Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Ха—ха! Нумар не пройдзе!»


Мы, завочнікі, спісвалі адзін у аднаго без усялякага сораму, галоўнае, каб «варыянт супадаў». Дэфіцыт часу быў ва ўсіх. На гэты раз я «садрала» кантрольныя па электратэхніцы за дзень да сесіі, не ўнікаючы ў сутнасць.


Фота: pixabay.com

Іспыты я здавала злёту. Не таму, што ўсё ведала, проста дома — грудны малы. Прыбягала ў інстытут, праціскалася без чаргі і, атрымаўшы ацэнку (залік), бегла да дзяцей. Заставаўся апошні іспыт — па электратэхніцы. На яго то часу і не хапіла. Вырашыла, буду арыентавацца па абстаноўцы. Экзамен — той жа латарэйны білет.
.
Так атрымалася, што прыбегла пад канец экзамену. Трэба тэрмінова заходзіць, я апошняя засталася. Экзаменатар — Кашчэй. Студэнты так празвалі Тараса Пятровіча, з’едлівага, худога і патрабавальнага выкладчыка. Выпуклыя косткі чэрапа на лысай галаве рабілі яго падобным на казачнага персанажа. А ад погляду яго бялёсых вачэй мы скукожваліся.

У транспарце па дарозе ў інстытут я прагартала раздзел «электрычнасць», на хаду запамінаючы фармулёўкі і асноўныя формулы. Нулём мае веды назваць нельга. Ускочыла ў аўдыторыю з надзеяй, што адказ хоць на адно пытанне знайду на задворках памяці. Узяла квіток, і мяне абдало жарам. Адначасова выступіў халодны пот. Мы здавалі экзамен не па раздзеле «электрычнасць», а па магнетызму.

Кашчэй вывучаў кантрольныя, якія кіпай ляжалі на стале. На мяне не глянуў. «Білет нумар трынаццаць», — выразна адрапартавала я. Галоўнае — здавацца упэўненай.

Адкрыла білет і зразумела — не мой дзень. Першае пытанне—закон Ома ў інтэгральнай форме. Другі — хвалевае ураўненьне, формула Кірхгофа. А трэці я прачытала толькі да паловы (не варта дарма марнаваць на яго час). Пакуль адказваў апошні ў аўдыторыі студэнт, я па крупінках збірала рэшткі ведаў са школьнай праграмы, выдатна разумеючы, што гэта не інтэгральная форма.

Трэба нешта напісаць, інакш адказ з пустым лістом прыцягне ўвагу. Напісала формулу закона Ома U = IR. Потым напісала яе ў зваротным парадку. Распісала значэнне кожнага знака. Па другім пытанні формулу так і не ўспомніла, проста намалявала хвалю. Формулы для тангенса, сінуса... На гэтым мая творчасць была перапынена, апошні студэнт выйшаў. Трэба ісці адказваць.

Я звярнула ўвагу, што выкладчык манатонна задаваў пытанні, і не папраўляў папярэдняга студэнта. Захопленасць Кашчэя кантрольнымі ўсяляла надзею: ён не слухае. Села за стол насупраць выкладчыка, хітра паклала квіток на лісток з адказам — ён зачыніў пустое месца.

Кашчэй мімаходам кінуў погляд на мой лісток і зноў уткнуўся ў сшытак. «Адказвайце на першые пытанне», — манатонна прамовіў ён. Ўпэўнена і дакладна я выкладваю ўсе, што успомніла са школьнай праграмы. Гэта ЎСЁ заняло пяць хвілін. Самой дзіўна, што там мала успомніла. Змоўкла, чакаю дадатковае пытанне.

«А далей?» — нудна цэдзіць выкладчык. Узрадавалася — Кашчэй не слухае, не зразумеў, што гэта ўвесь адказ. Набрала паветра ў лёгкія і з аптымізмам, паўтарыла ўсё, што сказала раней. Яшчэ пяць хвілін. «А далей?» — паныла бубніць Кашчэй. Не губляючы надзеі, што мяне не слухаюць, паўтараю ўсё нанова.

«А далей?» — жадае працягу Кашчэй. У мяне закрадваюцца смутныя сумнi, па пытанні адказваю ўжо 10 хвілін. Чаму патрабуе працягу? Выразна паўтарыла ўсё ў трэці раз. Пятнаццаць хвілін.

І зноў: «А далей?». Цвёрда заяўляю: «Гэта ўжо ўсё!» І дадатковае пытанне мне: «Напішыце закон Ома ў інтэгральнай форме». Кашчэй ўсё гэтак жа цікавіцца зместам сшыткаў. «У інтэгральнай неяк вылецела з памяці. Вось у мяне проста формула Ома», — выкручваюся я, песцячы надзею на «тройку».

І тут рэзкая змена тону — Кашчэй глядзіць ва ўпор смяючысямi вачыма, а залікоўка ваўчком слізгае з яго стала на мой і спыняецца, крануўшыся рукі. «Ха-ха, нумар не пройдзе! — рэзкі рыпучы голас выкладчыка ўводзіць мяне ў ступар. — Прыйдзеце ў наступны раз!». У яго вачах чорцікі, скура на скронях нацягнулася, ідучы за складкамі ад вуснаў, і выступы чэрапа сталі больш выразнымі, адкідаюць цень на лысую галаву.

Сціснуўшы зубы, каб са злосці не бразнуць лішнія, і, апусціўшы вочы, каб не спаліць гнеўным позіркам выкладчыка, я моўчкі выходжу з аўдыторыі. Студэнты ў калідоры усе дзеляцца ўражаннямі. "Як?«— пытаюцца адразу некалькі чалавек. Я толькі рукой махнула. Ад прыкрасці ў мяне на вачах нават слёзы выступілі.

Калі б Кашчэй мне адразу паставіў «неуд», я б сышла без асаблівых эмоцый. Атрымала тое, што заслужыла. Але тое, што я гэтую каламуту тройчы гучна паўтарала... а потым мая залікоўка ваўчком ... гэта не ішло ні ў якія вароты. А гэта — «ха—ха, нумар не пройдзе!» Горш насмешкі і не прыдумаеш. Лепш бы не ішла на экзамен.

Некалькі дзён я не магла супакоіцца. Тое, што мяне абсмяялі, злавала. Са злосці я за два тыдні вывучыла гэты раздзел электратэхнікі ўздоўж і папярок і пайшла пераздаваць. Да маёй прыкрасці, экзамен прымаў іншы выкладчык і паставіў мне «пяць», нават, не даўшы скончыць адказ. Гэта, вядома, добра, толькі мне вельмі хацелася бліскуча здаць экзамен менавіта Кашчэю.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.