Працаўнікі хлебнай нівы Міншчыны сустрэлі свята важкім караваем. Сярэдняя ўраджайнасць па вобласці на ўзроўні 44 цэнтнераў з гектара. У лідарах Слуцкі, Мінскі і Капыльскі раёны, якія адпаведна намалацілі 161 737 тон, 153 303 тоны і 146 350 тон. Высокай ураджайнасцю парадавалі Нясвіжскі раён — 71 цэнтнер з гектара, Дзяржынскі раён — 65 цэнтнераў з гектара і Клецкі раён — 62 цэнтнеры з гектара. Па 1000 тон збожжа намалацілі 908 камбайнавых экіпажаў, 173 — па 2000, 27 — па 3000 тон. Пабіў усе рэкорды экіпаж камбайна Сяргея Максімца і Васіля Зура з адкрытага акцыянернага таварыства «Крутагор'е-Петкавічы». На іх рахунку шэсць тысяч тон збожжа. Прычым працавалі хлопцы на камбайне айчыннай вытворчасці.
Работнікаў аграпрамысловага комплексу Міншчыны, пераможцаў абласнога спаборніцтва на ўборцы ўраджаю 2022 года павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка: «Вам ёсць чым ганарыцца. На Міншчыне сабрана звыш 2 мільёнаў тон збожжа. Гэта больш як чвэрць рэспубліканскага караваю. За гэтымі лічбамі стаіць карпатлівая праца камбайнераў, кіроўцаў, селекцыянераў, вучоных і кіраўнікоў гаспадарак. Сёлетні год стаў сапраўдным выпрабаваннем для хлебаробаў краіны. Вам давялося змагацца літаральна за кожны вырашчаны колас. У той сітуацыі, што склалася ў свеце, збожжавыя культуры сталі новым золатам, якое гарантуе дзяржаве харчовую бяспеку і стабільнасць. Дзякуй за вашу нялёгкую працу практычна без выхадных і святочных дзён, шчырую любоў да роднай зямлі, якую вы перадаяце сваім дзецям і моладзі. Моцнага вам здароўя, сямейнага дабрабыту, поспехаў і новых дасягненняў на працоўнай ніве».
Прывітальны адрас зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў. Акрамя таго, ён уручыў карзіну з кветкамі ад кіраўніка дзяржавы ўсім аграрыям Мінскай вобласці. Букет прыняў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. Максім Рыжанкоў таксама ўручыў ганаровыя граматы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь старшыні Смалявіцкага райвыканкама Андрэю Ратомскаму, дырэктаруу філіяла «Астрашыцкі Гарадок» ААТ «Першая Мінская птушкафабрыка» Аляксандру Юргевічу. Падзякай Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адзначаны старшыня Крупскага райвыканкама Анатоль Козел, дырэктар філіяла «Фалько-Агра» агракабіната «Дзяржынскі» Вадзім Кунц, дырэктар ААТ «Нарачанскія зоры» Вілейскага раёна Генадзь Кучко.
Падзякаваў за добрую работу хлебаробам і старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.
— Многія думаюць, што гэты год для аграрыяў быў спрыяльны. Своечасова пасеялі, без страт сабралі ўраджай. І яны маюць рацыю. Але такіх вынікаў нельга дабіцца, разлічваючы толькі на прыроду і каляндар. У аснове поспеху — разумны менеджмент і тэхналогіі. На старце пасяўной кампаніі толькі на набыццё ўгнаенняў было накіравана больш як 90 мільёнаў рублёў. Не толькі з абласнога бюджэту, аграрыі вобласці атрымалі значную падтрымку ўсёй краіны, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. — Асаблівую ўдзячнасць хачу выказаць Прзідэнту Беларусі за яго бацькоўскую ўвагу і падтрымку сельскіх працаўнікоў. Дзякуючы рашэнням кіраўніка дзяржавы і магчымасцям вобласці, за паўтара года мы змаглі пабудаваць 28 сучасных айчынных зернекомплексаў, за апошнія тры гады мы паставілі ў гаспадаркі больш за 300 энерганасычаных трактароў, 260 збожжаўборачных камбайнаў, сотні адзінак абсталявання і механізмаў. Сукупны аб'ём фінансавання для абнаўлення машыннага парка склаў больш як 240 мільёнаў рублёў.
Аднак, як адзначыў Аляксандр Турчын, колькі б сродаў ні ўкладвалі, якую б тэхніку ні пастаўлялі, галоўным застаецца чалавек. Ад яго і толькі ад яго залежыць, ці будзе з хлебам краіна. Гэта асабліва актуальна цяпер, калі першараднае значэнне ва ўсім свеце набывае хлеб. «У двух мільёнах тон сабрана каласальная праца ўсіх спецыялістаў-хлебаробаў. Вынік вашай працы непасрэдна ўплывае на эфектыўнасць іншых сфер эканомікі — жывёлагадоўлю, перапрацоўку, забеспячэнне ўнутранага рынку прадуктамі харчавання, пастаўкі харчавання на экспарт і іншае», — сказаў старшыня мІнаблвыканкама.
Аляксандр Турчын уручыў узнагароды не толькі камбайнерам і кіроўцам, што непасрэдна ўдзельнічалі ў жніве, але і спецыялістам, жывёлаводам, паляводам. Адзначыў ён і сямейныя дынастыі, якіх у аграрным сектары Міншчыны даволі шмат. Напрыклад, заснавальнікам дынастыі Германовічаў з ААТ «Гарадзяцічы-Агра» з'яўляюцца тры браты — Іван, Мікалай і Яўген. Любоў да зямлі, працавітасць і адданасць справе яны перадалі сваім сынам, якія працягваюць сямейныя традыцыі.
Яркая і захапляльная была і праграма свята, багатая на мерапрыемствы, разлічаная на людзей розных узростаў і густаў. Для жыхароў раёна і гасцей працавалі тэматычныя пляцоўкі, інтэрактыўныя зоны, фотазоны, конкурсы, літаратурнае кафэ. У парку Дружбы народаў разгарнуліся гандлёвыя рады, кірмаш-продаж «Дары Міншчыны». Тут можна было смачна паесці, прыкупіць смакаты дахаты, набыць вырабы народных умельцаў.
Шмат дарослых і дзяцей сабралі паказальныя выступленні супрацоўнікаў абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях на гарадскім возеры. Дно вадаёма і яго берагі на працягу года ачысцілі ад смецця, добраўпарадкавалі, зрабілі пешаходныя масты. На набярэжнай № 2 паклалі плітку, правялі асвятленне, уладкавалі малыя архітэктурныя формы.
Вельмі відовішчнымі былі спаборніцтвы на спартыўных машынах па новай аб'язной дарозе. Яшчэ адна значная падзея свята — адкрыццё кінатэатра «Беларусь». Аляксандр Турчын і Максім Рыжанкоў перарэзалі сімвалічную стужку, пасля чаго для іх і ўсіх ахвотных правялі экскурсію па шматфункцыянальным культурным комплексе. З такой нагоды старшыня Мінаблвыкама выказаў сваё меркаване наконт падрыхтоўкі Стоўбцаў да «Дажынак»:
— Місія прымаць абласныя «Дажынкі» для горада пачэсная і важная. На прыкладзе Стоўбцаў мы бачым, што няма мяжы дасканаласці. Кінатэатр дастаткова ўнікальны. Хацелася б, каб ён стаў цэнтрам прыцягнення мясцовай моладзі і не толькі. Апошнім часам шмат зрабілі для паляпшэння інжынернай, транспартнай структуры Стоўбцаў. Летась увялі ў эксплуатацыю новую школу, аб'язную дарогу, зону адпачынку, уладкавалі камп'ютарны тамограф у медыцынскай установе. На мой погляд, гэтага павінна быць дастаткова для камфортнага жыцця людзей. Такое неабходна зрабіць у кожным раённым цэнтры. І якасць жыцця павінна быць там не горшая, чым у сталіцы.
У канцы свята перад гледачамі выступілі з канцэртам зоркі беларускай эстрады: Ганна Трубяцкая, Яўген Курчыч і група «Статус», група PALLADІUM, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларуь Вікторыя Алешка, Жанет, арт-група «Беларусы», Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры». Парадаваў прысутных і артыст расійскай эстрады Стас П'еха.
Пасля канцэрта неба над горадам расквеціў феерверк.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.