Вы тут

Вярнуць салдата сваякам — галоўная мэта пошукавай работы


Унікальнае падраздзяленне Узброеных Сіл Беларусі — 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён — сёння ва ўсіх на слыху. Ваеннаслужачыя батальёна робяць надзвычай важную і высакародную справу — знаходзяць абаронцаў Айчыны і ахвяр войн, якія да гэтага часу не мелі прыстойнага месца спачыну. А самае галоўнае — вяртаюць з небыцця імёны салдат і афіцэраў, пакрысе памяншаючы вялізны спіс тых, хто дагэтуль лічыцца зніклым без вестак...


Служыць у батальёне — а значыць мець дачыненне да подзвігу і трагедыі беларускага народа (найперш у гады Вялікай Айчыннай вайны) — вельмі ганаровая місія. І гэта не толькі пра салдат і афіцэраў, непасрэдна задзейнічаных у палявых пошукавых работах. Гэтаму папярэднічае грунтоўная архіўна-даследчая дзейнасць, звязаная з вывучэннем дакументаў і іншых інфармацыйных крыніц, выяўленне няўлічаных воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войн. І толькі на канчатковым этапе, калі раскопкі ўжо завершаны, пачынаецца самае цікавае і ў той жа час складанае — устанаўленне даных аб загінулых, знойдзеных падчас палявых работ, пошук сваякоў (у выпадку калі ўдасца высветліць імя).

Ва ўсім гэтым працэсе, які не спыняецца ні на адзін дзень, задзейнічаны шырокі спектр спецыялістаў, у тым ліку грамадзянскіх. Ужо складана ўявіць 52-і батальён без яго археолага — Вадзіма Таміліна. За 20-гадовую працу ў падраздзяленні ён, гісторык па адукацыі, аб'ездзіў з раскопкамі ўсю Беларусь, пабачыў тое, аб чым нават гаварыць балюча — войны, якія прайшлі праз нашу пакутлівую зямлю, дагэтуль пакінулі пасля сябе крывавы след. Да якога гістарычнага перыяду належаць астанкі, ваеннаслужачы гэта ці грамадзянскі чалавек — спадарожныя знаходкі, выяўленыя падчас раскопак, шмат аб чым раскажуць спецыялісту.

А цяпер слова — яму. Так склалася, што наша размова адбылася акурат у дзень нараджэння археолага 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна — Вадзім Тамілін на днях адзначыў 55-гадовы юбілей.

— Вадзім Дзмітрыевіч, як вы трапілі ва ўнікальнае падраздзяленне Узброеных Сіл?

— Дзякуючы часопісу «Армия». Прачытаў, што патрабуюцца грамадзянскія спецыялісты на пасаду археолага. Гэта мяне заўсёды цікавіла. Прыйшоў на сумоўе — адмовілі: сказалі, што чакаюць на гэтую пасаду звольненага ў запас салдата. Я ж вайскоўцам не быў, хоць на гэта былі ўсе падставы: прадзед ваяваў у руска-японскую, дзед быў мараком Балтыйскага флоту, бацька — афіцэрам-ракетчыкам. Я — першы, хто «запароў» афіцэрскую дынастыю. Тым не менш у арміі ўжо 20 гадоў — так, відаць, было наканавана лёсам. У батальён мяне ўзялі з другой спробы: не дачакаліся свайго спецыяліста.

— Першыя пошукавыя работы, напэўна, помняцца дагэтуль?

— Гэты быў Рагачоўскі раён, вёска Старое Сяло. Мы стаялі на паляне, унізе ішла лінія траншэй. Я пайшоў прагуляцца па лесе са шчупам. У першы ж дзень мне ўдалося знайсці астанкі савецкага салдата. Калі далажыў аб гэтым афіцэру, абвалілася сценка раскопу і з вышыні больш метра да маіх ног прыляцела 120-міліметровая міна. На шчасце, яна была без узрывальніка. Аднак гэтыя мурашы, якія пайшлі па скуры, дагэтуль памятаю. У першы ж дзень работы на мясцовасці я зразумеў: падчас раскопак трэба быць надзвычай уважлівым.

— За 20 гадоў пошукавых работ дзе вы толькі не пабывалі...

— Амаль ва ўсіх раёнах Беларусі. Нават у Польшчы. Працавалі там на падставе Пагаднення «Аб захаванні месцаў памяці і пахаванняў ахвяр вайны і рэпрэсій» паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Польскай Рэспублікай, падпісанага ў студзені 1995 года. У мэтах рэалізацыі дакумента па прапанове польскага боку першыя палявыя пошукавыя работы праводзілася сумесна з археолагамі Торуньскага ўніверсітэта імя М. Каперніка ў Кобрынскім і Драгічынскім раёнах Беларусі. З выразак у газетах стала вядома аб пахаванні ў вёсцы Падзяменне польскіх паліцэйскіх і ваеннаслужачых, якія загінулі ў 1939 года ад рук мясцовых бандытаў. Інфармацыя пацвердзілася: быў эксгумаваны польскі генерал, таксама 58 польскіх ваеннаслужачых, паліцэйскіх і мясцовых жыхароў. На тэрыторыі Польшчы мы прымалі ўдзел у раскопках у вёсцы Рыболы, у раёне якой у 1941 годзе была ажыццёўлена пераправа савецкіх войск праз раку Нараў. За тры паездкі былі падняты астанкі 31 ваеннаслужачага Чырвонай Арміі, знойдзены адзін медальён. Імя салдата ўстанавіць не ўдалося. Апошнія сумесныя раскопкі з палякамі былі ў 2017 годзе: мы шукалі польскіх пагранічнікаў, якія загінулі ў баі з нашымі войскамі ў 1939 годзе. Падчас устанаўлення пахавання прыходзіла былая настаўніца і расказвала жудасныя рэчы, што гэтых палякаў ноччу забілі штыкамі, перарэзалі ім горла, раздзелі і расстралялі, абмарадзёрылі. Мы знайшлі астанкі пяці пагранічнікаў. Усе — у абутку, у форме, аб чым сведчыла размяшчэнне гузікаў. Усе былі падпярэзаныя салдацкімі папругамі. У некалькіх чалавек нават захаваліся штык-нажы. Падсумкі з патронамі былі напалову пустымі, па якіх зроблена выснова, што пагранічнікі загінулі ў баі. Крыжыкі, чоткі, люстэрка — польскі археолаг нават спацеў гэтыя знаходкі фатаграфаваць. Вось і вер пасля гэтага відавочцам тых падзей або тым, каму нехта аб гэтым расказваў. Толькі археалогія можа быць дакладнай і праўдзівай.

— Тым не менш у большасці выпадках аб пахаваннях вайскоўцаў ці мірных грамадзян батальён даведваецца менавіта ад мясцовых жыхароў...

— Інфармацыйная плынь ідзе пастаянна. Людзі не маўчаць, і хочацца ім падзякаваць за гэта. Часам здараюцца цікавыя рэчы. Напрыклад, працуючы ў Дзятлаўскім раёне, мы шукалі астанкі чырвонаармейцаў, а знайшлі загінулых немцаў. Гэтага не ведалі нават мясцовыя жыхары, якія на працягу многіх гадоў былі ўпэўнены ў тым, што даглядаюць магілу савецкіх салдат. А быў выпадак, калі жанчына расказвала, як яна ў 1941 годзе пахавала чатырох савецкіх байцоў, і нават паказала месца. Сапраўды, астанкі знайшлі. Толькі належалі яны вайскоўцам Рускай імператарскай арміі — аб гэтым сведчылі спражкі, кукарды, гузікі, боты. Атрымліваецца, што зноў усе кропкі над «і» паставіла археалогія.

— Пошукавы батальён быў сфарміраваны ў 1995 годзе — на падставе Указа Прэзідэнта ад 30 лістапада 1994 года «Аб паляпшэнні работы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн у Рэспубліцы Беларусь». Атрымліваецца, толькі праз паўстагоддзя пасля вызвалення задумаліся над пошукам і ўвекавечаннем памяці тых, хто загінуў у апошніх войнах, якія адбыліся на нашай зямлі...

— Савецкая ўлада ніколі не забывалася аб гэтым, аб чым сведчыць вялікая колькасць дакументаў, якія рэгламентуюць работу па прыборцы такіх месцаў, пахаванні і перапахаванні астанкаў, устанаўленні імён невядомых салдат — гэтыя абавязкі былі ўскладзены на мясцовыя органы ўлады, ваенныя камісарыяты. Аднак маштабную пошукавую работу не праводзілі. Сродкі і людзі былі патрэбны найперш на тое, каб аднавіць краіну. Пры гэтым важна заўважыць, што людзі, якія прайшлі вайну, не былі такімі сентыментальнымі як цяпер. Яны гэта ўсё бачылі. Галоўным было — адражэнне эканомікі і сацыяльнай інфраструктуры краіны. Усе памятаюць і няпростую сітуацыю, якая склалася пасля развалу Савецкага Саюза. Эканамічная, палітычная, сацыяльная сферы — усюды поўны крах. А вось пытанне аб увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн было паднята ў першы ж год прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Паставіцца з усёй увагай да памяці аб загінулых, да гісторыі сваёй краіны, калі клопату і так хапае, — дарагога варта. Ёсць у гэтым нешта сімвалічнае. Дарэчы, менавіта па нашым прыкладзе, але толькі ў 2007 годзе, быў сфарміраваны 90-ы асобны спецыяльны пошукавы батальён Расійскай Федэрацыі.

— Дабавілася працы ў нашых пошукавікоў і ў сувязі з заведзенай Генеральнай пракуратурай крымінальнай справай аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд...

— Мы і дагэтуль сутыкаліся з генацыдам у дачыненні на беларускага народа. Узяць хаця б вышэй узгаданую вёску Падзяменне. Працавалі і ў Нясвіжы, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны адбыўся масавы расстрэл мясцовых жыхароў. Астанкі мірнага насельніцтва былі выяўлены і падчас будаўніцтва прыбужскага квартала ў Брэсце. Гэта для нас не новае. Цяпер па гэтай тэме працуем сумесна з Генеральнай пракуратурай.

— Рэзанансная крымінальная справа вядзецца ўжо другі год. Што асабіста вас уразіла падчас працы ў межах расследавання?

— Пахаванне ва Уруччы. Дзякуючы Генпракуратуры, устаноўлена яшчэ адно масавае месца забойства мірных грамадзян. Пакуль адпрацавалі дзве ямы. Першая была напоўнена савецкімі ваеннапалоннымі, што пацвярджаюць знаходкі: фрагменты абмундзіравання, падэшвы абутку 1941 года, процівагаз — у ім была збіта крышка і прымацаваны ручкі. Гэта сведчыць аб тым, што яго ўладальнік у палон трапіў не з кацялком і лыжкай, а з процівагазам і, хутчэй за ўсё, са зброяй. Для таго каб не памерці з голаду, ён выкарыстоўваў гэты процівагаз як кацялок. Быў знойдзены сярод астанкаў і танкавы гудок, які таксама прымяняўся ў якасці посуду. У другой яме, якую мы выявілі, пераважна знаходзіліся мірныя жыхары: у асноўным жанчыны і дзеці. У іх былі праломленыя чарапы. Знойдзены на астанках жалезны прут з рукаяткай сведчыў аб тым, што людзей забівалі ўдарам па галаве. Пошукавыя работы ва Уруччы не завершаны.

— За гады сваёй працы ў батальёне вы, вядома, бачылі многае. Ці можна заставацца несентыментальным пры такой рабоце?

— Гэта немагчыма! Згадаць хаця б тое ж слуцкае пахаванне. Два дзіцяці, павернутыя галавамі адзін да аднаго, хтосьці з блізкіх клапатліва злучыў іх рукі... Іх астанкі ў сандалях не забыць да гэтага часу. Убачанае і кранае, і напаўняе нянавісцю да тых, хто такое зрабіў з нашым народам. Памятаю, як два амонаўцы прыехалі на тэрыторыю воінскай часці, дзе праводзіліся раскопкі, і папрасілі паглядзець пахаванне. Я бачыў, як мяняліся твары гэтых моцных хлопцаў, як іх рукі амаль сінхронна папаўзлі да галаўных убораў. Нашы людзі адносяцца да загінулых з павагай. Аднойчы на Старажоўскіх могілках, дзе пахаваны ваеннаслужачыя Першай сусветнай вайны, рабочыя рабілі свідравіну. Ад пошукавага батальёна я там прысутнічаў у якасці назіральніка: сачыў, каб у выпадку выяўлення астанкаў яны заставаліся ў захаванасці. Іх сапраўды знайшлі, гэтае месца я пазначыў штучнымі кветкамі. І, што адметна, людзі там мітусіліся, нешта пераносілі, цяжкая тэхніка пастаянна рухалася, а гэты пятак, пазначаны кветкамі, ніхто не пераступіў, не пераехаў...

— Знайсці медальён сярод астанкаў — рэдкая ўдача?

— Знайсці мы знойдзем, а вось як аднёсся салдат да свайго лёсу — гэта ўжо іншае пытанне. Калі захацеў захаваць імя, то зробіць гэта любым спосабам. Падчас раскопак на тэрыторыі лагера ваеннапалонных мы знайшлі медальён з кніжным лісцікам, на якім было напісана імя і адрас. Калі ж салдат абыякавы да свайго далейшага лёсу, ён робіць са свайго медальёна мунштук для курэння — менавіта такі мы выявілі на месцы былога лагера для ваеннапалонных у Масюкоўшчыне. Незапоўненых медальёнаў мала. На першы погляд, яны чыстыя, аднак сучасныя сродкі сканіравання дазваляюць нам сцвярджаць, што гэта не так. Чарнілы вымыліся, і быў час, калі пошукавікі думалі, што такія ўкладышы былі проста незапоўненыя. Пры гэтым абгрунтоўвалася гэта тым, што салдат гэта рабіў наўмысна, бо верыў у забабоны, што калі нешта там напіша, то абавязкова загіне. Гэта міф! Сучасныя тэхналогіі гэта пацвярджаюць. Такім чынам, сёння вяртаюцца імёны ўладальнікаў медальёнаў, якія былі знойдзены яшчэ ў 1970 — 1980-я гады. Канчатковая мэта пошукавай работы — вярнуць салдата або яго месца пахавання сваякам. Без гэтага пошукавая работа нескончана.

— Дзякуючы ўсё тым жа сучасным тэхналогіям, гэта проста?

— Вельмі цяжка. У некаторых выпадках шанцуе адразу. Часам пошукі вядуцца гадамі.

— Як сваякі ўспрымаюць навіну аб знойдзеным родным чалавеку, які доўгі час лічыўся зніклым без вестак?

— Для іх гэта становіцца падзеяй. Некаторыя кажуць, навошта гэта трэба, пакіньце, маўляў, гэтых людзей у спакоі. За такімі гучнымі словамі хаваецца ўласнае нежаданне і нецікавасць да лёсу сваіх продкаў. Такіх, на шчасце, мала. Большасць людзей шукае сваіх продкаў, якія не вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны, а таму вельмі эмацыйна ўспрымае «сустрэчу» з імі праз гады. Помню, на перапахаванне ў Гродна прыехалі праўнучка салдата, імя якога мы ўстанавілі. Жанчына падыйшла да кожнага вайскоўца, які ўдзельнічаў у пошукавых работах, і выказала словы ўдзячнасці, пры гэтым кожнага з іх абняла.

— Ці шмат яшчэ нязнойдзеных салдат захоўвае наша зямля?

— Гэта падлічыць немагчыма. Некаторыя кажуць, што сыдзе пакаленне відавочцаў, і ў нас не будзе работы. Будзе! Да гэтага часу людзі паказваюць месцы пахавання 1812 года. Здавалася б, больш як 200 гадоў прайшло... Людзі расказваюць адзін аднаму, берагуць гэтую памяць. Не старэюць і архівы.

— А як пошукавікі, якія не толькі з падручнікаў ведаюць, што перажыў беларускі народ падчас апошняй вайны, ставяцца да перапісвання гісторыі?

— Ці шмат вялікіх спецыялістаў у матэматыцы ці фізіцы?! У гісторыі ж чамусьці «знаўцаў» хапае, кожны з якіх выказвае сваё бачанне адных і тых жа падзей. Адным словам, любы балбоча, што хоча. Чаму ў матэматыку не лезуць? Законы. Мы ж змагаемся праўдай, архівамі, выхаваннем. Самае галоўнае — не маўчаць. Нават калі гэтая праўда часам горкая. Лепш мы раскажам аб ёй, чым нам — аб тым, чаго не было.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва героя публікацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».