л.; цукар — 1,5 ст. л.; воцат 9 % — 1 ч. л.; каляндра ў зернетках — 0,5 ч. л.; алей — 2,5 ст. л.

Зялёныя памідоры нарэзаць тонкімі паўкругамі, пасыпаць соллю, перамяшаць і пакінуць на гадзіну. Потым памідоры адкінуць на друшляк і крыху адціснуць. Дадаць моркву, надзёртую на тарцы для карэйскай морквы, нарэзаны тонкай саломкай балгарскі перац і прапушчаны праз прэс часнок. Таксама дадаць цукар і ўліць воцат. У патэльні разагрэць алей, дадаць у яго свежамолатае ці расціснутае зерне каляндры і нарэзаны кольцамі перац чылі. Памешваючы, абсмажыць каляндру і перац на працягу хвіліны. Выліць гарачы алей з перцам і каляндрай зверху гародніны і часнаку. Адразу ж усё перамяшаць. Гародніну ўтрамбаваць, накрыць і пакінуць у халадзільніку на 7-8 гадзін.

Ікра на зіму

Спатрэбіцца: зялёныя памідоры — 1 кг; цыбуля рэпчатая — 0,5 кг; морква — 0,5 кг; часнок — 10-12 зубкоў; цукар — 4 ст. л.; таматная паста — 2 ст. л.; соль — 1 ст. л.; папрыка молатая — 1 ч. л.; алей — 100 мл; перац чорны молаты — 1,5 ч. л.; воцат 9 % — 2 ст. л.

Зялёныя памідоры разрэзаць на 2-4 часткі, выдаліць пладаножкі. Пракруціць памідоры праз мясарубку да кашы. На дно падыходзячай каструлі наліць алей, затым вылажыць перакручаныя памідоры. Каструлю з памідорамі паставіць на агонь і давесці да кіпення, затым паменшыць агонь, накрыць каструлю вечкам і варыць 15 хвілін, часам памешваючы. Потым дадаць перакручаныя на мясарубцы моркву і цыбулю. Змяшаць і варыць яшчэ 10 хвілін на невялікім агні, часам памешваючы. Затым дадаць цукар, соль, папрыку, чорны перац, здробнены часнок і таматную пасту, змяшаць і варыць ікру з зялёных памідораў яшчэ 5 хвілін. Затым, па жаданні, агароднінную масу можна дадаткова ўзбіць блэндарам, дамагаючыся больш аднастайнай кансістэнцыі. Варыць яшчэ 5 хвілін, пасля дадаць воцат і змяшаць. Гарачую ікру адразу ж пералажыць у стэрыльныя слоікі, закруціць вечкамі і ахінуць да поўнага астывання. Каштаваць ікру можна адразу, як толькі тая астыне. Захоўваюцца слоікі з ікрой ва ўмовах гарадской кватэры.


Варэнне «Слівы ў шакаладзе»

Варэнне «Слівы ў шакаладзе» цяпер вельмі моднае, калі можна так выказацца адносна кулінарнага рэцэпта. Асаблівасць яго заключаецца ў дадаванні масла і какавы, што надае звычайнаму варэнню са сліў эфект шакаладнай пасты.

Спатрэбіцца: слівы — 2 кг; цукар — 1 кг; масла —150 г; натуральны какава-парашок — 80 г.

Слівы вымыць, выдаліць костачкі. Прапусціць слівы праз мясарубку, каб атрымалася пюрэ. Усыпаць цукар, змяшаць і паставіць варыць. Калі варэнне закіпіць, зняць з яго пену і варыць на сярэднім агні 35-45 хвілін, увесь час памешваючы, каб не прыгарэла. Затым дадаць у варэнне масла. Усыпаць какаву, змяшаць, каб какава растварылася, і варыць яшчэ 15 хвілін, не забываючы памешваць.

Варэнне адразу разліць па стэрылізаваных слоіках, астудзіць і прыбраць для захоўвання ў халадзільнік.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?