Вы тут

Тэатр імя Горкага адзначае юбілейный сезон


Сёлета ў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага пачаўся 90-ты, юбілейны сезон. З гэтай нагоды запланавана ажно 4 прэм’еры, першая з якіх адбылася 24 верасня. «Звязда» завітала на здачу спектакля «Месяц у вёсцы», рэжысёрам-пастаноўшчыкам якога стала народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч. Аб тым, што мы ўбачылі — у фотарэпартажы Лізаветы Голад.


Лірычная камедыя створана па матывах аднайменнай п’есы Івана Тургенева. Падзеі разгортваюцца ў вясковым маёнтку Іслаева. Павольны і звыклы ўклад жыцця парушае прыезд настаўніка Аляксея Бяляева ў выкананні Кірыла Нікіціна. Цягам некалькіх дзён сям’я перажывае шмат падзей, у выніку якіх перад галоўнымі героямі паўстае пытанне: ці сапраўды яны блізкія людзі, або гэта толькі ілюзія?

Вольга Клебановіч прыўносіць свой аўтарскі погляд у трактоўку п’есы. Так, самы складаны шлях даводзіцца прайсці Лізавеце Багданаўне, жонцы Іслаева. У выканнані Іны Савянковай галоўная гераіня ўвесь час павінна весці барацьбу з самой сабой. Як можа жанчына высокага саслоў’я закахацца ў дваццацігадовага настаўніка? Але яна не адзіная, хто падпадае пад уплыў Бяляева. Яе выхаванка, сірата Верачка, таксама закахалася ў Бяляева. Ролю сямнаццацігадовай дзяўчынкі выконвае Дар’я Палякова.

Канфлікт паміж гераінямі разгортваецца паступова, спачатку незаўважна, але з кожнай сцэнай набірае моц. Здаецца, адзіны, хто захоўвае халодны розум — гэта Ракіцін, блізкі сябар сям’і Іслаевых. Ролю разважлівага інтэлігента выканаў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Сяргей Чэкерэс.

Пасля маналогу аб сапраўднай вартасці сям’і, у якой адсутнічае паразуменне, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі ўдастойваецца апладысментаў ад гледачоў. У яго выкананні Аркадзь Іслаеў таксама праходзіць нечаканую трансфармацыю. Ствараючы вобраз безуважлівага чалавека, які ўвесь час лунае ў аблоках, Чарнецкі напрыканцы спекталя адкрывае гледачам другі бок Іслаева — мужа, які кахае сваю жонку і гатовы зрабіць усё, каб яна была шчаслівая. Нават калі для гэтага трэба адпусціць яе.

Пастаральная ідылія, у якой існуюць героі, адлюстроўваецца дзякуючы рабоце стваральнікаў пастаноўкі. Спектакль насычаны светлымі колерамі і адценнямі, прыроднымі гукамі: спевамі птушак і шумам дрэў. За сцэнаграфію «Месяца ў вёсцы» адказвала Аляксандра Карнажыцкая, а за касцюмы Таццяна Лісавенка. Наступны паказ спекталя адбудзецца 21 кастрычніка. 

Арына КАРПОВІЧ 

Фота: Лізавета ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.