На разгляд Прэзідыума Саўміна былі вынесены праекты прагнозных дакументаў на 2023 год — аб важнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі, аб рэспубліканскім бюджэце і змяненнях у Падатковы кодэкс.
Яшчэ перад пасяджэннем яго ўдзельнікі ў размове з журналістамі звярнулі асаблівую ўвагу на сацыяльны складнік бюджэту. «Традыцыйна сацыяльная сфера не будзе абдзелена. Ёсць заданне па росце аплаты працы. Пакуль папярэдне можна сказаць, што каля Br3 млрд на фонд аплаты працы будзе дабаўлена. З іх бюджэтнікам (без дзяржслужачых і ваенных) — больш за Br2 млрд. Гэта дазволіць недзе на 10 працэнтаў павялічыць базавую стаўку і яшчэ дадаткова прадугледжваць сродкі на мэтавыя выплаты. Паводле нашых папярэдніх прагнозаў, мэтавыя выплаты, надбаўкі прырастуць недзе напалавіну», — сказаў міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў. Паводле яго слоў, у наступным годзе аб’ём інвестыцый, дарожнага будаўніцтва, рамонту вулічнай сеткі, інфраструктуры да жылля будзе не меншы за бягучы год.-
Параметры на наступны год будуць адпавядаць праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, запэўніў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў. У прыватнасці, тэмп росту ВУП запланаваны ў памеры 103,8 працэнта. «Гэта забяспечыць прырост даходаў насельніцтва больш як на 4 працэнты. Плануем таксама пабудаваць больш за 4,3 млн кв.м жылля, прычым 1,2 млн кв.м — з дзяржаўнай падтрымкай», — адзначыў ён.
Як зазначыў падчас пасяджэння Прэзідыўма Саўміна прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, работа над дакументамі вялася на працягу некалькіх месяцаў. «Канцэптуальныя падыходы падрыхтаваны на аснове даручэнняў кіраўніка дзяржавы і праактыўнага адказу на бягучыя выклікі. Прагноз сацэканамразвіцця на наступны год сфарміраваны зыходзячы з мэтавай задачы — гэта выхад на параметры эканамічнага росту, прадугледжаныя праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, нягледзячы на беспрэцэдэнтны санкцыйны націск, да якога эканоміка ўжо заканчвае адаптавацца. Рост эканомікі ў 2023 годзе запланаваны на ўзроўні 103,8 працэнта. Задача няпростая, асабліва ва ўмовах санкцыйнага свавольства, разбураных эканамічных сувязей, разбалансіроўкі і працяглай перабудовы рынкаў. Для яе вырашэння патрэбна напружанне па ўсёй сістэме», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Паводле БелТА
Фота: БелТА
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.