Вы тут

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Кожны трэці Докшыцкага краю


Сёстры Хатыні... Колькі іх на тэрыторыі Беларусі? Гэту лічбу даследчыкі дакладна не могуць вывесці і сёння. Толькі на адной Докшыччыне Віцебскай вобласці нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі 171 населены пункт, амаль усе — разам з насельніцтвам, чатыры вёскі так і не змаглі адрадзіцца пасля вайны... Лёсы дзяцей, жанчын, пажылых людзей — усяго звыш 20 тысяч чалавек — абрубіла сякера ваеннай навалы, і часта толькі лес з бурштынавымі слязамі на паверхні векавых ствалоў ведае месца іх спачыну.


«Сэрца» мемарыяльнага комплексу «Праклён фашызму» — скульптура жанчыны-маці. На рэштках брамы надпіс: «Як маці заклінаю і малю — Наступных пакаленняў дзеці, Сейце Бяссмерця зерне ў вечную раллю! Праклён вайне, Што сее смерць на свеце!».

«Дзяцей кідалі ў калодзеж і стралялі»

Горкую памяць аб вогненных вёсках Докшыцкага раёна захоўвае маўклівы мемарыяльны комплекс, узведзены на месцы спаленага мястэчка Шунеўка. Зараз тут не раздаецца дзіцячы смех, не квохчуць куры і не віруе жыццё, толькі зрэдку звіняць званы. Дзень 22 мая 1943 года стаў для 66 жыхароў Шунеўкі апошнім.

У маі-чэрвені 1943-га нямецкае камандаванне праводзіла на тэрыторыі раёна карную аперацыю «Котбус» з мэтай ліквідацыі Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны і знішчэння мірнага насельніцтва. Адной з прычын генацыду супраць мясцовых людзей была і актыўная дыверсійная барацьба партызанскай брыгады «Жалязняк», якая дзейнічала на тэрыторыі Бягомльскага раёна (цяпер — Докшыцкага).

22 мая немцы ўвайшлі ў вёску, дарослых загналі ў хлеў, які падпалілі. 15 дзяцей ва ўзросце ад года да шасці жывымі кідалі ў калодзеж і расстрэльвалі, разам з імі загінула і настаўніца. У гэты страшны дзень у вёсцы былі спалены 22 дамы. Як гарэла Шунеўка, бачылі і чулі жыхары навакольных населеных пунктаў.

З успамінаў Марыі Юльянаўны Шульгат, 1934 года нараджэння: «У адзін дзень нас спалілі: Шунеўку раніцай, а тут, у Добруні, пасля абеду палілі... Нас папярэдзіў Кастусь Ананіч, шунеўскі стары. Калі ўсё сціхла, мы прыйшлі ў вёску. Вярнуліся — косткі, галовы абгарэлыя былі... Сваіх нікога не было, не было каму хаваць. Да гэтага часу памятаю: форма ў немцаў была зялёная, а ў паліцаяў — чорная. А ў якіх чэрап на шапцы, то ўжо ўсё — сцеражыся — маглі што заўгодна зрабіць: і спаліць, і знішчыць. У зямлянках мы былі потым...».

Падчас аперацыі «Котбус» фашысты спалілі звыш 100 вёсак Докшыцкага раёна, было знішчана больш за 20 тысяч мірных жыхароў. У большасці няма магіл, іх спакой амаль 80 гадоў берагуць маўклівыя докшыцкія лясы.

Котбус — невялікае мястэчка на ўсходзе Германіі, дзе сёння пражываюць каля 100 тысяч чалавек. Тыповы правінцыйны, нічым асабліва не адметны, акрамя назвы, горад. Для славянскага вуха гучыць як стрэл, трывожна і палахліва: такую назву гітлераўцы далі спецыяльнай аперацыі, праведзенай у маі — чэрвені 1943 года на тэрыторыі Беларусі. Планавалася яна супраць партызан, але ахвярамі карнікаў сталі і тысячы мірных жыхароў. Гітлераўскае кіраўніцтва на аперацыю адводзіла дзесяць дзён, але ўзброеныя да зубоў немцы амаль паўтара месяца расстрэльвалі, рэзалі, жыўцом палілі жанчын, дзяцей, старых. Віна гэтых людзей была толькі ў тым, што іх вёскі размяшчаліся ў радыусе дзеяння Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны.

У 1967 годзе па ініцыятыве мясцовых жыхароў на месцы спаленай вёскі быў адкрыты памятны знак, а ў 1983-м — мемарыяльны комплекс, цэнтральнае месца якога займае вобраз жанчыны-маці, якая ўскінула рукі да неба ў праёме брамы. На перакладзіне — тры званы, два з якіх рэгулярна абуджаюць чалавечую памяць звонам: «Помніце!», яшчэ адзін расколаты — напамін аб кожным трэцім, хто не вярнуўся з вайны. Непадалёку — бетонны прататып таго самага калодзежа і бронзавы, пабіты свінцовым ліўнем, паветраны змей з імёнамі 15 юных жыхароў Шунеўкі. На месцы кожнай хаты — 22 мемарыяльныя знакі ў выглядзе зрубаў, якія ахопліваюць жалезныя языкі агню. На цэнтральнай мемарыяльнай пліце ўвекавечаны 97 населеных пунктаў, лёс якіх быў аднолькавы. Побач на чорным граніце выбіты імёны 66 чалавек.

Фашыстам для барацьбы з партызанамі патрабаваліся велізарныя сілы. На тэрыторыі Беларусі гітлераўцы правялі каля 140 буйных карных аперацый. У лістападзе 1942 года было нават спецыяльна распрацавана «Баявое настаўленне па барацьбе з бандамі на Усходзе».

Яшчэ дзве вёскі — Азарцы і Залатухі, якія былі спалены разам з людзьмі, — пасля вайны не адрадзіліся — не было каму гэта рабіць. Мемарыяльны комплекс недалёка ад Бягомля сёння носіць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці пад афіцыйнай назвай «Праклён фашызму» і з'яўляецца сімвалам непакорнасці, стойкасці і мужнасці беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Калі Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь у красавіку 2021 года ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, для докшыцкіх даследчыкаў адкрыліся новыя гістарычныя факты. Зараз колькасць вёсак, спаленых у 1943—1944 гадах, перавысіла колькасць занесеных на мемарыял амаль удвая — знайшліся архіўныя пацвярджэнні вогненнай расправы над 171 населеным пунктам. Месца яшчэ адной, якая не змагла ўзняцца з попелу, знайшлі работнікі Бягомльскага музея народнай славы зусім нядаўна. Гэта вёска Баравыя, зараз там няма нават падмуркаў ад сялянскіх хат, але лес помніць усё: праглядваецца і дарога галоўнай вуліцы, а сярод хмызняку растуць яблыні, віднеецца месца копанкі. Музейнаму актыву ўдалося знайсці і адзінага сведку той трагедыі ў Баравых — Ягора Іванавіча Козела 1924 года нараджэння.

Ён расказаў, што сам родам з вёскі Камайск — гэта побач з Баравымі, у лесе. Там было некалькі дамоў, і калі карнікі палілі хаты разам з людзьмі, было чуваць. Мужчына не змог расказаць, калі канкрэтна немцы знішчылі Баравыя, але ўспамінае, што не адначасова з Шунеўкай. Па словах Ягора Іванавіча, ніхто не змог выратавацца, людзей пахавалі там жа. Горкую долю з гэтай вёскай раздзяліў і Камайск... Больш ніякіх пацвярджэнняў гэтай гісторыі пакуль што не знайшлі.

«За адну гадзіну знішчылі вёску і 98 жыхароў»

У адзін рад з вогненнымі вёскамі Докшыччыны стала і вёска Клінікі. Захаваліся ўспаміны мясцовай жанчыны, якой удалося выратавацца.

30 красавіка 2022 года на мемарыяльным комплексе «Шунеўка» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь заклала тры бярозавыя алеі. 66 бяроз як памяць аб 66 жыхарах вёскі, якія бязвінна загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

«Да 22 чэрвеня 1943 года было адносна спакойна, забойстваў і расстрэлаў не было. У ноч на 22-га з вёскі ў вёску сталі курсіраваць нямецкія машыны з атрадамі карнікаў. Раніцай атрад немцаў у складзе 50 чалавек (усе былі ўзброены аўтаматамі і асабістай зброяй) акружылі нас і пачалі зганяць мірнае насельніцтва Клінікоў. Нягледзячы на ўзрост, загадвалі збірацца групамі, саджалі ў падвалы, хлявы і расстрэльвалі. Маці і дзеці плакалі і прасілі літасці рознымі добрымі словамі, але немцы расстрэльвалі ўсіх. Я таксама прысутнічала ў адной з такіх груп, нас было чалавек 10. Загналі ў пограб, запрасілі сесці і, не паспелі многія апрытомнець, пачалі страляць. Я прыціснулася да сцяны, на мяне валіліся забітыя людзі. Пасля на нас накідалі саломы, дошак і падпалілі. Таму, хто яшчэ быў жывы, выйсці з вогненнага жарала не дазвалялі.

Калі я выбралася, карнікаў ужо не было. На мне пагарэла адзенне, я пайшла ў хмызняк на полі. Паўсюль — згарэлыя і расстраляныя целы, вёска ўся вакол ахоплена агнём. Тыя, хто яшчэ быў жывы, з апошніх сіл імкнуліся выпаўзці з вёскі, усе сцяжынкі былі залітыя крывёю.

Маладыя дзяўчаты малілі: «Паны-паночкі, не забівайце, мы жыць хочам», а немцы падпускалі блізенька і расстрэльвалі, здзекваліся з параненых і кідалі ў падпаленыя будынкі. 22 чэрвеня Клінікі былі поўнасцю спалены, загінулі 125 чалавек».

Успаміны Лідзіі Занько, жыхаркі в. Вітунічы, якой удалося выратавацца з агню.

Аб страшнай расправе над жыхарамі вёскі Гарэлае Бягомльскага раёна (зараз — Докшыцкага) успамінала жанчына па прозвішчы Сушко.

«На світанку 22 чэрвеня 1943 года, калі яшчэ ўсе спалі, атрад карнікаў пачаў расстрэльваць людзей без перабору. Я старая, але не хацелася загінуць ад рук немцаў. Апранула кажух, выйшла на двор, там ужо сабраліся суседзі. Спачатку думалі, што проста падпальваюць будынкі, а людзей не чапаюць, але калі атрад стаў набліжацца, стала чуваць чалавечыя крыкі. Жанчыны вырашылі схавацца за сцяной, а я пайшла ў сваю пуню, схавалася. Надышла мая чарга: падпалілі і стаяць, чакаюць. Калі сышлі, мне ўдалося выскачыць, на мне гарэлі кажух, хустка, я сама таксама абгарэла. Кінулася на зямлю і папаўзла ў агарод, закапалася ў зямлю, каб не расстралялі.

У карнікаў не было літасці ні перад кім: забівалі малых дзяцей стрэламі ў галаву, а іншыя ў гэты час проста падпальвалі дзяцей у хаце. Пасля хтосьці падаў сігнал, немцы сталі збірацца. Я змагла дапаўзці да лесу, сустрэлася з адной параненай, і мы вырашылі ўцякаць. Фашысты запрыкмецілі і пачалі страляць.

22 чэрвеня 1943 года карнікі спалілі вёску і знішчылі ўсіх ад старога да малога — 98 чалавек. Для нас, жыхароў Гарэлага, хто застаўся ў жывых, гэты дзень назаўсёды застанецца жалобным, аб ім мы раскажам унукам, каб ведалі, што ўчынялі нямецкія карнікі».

Яшчэ адна жанчына з Гарэлага сведчыла, што немцы расстрэльвалі ўсіх і ўсюды: у ложках, за сталом, каля печы. «Карнікі не глядзелі, што рабілі людзі, яны проста настаўлялі свае насы на савецкіх людзей і смакталі кроў, як гадзюкі, якія хочуць напіцца крыві. Напрыклад, Зося Зуско выйшла з хаты насустрач немцам, упала на калені і маліла аб выратаванні. Не дапамагло: яе застрэлілі прама на каленях, як прасіла. Чула і пра забойства Ядзі Пацярухі, з ёй у хаце былі дзеці і дзяўчаты. Карнікі акружылі дом і далі аўтаматную чаргу праз акно, Ядзя выскачыла на двор, каб папрасіць літасці, але нават не паспела сказаць — забілі на парозе, потым — астатніх, хату падпалілі. Карнікі падпальвалі хаты, каб не пакінуць сваіх слядоў забойстваў. За гадзіну яны забілі і спалілі 98 чалавек. Увечары вярнуліся і забілі Барыса Крэўца».

У 2018 годзе Нацыянальны архіў  Рэспублікі Беларусь выдаў кнігу «Котбус. Нацысцкая карная аперацыя ў Беларусі,  май-чэрвень 1943 г.: дакументы і матэрыялы»,  у якой сабраны архіўныя дакументы Беларусі, Расіі, Германіі і ЗША і ўспаміны сведкаў  вогненных распраў падчас аперацыі.

У архіве Бягомльскага музея захаваліся рукапісныя ўспаміны Лідзіі Занько аб зверствах фашыстаў у вёсцы Вітунічы. Жанчына нарадзілася ў 1903 годзе, жыла ў Вітунічах, з 1930-га працавала даяркай і загадчыцай фермы. Да вайны ў калгасе было звыш 200 кароў і да 500 свіней. Пасля верасня 1941 года гаспадарку разрабавалі, усе сталі аднаасобнікамі.

«30 мая 1943-га на дарозе каля вёскі на партызанскай міне падарвалася нямецкая аўтамашына, загінулі некалькі фашыстаў. Яны вырашылі сваю помсту звярнуць на мірных жыхароў.

Раніцай 14 чэрвеня немцы ўварваліся ў Вітунічы і сталі зганяць у адведзенае месца ўсіх, хто не паспеў схавацца ў лесе. Я была дома з пляменнікамі — Толем 9 гадоў і Нікай — 12. У хату ўвайшоў фашыст і загадаў ісці за ім у дом Аляксандра Дорца. Там ужо было каля 20 чалавек, а з мэблі і адзення — нічога. Нейкі фашыст заскочыў, а другі па-руску крыкнуў «кладзіся». Пачалася мітусня, 19-гадовая Вера Шылоўская кінулася на карніка і адразу ўпала. Яе сяброўка Ліда Дорэц пераступіла праз труп сяброўкі і кінулася з кулакамі на немца — рухнула на падлогу. Фашысты адкрылі ўраганны агонь з аўтаматаў.

Я ўпала, на мяне валіліся людзі, пачала цячы кроў. Не памятаю, колькі так ляжала, але адчувала, што жывая. Вызвалілася з-пад трупаў і зразумела, што хата ўжо гарыць. Яшчэ дзве жывыя дзевачкі выскачылі з дома, ахопленага агнём і, нарваліся на кулі. Я засталася, і толькі калі зразумела, што столь і дах зараз абваляцца, выпаўзла.

Было шмат забітых і параненых. Тут я ўбачыла Івана Коцека, які ў перадсмяротных канвульсіях паміраў ад ран. Сказаў мне ратавацца і папрасіў пахаваць яго па-чалавечы. Я дапаўзла да старых ліп за агародам, прасядзела там цэлую ноч. Ранкам дайшла да лесу, тры дні блукала галодная, пасля перабралася ў Глінішча, дзе жыла да вызвалення».

Усё далей ад нас страшныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, сёння ўжо амаль не засталося жывых сведкаў зверстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але з цягам часу адкрываюцца новыя гістарычныя факты подзвігу савецкага народа, яго стойкасці і мужнасці. Таму з'яўляюцца мемарыяльныя комплексы, вядзецца пошукавая праца ўнукамі пераможцаў. Абавязак жывых — помніць, каб падобнае ніколі не паўтарылася.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.