Вы тут

80 гадоў з дня трагедыі Дамачаўскага дзіцячага дома


Памяць пра гэтую трагедыю заўсёды жыла ў Дамачаве. Кожны год у дзень расстрэлу да помніка прыходзяць людзі, ускладваюць кветкі, смуткуюць. І ля манументу ў лесе, і ля стэлы смутку “Пратэст” на трасе заўсёды ляжаць цацкі - плюшавыя мядзведзі, пластмасавыя лялькі, керамічныя анёлкі, а яшчэ стаяць лампадкі. Іх прыносяць у памяць нявінна забітых дзетак, малодшаму з якіх было ўсяго два гады. Іншыя ахвяры фашысцкага злачынства пражылі тры, чатыры, пяць гадоў.


Людзі прыйшлі і зараз, каб згадаць як 23 верасня 1942 года ў дзіцячы дом прыйшла машына, акупанты загадалі пагрузіць малых у кузаў, каб «ехаць у Брэст», з імі скокнула ў машыну і 20-гадовая выхавальніца Паліна Грахольская...

Дзіцячы дом у Дамачаве быў створаны польскімі ўладамі ў сярэдзіне 20-х гадоў. Тут выхоўваліся сіроты: дзеці палякаў, беларусаў, рускіх, украінцаў, яўрэяў. Колькасць іх пастаянна мянялася, на пачатак вайны ў дзіцячым доме знаходзілася да сотні выхаванцаў розных узростаў: ад немаўляці да падлеткаў 12 гадоў. Большасць не мелі ні бацькоў, ні родных. З пачатку ваенных дзеянняў сюды сталі паступаць асірацелыя дзеці вайскоўцаў, савецкіх, партыйных работнікаў. Юная Паліна Грахольская, ураджэнка Жытоміршчыны, была жонкай афіцэра Брэсцкага гарнізону. Сюды яна прывезла дзяцей брэсцкіх вайскоўцаў, якія ў першыя дні вайны сталі сіротамі, і сама засталася працаваць.

... Іх не павезлі ў Брэст, яны засталіся каля вёскі Ляплёўка — 53 дзіцяці і Паліна. Дарэчы, на Нюрнбергскім працэсе фігураваў акт аб расстрэле дзяцей Дамачаўскага дзіцячага дома. Дакумент у канцы 1944 года падпісалі жыхары Дамачава Лізавета Грачова, Антаніна Паўлюк, Анастасія Усава і іншыя сведкі. У ім гаворыцца: «23 верасня 1942 года каля сямі гадзін вечара у двор дзіцячага дома прыбыла пяцітонная машына з шасцю ўзброенымі немцамі ў ваеннай форме. Старшы з групы немцаў Макс аб’явіў, што дзяцей павязуць у Брэст, і загадаў саджаць іх у кузаў машыны. У машыну было пасаджана 55 дзяцей і выхавальніца Грахольская. Шахметава Тося, дзевяці гадоў, злезла з машыны і збегла ў лес, а астатнія 54 дзіцяці і выхавальніца былі вывезены ў кірунку станцыі Дубіца, гэта за паўтара кіламетры ад вёскі Ляплёўка. На памежнай агнявой кропцы, якая размешчана на адлегласці 800 метраў ад ракі Заходні Буг, машына спынілася, дзеці былі распрануты, аб чым сведчыць наяўнасць дзіцячай бялізны ў машыне, якая вярнулася ў Дамачава. Дзеці і іх выхавальніца былі расстраляны».

Пазней высветліцца, што Віці Абрамаву, яшчэ аднаму выхаванцу, удалося выратавацца. Тося Шахметава ў Дамачава не вярнулася, яна доўга блукала па лесе, выйшла каля польскай вёскі Славатычы, там ёй дала прытулак мясцовая жанчына. Пазней дачку адшукаў бацька, палкоўнік Сцяпан Шахметаў. Пазней Таісія Сцяпанаўна не раз бывала на памятных мерапрыемствах у Дамачаве.

Першы помнік трагедыі адкрылі ў верасні 1952 года. На развілцы дарог Брэст — Ляплёўка — Дамачава з’явіўся абеліск з зоркай. А праз сорак гадоў на гэтым месцы паставілі манумент смутку «Пратэст» скульптара Анатоля Салятыцкага — стэлу, да якой прымацаваны чатыры бронзавыя фігуры дзяцей з рукамі, узнятымі да нябёсаў. Нядаўна помнік істотна абнавілі.

На месцы ж расстрэлу доўга стаяў толькі вялікі драўляны крыж. А ў 2005 годзе на магіле ўсталяваны памятны знак, на гранітнай пліце якога выбіты імёны дзяцей і іх выхавальніцы. Помнік, дарэчы, зроблены паводле эскізу на той час вучаніцы дзявятага класа Дамачаўскай сярэдняй школы Людмілы Шынкарук.

У гэтыя дні Дамачава адзначае яшчэ адну жалобную дату — 80-годдзе з дня знішчэння мясцовага гета. За тры дні да расстрэлу дзіцячага дому акупанты забілі каля трох тысяч вязняў гета. На сайце Дамачаўскага сельскага Савета змешчаны дакумент ад 19 снежня 1945 года — сведчанні былога вязня І. М. Камянецкага, якому цудам ўдалося выратавацца. Мужчына расказваў пра зверствы, якімі суправаджалі расстрэл ні ў чым не павінных людзей. Стыне ў жылах кроў ад яго аповеду пра знаходжанне ў гета. Немцы выбіралі прыгажэйшых дзяўчат, гвалцілі іх. Потым няшчасныя хадзілі цяжарнымі. Расстралялі іх разам з усімі 20 верасня. Помнік ахвярам гета таксама ёсць у Дамачаве.

Ля дамачаўскіх помнікаў аўтару гэтых радкоў даводзілася бываць і з папярэднім старшынёй Дамачаўскага сельсавета, зараз старшынёй райсавета Уладзімірам Хвацікам, і з цяперашнім Анатолем Струком. Сёння падчас жалобнага мітынгу Анатоль Струк адзначыў: «Дамачава стаіць ля самай мяжы, таму продкі мясцовых жыхароў першымі адчувалі на сабе ўсе жахі вайны. Расстрэл выхаванцаў дзіцячага дома — адна з трагедый, якія напаткалі пасёлак у гады вайны. Усяго акупанты знішчылі больш за 3,5 тысячы вязняў гета у Дамачаве».

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк заўважыў, што амаль у кожнага населенага пункта нашай краіны ёсць свая трагічная гісторыя. 80 гадоў таму на гэтым месцы адбылося страшнае злачынства, пра якое трэба памятаць заўсёды. Пракурор Брэсцкай вобласці Віктар Клімаў падкрэсліў, што у генацыду няма тэрміну даўніны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?