Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Апломб»


Ёй пашанцавала, сустрэла аднакласніка, і ён узяў яе на працу. Былы троечнік Чмялёў стаў сапраўдным «укормленым чмялём» — дырэктарам фірмы «купі-прадай». Пачатак нулявых — час не просты, перабудова з’ела зберажэнні, разбурыла сям’ю, растаптала планы.


Фота: pixabay.com

Чмялёў яе папярэдзіў:

— Трэба ездзіць па заводах, закупляць тавар, наймаць фуры, галасуючы пры дарозе. 

Зіне патрэбна была праца, і яна пагадзілася.

Чмялёў крытычна агледзеў яе:

— Ты — твар фірмы! Павінна выглядаць прэстыжна — «галоўнае, каб касцюмчык сядзеў!»

Зіна кіўнула. Чмялёў выдаў аванс:

— Два дні на змену іміджу!

Зіна спалохана падняла вочы:

— Такія грошы!

— Адпрацуеш. Праз два дні павінна выехаць як «бізнэс-ледзі».

Чмялёў пераключыўся на званок — яму нехта патэлефанаваў. Патаптаўшыся, Зіна панеслася па крамах. Паліто з лайкавай скуры, сумачка...

Ехалі па сыравіну. У Зіны ў сумачцы неймаверная сума грошай — на фуру тавару. На другую фуру грошы ў Чмялёва. Брудны вакзал, халодны вагон, голыя дрэвы, непрывабны будынак завода. Ля прахадной чакаў Андрэй, сябар Чмялёва, сказаў: «Чарга на трое сутак». Мужчыны пашапталіся. Андрэй камусьці патэлефанаваў і папрасіў прыняць яго знаёмую. «На перамовы ідзі ты, — Чмялёў сунуў Зіне ў рукі канверт. — Прыгожай жанчыне цяжка адмовіць».

Андрэй правёў Зіну праз прахадную да кабінета і, пажадаўшы ні пуху, ні пер’я, знік. Ахапіў страх. Як аддаць канверт? Аж у вачах пацямнела. Яна прыхінулася да сцяны, сунула ў рот таблетку... Потым паправіла капялюшык і пастукала.

За сталом, загружаным дакументамі, мужчына, падобны на камісара Катані з серыяла. Жэстам запрасіў сесці, не перастаючы рабіць пазнакі ў дакументах. Зіна нясмела працягнула дакументы і канверт:

— Мы дамаўляліся па тэлефоне, вось дагавор…

Ён скінуў канверт у скрыню стала, прабег па дакументах вачыма, падпісаў, пляснуў пячатку і вярнуў адзін асобнік. Зіна папрасіла:

— Калі ласка, адгрузіце сёння. Вельмі трэба.

«Катані» ўважліва паглядзеў на барвовую Зіну і напісаў рэзалюцыю: «адгрузіць сёння». Зіна, пяць разоў сказаўшы «дзякуй», пабегла ў касу завода. І ... аблом. Касірка не прыняла долары: «Толькі рублямі». Зіна выйшла на прахадную.

— Ну? — спыталі ў адзін голас Чмялёў і Андрэй.

— Прымаюць рублямі, — затаратарыла Зіна, — у нас рэзалюцыя «адгрузіць сёння».

— Малайчына! — усклікнуў Чмялёў. — У банк!

Як па ўзмаху чароўнай палачкі, падкаціла таксі. Здаравенны мардасты кіроўца ўсміхаўся.

— На лаўца і звер бяжыць, — узрадаваўся Чмялёў. 

У банку курс долара выявіўся ніжэй, чым у Маскве. Чмялёў збянтэжыўся, гэта былі грошы не толькі яго:

— Трэба да валютчыкаў.

Спыталі ў таксіста.

— Ведаю. Такіх, як вы, шмат прыязджае з валютай, адвязу, — расплыўся той у салодкай усмешцы. Пакуль усё каціла. Таксіст ліхачыў. Праз пятнаццаць хвілін машына ўжо імчала за межамі горада да лесу.

Зіне стала не па сабе: «Чаму ў лес?» Сціснула сумачку з грашыма. Рысы твару таксіста сталі рэзкімі, вочы — злымі: «Да лесу дзесяць хвілін, вас там чакаюць. Калі вы мне цяпер не аддасце грошы — вас парвуць. А так — высаджу і жывымі вернецеся». Наступіла мёртвая цішыня.

Чмялёў сядзеў побач з таксістам, Андрэй з Зінай — на заднім. Яна бачыла, як пабялелі шыя і вушы Чмялёва, як сцяўся Андрэй. Грошай шмат, вялікая частка чужых. Аддасі — магчыма, тут і выжывеш. Але цi выжывеш, калі вернешся?

Нечакана адбылася метамарфоза: у таксі сядзела ўжо не Зіна, а каралева злачыннага свету. Нетаропка здымаючы пальчатку, яна сплюнула скрозь зубы і нізкім голасам, павольна, з пагардай і гідлівасцю, працадзіла: «Ну, ты, шаўка, калі праз дзесяць хвілін я не буду ў валютчыкаў, прыстралю, як сабаку. І ніякi лес цябе не ўратуе». Усе скурай адчулі — прыстрэліць і не здрыганецца. Кіроўца збялеў, разгарнуў машыну і праз дзесяць хвілін яны былі на месцы. 

Зіна адчыніла дзверцы. Перад ёй паслужліва схіліўся валютчык, пералічваў пачкі грошай. Яе вочы былі прыжмураныя, вусны падціснутыя ў паўусмешцы. Абмянялi грошы.

Пад’ехалі да завода. Мужчыны не рухаліся. «Нават вокам не міргнуць», — падумала Зіна. Моўчкі выйшлі і пайшлі на прахадную.

— Ты не разлічылася з таксістам, — сказаў Чмялёў.

— Разлічылася, я пакінула яму жыццё.

Чмялёў насупіўся. Грошы ўнеслі, фуры нанялі. Перад тым як сесці ў машыну, Чмялёў падышоў да Зіны:

— Выкінь пісталет, калі спыняць, усё страцім, яшчэ і пасадзяць. Выкінь прама зараз!

Ён патрабавальна глядзеў у вочы. Зіна жудасна стамілася, адрэналін ужо не дзейнічаў. Цяжка паварочваючы язык, адказала:

— Няма ніякага пісталета, — і, апусціўшы плечы, пайшла да сваёй фуры.

Чмялёў дагнаў:

— Зіна, я прашу, выкінь.

Усміхнулася:

— Няма пісталета, я яго ніколі ў руках не трымала.

— Што гэта тады было?

— Не ведаю, стала страшна, зразумела, вы не ведаеце, што рабіць. Гэта не я, гэта нешта ўва мне гаварыла.

Зіна ведала: гэта было азарэнне. Другі раз так не атрымаецца, нават калі будзе рэпеціраваць.

Чмялёў ачмурэў:

— У нас ні на момант не ўзнікла сумневу, што ў цябе пісталет! Апломб вышэйшай пробы. Праз пару месяцаў Зіна была фінансавым дырэктарам фірмы.

Влаянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».