Вы тут

Ахова трансгранічных вод


Сумесны маніторынг паверхневых вод, абмен гідраметэаралагічнай інфармацыяй у перыяд паводкі, супрацоўніцтва ў сферы вывучэння стану падземных вод — вынік сумеснай 20-гадовай работы ў межах міжурадавага пагаднення Беларусі і Расіі аб супрацоўніцтве ў галіне аховы і выкарыстання трансгранічных водных аб’ектаў. Яе дасягненні эксперты агучылі сёлета на XIII паседжанні сумеснай беларуска-расійскай камісіі, якое прайшло ў Нясвіжы.


Прыродазнаўцы вызначылі чарговыя перспектыўныя напрамкі развіцця міжнароднага супрацоўніцтва і падпісалі праграму маніторынгу трансгранічных водных аб’ектаў на 26 рэках басейна Дняпра, 22 рэках басейна Заходняй Дзвіны, а таксама на 18 азёрах. 

Паверхневы і падземны маніторынг 

— Міжнародная дамоўленасць у воднай сферы паміж нашымі дзяржавамі прынесла шэраг пэўных вынікаў пры даследаванні стану паверхневых вод на трансгранічных участках. Плануецца гэткае ж сумеснае вывучэнне і трансгранічных падземных вод, — заўважыў Аляксандр ГАРОШКА, намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі. 

— Тое, што мы робім і кантралюем, заўжды было патрэбным і выгадным для нашых дзяржаў, паколькі нас аб’ядноўваюць трансгранічныя водныя аб’екты. Супрацоўніцтва павінна ўмацоўвацца, і, пэўна, ужо наспеў час падысці да сумеснай рэалізацыі праектаў па захаванні водных аб’ектаў трансгранічнай значнасці, — сказаў ён і падкрэсліў: — Падставай для ўзаемнага даверу да атрымліваемых вынікаў сумеснага маніторынгу паверхневых вод служаць міжлабараторныя зверкі. Абмен гідраметэаралагічнай інфармацыяй наконт водагаспадарчай абстаноўкі спрыяе прыняццю рашэнняў па бяспечнаму пропуску вады ў басейнах трансгранічных рэк, у тым ліку ў перыяд паводкі. Абодва бакі пастаянна прыцягваюць навуковы патэнцыял да ўдасканалення механізмаў упраўлення воднымі рэсурсамі. 

Эксперты засведчылі, што за 20 гадоў рэалізацыі пагаднення на прыгранічных тэрыторыях выканана больш за сотню водагаспадарчых і водаахоўных мерапрыемстваў. З беларускага боку ўведзены ў эксплуатацыю і рэканструяваны ў басейне ракі Дняпро 36 ачышчальных збудаванняў, а ў басейне Заходняй Дзвіны — 40. У выніку аб’ём скіду недастаткова ачышчаных сцёкавых водаў у Днепр скараціўся на 95 % і цяпер складае 0,61 млн м3, а ў Заходнюю Дзвіну — на 98 % (0,01 млн м3). 

У апошняе пяцігоддзе краіны абменьваюцца інфармацыяй і наконт стану падземных вод. Сёння дзейнічае дзяржаўная сетка пунктаў назірання за падземнымі водамі ў межах басейнаў Дняпра і Заходняй Дзвіны на прыгранічнай тэрыторыі з Расіяй. Пробы бяруцца з 22 свідравін. 

Водны патэнцыял і яго якасць 

— Вада — гэта стратэгічны рэсурс, важны для нашых краін і для кожнага з нас. Таму рабочыя органы міжурадавага пагаднення, якое датычыцца аховы і выкарыстання трансгранічных водных аб’ектаў, працуюць практычна нязменна, як і задумвалася. За 20 гадоў былі падпісаны 15 стратэгічных дакументаў, — адзначыла Таццяна БОКАВА, намеснік кіраўніка Федэральнага агенцтва водных рэсурсаў Расіі і дадала: — Паміж нашымі краінамі паспяхова рэалізуецца вялікі комплекс пагадненняў, і дамоўленасць у воднай сферы — маленькі ўклад у рэалізацыю работы ў межах Саюзнай дзяржавы. Такая праца патрабуе штодзённых кантактаў, аператыўнага ўзаемадзеяння, а таксама ўмення слухаць і чуць адзін аднаго, дамаўляцца, узгадняць і збліжаць нашы пазіцыі. Вельмі добра, што да справы распаўсюджвання ідэй рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў і іх абароны далучаецца моладзь. Прычым моладзь, якая разумее характар трансфармацый, што адбываюцца на планеце са зменай клімату. 

Эксперты ўпэўненыя, што важна прытрымлівацца прынцыпаў узаемавыгаднага партнёрства ў галіне ўпраўлення воднымі рэсурсамі. Гэта дазволіць дасягнуць адзінай стратэгічнай мэты па захаванні воднага патэнцыялу краін, а таксама павысіць эфектыўнасць выкарыстання і аховы водных рэсурсаў, палепшыць іх якасць у адпаведнасці з патрэбамі грамадства і магчымымі зменамі клімату. 

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.