Вы тут

Падарожжы ў мінулае, знаёмства з нязведаным і прыгоды ў кампаніі здымачных груп


Тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавалі шэраг цікавых і пазнавальных навінак. Знайсці сабе праграму даспадобы зможа ў новым вяшчальным сезоне кожны. Таму што чакаюць нас і падарожжы ў мінулае, і знаёмства з нязведанымі мясцінамі Беларусі, і прыгоды ў кампаніі здымачных груп тэлеканалаў.


Так, на «Беларусь 1» увазе тэлеаўдыторыі прапануюць прэм'ерны цыкл «Працоўны фронт». Праект у 12 серыях раскажа пра тое, як адраджалася Беларусь з папялішча вайны ў 1945—1955 гады. Калі былі разбураны народная гаспадарка, аднаўляліся старыя і будаваліся новыя прамысловыя аб'екты, змагаліся за ўраджай і аднаўленне сельскай гаспадаркі, пасляваеннай медыцыны, адукацыі, культуры, спорту... Гэты праект пабудаваны на відэахроніцы, архівах, мастацкіх пастаноўках і інтэрв'ю з экспертамі, што дазволіць прадставіць аўдыторыі разгорнутую карціну падзей таго перыяду. У эфіры выпускі праграмы будуць з'яўляцца раз на тыдзень, а архіў «Працоўнага фронту» і іншых пазнавальных перадач заўсёды ў доступе на партале www.tvr.by і на YouTube-канале «Беларусь 1».

Пашырыўся ў новым сезоне і сегмент забаўляльнага кантэнту ўласнай вытворчасці. Як прыклад, тэлеканал «Беларусь 2» запрашае да прагляду шоу з каларытам беларускай глыбінкі «Я з вёскі». Яго вядучы Васіль Чэхаў — мінчанін, які не ўяўляе свайго жыцця без высокаскораснага інтэрнэту і кавы з кавярні штораніцы, а з хатніх жывёлін знаёмы хіба толькі з суседскімі мопсамі. Аднак малады чалавек адважыўся разам са здымачнай групай «двойкі» паехаць у вёску і паглядзець, як там жывецца людзям, якія памянялі мегаполіс на сельскую мясцовасць. А вось пра тое, якія адкрыцці і незабыўныя ўражанні напаткаюць нашага героя ў вёсцы, даведаемся падчас прагляду шоу.

Праект «Камень, нажніцы, папера», які нядаўна адсвяткаваў сваё пяцігоддзе ў эфіры, у новым сезоне будзе распавядаць, як прыгатаваць «маслянога барана», як паваражыць на жытнім хлебе і нават раскрые сакрэт валення валёнак па-дрыбінску, а вядучыя праграмы адшукаюць сляды старажытнага Беларускага мора, пабываюць у Цмокавай пячоры і разгадаюць таямніцу аршанскага Стоўнхенджа.

У эфіры сацыякультурнага тэлеканала таксама не абыдзецца без прэм'ер. У новым сезоне «Беларусь 3» прадставіць сваім гледачам шэраг праграм, прысвечаных гісторыі нашай краіны і яе выдатным асобам. Цыкл «Памяць зямлі маёй», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, раскажа пра дзесяць знакавых беларускіх мемарыяльных комплексаў, аб іх значнасці і кантэксце стварэння. А з людзьмі, якія паўплывалі не толькі на беларускую, але і сусветную гісторыю, зрабілі вялікі ўклад у развіццё навукі і культуры, пазнаёмімся ў цыкле «Асобы».

Рыхтуецца да выхаду і поўнаметражны дакументальны фільм «Дарога памяці». Дадзеная кінаработа стала вынікам супрацоўніцтва тэлеканала і Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны. У аснове стужкі — вандроўкі па маршруце памяці па гарадах краіны, якія здзяйсняліся перасоўнай музейнай экспазіцыяй. Падчас ажыццяўлення праекта гараджане перадавалі ў фонды музея сямейныя рэліквіі і іншыя артэфакты, што маюць сувязь і захоўваюць памяць пра іх родныя мясціны. Прэм'ерны паказ на сацыякультурным запланаваны на панядзелак, 26 верасня. А пасля ў гэты ж дзень гледачоў чакае канцэрт «Мы разам па дарозе памяці».

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».