Вы тут

Уладзімір Дражын: «Жыццё — надзвычай цікавая рэч»


У найбліжэйшую нядзелю, 25 верасня, прыгожую дату — 75 гадоў — адзначыць вядомы дзяржаўны дзеяч Беларусі Уладзімір Дражын. Цікава, што яго добра ведаюць дзеячы культуры, для сферы якой ён шмат зрабіў і на пасадзе віцэ-прэм'ера, і ў якасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Літве і Фінляндыі. Разам з тым пра заслугі Уладзіміра Дражына памятаюць на Міншчыне, у Нясвіжы, Жодзіне, дзе ён названы ганаровым грамадзянінам, на Старадарожчыне, дзе яго імя занесена ў Кнігу народнай славы... Кавалер ордэна Пашаны, уладальнік шматлікіх узнагарод і пачэсных званняў, ён перш за ўсё чалавек цікавы і неардынарны, пра што сведчаць напісаныя ім кнігі: пра малую радзіму, пра краіны, у якіх працаваў, пра гольф, развіццём якога займаецца апошнія гады... Жыццёвы вопыт Уладзіміра Дражына настолькі багаты, што ў адной гутарцы ахапіць яго немагчыма. Мы спыніліся толькі на некаторых знакавых момантах...


«Праца талакой вучыла разбірацца ў людзях»

— Уладзімір Несцеравіч, вашаму асабістаму юбілею заўсёды папярэднічае юбілей шлюбу, і мне падаецца, гэта не менш важна. Сёлета вы адзначылі 50 гадоў сумеснага жыцця з жонкай Тамарай. Ад душы віншую і прашу падзяліцца сакрэтам сямейнага даўгалецця.

— Думаю, сакрэт хаваецца ў часе, які фарміраваў нас як асоб. Наша дзяцінства прыпала на аднаўленне краіны пасля вайны. Сталенне адбывалася разам з гэтым працэсам. Пішу пра гэта ў сваёй кнізе (Уладзімір Дражын: «Мая вялікая малая Радзіма...» — «Зв.»), бо дзіцячая памяць учэпістая, і я памятаю сябе вельмі рана. Як у разбуранай ушчэнт вёсцы будавалі школу, бальніцу, аптэку, клуб, аднаўлялі жыллё... Кожны двор меў абавязак адпрацаваць 10 дзён на вывазцы гравію з мясцовага кар'ера для будаўніцтва дарогі. Галоўная задача была — выжыць, але не па прынцыпе кожны сам за сябе, а ўзаемнай дапамогі. Усе жыхары клапаціліся аб тым, каб забяспечыць сем'і загінулых воінаў Чырвонай Арміі сродкамі існавання: сенам, саломай, дровамі... Праца талакой вучыла зносінам, а таксама разбірацца ў людзях, звяртаць увагу не толькі на знешнюю прыгажосць, але і на маральныя якасці.

Нас з ранняга дзяцінства прывучылі да працы. Разам з тым мы разумелі важнасць адукацыі. А гэта ўжо выхаванне адказнасці.

Няўдачы нас загартоўвалі. І гэта яшчэ адна рыса майго пакалення. Тады ўсе імкнуліся атрымаць сярэднюю або вышэйшую адукацыю, бо краіне патрэбны былі кваліфікаваныя кадры. З-за «чацвёркі» па няпрофільным прадмеце мне не хапіла аднаго бала для паступлення на аўтатрактарны факультэт у політэхнічны інстытут. Тады дырэктар нашай школы паручылася за мяне ў раёне, і мне прапанавалі работу настаўніка фізікі і матэматыкі.

Наступным летам зноў планаваў паступіць у ВНУ, але мяне прызвалі ў армію. Служыў тры гады ў Беларускай ваеннай акрузе.

Пасля арміі ажыццявіў сваю мару — паступіў на вячэрні факультэт аўтатрактарнага факультэта. Тады і заўважыў Тамару — сваю будучую жонку. Праз два гады мы ажаніліся. Выбар спадарожніка жыцця — справа вельмі далікатная. Бо доўга ісці разам атрымаецца толькі з тым, хто згодны з табой у галоўным, хто падтрымлівае там, дзе шлях становіцца пакручасты. Важная ўмова паспяховай сям'і — яднанне. Можна спрачацца, мець розныя погляды на пэўныя рэчы, але пры гэтым два чалавекі мусяць складаць адно цэлае. І я вельмі ўдзячны лёсу, што менавіта такая жанчына мне сустрэлася.

Тамара падтрымала, калі падчас маёй работы на Беларускім аўтамабільным заводзе атрымаў прапанову паступіць у Мінскую вышэйшую партыйную школу. А гэта азначала страту заробку. ...І калі пасля заканчэння вучобы мне прапанавалі ўзначаліць Нясвіжскі райкам партыі. А на той час мы мелі кватэру ў Жодзіне, толькі нарадзілася дачка, сын павінен быў ісці ў першы клас. Што такое кіраўнік раёна? Гэта пераезд, праца з раніцы да вечара, у выхадныя. І пры гэтым я заўсёды быў спакойны за сям'ю, дзяцей і дом.

І тады, і потым, калі працаваў у аблвыканкаме, ва ўрадзе, у парламенце, пасольстве, Тамара ішла побач і пры гэтым не забягала наперад і не цягнула назад. За дзень ёй прыходзілася быць са мной на трох афіцыйных прыёмах, у рознай форме адзення, і яна ніколі не прымусіла мяне хвалявацца.

У нас выраслі цудоўныя дзеці. І ў гэтым вялікая яе заслуга. Маё сямейная жыццё сапраўды склалася.

«Шчаслівы, што культура заняла першае месца ў маім жыцці»

— Раскажыце, як атрымалася, што вы, тэхнар па адукацыі, так шмат увагі аддавалі культуры?

— Думаю, гэта таксама сфарміравалася ў дзяцінстве — імкненне да прыгожага, да гармоніі ва ўсім. Калі ў жніўні 1981 года ўбачыў палац Радзівілаў, адначасова захапіўся яго прыгажосцю і жахнуўся яго занядбанасцю. З першых сваіх прамоў у якасці кіраўніка рэгіёна казаў пра неабходнасць аднаўлення гэтай жамчужыны Беларусі. Але каб ад слоў перайсці да справы, патрэбна было рэспубліканскае фінансаванне.

У 1990 годзе адраджэнне Нясвіжа ўключыў у перадвыбарную праграму. Ужо дэпутатам Вярхоўнага Савета сустрэўся з кіраўніком урада Вячаславам Кебічам і прапанаваў надаць палацу статус нацыянальнага музея з адпаведным фінансаваннем. Той пагадзіўся не адразу, тым не менш, дакумент падпісаў, санаторый у сценах палаца закрылі, і гэта выклікала незадаволенасць мясцовых жыхароў. Пераконваў людзей, што ідэя добрая.

У верасні 1994 года Аляксандр Лукашэнка, толькі абраны Прэзідэнтам Беларусі, наведаў Нясвіж, і мы чатыры гадзіны хадзілі з ім па палацы. У краіне грошай лішніх не было. Тым не менш рэстаўрацыя стартавала. Актыўныя работы пачаліся ў канцы 90-х. Тады я ўжо працаваў у аблвыканкаме і займаўся Нясвіжам на больш высокім узроўні. У 2001 годзе прыйшоў ва ўрад — гэта час маштабнай работы па аднаўленні палаца. Інвестыцыі ў комплекс склалі 75 мільёнаў долараў.

«Музы Нясвіжа» сталі не проста годным напаўненнем палаца, а падзеяй у культурным жыцці Беларусі. Мясцовае насельніцтва палюбіла гэтае свята, бо выхаванае ў духу высокай культуры. І фестываль, і палац, і паркі сталі нагодай для гонару ўсіх беларусаў.

Нясвіжскі палац, Мірскі замак, Вялікі тэатр Беларусі, Беларуская дзяржаўная філармонія, Беларускі дзяржаўны цырк, Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы — аднаўленне гэтых аб'ектаў закладвалася падчас маёй работы на адпаведных ступенях дзяржаўнай службы, і я рады, што такім чынам далучыўся да развіцця нацыянальнай культуры. Гэта было няпроста, бо вырашыў браць на сябе нагрузку і адказнасць. Але ўпэўнены, што краіна без культуры не мае перспектывы.

Калі прыйшоў на працу паслом Беларусі ў Літве і Фінляндыі і паглядзеў на магчымасці, якія маем у двухбаковых адносінах, — наперадзе ішла культура. Тады пачаў маштабна праводзіць Дні культуры Беларусі ў гэтых краінах. Яны доўжыліся па два месяцы. Выязджалі да 20 творчых калектываў, да тысячы артыстаў. Вялікі тэатр оперы і балета, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Народны хор імя Цітовіча, тэатр імя Янкі Купалы, тэатр імя Горкага, Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца, ансамбль «Харошкі», «Купалінка»... Грошы выдаткоўвалі літоўскія і фінскія бізнесмены, якія зацікаўлены ў партнёрстве з Беларуссю. У 2013 годзе мы паказалі балет «Лебядзінае возера» на воднай гладзі каля сцен Тракайскага замка. Яго паглядзелі пяць тысяч чалавек.

Культурныя стасункі рыхтавалі глебу для наладжвання эканамічных, а за імі і палітычных кантактаў. На ўсе мерапрыемствы мы запрашалі кіраўніцтва краіны. Пасля знаёмства з беларускімі спектаклямі тагачасны прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс вырашыў праехаць па Беларусі разам з вядомымі літоўскімі палітыкамі і міністрамі (усяго 50 чалавек) на веласіпедах.

Зрэшты, усё гэта мела эканамічны эфект. За час маёй місіі тавараабарот з Літвой вырас у тры з паловай раза, з Фінляндыяй — у 10 разоў. Культура — галоўны складнік поспеху любога кіраўніка. Яна павінна быць ва ўсім: у паводзінах, адносінах з людзьмі, маўленні, знешнім выглядзе... Культура дапамагае вырашыць праблемы. Нездарма нават у ваенны час пра яе быў асаблівы клопат. Яна натхняе, яднае, умацоўвае, падымае дух. І народ заўсёды цэніць таленавітых людзей. Я шчаслівы з-за таго, што культура заняла першае месца ў маім жыцці.

Дарэчы, як старшыня Беларускай асацыяцыі гольфа прапанаваў уключыць у культурную праграму інвестыцыйнага турніру, які нядаўна завяршыўся, наведванне тэатра. Удзельнікі турніру ўжо палюбілі наш Вялікі тэатр, гэтым разам мы паглядзелі «Ганну Карэніну».

«Не сумняваюся, што ўсё наладзіцца»

— Некалькі гадоў таму выйшла ваша кніга «Беларусь — Литва: время сближения». Як думаеце, час набліжэння паміж двума краінамі-суседкамі вернецца?

— Несумненна. Я штодня атрымліваю адтуль шмат званкоў, у мяне там засталося нямала сяброў. Яны дапамагалі сустрэць, размясціць, накарміць, заплаціць ганарары і камандзіровачныя беларускім артыстам. Гэта рабілі літоўскія кампаніі. Яны былі зацікаўленыя, бо мелі перспектыву дынамічнага развіцця бізнесу ў Беларусі. Беларускія грузы, якія накіроўваліся ў Клайпеду, пакідалі ў літоўскай казне мільярд долараў. Гэта толькі гандаль. Пакуль я ўзначальваў дыпламатычнае прадстаўніцтва, у Літве было пабудавана восем беларускіх заводаў — а гэта ўжо інвестыцыі.

«Паўлінка» Купалы ўпершыню была пастаўлена ў Вільнюсе сто гадоў таму, а дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага была беларуская... Мы можам спрачацца, але можам і знаходзіць узаемапаразуменне — было б жаданне. А жаданне мець выхад на ўсход у літоўскага бізнесу ёсць, бо гэта перспектыўна. 95 працэнтаў насельніцтва Літвы таксама гэтага жадае. Нармальныя адносіны з суседзямі заўсёды былі і будуць умовай далейшага развіцця для любой краіны. Таму не сумняваюся, што ўсё наладзіцца. Супраць беларуска-літоўскага набліжэння толькі некаторыя літоўскія палітыкі, якія працуюць не ў інтарэсах свайго народа. І лёс іх сумны. Літоўцы не будуць цярпець галечы, а ў іх ужо зараз сіл нестае мірыцца з камунальнымі плацяжамі. І тое, што там цяпер адбываецца, пацвярджае, што Літва зноў павернецца да Беларусі. ...Калі пазбегне экспансіі Польшчы.

Нам таксама важна не апынуцца паміж молатам і кавадлам. Пакуль гэта атрымліваецца, бо наш Прэзідэнт вядзе незалежную палітыку, а я не сумняваюся, што ён будзе яе працягваць.

— Раскажыце, што Беларускай асацыяцыі гольфа ўдалося зрабіць для развіцця гэтага віду спорту ў нашай краіне?

— Мы пачыналі з нуля. Зараз у Беларусі маюцца два полі для гульні ў гольф: чэмпіёнскае (на 18 лунак) і акадэмічнае (на 9 лунак). Наша класічнае поле створана на былым танкадроме, а гэта значыць, мае ландшафт, які патрабуецца для гольфа. Аўтар праекта англійскі архітэктар Пол Томас, і ўсе, хто да нас прыязджае, кажуць, што гэта найлепшае поле ў Еўропе. У нас сфарміравалася каманда трэнераў, абслуговы персанал, і мы маем усе магчымасці прымаць спартсменаў па найвышэйшым разрадзе. Летась гульцамі на чэмпіёнскім полі і гасцямі пабывалі тры тысячы чалавек. Гэта ўжо вынік. Такім чынам, мы стварылі індустрыю. Цяпер любы чалавек у нашай краіне можа ўзяць напракат рыштунак, наняць трэнера і навучыцца гульні ў гольф.

Наша задача — адкрыць палі для гольфа ва ўсіх рэгіёнах. Вяду перамовы пра гэта з кіраўнікамі абласцей. Але ў нас ёсць другая дысцыпліна — міні-гольф. Гэта гульня для школьнікаў, навучэнцаў каледжаў і студэнтаў. Разам з Прэзідэнцкім спартыўным клубам мы аснасцілі 25 навучальных устаноў Беларусі ва ўсіх рэгіёнах камплектамі для ігры ў міні-гольф: у спартзалах, на пляцоўках каля школ. Гэта дысцыпліна таксама прывабная. Падчас фестывалю «Вытокі» пляцоўкі з міні-гольфам наведваюць па 2-3 тысячы чалавек за дзень.

Гольф дазваляе захоўваць добрую фігуру, ён і нараджае спартыўны інтарэс, і развівае інтэлект, і дорыць асалоду ад зносін з прыродай. Кожнаму варта паспрабаваць! Мае ўнукі займаюцца, старэйшы ўдзельнічае ў турнірах.

«Кіраўнікі павінны бачыць далей за справаздачы»

— У вашай кнізе «Дражно. Моя малая Родина» шмат цікавай гістарычнай інфармацыі, любові да людзей і... болю за малыя вёскі. Што, на ваш погляд, можа іх выратаваць?

— На пачатак мінулага стагоддзя ў Дражне пражывала 930 чалавек. Цяпер — менш за 100. Ды што Дражна — Нясвіжчына за апошнія 20 гадоў страціла каля 14 тысяч чалавек, а гэта ж блаславёны край — там, у адрозненні ад Старадарожчыны, дзе знаходзіцца мая родная вёска, урадлівыя глебы.

Жыццё населенага пункта залежыць ад наяўнасці ў ім працоўных месцаў. І не толькі. Калі закрываецца неэфектыўнае прадпрыемства, кіраўніцтва рэгіёна абавязана паклапаціцца пра адкрыццё іншага, больш паспяховага. Трэба ствараць умовы для развіцця малога бізнесу, з'яўлення новай вытворчасці, забеспячэння сыравінай існуючай. Кіраўнікі павінны бачыць далей за лічбы ў справаздачах. Паўтару: нельга забываць пра культурны складнік. Без гэтага няма будучыні. Важная ўмова — умець чуць людзей і разам з тым пераконваць уласнае начальства. Калі я ўзначальваў Нясвіжскі раён, то шмат пытанняў вырашаў у Мінску. Не заўсёды і не ўсе мяне хацелі слухаць, але прыходзілася быць настойлівым.

Перажываю за сваю вёску. Дабіваюся яе газіфікацыі, размаўляў з аблвыканкамам, каб не закрывалі мясцовую аптэку — у яе прыходзяць жыхары пяці суседніх населеных пунктаў! А калі закрыюць аптэку, ім прыйдзецца ездзіць за 20 і больш кіламетраў у райцэнтр. Старадарожчына — край не багаты, але самадастатковы, там жывуць працаздольныя людзі.

— На завяршэнне размовы падзяліцеся, пра што будзе наступная ваша кніга?

— Прысвячу яе амаль 20 гадам работы на Нясвіжчыне. Гэта быў вельмі цікавы перыяд як у маім жыцці, так і ў жыцці краіны. Ёсць і далейшыя планы. Жыццё, увогуле, надзвычай цікавая рэч, і мне ёсць чым падзяліцца з людзьмі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».