Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


Як рэктар Шымаў працаваў адказна і сістэмна — ад усталявання міжнародных сувязяў да ўважлівага стаўлення практычна да кожнага студэнта. Яго часта запрашалі з лекцыямі ў іншыя ВНУ краіны, многія ўніверсітэты выбралі ганаровым прафесарам. І ад дзяржаўных спраў ён не сыходзіў: удзельнічаў у падрыхтоўцы доўгатэрміновых планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, у распрацоўцы і экспертызе маштабных гаспадарчых праектаў, у сістэмным развіцці адукацыйнай галіны. Як вучоны-эканаміст Уладзімр Мікалаевіч быў вядомы не толькі ў нашай краіне. У Шымава былі шырокія навуковыя сувязі ў Расіі, ва Украіне, у краінах СНД і Еўропы. Ён рэгулярна выдаваў манаграфіі, падручнікі, якія карысталіся попытам у эканамістаў, кіраваў аспірантамі і дактарантамі, старшынстваваў на доктарскім спецыялізаваным савеце. Мы з ім нейкі час уваходзілі ў склад прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, але ў члены-карэспандэнты Уладзімір Мікалаевіч не балатаваўся. На маё здзіўленне з гэтай нагоды адказаў, што адзін раз паспрабаваў удзельнічаць у выбарах, але ўвачавідкі пераканаўся ў непераадольнай карпаратыўнасці гэтай навуковай арганізацыі. І ад наступных падобных спроб адмовіўся.


У рэктара Шымава была класная каманда прарэктараў, дэканаў, загадчыкаў кафедр. Я шмат каго з іх ведаў і непасрэдна бачыў вынікі яго кадравай працы. У чалавеку ён перш-наперш ацэньваў прыродны інтэлект, адказнасць і паважлівае стаўленне да людзей. Рэзерв кадраў фарміраваў сістэмна, уважліва выяўляў будучых прызначэнцаў, правяраў іх здольнасці як кіраўнікоў праз рэгулярныя даручэнні, дапамагаў у прафесійным росце і падтрымліваў пасля прызначэння на новую пасаду. Дарэчы, не хаваў свайго меркавання, што прысутнасць гумару — відавочная прыкмета інтэлекту.

Першым прарэктарам ва Уладзіміра Мікалаевіча працаваў доктар тэхнічных навук, прафесар Віктар Васільевіч Садоўскі. Ён быў спецыялістам у сферы лёгкай прамысловасці, у тэхналогіях вытворчасці тканіны. Думаю, што іх аб'ядноўвала не толькі доўгая сумесная праца. Шымаву, як вучонаму-эканамісту, хацелася побач бачыць спецыяліста ў галіне вытворчасці, каб адчуць пранікненне эканамічных тэорый непасрэдна ў рэальны сектар. Мы даволі часта абмяркоўвалі пытанні развіцця вышэйшай адукацыі з універсітэцкай камандай Уладзіміра Мікалаевіча, здаралася, што сустракаліся і ў нефармальных абставінах, і я заўсёды атрымліваў задавальненне ад стасункаў з гэтымі людзьмі. Напрыклад, Віктар Васільевіч абмеркаванне любога пытання пачынаў здалёку, доўга падводзячы свае развагі да тэмы размовы. Аднойчы я не даслухаў яго прадмову да канца і расказаў прысутным анекдот.

Студэнт здае экзамен. Пачынае свой адказ на першае пытанне:

— Калі Зямля была яшчэ цёпленькай і па ёй хадзілі толькі дыназаўры...

Прафесар насцярожваецца, пытаецца студэнта:

— Прабачце, а як сфармулявана пытанне ў вашым білеце?

— Прынцып работы трохфазнага электрарухавіка!

Пасля гэтага ў выпадку з зацягнутым уступам Садоўскага Шымаў прамаўляў:

— Калі наша Зямля была яшчэ цёпленькая...

Следам Віктар Васільевіч адразу пераходзіў да справы.

Навуковую працу ў БДЭУ курыраваў доктар эканамічных навук, прафесар Генадзь Антонавіч Каралёнак. Таваразнаўца. Вось менавіта гэтымі яго ведамі мы часта і карысталіся. Але і навуковая праца ва ўніверсітэце была арганізавана дастойна. Тэарэтычныя і практычныя эканамічныя напрацоўкі, манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, навуковыя канферэнцыі, спецыялізаваныя саветы па абароне дысертацый, а таксама аспірантура, дактарантура — гэта ўсё было ў сферы адказнасці Генадзя Антонавіча. У юнацтве ён захоплена займаўся веласіпедным спортам, добра ведаў спартыўную сферу, таму Шымаў даручыў яму курыраваць ва ўніверсітэце і гэты кірунак. Спартсменаў Каралёнак песціў. Так і павінна быць. Яны выкладваюцца на знясільвальных трэніроўках, і на вучобу часта ўжо не застаецца ніякіх сіл. У той самы час студэнты-спартсмены разумеюць, што іх спартыўныя дасягненні часовыя, а для наступнага жыцця трэба атрымаць прадметную адукацыю. Вось Генадзь Антонавіч і важдаўся з імі: складаў індывідуальныя графікі заняткаў, пераносіў час экзаменацыйных сесій, дамаўляўся з выкладчыкамі пра пазапланавыя пераздачы. І такі клопат рэктара і яго каманды пра спартсменаў прыносіў вядомасць універсітэту не менш, чым навуковыя дасягненні.

Аднойчы Генадзь Антонавіч угаварыў нас паглядзець валейбольны матч жаночай каманды «Мінчанка», у асноўным скамплектаванай студэнткамі БДЭУ, з клубнай камандай са Швейцарыі. Гульня была цікавай, але ў нашай мужчынскай кампаніі доўга не сыходзіла з языка валейбалістка пад нумарам восем са Швейцарыі. Заўважу, ва ўсіх без выключэння.

Анатоль Іванавіч Маруковіч быў ва Уладзіміра Мікалаевіча прарэктарам па гаспадарчай рабоце. А неўтаймаваны Шымаў бесперапынна нешта будаваў, рамантаваў, абнаўляў, мадэрнізаваў. Толю ад рэктара даставалася! Але ён не маркоціўся. Худы, рухавы, з агеньчыкам у вачах — ён паўсюль паспяваў. Па некаторых гаспадарчых пытаннях я кансультаваўся не толькі з Шымавым, але і з Маруковічам. Гаварыў Толя заўсёды коратка і па сутнасці. Шкада, што не магу перанесці на паперу яго сакавітыя анекдоты, ды і немагчыма расказаць іх лепей, чым ён.

Ва Уладзіміра Мкалаевіча ва ўніверсітэце быў аб'ектыўны, прафесійны і ў той самы час любячы цэнзар-кантралёр — яго жонка Вольга Сяргееўна. Пажаніліся яны яшчэ студэнтамі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вольга Сяргееўна па жыцці ад мужа не адставала, абараніла і кандыдацкую, і доктарскую дысертацыі, ва ўніверсітэце загадвала кафедрай эканомікі прыродакарыстання, набыла вядомасць як аўтар арыгінальных вучэбных дапаможнікаў, як аўтарытэтны і прадукцыйны вучоны-эканаміст. Прынцыповая, адказная, яна, безумоўна, дапамагала свайму мужу ў службовым і навуковым росце, але сама заставалася ў яго за спінай. Мы з Таццянай з Шымавымі пасябравалі. Аб'ядноўвала нас яшчэ і любоў да класічнай музыкі. Мы часта разам бывалі ў оперы ці хадзілі на канцэрты нашага блізкага сябра — маэстра Аляксандра Міхайлавіча Анісімава.

Студэнты свайго рэктара ведалі і паважалі. Мы з Уладзімірам Мікалаевічам рэгулярна сустракаліся са студэнцкім актывам. І не толькі яго ўніверсітэта. Як міністр адукацыі, я практыкаваў адзін раз у семестр сустрэчу са студэнцкім аткывам усіх ВНУ краіны. Па 3—7 чалавек ад кожнай навучальнай установы. Расказваў, над чым працуе міністэрства, якія пры гэтым узнікаюць складанасці, адказваў на пытанні студэнтаў. Такія сустрэчы мы рыхтавалі са старшынёю Савета рэктараў і разам іх праводзілі.

Да кожнага са сваіх студэнтаў Шымаў стараўся быць гранічна ўважлівы. І да іх вучобы, і да паводзін, да зацікаўленняў у жыцці. Казаў, што ад дрэнных звычак маладых людзей можна адвесці, толькі нагрузіўшы іх карыснымі і прывабнымі справамі — вучобай, навукай, спортам, творчасцю.

Уладзімір Мікалаевіч ва ўсіх справах быў са мною побач. У міністэрстве, у Акадэміі навук, у Адміністрацыі Прэзідэнта. Гэта разумны, прынцыповы, але добразычлівы паплечнік і сябра. Рэктар!

Калі мяне выбралі старшынёю «Белай Русі», Шымаў сабраў свой актыў і прапанаваў стварыць ва ўніверсітэце пярвічную арганізацыю гэтай грамадскай арганізацыі. На пытанне аднаго з калег «Навошта гэта трэба?» адразу адказаў:

— Наш міністр узначаліў гэта грамадскае аб'яднанне, таму і мы павінны ў яго ўвайсці.

Уладзімір Мікалаевіч уголас заявіў, што пры дасягненні 70-гадовага ўзросту сыдзе з пасады рэктара. Мне пры гэтым казаў, што лепей сысці на два гады раней, чым на пяць хвілін пазней. Яго прасілі застацца. Не, сышоў і з пасады рэктара, і з пасады старшыні Савета рэктараў. Але і цяпер ён са мною!

Пераклаў з рускай мовы

Кастусь ЛАДУЦЬКА

(Працяг будзе 1 кастрычніка).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.