Вы тут

9 рэчаў, якія бацькі абавязаны дазваляць рабіць дзіцяці, каб яно вырасла ўпэўненым


Часта маладыя мамы маленькіх дзяцей, асабліва калі гэта першае дзіця ў сям’і, празмерна выяўляюць клопат. У гэты час уся іх увага непадзельна належыць малому. Безумоўна, такім чынам маці спрабуе зберагчы дзіця ад магчымых узрушэнняў, няўдач і траўм. Мы часта можам чуць на прагулцы наступныя словы: «Не чапай! Не хадзі! Упадзеш! Разаб’ешся!». Толькі мы забываемся, што засцерагаючы сябе ад магчымых перажыванняў, мы правакуем пасіўнасць дзіцяці. А потым дзівімся, чаму ў яго няма мэт і матывацыі, чаму яно ні да чаго не імкнецца. Вядома, абмяжоўваць дзіця ад рэальнай небяспекі проста неабходна. Але існуюць рэчы, якія абавязкова трэба дазваляць рабіць дзецям, калі вы хочаце, каб яны былі ўпэўненымі, адказнымі, спагадлівымі, смелымі і настойлівымі.


Дазвольце дапамагаць. Увесь час мы турбуемся, што дзіця можа зламаць, разбіць, разліць, таму і кантралюем. А потым дзівімся, што наша дзіця не жадае нам дапамагаць, не выяўляе ініцыятывы. Бацькі павінны толькі заахвочваць дапамогу з хатнімі справамі. Гэта вучыць іх адказнасці, якая ім спатрэбіцца ў дарослым жыцці. А ваша падзяка прымусіць дапамагаць яшчэ больш. Дзякуйце за прапанаваную дапамогу, нават, калі посуд вымыты не ідэальна. Галоўнае — старанні. Дзіця абавязкова навучыцца і з кожным разам у яго будзе атрымлівацца ўсё лепей. Не крытыкуйце, гэта забівае энтузіязм. Зразумейце: дзіцяці важна адчуваць сваю значнасць, разумець, што яно патрэбна.

Дапамога з пакупкамі, уборка і ўтрыманне дому ў чысціні — карысныя хатнія абавязкі, якія дзецям неабходна асвойваць як мага раней.

Дазвольце памыляцца. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць! Гэта вядомая ўсім ісціна. Кожны чалавек мае права на памылку. А між тым правільна памыляцца — гэта важны навык. Без памылак няма прагрэсу. Памылкі неабходны як для дзяцей, так і для дарослых. Не забараняйце малому памыляцца, дазвольце яму праверыць свае сілы. Мы ўсе памыляемся. Часам гэтыя памылкі даюць нам больш, чым правільныя адказы. Часам няўдача — гэта новая магчымасць. Важна разумець, што памылка — нармальная з’ява, і натуральная частка працэсу навучання. 

Дазвольце пэцкацца падчас гульні. Усе дзеці пэцкаюцца. І гэта натуральна. Але праблема ў тым, што не ўсе бацькі могуць спакойна да гэтага ставіцца. Насамрэч, брудныя гульні нават карысныя для дзяцей. Яны ўмацоўваюць імунітэт, тым самым паляпшаюць здароўе дзіцяці. Такія гульні проста неабходны. Так што гуляць з брудам не так страшна, як здаецца бацькам. Зрэшты, дзецям варта ведаць і правілы гігіены — старанна мыць рукі пасля таго, як яны ўдосталь найграліся.

Дазвольце шалець, шумець, крычаць і бегаць. Дзіцяці патрэбна выплюхванне энергіі. Такім спосабам дзеці выказваюць свае эмоцыі, расслабляюцца. Вядома, ёсць месцы, дзе такія паводзіны недарэчны, але дома максімальна дазвольце малому быць такім, якім яму хочацца. Галоўнае, усталюйце часавы прамежак: пасля 21.00 у кватэры не павінна быць шуму і крыкаў. Падзяляйце жаданні свайго дзіцяці, далучайцеся да яго: паскачыце, пакідайце падушкі. Гэта толькі ўмацуе вашыя адносіны.

Дазвольце есці самому. Ва ўзросце прыкладна 9 месяцаў малое можа пачаць самастойна браць лыжку ў рукі. Але гэта не значыць, што яно зможа паўнавартасна спраўляцца само. Хутчэй у гэты перыяд яно спрабуе скапіраваць рухі дарослых. Паўнавартасна навучаць варта пачынаць ва ўзросце ад 10 да 12 месяцаў. У гэты перыяд дастаткова развіта маторыка рук і з’яўляецца цікавасць да асваення новага працэсу. Вядома, значна прасцей і чысцей накарміць дзіця даросламу. Гэтым аргументам пераконваюць сябе гіперадказныя маці. Але, калі мы будзем забараняць самастойна спрабаваць паесці, тым самым мы перашкаджаем дзіцяці сталець, пачувацца вялікім, упэўненым у сваіх сілах. Не замінайце праяўляць самастойнасць! Памятайце, што гэта дзеянне станоўча ўплывае на маторыку.

Дазвольце гуляць з вадой. Вада — асаблівы натуральны, гнуткі і бяспечны матэрыял, які валодае вялізнымі магчымасцямі для развіцця дзіцяці. Яна вабіць не толькі дзяцей, але і дарослых. Вы ж, напэўна, памятаеце, якое захапленне выклікалі ў вашым дзяцінстве абліванне вадой. Купіце вадзяныя пісталеты, далучайцеся да пястоты і атрымлівайце задавальненне разам. 

Дазвольце недаядаць абед. Арганізм дзіцяці лепш за вас ведае, колькі ежы яму неабходна. Таму для фармавання правільнага стаўлення да ежы, дазвольце дзіцяці самому рэгуляваць колькасць ежы. У дзецях прыродай закладзена праграма выжывання. І гэтая праграма не дасць малому, якое мае патрэбу ў харчаванні застацца галодным. Калі ж бацькі прымушаюць есці, асабліва пры дапамозе шантажу, дзіця не навучыцца адчуваць сваё цела, задавальняць яго патрэбнасці. Акрамя таго, мы збіваем механізмы голаду і насычэння. Гэта значыць, што ў далейшым, нават калі дзіця будзе адчуваць сябе сытым, яно можа працягваць аб’ядацца. Бо яно прывыкла есці, нават калі не галоднае. А гэта ўжо пагражае атлусценнем.

Дазвольце фантазіраваць. Нельга забараняць дзіцяці выдумляць і марыць. Выдумкі — натуральная і важная частка дзяцінства. Яна дазваляе развівацца праваму паўшар’ю мозгу, якое адказвае за функцыі творчасці, памяці, інтуіцыі і эмоцыі. Свет дзіцячай фантазіі велізарны і разнастайны. Менавіта з такіх летуценнікаў вырастаюць вялікія мастакі, скульптары, дызайнеры, пісьменнікі. Калі не будзе фантазіі і ўяўленняў, у нас не развівалася б навука. Без уяўлення дзеці не засвоілі б ніводнага прадмета, таму што не змаглі б канструяваць у сваёй галаве вобразы і апераваць абстрактнымі паняццямі. Таму падтрымайце гэтую гульню ў небыліцы, выявіце шчырую цікавасць да аповядаў дзіцяці, так вы найлепшай выявай паклапаціцеся пра яго паўнавартаснае развіццё. 

Дазвольце выказваць меркаванне. Памятайце, што дзіця — гэта маленькая асоба, паўнапраўны член сям’і, і ў яго таксама можа быць сваё меркаванне, якое трэба ўлічваць і прымаць. Дзіця мае права яго выказваць пры вырашэнні ў сям’і любога пытання, якое закранае яго інтарэсы. Таму размаўляйце з ім на роўных, слухайце яго і памятайце, што ў яго ёсць свае патрэбы, жаданні, яно таксама адчувае і думае! Слухайце не перабіваючы і не каментуючы, не спрабуючы падзяліцца сваім досведам. Дзеці вельмі хутка запамінаюць, якая менавіта рэакцыя была на іх выказванне. І калі яна ім не спадабалася, больш гэтую тэму не ўзнімуць.

Псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».