Уладзімір Калеснік найперш вядомы па калектыўнай кнізе «Я з вогненнай вёскі...», хоць яго прозвішча на вокладцы і апошняе. Як і ў іншых выпадках, калі некалькі аўтараў, звычайна іх прозвішчы згадваюцца ў алфавітным парадку: Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік. Не толькі па няпісаным правіле, а і па справядлівасці, бо ў тым, што з’явіўся ўнікальны літаратурны помнік спаленым нямецкафашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі беларускім вёскам, аднолькавая заслуга кожнага, хто спрычыніўся да гэтага грамадзянскага і пісьменніцкага подзвігу. Асабіста Уладзіміра Андрэевіча яшчэ ў тым, што першае выданне, якое пабачыла свет у 1975 годзе, багата праілюстравана яго шматлікімі фотаздымкамі. Аднак Уладзімір Калеснік не толькі пісьменнік-дакументаліст, а і празаік, хоць, бадай, найлепш яго талент раскрыўся ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства. Празаічныя ж задаткі праявіліся ў яго аўтабіяграфіі «Сваім следам», змешчанай у кнізе жыццяпісаў беларускіх пісьменнікаў «Пра час і пра сябе» (1966).
«Сваім следам» назваў Уладзімір Андрэевіч гэты жыццяпіс, датаваны 23 лістапада 1964 года. З яго добра відаць, як таленавіты хлапчук, які нарадзіўся 17 верасня 1922 года ў вёсцы Сіняўская Слабада цяперашняга Карэліцкага раёна, уваходзіў у вялікі свет жыцця. Бацька быў майстар на ўсе рукі. Ад яго «пераняў спрыт да сякеры, малатка, гэбліка. Сам рабіў сабе канькі, лыжы, пеналы, а потым перайшоў на заказы маці — то трапло, то калатоўку, то днюшча — і быў на сёмым небе, калі яна хваліла, што выйшла гладчэй, як у бацькі». А пераўзыходзіў яго ў майстэрстве дзякуючы яшчэ аднаму настаўніку — суседу Ладымеру Пазняку: «Ён змайстраваў нават скрыпку. Адным нажом! Пад яго кіраўніцтвам зрабіў скрыпку і я. Навучыў ён мяне іграць пару мелодый...»
Ды ўсё ж жыццё было няпростым, «вельмі рана адчуў нейкую балючую раздвоенасць свету». Асабліва калі пасля сямігодкі паступіў у Навагрудскую гімназію: «Дома забеленая пшанічная зацірка ды макароны лічыліся прысмакамі, тут іх давалі толькі ў канцы месяца, калі кіраўнік інтэрната наводзіў «эканомію». Вучні"арыстакраты«, што абзывалі нас, вяскоўцаў, «гнойкамі», бунтаваліся і ў знак пратэсту шпурлялі талеркі з макаронамі ў ліфт, праз які іх падавалі з кухні на другі паверх у сталовую«.
Як прызнаецца, адчуваў сябе «збянтэжаным Саўкам». Аднак гэтая «балючая раздвоенасць» свету стала не такой адчувальнай пасля таго, як «прыйшоў прафесар Крук, выкладчык рысунку і ручной працы.
— Валодзю, — гаварыў ён, бяры ключы ад майстэрні і пасля заняткаў рабі сабе што захочаш, набівай руку».
Не толькі «маляваў, тачыў на станку, займаўся разьбою па дрэве. Рабілі мы з ім на пару розныя драбніцы — настольныя лямпы, шкатулкі, падстаўкі, рамачкі — усё ў мадэрным стылі». Гэты прафесар далучыў яго і да мастацтва, выклікаў жаданне самому маляваць. І усё ж «адчуваў сябе белаю варонай», пастаянна сутыкаючыся з паланізацыяй. Хоць пастаяць за сябе ўмеў. Пачуўшы ад аднаго гімназіста: «Што гэта за нацыя беларусы, у яе ж няма ніякай культуры, нават пісьменнікаў сваіх няма...», кінуўся з кулакамі «абараняць» Янку Купалу.
Яшчэ ў сямігодцы пазнаёміўся з творамі беларускіх пісьменнікаў. У гімназіі ж уразіў верш Якуба Коласа «Покліч», а таксама яго аповесці «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся». Калі дагэтуль марыў стаць мастацкім крытыкам, то цяпер захацелася настаўнічаць, як Андрэй Лабановіч.
Аўтабіяграфію Уладзіміра Калесніка карысна было б пачытаць тым, хто з зацятай упартасцю сцвярджае, як цудоўна жылося беларусам «пад палякамі», пакуль іх у 1939-м не «закабаліў» Савецкі Саюз. Ён, як і заўсёды, шчыры: «Усю глыбіню пропасці, якая аддзяляла нас, пра¬цоўных беларусаў, ад грамадства буржуазнай Польшчы, мне дапамог уразумець мой дваюрадны брат, камуніст Арсень. Парадкам старэйшы за мяне, ён яшчэ да турмы любіў са мною валэндацца. Зараз сустрэў цёпла: „Добра, што вучышся. Нам адукаваныя хлопцы патрэбны. Толькі слухай там настаўнікаў, а свой розум май“».
Яшчэ хлопчыкам ён уступіў у Чырвоную Армію, у Грамадзянскую вайну быў двойчы паранены. І вось маёрам прыйшоў вызваляць сваю зямлю ад польскіх акупантаў: «Лепшай агітацыі за Савецкую ўладу і не прыдумаць. Сам выгляд байцоў Чырвонай Арміі і іх паводзіны — яскравая дэманстрацыя савецкай дэмакратыі і культуры. Людзі ў захапленні.
— Ты глядзі, — здзіўляюцца мужчыны, — цераз Нёман пераправіліся, і ніводзін не мацюкнуўся нават. Адзеты ўсе аднолькава, і камандзіры, і салдаты, а нябось дысцыпліна! Ніхто нават яблыка ў садзе не сарваў, як святыя... А сіла — танкі, машыны. Калі яны іх толькі нарабілі?!»
Сваяк таксама стаў для яго свайго роду настаўнікам. Ды якім! «За некалькі тыдняў ён перавярнуў дагары нагамі мае ўяўленні аб гісторыі, адкрыў столькі таямніц... Я ўжо ведаю, як узніклі класы, як запрыгонілі, абрабавалі і прынізілі паны нашых дзядоў. Ведаю, як далей пойдзе развівацца грамадства. Знаю, што ўяўленні пра Бога — гэта ідэалізаванае зямное жыццё з прымусовым падпарадкаваннем адных класаў другім».
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Уладзімір Калеснік вучыўся на трэцім курсе Навагрудскага педагагічнага вучылішча. З сябрамі вырашыў прабірацца на ўсход. Але «заходнікаў» не прапускалі праз старую граніцу. Тады ў родных мясцінах сталі падпольшчыкамі. Знайшоўшы пакінуты грузавік з боепрыпасамі, ноччу патаемна перавезлі на лодцы і закапалі дванаццаць скрынак патронаў, дзве скрынкі гранат. Знайшлі шмат вінтовак і кулямётаў. 23 ліпеня 1942 года ўступілі ў партызанскі атрад імя В. І. Чапаева. Камандаваў узводам, праз год стаў начальнікам штаба аднаго з атрадаў Баранавіцкага злучэння.
Барацьба Уладзіміра Калесніка з гітлераўцамі стала часткай усенароднай барацьбы з нямецкім фашызмам: «Уражанні двух гадоў партызанскай барацьбы, калі іх апісваць падрабязна, маглі б скласці два тамы». Іх то не напісаў. Але прысуд нямецкаму нацызму прагучаў ва ўжо згаданай калектыўнай кнізе «Я з вогненнай вёскі...» У аўтабіяграфіі ж — «пару слоў пра пэўны вопыт душы, які прынеслі партызанскія гады». У час іх «пазнаў крайнія межы пачуццяў — хараства і агіднасці, дабра і зла...». Самае цудоўнае — «адчуванне кроўнай роднасці з сябрамі, той непаўторны стан душы, калі ў баі для цябе знікае розніца, хто загіне, — ты сам ці твой сябра, бо ты і ён — адно». А агіднае — трупы: «Мы закопвалі тых і тых, а яны, карнікі, блакіруючы пушчу, звычайна адкопвалі з ямаў і голых, уздутых, сініх падвязвалі да галін дрэў калючым дротам». А чаго асабліва здзіўляцца! Калі «новы парадак» — дык ва ўсім. І ва ўсе часы. І зноў нас вучаць жыць.
Пасля вызвалення родных мясцін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў некаторы час працаваў ў Мірскім райваенкамаце і райана. Толькі гэта быў эпізод «пры перасадцы з вайсковага эшалона ў мірны». Па-ранейшаму хацеў звязаць лёс з мастацтвам. Але ў 1945 годзе паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педа¬гагічнага інстытута імя М. Горкага. Пасля скончыў аспірантуру пры гэтай вышэйшай навучальнай установе. Літаратуразнаўцам стаў дзякуючы Янку Брылю, з якім пазнаёміўся, а пасля і пасябраваў яшчэ ў партызанах.
У друку пачаў выступаць з рэцэнзіямі і літаратурнакрытычнымі артыкуламі ў 1953 годзе. Дэбютнай стала кніга «Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959). Пасля выйшлі «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990). Напісаў і дакументальна-мастацкія аповесці «Аловесць пра Таўлая» і «Пасланец Праметэя», герой якой рэвалюцыянер і публіцыст Анатоль Альшэўскі. Склаў кнігі заходнебеларускай паэзіі «Сцяг і паходні», «Ростані волі».
Ніхто так праўдзіва, дакладна, усебакова не адзначыў заслугі Уладзіміра Калесніка перад літаратурай, як Алег Лойка: «Быў ён чалавекам Адраджэння, як і быў Асветнікам, энцыклапедыстам — з тонкім профілем твару, што так нагадваў мне заўжды хрэстаматыйныя профілі французскіх энцыклапедыстаў-асветнікаў Дзідро ці Мантэск’е. Энцыклапедыст — фаварыт факта, фактазнаўца і сістэматызатар. Літаратурная энцыклапедыя літаратуры Заходняе Беларусі, заходне-беларускага літаратурнага руху 20-30-х гадоў нашага стагоддзя, гісторык літаратуры, выдавец анталогій, любімы прафесар студэнтаў і паэтаў Берасцейскага вогнішча».
Сімвалічна, што Уладзімір Калеснік і Максім Танк нарадзіліся ў адзін дзень. Абодва яны — кожны ў меру свайго таленту, грамадскіх і чыста чалавечых магчымасцей — шмат рабілі дзеля адзінства беларускага народа, каб ён і прадстаўнікі іншых народаў, якія здаўна жы¬вуць на нашай зямлі, былі дружнай, маналітнай сям’ёй, якой ніякі вораг не страшны.
Канешне, для таго, каб «Берасцейскае вогнішча», як хораша, вобразна сказаў Алег Лойка, не патухала, а з гадамі разгаралася ўсё мацней, асабліва шмат зрабіў Уладзімір Андрэевіч, які пастаянна жыў і працаваў на Брэстчыне. Аднак датычны да гэтага і Яўген Іванавіч. І таму, што талент яго фарміраваўся і мужнеў у Заходняй Беларусі. Ды і таму яшчэ, што сярод пісьменнікаў меў шмат знаёмых «заходнікаў», а асобным і дапамагаў шукаць свой шлях у літаратуру.
Берасцейская зямля памятае Уладзіміра Калесніка. Аб гэтым сведчыць і тое, што адна з вуліц у абласным цэнтры носіць яго імя, а на доме, у якім жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка. У Брэсцкім дзяржуніверсітэце найлепшыя студэнты-філолагі атрымліваюць стыпендыю імя У. Калесніка. Ладзяцца навуковыя рэспубліканскія Калеснікаўскія чытанні. Брэсцкі аблвыканкам уста¬навіў Літаратурную прэмію імя Уладзіміра Калесніка. Кніга «Доўг памяці» выйшла праз дзевяць гадоў пасля яго смерці (15 снежня 1994 года ў магілу звялі сухоты, на якія захварэў у партызанах).
Сваю апошнюю прыжыццёвую кнігу Улазімір Калеснік назваў «Усё чалавечае» (1993) — як і нарыс пра Янку Бры¬ля. Развагі пра творчасць яго падагульняе так: «Пісаць — значыць дзяліцца перажытым і перадуманым, дзяліцца не толькі з ласкавай шчодрасці, а і з чалавечага абавязку, дзяліцца станоўчым і адмоўным, пакланеннем красе і асуджэннем агіднасці, суцішэннем спакус і адольваннем зла ў сабе». За столькі гадоў маёй працы ў «ЛіМе» (і не толькі ў «ЛіМе»), добра ведаючы напісанае Уладзімірам Андрэевічам, нямала начуўшыся таго, што казалі пра яго блізкія яму людзі, адштурхоўваючыся ад яго выказванняў, меркаванняў у час розных мерапрыемстваў, я неаднойчы ўпэўніваўся, што за вышэйсказаным і яго асабістая пазіцыя, жыццёвы і творчы прынцып. Яго таксама хвалявала ўсё чалавечае. І гэта надавала ўсяму, што ні рабіў ён, адметнасць і важнасць.
Алесь МАРЦІНОВІЧ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.