Дзяржпраграмай у краіне прадугледжаны штогадовы рамонт 2 % дамавых тэрыторый і капрамонт не менш як 3 % шматкватэрнага жылля. Неабходна таксама замяніць каля пяці тысяч ліфтаў. А дзяржаўная палітыка ў сферы выкарыстання адходаў мае на мэце да 2025 года забяспечыць выкарыстанне не менш як 64 % ствараемых цвёрдых камунальных адходаў. Гэтыя і іншыя амбіцыйныя задачы галіны ЖКГ немагчыма выканаць без інавацыйных тэхналогій і павышэння кампетэнцый персаналу, упэўненыя эксперты, якія расказалі пра задачы жыллёва-камунальнай сферы і спадзяванні ў дачыненні да першай Міжнароднай спецыялізаванай выставы жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Наш дом», якая праходзіць гэтымі днямі ў Мінску.
У рамках праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2021—2025 гг.» камунальнікі краіны ўжо другі год працуюць над забеспячэннем якасці і даступнасці жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП), добраўпарадкаваннем населеных пунктаў, а таксама над захаваннем жыллёвага фонду і аднаўленнем яго тэхнічных і спажывецкіх якасцяў, расказаў Віталь Смірноў, намеснік міністра МЖКГ:
— Адна з першачарговых задач — забеспячэнне ўсіх беларусаў годнай пітной вадой, паколькі ў асобных населеных пунктах захоўваюцца праблемы з яе якасцю. Для забеспячэння беларусаў пітной вадой належнай якасці ў бягучым пяцігоддзі плануецца збудаваць каля 800 станцый абезжалезвання і каля 300 водазаборных свідравін. А для павышэння якасці ачысткі сцёкавых водаў і надзейнасці сістэм водазабеспячэння і водаад- вядзення — узвесці і рэканструяваць 70 ачышчальных збудаванняў. За пяцігоддзе плануецца таксама падключыць да існуючых сістэм цэнтралізаванага водазабеспячэння больш за сотню мястэчак і перавесці ўсіх сталічных спажыўцоў на ваду з падземных крыніц.
Ідэя стварэння прафесійнай выставы, якая датычыцца адразу ўсёй галіны жыллёва-камунальнай гаспадаркі, новая. Дагэтуль камунальнікі бралі ўдзел у пэўных выставах па розных кірунках работы галіны: вада, цяпло і г. д. Сёлета ж на тры дні на адной пляцоўцы выставачнага комплексу «БелЭкспа» збяруцца вядучыя айчынныя і замежныя эксперты і вытворцы. Сваю прадукцыю, паслугі і найноўшыя тэхналогіі ў сферы ЖКГ прадстаўляюць лідары вытворчасці абсталявання, спецтэхнікі, тэхналогій у рамках эксплуатацыі жылфонду, капрамонту, інжынерных сетак, ліфтавай гаспадаркі, аўтаматызацыі і праграмнага забеспячэння прылад уліку і кантролю.
— Падобнай прафесійнай дыялогавай пляцоўкі да гэтага часу не існавала, — падкрэсліў Сяргей Баран, дырэктар «БелЭкспа». — Нам удалося падрыхтаваць насычаную дзелавую праграму і сфарміраваць цікавую экспазіцыю на трох тысячах квадратных метраў у павільёнах і больш як тысячы — на вуліцы. Падчас мерапрыемства можна скласці ўражанне пра стан і перспектывы галіны ЖКГ. Уваход на выставу бясплатны, аднак папярэдне трэба зарэгістравацца: загадзя на сайце выставы або непасрэдна пры ўваходзе на мерапрыемства. Узяць удзел у рабоце круглых сталоў можна, таксама зарэгістраваўшыся анлайн.
Выстава мае на мэце не толькі паказ тэхналогій і напрацовак у сферы ЖКГ, але і насычаную дзелавую праграму па напрамках работы галіны. Укараненне перадавых тэхналогій, пытанні эксплуатацыі і тэхнічнага рэгулявання, падрыхтоўкі кадраў — усё гэта абмяркоўваецца на спецыялізаваных сустрэчах.
Так, у рамках круглага стала «Кіраванне агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання. Канцэптуальныя падыходы да фарміравання сучаснай мадэлі кіравання» разгледзяць варыянты кіравання жыллём таварыствамі ўласнікаў і дзяржаўнымі органамі. Вынікам гэтай сустрэчы павінны стаць прапановы па далейшым развіцці кіравання жыллём як прафесійнай дзейнасці, абазначыў Андрэй Рамашка, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі МЖКГ:
— На круглым стале «Лічбавая трансфармацыя працэсаў кіравання і эксплуатацыі жыллёвага фонду на аснове канцэпцыі лічбавых двайнікоў будынкаў і ВІМ-мадэлявання» абмяркуюць вектары развіцця сферы абслугоўвання жылля з прымяненнем ІT-прадуктаў. Сёння ў галіне працуюць тэхналагічныя рашэнні ў падамавым уліку затрат, рабоце з заяўкамі ад насельніцтва і аварыйнымі сітуацыямі, а таксама іншых інфармацыйных працэсах.
Паколькі будаўнічая галіна гатовая праектаваць дамы з прымяненнем ВІМ-мадэлявання, неабходна забяспечваць і эксплуатацыю жылля з выкарыстаннем яго інфармацыйнай мадэлі, супастаўленне эксплуатацыйных затрат з жыццёвым цыклам будынка, дадаў эксперт.
Праблемы якасці пітной вады эксперты абмяркуюць на круглым стале «Забеспячэнне малых населеных пунктаў вадой нарматыўнай якасці. Праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння», расказала Таццяна Сліж, начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі МЖКГ:
— Сёння ў Беларусі каля 1700 малых населеных пунктаў, дзе ёсць цэнтралізаваныя сістэмы водазабеспячэння, вада ў якіх не адпавядае нарматыўнай якасці па ўтрыманні жалеза. Для вырашэння праблемы будуюцца станцыі абезжалезвання вады, населеныя пункты перападключаюцца да існуючых цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння з вадой належнай якасці. А таксама прымяняюцца кампактныя ўстаноўкі і абсталяванне для абезжалезвання вады, устаноўка індывідуальных прылад.
Дзякуючы рабоце ў папярэднія гады камунальнікі забяспечылі больш за 400 тысяч чалавек пітной вадой належнай якасці. Было збудавана каля 670 станцый абезжалезвання і перападключана каля 50 населеных пунктаў. У мерапрыемстве возьмуць удзел таксама прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і аблводаканалаў.
Яшчэ адзін круглы стол прысвечаны рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў з умовай абмежавальных мер. За 2021—2025 гады 28 з 70 запланаваных да рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў планавалася зрабіць за кошт міжнародных арганізацый. Паколькі такое фінансаванне было прыпынена, на круглым стале эксперты абмяркуюць, за кошт якіх сродкаў можна будзе тое зрабіць. Да ўдзелу запрошаны таксама прадстаўнікі Мінпрыроды і расійскія калегі, якія раскажуць, як яны забяспечваюць свае малыя населеныя пункты вадой нарматыўнай якасці, удакладніла Таццяна Сліж.
Азнаёміцца з перспектыўнымі тэхналогіямі ў сферы абыходжання з адходамі і абмеркаваць шляхі ўдасканалення дадзенай сферы эксперты змогуць на адпаведным круглым стале, акрэсліў Арцём Шкрыль, намеснік дырэктара дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў»:
— У рамках круглага стала плануецца абмеркаваць змяненні ў заканадаўстве і стратэгію па абыходжанні з ЦКА. Запрошаны прадстаўнікі расійскага экалагічнага аператара, якія раскажуць, як плануецца ўдасканальваць работу ў гэтай сферы ў Расіі. Тут жа будуць прысутнічаць прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў абедзвюх краін, прыватнага бізнесу і ЖКГ.
Асобны круглы стол будзе прысвечаны падрыхтоўцы кіраўнікоў, спецыялістаў і рабочых сістэмы ЖКГ, у якой сёння працуе каля 130 тысяч чалавек. Летась, дарэчы, у навучальных установах сістэмы прайшло навучанне каля 25 тысяч работнікаў галіны, падзялілася Кацярына Гарбачова, дырэктар дзяржаўнага цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў «Жылкам»:
— Мы плануем абмеркаваць карпаратыўную падрыхтоўку спецыялістаў , якая вядзецца сёння не толькі ва ўстановах адукацыі, але і на месцах — у арганізацыях. Закрануць таксама пытанні па ўкараненні прафесійных стандартаў і сістэмы сертыфікацыі ў Беларусі. У 2023 годзе распачнецца пілотны праект па незалежнай сертыфікацыі спецыялістаў.
Ірына СІДАРОК
Фота Лізаветы ГОЛАД
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.