Вы тут

Рэжысёр Агата Мацко: Патрыятызм павінен падавацца прыгожа і з душой


17 верасня Беларусь адзначыла Дзень народнага адзінства — самае маладое дзяржаўнае свята ў гісторыі незалежнай Беларусі. Апагеем святкаванняў, якія прайшлі па ўсёй краіне, стала грандыёзнае гістарычнае шоў «НАША гісторыя» з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Больш за дзве гадзіны дзве з паловай тысячы артыстаў раскрывалі сутнасць беларускага адзінства пры дапамозе музыкі, харэаграфіі, тэатральных замалёвак і маналогаў. Сведкамі маштабнага дзеяння сталі 10 тысяч гледачоў  «Мінск-арэны» і сотні тысяч тэлегледачоў, якія далучыліся да прамой трансляцыі на тэлеканале «Беларусь-1».


Што яднае беларусаў? У чым наша сіла? Як падаваць патрыятызм праз мастацтва? Падаваць так, каб мы з цікавасцю зноў і зноў перагортвалі старонкі гісторыі сваёй краіны, больш разумелі сябе як нацыю і асэнсавана давалі адзнаку тым падзеям, якія адбываюцца зараз. Аб гэтым і не толькі мы паразважалі з галоўным рэжысёрам шоу Агатай МАЦКО. 

— Агата, Вы вядомы сваім уменнем ладзіць буйныя мерапрыемствы. Зразумела, маштабныя задачы патрабуюць і грунтоўнай падрыхтоўкі. З чаго звычайна ўсё пачынаецца?

— Падрыхтоўка пачынаецца з пытання, пра што казаць. З ідэі. І тут ёсць два моманты, якія ідуць разам: прыдумаць ідэю і тыя дэкарацыі, у якіх яна будзе жыць. Ідэя шоў да Дня народнага адзінства прыйшла яшчэ ў лютым пасля таго, як мы правялі форум «У рэжыме праўды». 2022 год — Год гістарычнай памяці, яму абавязкова патрэбна была кульмінацыя менавіта ў форме гістарычнага шоў.

Першапачаткова хацелі правесці яго на стадыёне «Дынама». Ён добра падыходзіць для ажыццяўлення гэтай ідэі. Але ж абставіны накіравалі нас на «Мінск-арэну», дзе мы ўжо працавалі. На гэты раз было вырашана, што ўсё люстэрка арэны будзе сцэнай, а падоўжаная форма подыума надасць адчуванне руху наперад. Дзякуючы гэтаму, нам удалося сцерці мяжу паміж гледачом і дзействам.

— Канцэптуальна да шоў «НАША гісторыя» Вы падыйшлі вельмі глабальна. За дзве з паловай гадзіны, па-сутнаці, расказалі і паказалі гісторыю Беларусі. Чаму вырашылі не абмяжоўвацца выключна перыядам навейшай гісторыі? 

— Тэма яднання шматгранная. Мне было вельмі цікава прасачыць храналогію адзінства беларусаў ад зараджэння і да нашых дзён. І як тут не казаць пра хрысціянства? Па сутнасці, гэта самы галоўны прыклад адзінства народа, калі людзей аб’яднаў адзіны Бог. Падчас славянскага перыяду галоўная форма адзінства — сям’я, бо тыя плямёны, якія рушылі да нас, прыходзілі цэлымі сем’ямі. У песні так і спяваецца: «За намі праўда, за намі род...» Вайна 1812 года. На тэрыторыі Беларусі ўзняўся моцны партызанскі рух. І тут я адкрыла шмат нечаканых фактаў. Моцна зацікавіла пытанне, чаму гэта вайна называлася «Айчынная»? Адказ на яго ў нашым шоў, дзе мы раскрылі тэму простых людзей, якія пайшлі ў партызаны, каб абараняць сваю Радзіму. Ну, і, канешне, перыяд навейшай гісторыі: падзел Беларусі ў 1921 годзе, аб’яднанне ў 1939, Вялікая айчынная вайна з яе стратамі і героямі, пасляваенны перыяд аднаўлення, Чарнобыльская трагедыя, атрыманне Беларуссю незалежнасці, наш час... У кожным гістарычным перыядзе былі і ёсць людзі, якія хочуць заставацца беларусамі. А наша задача зараз — падаваць патрыятызм прыгожа і з душой. Толькі тады мы будзем цягнуцца да свайго і ганарыцца здабыткамі нашых продкаў.

— Як вядома, адзін у полі не воін. Гэта тычыцца і рэжысёра. Хто ўваходзіць у Вашу каманду і ў чым сакрэт добрай арганізацыі творчага працэса?

— Каманда, з якой я працую, сапраўды крутая. У ёй ёсць старэйшы і малодшы саставы. У старэйшы ўваходзяць выпускаючыя рэжысёры, малодшы складаюць студэнты-валанцёры. Галоўны сакрэт зладжанасці: ўсе самі па сабе павінны быць добрымі арганізатарамі і адказна кіраваць сваімі напрамкамі. Для мяне ў рабоце з камандай ёсць такое важнае паняцце як ДАВЕР. Ён заснаваны на сяброўстве, паваге і творчасці. Калі на чалавека пастаянна націскаць, то ён не праявіцца і будзе працаваць выключна па маёй камандзе. У нас жа сумесная творчасць ад самага першага этапа — абмяркавання ідэі — і да фінальных акордаў шоу.

— Каго канкрэтна хацелася б адзначыць?

— Сапраўдная зорка ў маёй камандзе — Яна Калачынская. На яе плячах вельмі важная частка мерапрыемства — выбудоўванне дзейства ў адпаведнасці з тайм-кодамі. Здаецца, патрэбна стварыць простую табліцу ў «Эксэль», дзе трэба прапісаць час, калі змяняецца карцінка, калі гучыць тая ці іншая музыка, калі змяняецца свет, дэкарацыі... Але задача на самой справе складаная і адказная. На гэтай табліцы па-сутнасці трымаецца ўсё шоу. І тут Яне няма роўных. 

Не магу не сказаць пра ўнікальнага чалавека і музыканта Яўгена Курчыча. Падчас шоу «НАША гісторыя» Яўген поўнасцю адказваў за музычнае суправаджэнне. Гэта чалавек, які суткамі праводзіць у студыях гуказапісу. Стварае музыку, запісвае бэкі і свае сольныя нумары. Самае галоўнае, што падчас прагонаў ён разам з нашым гукарэжысёрам будуе ўсю лагістыку музычных трэкаў і кантралюе гэты працэс.

Я ганаруся тым, што са мной працуюць нашы топавыя харэографы: Вольга Шамрова, Яўген Чарнышоў, Раман Кавалёў. Зараз з’явіліся і маладыя харэографы — Андрэй Харловіч, Ігар Гелдзінскі. Кожны з іх адказвае за свой стылістычны напрамак. А жанраў падчас шоу шмат: ад сучаснасці да аўтэнтыкі.

Яшчэ адзін важны напрамак дзейства — відэаграфія. За яе адказваюць Яўген Камароўскі, Багдан Карпаў і я. Чаму я? Я заўсёды ўсё ўспрымаю візуальна, таму мае шоў і канцэрты заўсёды выглядаюць выйгрышна візуальна. Да ўдзелу ў стварэнні відэакантэнта да мерапрыемстваў я прыйшла тады, калі стамілася тлумачыць рэжысёрам, як трэба зрабіць. Як кажуць, лепш адзін раз паказаць. У шоу «НАША гісторыя» я асабіста стварыла некальны візуальных частак. Сярод іх блокі, прысвечаныя асветніцтву, вайне 1812 года, Чарнобылю і інш.

— Як трапіць да Вас у каманду?

— Трапіць у нашу каманду складана, але рэальна. Проста патрэбна быць вельмі таленавітым і добрым чалавекам. І, безумоўна, ставіцца з вялікай павагай да сваіх калег і артыстаў. Хамства ў нашай камандзе забаронена. За яго праяўленне я нават магу развітацца з чалавекам. Калі ёсць жаданне працаваць з намі, можна проста напісаць мне ці Яне і выказаць сваё жаданне.

— Наколькі рэальна на сто працэнтаў падчас падрыхтоўкі да шоу прадбачыць эмоцыі зала?

— На сто працэнтаў гэта прадбачыць немагчыма. Канешне, ёсць кампазіцыі, якія заўсёды выклікаюць пэўную рэакцыю. Напрыклад, песня «Помніце» у выкананні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Вікторыі Алешка. Зал заўсёды слухае яе стоячы. На гэты раз для мяне была нечаканай рэакцыя зала на прэм’ерную кампазіцыю «Боль зямлі» у выкананні народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленка і ансамбля «Сябры». Аўтары песні — Яўген Алейнік, Юлія Быкава і Ганна Сялук.

— Гучыць фінальная кампазіцыя, вядучыя і артысты на сцэне. Якімі словамі ў гэты момант можна апісаць вашы эмоцыі?

— На гэты раз, калі артысты пачалі разыходзіцца са сцэны апасля фінала, я заплакала. Гэты праект аказаўся вельмі эмацыянальным і рызыкоўным. Мы стварылі яго фактычна за паўтары тыдні, а для такога маштаба гэта вельмі маленькі тэрмін.

— За што Вы любіце сваю работу?

— Я люблю сваю работу за тое, што я маю магчымасць быць у розных месцах, у розных светах і магу ствараць іх сама. Гэта ўнікальнае адчуванне, калі ты можаш стварыць некалькі дзясяткаў светаў тут і зараз.

— Дзе знаходзіцца крыніца Вашага натхнення на новыя праекты і прафесійны рух?

— Кожны раз па-рознаму. Ідэі могуць ісці ад музыкі, а могуць ад відэарэферэнса. Даволі часта ідэі прыходзяць, калі я гуляю раніцай з сабакам. Ты ідзеш па лесе, слухаеш музыку, і ўсё — нараджаюцца вобразы. 

— Ваш профіль у Інстаграм называецца «Arttouristo». Ёсць адчуванне, што ў прафесійным сэнсе Вы адкрыты свету. Ці ёсць у планах праца не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі?

— Планы ёсць, не хапае часу. Зараз я накіроўваюся ў Казахстан, дзе планую і адпачыць, і крыху папрацаваць. У Маскве таксама ёсць прапановы. Але родная Беларусь, канешне, у прыярытэце, бо зараз тут ёсць падтрымка, давер і магчымасці для таго, каб ствараць штосьці новае і добрае.

— Як пяецца ў вядомай кампазіцыі групы «Queen» «Show must go on...» Якім будзе наступнае шоу Агаты Мацко?

— Спадзяюся, яно будзе навагоднім (смяецца). Хаця работы шмат. Наперадзе юбілей Дварца Рэспублікі. Акрамя таго, разам з Юліяй Быкавай і Яўгенам Алейнікам рыхтуем сольны канцэрт групы «Аура». Так што будзем працягваць вас здзіўляць!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва Агаты МАЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.