Вы тут

Цана любові. Калі рацыянальнае не спрацоўвае


Учора з раніцы ў рэдакцыі было неспакойна. Сваякі па ўсіх магчымых тэлефонах шукалі нашу калегу. А яна проста была ў іншым кабінеце, пакінуўшы смартфон на рабочым месцы. Нарэшце перапалоханы муж дазваніўся ў той самы кабінет. Тыя, хто шукаў, уздыхнулі з палёгкай. Тая, каго шукалі (а яна пра тое і не здагадвалася) — наадварот, паўдня была на эмоцыях. Хвалявацца было аб чым: пажылую маму ледзь не давялі да сардэчнага прыступу...


Вось так мы ўчора, хоць і не асабіста, сутыкнуліся з тымі самымі тэлефоннымі махлярамі, якія дзясяткамі тысяч рублёў і нават долараў выманьваюць грошы ў пенсіянераў і пра якіх папярэджанне гучыць ледзь не з кожнага праса. Але адна справа — чуць, што здарылася з некім незнаёмым (і думаць, як жа можна было так «павесціся»), а зусім іншая — калі нехта звоніць табе на хатні тэлефон і прыглушаным голасам, падобным на стогн, жаласліва кажа: «Мама, не магу да цябе дазваніцца. Мяне збіла машына...» Менавіта гэтыя словы пачула маці нашай Вікторыі. Далей, праўда, усё пайшло не па плане махляроў — жанчына спалохана, але няпэўна спытала ў трубку: «Хто гэта?». На гэтым сувязь перарвалася, а маці кінулася набіраць Віку на сотавы. Сотавы не адказваў, а тут яшчэ супала, што «прапажа» збіралася ісці ў іншую арганізацыю з паперамі (а значыць, тэарытычна магла якраз у той час трапіць пад машыну)... Карацей, гвалт і вэрхал, і добра, што ўсё добра скончылася.

Мы пасля абмяркоўвалі гэта ўжо жартам, і я параіла «пацярпелай»: калі маме патэлефануюць яшчэ раз, няхай скажа ў трубку «Па вас ужо выехалі»... Яны званілі яшчэ двойчы і маўчалі — мяркуючы па ўсім, спадзяваліся, што напалоханая да шоку бабуля дасць ім якую падказку, напрыклад, спытае: «Віка, гэта ты?». І тады можна будзе ўжо ператэлефаноўваць ад імя ўрача, які расказвае, што «ваша Вікторыя ў нас, стан вельмі цяжкі, патрэбна тэрміновая аперацыя». Ці следчага, які паведаміць, што «ў ДТЗ вінаватая сама Вікторыя, парушыла правілы, кінулася пад колы, вадзіцель пацярпеў, патрабуе завесці крымінальную справу»... Словам, запускаць адладжаны і ўжо паспяхова выпрабаваны на многіх механізм выманьвання грошай. Але наша гераіня, ужо супакоеная веданнем, што ўсё з дачкой у парадку, проста маўчала ў адказ. У гэтым выпадку махляроў чакаў аблом.

Але з упэўненасцю можна сказаць, што гэта няўдача не спыніць іх у злачыннай справе здабывання лёгкіх грошай. Бо гэта першы і другі раз абломяцца (звоняць жа наўгад, у мяне на хатнім тэлефоне таксама вельмі часта высвечваюцца незнаёмыя нумары, з якіх тэлефанавалі з раніцы або ўдзень — час, калі пажылыя людзі дома адны). А на трэці перапалоханая бабуля тут жа назаве дачку, унучку, сына, унука па імені — і тады можна будзе гуляць у сваю пачварную гульню, гадзінамі дурачы старога чалавека «страшылкамі» (з адной ахвярай махляры бесперапынна ад імя «следчага» размаўлялі на працягу сямі гадзін!), пакуль той не пагодзіцца аддаць дзеля выратавання дзіцяці ўсё: і тое, што на чорны дзень, і на пахаванне... Бо недавяркі ў сваёй цынічнай справе ўзялі на ўзбраенне любоў, якая, як вядома, не ведае межаў і не мае цаны.

Праўда, наўрад ці яны самі ведаюць, што гэта такое. Бо ў кожнага ці ў кожнай, хто звоніць незнаёмаму чалавеку і лжэ ў трубку, ёсць маці або бабуля. Дзе гарантыя, што ў пэўны момант канкурэнт-»калега» не набярэ іх нумар? І тады так проста беззваротна можна будзе страціць самае дарагое. Я не пра грошы — хаця нядаўна 81-гадовая бабуля з Гродна, ратуючы ўнучку, якая нібыта здзейсніла ДТЗ, аддала «следчаму» зберажэнні ўсёй сям'і — больш за пяцьсот тысяч. Я пра страчаныя гады жыцця, увогуле пра страчаных блізкіх людзей. Колькі бабуль, пачуўшы ў трубцы, што з блізкім бяда, схапіліся за сэрца і ціха асунуліся на падлогу, каб больш не ўстаць? Колькім выклікалі «хуткую» пасля падобнага званка? Няма такой статыстыкі, не вядзецца. Блізкія ў міліцыю не заявяць, бо ў сваім горы нават не здагадваюцца, што стала прычынай смерці або цяжкай хваробы любімай мамы або бабулі...

Як засцерагчы іх ад гэтага кашмару, як засцерагчыся самім ад магчымай страты грошай і блізкага чалавека? «Прафілактыка» тут не спрацоўвае: колькі ні гавары, колькі ні папярэджвай — паведамленне знянацку аб тым, што з дзіцем ці ўнукам бяда, выключае ўсякую рацыю. Ратавацца і спыніць гэты вал махлярства на чужой любові можна толькі ёй жа — любоўю. Пазваніць роднаму чалавеку не раз на дзень, а некалькі. Тую бабулю, якая аддала вялізную суму, трымалі на тэлефоне больш за чатыры гадзіны, і ніхто з блізкіх не занепакоіўся, чаму так доўга ў пажылога чалавека, з якім у яго ўзросце можа здарыцца што заўгодна, занятая лінія. Атрымліваецца, нікому з сям'і і справы не было, ніхто і не званіў? Так, зразумела, усе на рабоце-вучобе, але ж цана пытання — пару хвілін. Не вельмі вялікая, каб супакоіць роднага чалавека, надаць яму ўпэўненасці. Пераканацца самому, што з ім усё ў парадку. Урэшце, яшчэ раз пачуць табе, даросламу, адрасаванае «дачушка» або «сынок». А гэта — на жаль, многія позна разумеюць — даражэйшае і за любы час, і за любыя грошы.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.