Вы тут

Як мясцовая ўлада спрыяе замацоўванню моладзі на працы


Рэгіёнам Міншчыны неабходны кваліфікаваныя кадры спецыялістаў, рабочых. Але часам вакантныя месцы так і застаюцца незапоўненымі. Многія выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў пасля абавязковай адпрацоўкі імкнуцца працаўладкавацца ў Мінску, у буйных гарадах. У Любанскім раёне таксама ёсць праблемы па замацаванні маладых кадраў. Але ў гэтым кірунку напрацаваны пэўны вопыт. Мясцовыя ўлады, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый мэтанакіравана вядуць работу з тым, каб як мага больш маладых людзей заставалася ў раёне.


Наяўнасць жылля і сацыяльнай інфраструктуры — гэта тое, што найперш цікавіць маладых людзей. На пачатку верасня ў Любані адкрыўся новы дзіцячы сад на 150 месцаў.

Калектывы маладзеюць

Намеснік старшыні Любанскага райвыканкама Тамара Дамашэвіч адзначыла, што ў раёне пражываюць 4784 маладыя чалавекі. Гэта 16 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва. На Любаншчыне створаны неабходныя ўмовы для развіцця творчага, культурнага, фізічнага, навуковага патэнцыялу моладзі. Юнакоў і дзяўчат актыўна далучаюць да здаровага ладу жыцця. У раёне дзейнічае 88 фізкультурна-спартыўных аб'ектаў, дзе яны могуць загартоўвацца, спаборнічаць, мерацца сіламі. Шмат увагі аддаецца пытанням атрымання маладымі людзьмі прафтэхадукацыі, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі і замацаванню маладых спецыялістаў. Яшчэ падчас вучобы ў школах вучні могуць абраць сабе спецыяльнасць і атрымаць першапачатковыя веды, паколькі ва ўстановах адукацыі дзейнічаюць спецыялізаваныя класы — сельскагаспадарчыя, педагагічныя, спартыўныя.

У гэтым годзе восем выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя медыцынскія ўстановы па мэтавым накіраванні, шмат хто выбраў педагагічныя ВНУ. У выніку ў калектывах абнаўляюцца кадры. Напрыклад, у сферы адукацыі замацоўваецца каля 80 працэнтаў спецыялістаў, большасць з іх у сельскай мясцовасці. Але, па словах Тамары Дамашэвіч, акрамя станоўчых момантаў работы з моладдзю, ёсць і праблемы. Не зусім задавальняе замацаванне маладых кадраў на сяле. Пасля абавязковай адпрацоўкі ў сельскай мясцовасці затрымліваецца тут толькі 54 працэнты спецыялістаў. Прычына ў адсутнасці паўнацэнных выхадных, а ў некаторых выпадках невысокая заработная плата. Калі пытанне з выхаднымі можна вырашыць, то заробкі залежаць ад эканомічнага і фінансавага стану суб'екта гаспадарання.

Дзе нарадзіўся — там і згадзіўся

Шмат працуюць па замацаванні кадраў у Любанскай цэнтральнай раённай бальніцы. Пасля абавязковай адпрацоўкі тут застаецца ад 85 да 100 працэнтаў маладых спецыялістаў. Садзейнічае гэтаму вырашэнне жыллёвага пытання. Любань — адзін з райцэнтраў, які першым пачаў будаваць арэнднае жыллё ў Мінскай вобласці. Першы пяціпавярховік на 40 кватэр узвяла кампанія «Слаўкалій» Міхаіла Гуцэрыева. Сюды засяліліся сем'і, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і спецыялісты сацыяльнай сферы.

У 2018-м здалі пяцікватэрны арэндны дом для работнікаў бальніцы. У ім жывуць тры сям'і медыкаў і маладыя ўрачы. Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт робяць усё неабходнае, каб маладыя спецыялісты адаптаваліся ў калектыве, матэряльна падтрымліваюць іх, за здымнае жыллё кампенсуюць затраты.

— Што тычыцца сельскай мясцовасці, то моладзь не вельмі ахвотна застаецца тут працаваць. Маўляў, не задавальняе інфраструктура, адсутнічае камфартабельнае жыллё. Стараемся накіроўваць у сельскія населеныя пункты маладых людзей, якія там нарадзіліся і закончылі навучальныя ўстановы па мэтавым накіраванні, — адзначыў галоўны ўрач ЦРБ Андрэй Амшарук.

Па яго словах, існуе таксама праблема з выдачай мэтавых накіраванняў. Напрыклад, кіраўнік можа выдаць і 15 дагавораў, але пры падачы дакументаў не ўсе абітурыенты іх паказваюць — толькі тыя юнакі і дзяўчаты, якія маюць намер працаваць у Любані. І гэтаму ёсць тлумачэнне. Студэнты ствараюць для сябе запасную пляцоўку. Спадзяюцца, што пры размеркаванні, магчыма, ім прапануюць работу ў Мінску, Салігорску або ў іншым буйным горадзе. Таму, на думку галоўнага ўрача, гэтае пытанне варта вырашаць на вышэйшым узроўні.

Зацікаўленасць маладых спецыялістаў у выніках працы ў руках кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, іх трэба вучыць, падказваць ім і даваць права на памылку. Адпаведна забяспечваць і жыллём, — лічыць старшыня Любанскага райвыканкама Валерый Мельнік.

Па яго словах, сёння зарплата для моладзі не стаіць на першым месцы. Адзін кіраўнік плаціць спецыялістам, напрыклад 1200 рублёў, а другі ў сярэднім — 600-700 рублёў плюс сацыяльны пакет. Як паказвае практыка, маладыя выбіраюць не ўзровень зарплаты, а перш за ўсё ўмовы працы. Гэта трэба ўлічваць у рабоце з моладдзю.

У тэму

Старшыня Урэцкага сельвыканкама, дэпутат сельскага Савета Ядвіга Ярохіна:

— У Любанскім раёне наш сельсавет самы вялікі, тут налічваецца 3600 жыхароў, у тым ліку 544 маладыя людзі да 31 года, каля 200 з іх вучыцца ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Рабочай моладзі — больш як 180 чалавек. На тэрыторыі сельсавета працуюць каля 12 буйных арганізацый і прадпрыемстваў. Створана практычна 1500 рабочых месцаў, сітуацыя з працаўладкаваннем, занятасцю спрыяльная. Вядома, каб моладзь не пакідала сваю малую радзіму, трэба ствараць для яе камфортныя ўмовы не толькі працы, але і адпачынку, каб у вольны час было сябе чым заняць. У нас ёсць тры клубы, тры стадыёны, не хапае толькі варкаўтпляцовак і работнікаў культуры вузкага профілю, каб наладзіць, напрыклад, работу драматычнага, танцавальнага гурткоў.

Наша моладзь заўсёды займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Маладыя людзі падтрымліваюць традыцыі інтэрнацыяналізму, патрыятызму.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.