Вы тут

У журавіннай сталіцы Беларусі прайшоў экафестываль


Міёры, што ў Віцебскай вобласці, па праву носяць гэтае ганаровае званне невыпадкова: менавіта на Міёршчыне размяшчаецца балота Ельня, дзе знаходзяцца самыя вялікія ў краіне запасы чырвоных вітамінчыкаў. А мясцовыя жыхары пераўтварылі лясное багацце ў своеасаблівы брэнд і ладзяць экалагічнае свята «Журавы і журавіны Міёрскага краю».


У гэтым годзе ягадны ураджай меншы, чым у мінулым з-за халоднай вясны і засушлівага лета, аднак руплівыя гаспадары ўсё ж паспелі сабраць у засекі гэты багаты вітамінамі прыродны прадукт. Сёлета ў межах фестывалю праводзілі нават конкурс на лепшага здатчыка журавін.

З 19 па 25 верасня ва ўстановах адукацыі раёна прайшоў экалагічны тыдзень. Школьнікі прымалі ўдзел у экалагічных гульнях і квэстах, здзяйснялі экавандроўкі і былі ўдзельнікі прыродаахоўных акцый. А яшчэ прадстаўлялі свае палёты фантазіі на школьных выставах — рабілі кампазіцыі з асенніх кветак, падзелкі з садавіны і агародніны.

Прафсаюзныя арганізацыі працоўных калектываў спаборнічалі ў конкурсе па збору ягад «Смак журавін», у якім прынялі ўдзел 10 каманд. Па выніках нялёгкай і карпатлівай барацьбы першае месца заняла каманда Міёрскага яслі-саду #2, на другім месцы размясціліся работнікі раённай бальніцы, а бронзу заваявалі прадстаўнікі сектара спорту і турызму райвыканкама.

Знайшлося ў межах фестывальнага тыдня і месца для аматараў хуткасці, руля і чатырох колаў — раённы конкурс «Жураўліны драйв» сабраў прадстаўнікоў розных арганізацый, які дэманстравалі веданне правілаў дарожнага руху і віртуознага кіравання аўтамабілем.

Напярэдадні свята па добрай традыцыі прайшло пасяджэнне клуба маладой сям’і «Жураўлінай сцяжынай», у межах яго бацькі разам з дзеткамі наведалі экалагічную сцежку на балоце «Ельня» і паназіралі за крылатымі прадстаўнікамі навакольнага свету.

Сёння па цэнтральнай вуліцы прайшло ўрачыстае шэсце працаўнікоў вёскі, якія паказалі высокія вынікі ва ўборачнай кампаніі-2022; арганізацый і ўстаноў раёна; творчых калектываў. У гарадскім парку «Паўвостраў» прайшоў абласны конкурс вырабаў народных майстроў «Птушыны перапалох» з майстар-класамі для ўсіх жадаючых.

Галоўным момантам экафестывалю стаў абласны конкурс ансамбляў песні і музыкі «Жураўліны, які сабраў лепшыя калектывы народнай творчасці паўночнага рэгіёна. Дарэчы, гаспадары свята — ансамбль музыкі і песні «Мёрыца» мясцовай дзіцячай школы мастацтваў заняў пачэснае другое месца ў вакольным спаборніцтве.

Удзельнікі свята змаглі адправіць тэматычныя паштоўкі на «Жураўлінай пошце», праспявалі гімн Ельні разам, праявілі сілы на спартыўна-забаўляльнай пляцоўцы «Журавель-асілак». А, галоўнае, уволю наеліся сакавітых журавін і кулінарных прысмакаў з ягад, а некаторыя — назапасілі на наступны год не толькі карысныя чырвоныя кроплі, але і бадзёры настрой.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: тэлеграм-канал «Міёрскі раён. Афіцыйна»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».