Вы тут

Лукашэнка: Ваш візіт дасць магчымасць зазірнуць у будучыню нашых адносін


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу з першым віцэ-прэзідэнтам кітайскай карпарацыі CITIC Construction Co., Ltd Янам Цзяньцанам. Карпарацыя, створаная ў лістападзе 2002 году, з’яўляецца дачэрняй кампаніяй найбуйнейшай дзяржаўнай фінансавай карпарацыі Кітая CITIC Group. Асноўныя напрамкі дзейнасці кампаніі — будаўніцтва пад ключ аб’ектаў нерухомасці, экспартна-імпартныя пастаўкі механічнага і электроннага абсталявання. Кампанія рэалізуе праекты ў краінах СНД, Паўднёва-Усходняй Азіі, Паўднёвай Амерыкі, Блізкага Усходу, Афрыкі. У 2007 годзе ў ліку адной з першых кітайскіх інжынірынгавых кампаній пачала дзейнасць на тэрыторыі Беларусі. З удзелам кампаніі ў якасці генпадрадчыка рэалізаваны праекты па будаўніцтву «пад ключ» цэментных заводаў ААТ «Беларускі цэментны завод», ААТ «Крычаўцэментнашыфер», ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», па арганізацыі вытворчасці па зборцы легкавых аўтамабіляў (Белджы) на 2012-2030 гады. Цяпер кампанія рэалізуе ў Беларусі тры інвестыцыйныя праекты — па будаўніцтве абагачальнага калійнага камбіната для ЗТАА «Слаўкалій», будаўніцтве шматфункцыянальнага гасцінічна-дзелавога комплекса ў Мінску ў раёне праспекта Пераможцаў і будаўніцтве высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла для ЗАТ «БНБК».


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яму трэба абмеркаваць шэраг пытанняў з прадстаўніком карпарацыі CITIC, каб грунтоўна парыхтавацца да хуткай сустрэчы са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінем. «Мы правялі грунтоўную і змястоўную сустрэчу на зямлі Самарканда са Старшынёй, абмеркавалі ўсе эканамічныя пытанні нашага ўзаемадзеяння, у тым ліку і пытанні, якія ўваходзяць у сферу вашай кампетэнцыі і адказнасці. І дамовіліся, што пасля 20-га з’езда КПК мы ў рабочым рэжыме пагаворым і аб эканоміцы, і аб палітыцы, і аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Таму мне трэба высветліць шэраг пытанняў, якія звязаны з вашай кампаніяй, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Я вельмі спадзяюся, што ваш цяперашні візіт не проста растлумачыць сітуацыю па некаторых праектах і мы зможам абгаварыць тэрміны завяршэння гэтых праектаў, але і ваш візіт дасць магчымасць зазірнуць у будучыню нашых адносін, асабліва ў будаўнічай галіне», — працягнуў ён.

Прэзідэнт заўважыў, што кампанія CITIC гатова працаваць у Беларусі і будаваць па самых сучасных тэхналогіях шэраг прадпрыемстваў. «Мы гэта вітаем», — адзначыў ён.

«Я пераканаўся, як стабільна развіваецца Беларусь»

У сваю чаргу Ян Цзяньцан прызнаўся, што ён шчыры і цвёрды прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі. Ён падкрэсліў, што ў Кітаі шмат прыхільнікаў беларускага Прэзідэнта. «Я пачаў працаваць у Беларусі з 2007 года і гэтыя 15 год я быў адказны за рэалізацыю шэрагу іншых інвестыцыйных праектаў у вашай краіне. Сёння гэта дзявяты раз, калі я знаходжуся побач з вамі на такой блізкай адлегласці. Для мяне гэта вялікі гонар», — падзяліўся Ян Цзяньцан. Ён падзякаваў беларускаму лідару за падтрымку карпарацыі і выканаў даручэнне свайго кіраўніцтва — перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітанне і найлепшыя пажаданні, перш за ўсё пажаданні моцнага здароўя.

«За гэтыя 15 гадоў я на ўласныя вочы пераканаўся, як стабільна развівалася Беларусь пад вашым кіраўніцтвам, як больш шчаслівым станавіўся беларускі народ і як прыгажэйшым рабілася асяроддзе Беларусі — як квітнеючы сад. За гэтыя гады я таксама заўважыў, што прафесійны ўзровень і кваліфікацыя нашых беларускіх партнёраў, перш за ўсё будаўнікоў гэтак жа моцна ўзрасла, яны дасягнулі міжнароднага ўзроўню. Таму ў будучых праектах у Беларусі мы хочам таксама выкарыстоўваць беларускія кампаніі», — адзначыў віцэ-прэзідэнт карпарацыі. 


У тэму 

«Мы плануем больш прыцягваць мясцовую рабочую сілу»

У размове з журналістамі Ян Цзяньцан падкрэсліў, што сустрэча з Прэзідэнтам была плённай і рэзалютыўнай. Кампанія атрымала падтрымку і спадзяецца рэалізаваць ў Беларусі новыя праекты, запатрабаваныя нашай эканомікай. У прыватнасці, такія тэхналагічныя праекты як трэцяя чарга праекта БНБК, якая прадугледжвае арганізацыю вытворчасці вітамінаў групы В і групы С, а таксама прыцягненне інвестыцый у праекты галіны сельскай гаспадаркі.

Як расказаў віцэ-прэзідэнт CITIC Construction, да рэалізацыі гэтых праектаў будуць актыўна прыцягвацца беларускія спецыялісты. «Пандэмія прынесла шмат праблем у рэалізацыі нашых праектаў у Беларусі. Узніклі цяжкасці з прыцягненнем у Беларусь кітайскай рабочай сілы, гэта стала праблематычна і эканамічна нявыгадна. Таму мы плануем больш прыцягваць мясцовую рабочую сілу, супрацоўнікаў беларускіх кампаній. За больш чым 10 гадоў працы на беларускім рынку мы пераканаліся і ўбачылі на свае вочы, як моцна вырасла кампетэнцыя і прафесійны ўзровень беларускіх будаўнічых кампаній. Магу прывесці некалькі прыкладаў кампаній, з якімі мы супрацоўнічалі: „Гомельпрамбуд“, „Гроднапрамбуд“, шэраг пастаўшчыкоў металаканструкцый, кампаніі, задзейнічаныя ў сферы электрамантажных работы. Мы маем намер і хочам у будучым больш прыцягваць беларускія кампаніі у якасці нашых субпадрадчыкаў для рэалізацыі праектаў у Беларусі», — расказаў Ян Цзяньцан. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».