Вы тут

Багацці роднай прыроды


Беларуская прыродазнаўчая дзіцячая літаратура мае багатыя традыцыі. Дастаткова згадаць кнігі Янкі Маўра «Палескія рабінзоны», Уладзіміра Дубоўкі «Жоўтая акацыя», Віталя Вольскага «У лясах над Бярозай», «На бабровых азёрах», «Падарожжа па краіне беларусаў», «Палессе»... У апошнія гады шмат зроблена ў гэтым накірунку таксама Валерыем Кастручыным, Уладзімірам Ягоўдзікам, Алесем Бадаком... І ўсё ж кожная новая кніга з’яўляецца істотным дапаўненнем да існуючай бібліятэкі твораў, якія юнаму чытачу дапамагаюць спазнаваць лясы і рэкі, адкрываць запаведнікі і пушчы, пільна, з веданнем справы знаёміцца з роднымі краявідамі.


У апошнія 10-15 гадоў выдавецтва «Народная асвета», якое ў большай ступені зарыентавана на выпуск падручнікаў для агульнаадукацыйнай школы, падаравала юнаму чытачу шмат сустрэч з кнігамі дзіцячых пісьменнікаў. І сярод іх ёсць выданні, якія знаёмяць з роднай прыродай. 

Адна з такіх навінак — «Энцыклапедыя юнага натураліста». Настаўнік, таленавіты паэт, празаік, перакладчык з Вілейкі Віктар КАЖУРА ўключыў у свой зборнік тры тэматычныя раздзелы, дзе ў алфавітным парадку адлюстраваў уласнае паэтычнае бачанне раслін, грыбоў, звяроў і птушак: «Ягады і кветкі — сонейкавы дзеткі»; «Бору-лесу будзь удзячны: пакланіся — ён аддзячыць»; «І на лузе, і ў бары ёсць свае гаспадары». Вершаваныя вобразы і сімвалы аўтар дапаўняе празаічным, эсэістычным аповядам пра выбраных ім персанажаў. 

А сваю ідэю «Энцыклапедыі юнага натураліста» Віктар Кажура тлумачыць наступным чынам: «Дарагія юныя натуралісты! Кажуць, на карце свету Беларусь — маленькая. Можа, і так. 

Але для нас яна — вялікая. Сваёй гісторыяй. Сваёй памяццю. Сваёй сучаснасцю. Сваёй будучыняй. 

А яшчэ — багаццем. Азірніцеся! 

На лузе — гербарый-разнатраўе, ад водару якога можа закружыцца галава. 

Ягадныя россыпы, быццам вясёлка на зямлі, упрыгожваюць наваколле. Ды не толькі ўпрыгожваюць, а дораць чалавеку радасць і здароўе. 

Грыбы летняй ці асенняй парою, схаваўшыся пад галінкі, лісце ды ігліцу, запрашаюць пагуляць з імі ў хованкі. Пры гэтым — вось хітруны! Нібы кажуць: «Пакланіся нам, чалавек, тады мы пакажамся». І ты кланяешся з удзячнасцю і радасцю, бо чым часцей кланяешся, тым паўнейшым становіцца твой кош. 

У лясах і пушчах водзяцца зубры. Ды не толькі яны. У маладым сасонніку стаіліся паважныя ласі. А там з-за куста хітравата сочыць рыжы ліс, ці не пакажацца на паляне палахлівы заяц. 

Рэкі і азёры віруюць ад незлічонай колькасці рыбы...» 

Мудрасць, з якой літаратар і педагог Віктар Кажура ўзіраецца ў наваколле, перадаецца чытачу. Кніга праілюстравана каляровымі здымкамі і малюнкамі раслін, звяроў і птушак... Асобна ў кароткіх паэтычна-празаічных аповядах вылучаны галоўныя парады, падказкі для зносін чалавека з той ці іншай раслінай, грыбам. 

Маляўнічая, цікавая «Энцыклапедыя юнага натураліста» выдадзена накладам у 1 000 экзэмпляраў. Няма ніякіх сумненняў, што тыраж разыдзецца даволі хутка. Бацькам, настаўнікам, арганізатарам выхаваўчай работы сярод падлеткаў — парада: спяшайцеся хутчэй набыць гэта сапраўды важкае ў справе экалагічнага і патрыятычнага выхавання выданне! 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.