Вы тут

Чарнецкі: Галоўнае не быць абыякавымі да сваёй Радзімы, да нашай гісторыі


Ён з тых шчаслівых людзей, каму пашанцавала знайсці любімую прафесію, сустрэць каханне і пражыць ужо сотні цікавых гісторый разам са сваімі персанажамі на тэатральнай сцэне і на кінаэкране. Лёс гэта ці здаровыя амбіцыі сапраўднага мужчыны, а можа, проста ўдалы збег абставін у жыцці канкрэтнага чалавека — тут могуць быць варыянты. Аднак пасля размовы з акцёрам тэатра і кіно, заслужаным артыстам Беларусі Русланам ЧАРНЕЦКІМ пераканалася — гэта вынік канкрэтных дзеянняў. Калі спрабуеш ісці за голасам сэрца, не баішся выпрабаванняў, але разумееш, як важна быць самім сабой, не згубіць арыенціраў. 


— Ведаю, што ваша скарбонка прафесійных узнагарод папоўнілася званнем «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь». Ці паўплывала гэта на ваша самаадчуванне ў прафесіі?

— Адказнасці стала больш, таму што званне вылучае сярод іншых. Больш увагі ад калег, кіраўніцтва, вядома, гледачоў. Бо калі людзі бачаць слова «заслужаны», то пачынаюць разважаць: а за што ён такога звання быў удастоены, пачынаюць больш пільна за артыстам назіраць. І ты ў сваю чаргу павінен гэтаму адпавядаць. А ў астатнім я такі ж, як і быў. Можа яшчэ проста не ў поўнай меры адчуваю наступствы таго, што адбылося. 

— Многія вас павіншавалі? І ці няма адчування, што з узростам і ў сувязі з рознымі падзеямі па-сапраўднаму вашых людзей становіцца ўсё менш?

— Я атрымаў шмат віншаванняў, бо ў сілу шматпланавасці таго, дзе рэалізоўваю сябе прафесійна, маю зносіны з вялікай колькасцю людзей. А што датычыцца другога пытання, то ёсць адчуванне, што кола майго атачэння не звужаецца, а по-новаму фарміруецца. Яно абнаўляецца. Некаторыя сыходзяць, а іншыя, наадварот, аказваюцца побач. 

— Што вы адчулі, калі не стала Барыса Іванавіча Луцэнкі?

— Гэта не параўнаць з сыходам роднага бацькі, але было таксама вельмі балюча. Гэта вялікая страта для мяне, бо Барыс Іванавіч — чалавек, які даў мне прафесію. Калі б не яго прыродны авантурызм, чуццё і вялізны педагагічны і рэжысёрскі вопыт, то я б такой магчымасці для рэалізацыі нідзе б не знайшоў. Толькі Барыс Іванавіч мог рызыкнуць і паспрабаваць акцёра без адукацыі і без вопыту працы. Так, я ўмеў танцаваць, меў нейкія сцэнічныя навыкі, але гэта было не акцёрскае майстэрства. Аднак нешта ён усё ж здолеў у мне разгледзець. І за яго веру ў мяне я бязмежна ўдзячны. Калі яго не стала, то сышла цэлая эпоха. 

— А калі крыху адматаць час, то што вам, маладому творчаму чалавеку, які шукае сябе, даў перыяд вучобы на аўтаслесара і служба ў арміі?

— Я па жыцці фаталіст у пэўнай ступені. І разумею, калі нешта адбываецца, то не проста так. І спрацоўвае гэта заўсёды ў плюс. Таму што ў вучылішчы я змог займацца ўсім: і атрымліваць прафесію, і знаходзіць час для спорту і для творчасці. 

— Значыць, не было жадання ўчыніць насуперак бацькоўскім парадам і пайсці за поклікам душы?

— Па-першае, я тады яшчэ шукаў сябе. А па-другое, бацькі ж дрэннага не параяць. Яны хацелі зрабіць мне, як лепш, каб у мяне была прафесія. Мужчыне карысна ўмець рабіць нешта сваімі рукамі. І я сёння нядрэнна разбіраюся ў машынах. І менавіта ў вучылішчы я пачаў разумець, што мяне цягне да творчасці, у мастацтва. Я спяваў, танцаваў, гуляў у КВЗ, удзельнічаў у невялікіх пастаноўках. Памятаю, мы ставілі «Ноч перад Раством», дзе я быў Вакулам, і мне вельмі падабалася. Паралельна яшчэ і спортам займаўся. Усё гэта ў выніку ў плюс мне спрацавала. Армія аказала свой уплыў, бо гэта той асяродак, які любога хлопчыка вучыць жыццю. 

— А як вашы бацькі паставіліся да рашэння сына ўсё ж звязаць жыццё з акцёрствам?

— Важна ўлічваць, што маці з бацькам заўсёды падтрымлівалі мяне ва ўсім, што б я ні рабіў. Яны ніколі не забаранялі мне займацца тым, што мне падабалася. Давяралі мне ў гэтым сэнсе. Таму падтрымлівалі і мой інтарэс да акцёрства, калі я ў трэцім класе пачаў займацца ў ДК «Юнацтва». Праўда, тады сястра выказалася, маўляў, што гэта за прафесія для хлопца? І я задумаўся, а можа, і праўда не варта. А яшчэ ленаваўся ролі ад рукі перапісваць, бо не любіў пісаць. А калі ўжо прыйшоў да выбару акцёрскага шляху ўсвядомлена, то мне было 24 гады. Паступіў у Акадэмію мастацтваў, пачаў працаваць у тэатры. Думаю, калі б і пасля школы я вырашыў паступіць на акцёра, то мяне б ніхто не адгаворваў. А так дарослы хлопец, мама мой выбар прыняла (бацькі ўжо не было). І зноў жа, я хіба толькі інтуітыўна здагадваўся тады, што гэта маё на ўсё жыццё. 

— Вы сказалі, што бацькі ўжо на той момант не было. Значыць, была, мабыць, і думка, што вам трэба зарабляць, як адзінаму мужчыне ў сям’і?

— Тата памёр у 2002-м годзе. Але я позняе дзіця. Мая сястра выйшла замуж і з’ехала жыць у Іспанію, а мы з мамай пасля смерці бацькі засталіся ўдваіх. Потым я з’ехаў на кантракт у Тайланд. А адтуль ужо вяртаўся з разуменнем, што хачу паступаць на акцёрскае. Хаця разам з тым і разумеў, што павінен сам зарабляць сабе грошы. Было адчуванне адказнасці. Жыццё нібы само мяне накіравала ў патрэбнае месца. 

— Атрымліваючы званне заслужанага артыста, вы адзначылі ў сваёй прамове, што вялікая роля ў гэтым належыць вашай сям’і. Скажыце, а як паўплываў ваш шлюб з Анастасіяй і нараджэнне дачкі Арыны?

— Калі мы з Насцяй пазнаёміліся, доўга былі проста сябрамі. І да сёння мая жонка — мой самы лепшы сябар. Ёй я магу давяраць абсалютна ўсё. І дакладна ведаю, што гэты чалавек нават памрэ за мяне, калі тое спатрэбіцца, як і я за яе. Насця ва ўсім мяне падтрымлівае, як бы страшна ёй ні было. Зноў жа, калі вярнуцца да падзей двухгадовай даўнасці, калі праходзіў жаночы форум, я помню, як яна перажывала за мяне... Але нягледзячы ні на што, яна заўсёды была на маім баку, таму што бачыла мой спакой і разумела, што так правільна. 

— Вы сапраўды адчувалі спакой ці толькі не праяўлялі эмоцый?

— Перш за ўсё, я быў упэўнены ў кіраўніцтве краіны і ў людзях, якія нас абараняюць. Плюс быў перакананы, што праўда на нашым баку. Бо ў мяне адно з хобі — гэта геапалітыка і глабальная эканоміка. Мне проста ў нейкі момант стала цікава, як усё гэта працуе і што характэрна зараз гэтым працэсам. Я пачаў слухаць эканамістаў, а пасля і палітолагаў, ды і сам нешта ведаў ужо на той момант. І цяпер я таксама працягваю вывучаць гэтыя тэмы, адсочваць падзеі...

Мая жонка пра ўсё гэта ведае і давярае мне, заўсёды — за мяне гарой. Думаю, так і павінна паводзіць сябе кожная жонка, каб яе мужу было лягчэй займацца тым, чым ён займаецца. Каханая жанчына нібы стварае абярэг для свайго мужчыны. Толькі тады ўсё будзе ў яго атрымлівацца. Таму большая частка маіх дасягненняў —дзякуючы ёй.

— А што хочацца даць дачцэ, пакуль яна спазнае свет побач з вамі?

— Мне вельмі хочацца, каб яна вырасла і не перастала любіць людзей. Таму што зараз гэта не так проста. Нас жа доўгі час пераконвалі, што трэба жыць толькі для сябе. І шмат іншых заходніх «каштоўнасцяў» трансліравалі, але, дзякаваць Богу, не ў поўным аб’ёме тое да нас даходзіла ў параўнанні з той жаі Украінай. Нас крыху абмежавалі ад усяго гэтага, захаваўшы ў грамадстве сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці, а не тое, што некаму выгадна... І мне важна даць Арыне разуменне тых законаў, на якіх трымаецца свет, якія дазваляюць ствараць і захоўваць сапраўднае. Хочацца, каб мая дачка вырасла годным чалавекам. Не так важна, кім яна стане ў жыцці, галоўнае, каб была шчаслівай. Дасягнуць гэтага не проста, тым больш у наш час, калі навокал столькі спакус для дзяцей. Ёй яшчэ складана, напрыклад, зразумець, чаму яе «хачу» не настолькі важнае як «трэба». Але я стараюся даносіць да яе разуменне важных рэчаў і бачу, што мае намаганні даюць парасткі.

— У вашых поглядах на выхаванне ёсць нешта запазычанае з таго, як паводзілі сябе вашы бацькі?

— Нешта, безумоўна, я ўзяў ад іх. Бо мне, напрыклад, з ранняга дзяцінства прывівалі адчуванне адказнасці за свае словы і ўчынкі. Я заўсёды ўсведамляў, што не магу падвесці людзей, не павінен спазняцца, калі на мяне разлічваюць іншыя. А штосьці ўжо з вопытам зразумеў. І сёння працягваю вучыцца, спасцігаць новае, каб дзяліцца вопытам з Арынай.

— Калі прааналізаваць розныя падзеі, тэндэнцыі сучаснага жыцця, то што вам блізка, а што засмучае і непакоіць?

— Занепакоенасць выклікае тое, што не ўсе ўсведамляюць, у які няпросты час мы жывём. Апошні раз такія перамены, якія назіраем сёння, адбываліся паўтысячагоддзя таму, калі феадалізм змяняўся капіталізмам. Зараз таксама змяняюцца правілы гульні як у палітычным, так і ў эканамічным сэнсе, таму выстаіць той, хто здолее перастроіцца і прызвычаіцца да новай рэальнасці. Трэба працаваць, прычым не на сябе, а на грамадства, бо толькі разам мы здолеем перажыць цяжкія часы. 

— Пераглядаючы раннія фільмы з вашым удзелам, я ў «Кадэце» пачула фразу, сугучную сённяшняму дню: «Гісторыю сваёй Радзімы трэба ведаць, помніць і ўмець абараняць». Што пад сілу кожнаму з нас, каб захаваць тое, што маем, і перадаць наступным пакаленням?

— Галоўнае не быць абыякавымі да сваёй Радзімы, да нашай гісторыі. Трэба імкнуцца ўнікаць у тое, што адбываецца. Важна ведаць, што было раней, каб зноў не паўтарыць тых жа памылак. Выпрабаванняў нашай краіне за яе гісторыю выпала нямала. І ў нашых сілах цяпер устаць і сказаць «Тут вам не прахадны двор! Мы маем свае інтарэсы. І як мы не ўмешваемся ў вашы справы, так і вы не лезьце да нас!» І трэба разумець, што заўсёды будуць тыя, каму такая пазіцыя недаспадобы. Нам Захад дзесяцігоддзямі імкнецца навязваць мадэль паводзін, каштоўнасці і стандарты прыгажосці, але толькі ад нас залежыць, ці дасягне ён у гэтым поспеху.

— Калі вярнуцца да прафесіі, то зразумела, што праца ў тэатры і ў кіно — гэта розныя гісторыі. Як вам удаецца ўсюды паспяваць і не страчваць запалу?

— Часам даводзіцца нечым ахвяраваць і ад нейкіх прапаноў адмаўляцца. А ў астатніх выпадках усё неяк складваецца, бо важна, каб было жаданне сумяшчаць, тады ўсё атрымаецца. Але пры любым раскладзе ты заўсёды павінен быць гатовы да здымак, да рэпетыцыі. Калі трэба, то не даспі пару гадзін, але вывучы тэкст, папрацуй над роллю. Альбо пераглядзі свой графік, прыярытэты, каб знайсці час і месца для сапраўды важных рэчаў, каб паспець усюды. Я ў прынцыпе трывушчы чалавек, і прафесія дае мне сілы, бо займаюся тым, што мне даспадобы. А калі ўзнікае патрэба перазагрузіць галаву, то едзем з сям’ёй у вёску. Дзень-другі кашу, іду на рыбалку, і ўсё, зноў гатовы вяртацца да працы ў звыклым тэмпе.

— А шмат часу вам патрабуецца, каб знайсці кропкі судакранання з героем, якога ўвасабляеце на сцэне ці на экране?

— Тут заўсёды па-рознаму складваецца. Вось у «Гур’янаве» давялося памучыцца, бо там герой — чалавек святы, а я зусім не такі. І каб дасягнуць гэтага на сцэне, давялося проста вывернуць усяго сябе. Таму бывае, што на раз-два знаходзіш, ад чаго адштурхнуцца, а часам месяцамі не знаходзіш кропак судакранання. У тых жа спектаклях «Браты Карамазавы», «Граф Монтэ-Крыста» ўсё добра склалася. А вось зараз рэпеціруем «Месяц у вёсцы», і там роля меншая, але працаваць над ёй складаней. 

— У Рускім тэатры стартаваў юбілейны сезон. Раскажыце, у якіх прэм’ерах чакаць Руслана Чарнецкага?

— Сустрэнемся з публікай у спектаклях «Месяц у вёсцы», «Ідыёт». А пасля новага года, спадзяюся, і «Беспасажніца» з’явіцца ў рэпертуары. 

Бліц-апытанне:

1. Галоўная жанчына ў маім жыцці — гэта... — У мяне іх тры: маці, жонка і дачка. Адну ніяк не выбраць.
2. Кожная роля дае мне... — Вопыт.
3. Калі б не творчасць, то я... — Мяне б не было. Ці я быў бы няшчасным чалавекам. Вельмі важна знайсці сябе ў жыцці, каб рабіць штосьці добрае не толькі сабе, але і ўсім, хто побач. 
4. Ці часта спыняецеся, каб паглядзець на зоркі ў небе? — Апошнія гады ў вёсцы вельмі часта гэта раблю.
5. У вольны час — тэатр ці кіно? — Калі выпадзе выхадны, то пайду дадому і разам з жонкай пагляджу добры фільм.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Руслана ЧАРНЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».