Вы тут

І бульбу пасадзіць, і жыта змалаціць


Што для вяскоўца галоўнае ў вядзенні сваёй гаспадаркі? Любы скажа — вясной найперш пасадзіць бульбу на «сотках», потым яе апрацаваць: абагнаць некалькі разоў, апырскаць «ад жука», выкапаць. А яшчэ летам вяскоўцу трэба абмалаціць сваю палоску жыта ці ячменю. Ды перад гэтым — пасеяць яго, значыць, узараць дзялянку, прадыскаваць глебу, унесці арганіку. Многім неабходна выпісаць салому альбо збожжа... Хто мае гаспадарку, той ведае: зрабіць гэта ўсё самому вельмі складана. А некатораму і нерэальна, часта трэба наймаць памочніка з тэхнікай.


Cтараста вёскі Буса Ганна Навумчык.

А калі ты пенсіянер, сілы не тыя і здароўе, дзеці не ў суседняй вёсцы, як справіцца з усім? Пра гэта падчас камандзіроўкі выпала пацікавіцца ў старасты вёскі Буса Іванаўскага раёна Ганны Навумчык. Ганна Андрэеўна лічыць, што пенсіянераў — ветэранаў калгаснай вытворчасці гаспадарка «Моладава-Агра» не крыўдзіць:

— Вясной найпершы клопат ва ўсіх, вы ведаеце, пасадзіць бульбу. Тут нашы людзі ніякіх праблем не маюць. «Соткі» выдзяляюць загадзя, усе знаюць, дзе будзе поле. Прыходзіць машына на падворак, забірае насенны матэрыял, падвозіць да поля, там бульбу высыпаюць у пасадачны агрэгат і высаджваюць на дзялянку. Затым па меры неабходнасці праводзіцца некалькі разоў абганянне, у свой час — апрацоўка ад фітафторы і каларадскага жука. І за ўсё гэта нашы вяскоўцы ўносяць сімвалічную плату, напрыклад, па 6 рублёў у разліку за «сотку». Праўда, каб выкапаць «сотккі», даводзіцца самому паклапаціца, бо гаспадарка бульбу не вырошчвае і не мае капальнай тэхнікі. Але гэты працэс таксама гадамі адпрацаваны. Ёсць капалкі ў прыватных гаспадарках, людзі дамаўляюцца, як правіла, адразу некалькі гаспадароў замаўляе адну адзінку тэхнікі, таму праблем не ўзнікае.

Самая вялікая праблема, калі трэба свой надзел узараць, задыскаваць, падрыхтаваць глебу для сяўбы. І тут нашы пенсіянеры прывыклі звяртацца ў гаспадарку, ніколі не мелі адмовы, — гаворыць стараста. — Вось і нядаўна два гаспадары з Бусы выпісвалі арганіку для сваіх агародаў, дык яе прывезлі на трактары з раскідвальнікамі і адразу ўнеслі ў глебу.

Гаспадарка заахвочвае тых, хто сам вырошчвае збожжавыя для скаціны з уласнага падворка. Напрыклад, змалаціць сваю палоску пенсіянеры сёлета, як і летась, маглі бясплатна. Як толькі камбайны справіліся са жнівом на палях сельгаспрадпрыемства, яны пайшлі па вёсках, зжалі і змалацілі ўраджай на агародах вяскоўцаў. Тыя ж, хто з розных прычын не вырошчвае збожжа, могуць яго набыць у гаспадарцы. Яшчэ некалькі гадоў таму пэўная колькасць фуражу выдзялялася пенсіянерам бясплатна, цяпер увялі зноў жа сімвалічную цану. Але ж такі кошт выглядае даступным пры набыцці кармоў для ўласнай жывёлы і птушкі, бо ён у разы меншы за рыначны.

Ахвотныя выпісваюць салому, раней многія набывалі і сена. Цяпер практычна не засталося людзей, якія трымаюць у падсобнай гаспадарцы буйную рагатую жывёлу. Але каму сена спатрэбіцца, набыць яго магчымасць ёсць заўсёды.

Раіса Халько, якая адказвае за ідэалагічную работу ў сельгаспрадпрыемстве «Моладава-Агра», гаворыць, што цяперашняе пакаленне работнікаў з нязменнай павагай ставіцца да ветэранаў вытворчасці:

— Мы не забываем пажылых людзей, якія адпрацавалі ў былым калгасе ўсё жыццё. Нават невялікія знакі пашаны і павагі аказваюцца для іх важнымі, напрыклад, падарункі на Дзень пажылых людзей, на Новы год. Мы запрашаем ветэранаў на «агеньчыкі» да свят, каб яны змаглі сустрэцца, згадаць сумесную работу і маладыя гады. Але ж разумеем, што галоўнае — дапамагчы сталаму чалавеку ў апрацоўцы таго ж агарода, у іншых гаспадарчых клопатах. Таму кожны былы работнік заўсёды ідзе ў кантору, калі мае надзённыя патрэбы, бо ведае, што да любой яго просьбы паставяцца з увагай.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.