Вы тут

Голас Сулімскага — лаўрэата Casta Diva — прагучаў у Мінску


У Вялікім тэатры Беларусі свята здараецца кожны раз, калі партыі ў спектаклях выконваюць запрошаныя зоркі. А калі яны пры гэтым яшчэ і нашы людзі, то даводзіцца не толькі радавацца ад сустрэчы з мастацтвам, а яшчэ і адчуваць гонар за беларускія таленты. Вось таму публіка адзначае асаблівай увагай кожнае выступленне Уладзіслава Сулімскага на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Беларусі. 


21 верасня саліст Марыінскага тэатра выканаў галоўную партыю ў оперы Вердзі «Рыгалета» на радасць мінскай публіцы. У яе ўжо была магчымасць зразумець, наколькі артысту ўдаецца перадаць драму прыдворнага шута, які спрабуе ўратаваць сваю дачку ад смерці... Сулімскага любяць за прыгожы барытон і акцёрскую харызму. І за тое, што ён памятае пра сваю радзіму, нават стаўшы зоркай сусветнага ўзроўню. Таму што пачыналася для яго ўсё ў славутым музычнымі традыцыямі горадзе Маладзечна, у вучылішчы імя Агінскага. Тут ён, напэўна, упершыню зразумеў, што яго галоўны інструмент — голас. Удасканальваць сваё валоданне голасам ён вырашыў у кансерваторыі Санкт-Пецярбурга, пасля ў акадэміі маладых оперных спевакоў Марыінскага тэатра, у Мілане, а таксама набіраўся досведу падчас шматлікіх майстар-класаў вядомых оперных спевакоў. Амаль 20 гадоў яго лёс звязаны з Марыінскім тэатрам у Санкт-Пецярбургу. Але ён актыўна выступае як запрошаны саліст — сярод яго прафсійных узнагарод ёсць і такія прэміі. А сёлета 25 верасня на сцэне Вялікага тэатра Расіі павінна адбыцца цырымонія ўручэння опернай прэміі Casta Diva, сярод лаўрэатаў якой ёсць імя Уладзіслава Сулімскага! 

Між іншым, прэміі і адзнакі на міжнародных конкурсаў толькі дадаюць гонару за беларускага спевака, які пры магчымасці з задавальненнем выступае на радзіме — ці то ў оперных пастяноўках, ці ў адмысловых імпрэзах, падобных Каляднаму опернаму форуму. Але з кожным яго прыездам айчынныя прыхільнікі оперы маюць уласна адчуць, як мацуецца талент артыста. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?