Вы тут

Міжнародныя водныя старты завяршылі турыстычны сезон на Аўгустоўскім канале


Напярэдадні Сусветнага Дня турызму, які адзначаецца 27 верасня, Гродзеншына прымала адразу два спартыўныя мерапрыемствы — Міжнародны водны марафон «Аўгустоўскі канал — 2022» і Усебеларускія турыстскія гульні.


Марафон на двухмясцовых і адзіночных байдарках стартаваў з гарадскога пляжа ў Гродне. Сюды з’ехаліся чатыры каманды з Беларусі і дзве з Расіі. Усіх удзельнікаў налічвалася звыш 50 чалавек. Дыстанцыя складалася з двух роўных па працягласці этапаў, кожны па 33 кіламетры. Першы — рака Нёман — шлюз Нямнова на канале. Другая дыстанцыя праходзіла па даволі імклівай рацэ Чорная Ганча. Па словах старшыні Рэспубліканскага турысцка-спартыўнага саюза Сяргея Каляды, гэты маршрут асабліва падабаецца аматарам экстрыма. Бо рэчка, якая працякае па Гродзенскай пушчы, звілістая, з вірамі, бурунамі, а часам і паваленымі дрэвамі. Многія прыязджаюць спецыяльна дзеля таго, каб паспаборнічаць з воднай стыхіяй, пераадолець перашкоды. 

— Нам вельмі пашанцавала з надвор’ем, — зазначыў Сяргей Каляда. — Бо напярэдадні старту мне тэлефанавалі расіяне, якія былі занепакоены прагнозам сіноптыкаў. Маўляў, чакаецца дрэннае надвор’е, нават з аранжавым узроўнем бяспекі. Але, як часта бывае, прагнозы не спраўдзіліся. Надвор’е было добрае, сонечнае, было камфортна для спаборніцтва на байдарках. Да таго ж і сама атмасфера марафона была вельмі цёплай і сяброўскай. 

Сёлета марафон адбыўся ў пяты раз. Праходзіць ён па ініцыятыве Міністэрства спорта і турызму і пазначаны ў календары Федэрацыі міжнароднага турызму. Традыцыйна на старты прыязджаюць масквічы, гэтым разам аб сваім удзеле заявіла і каманда Санкт-Пецярбургу.

— «Навічкі» выказалі жаданне паспаборнічаць з моцнай камандай беларусаў з барысаўскага клуба «Каяк», — заўважыў Сяргей Каляда. — Але перамагчы зладжаную «двойку» ў складзе Віктара Траццяка і Антона Івашкіна так і не здолелі. А вось беларусы палепшылі свой папярэдні рэкорд і прайшлі нёманскую трасу за 2 гадзіны 32 хвіліны. Добры вынік — 2, 48 гадзіны — яны паказалі і на Чорнай Ганчы. Дарэчы, воднікі з Барысава сёлета сталі прызёрамі на сусветным чэмпіянаце па водным турызме ў Салехардзе і Алтайскім краі. Таксама на гродзенскім марафоне нядрэнна выступіла і каманда з Брэста «Чорная каракаціца». 

Удзельнічаюць у марафоне і жанчыны. Лепшай у змешаным экіпажу стала каманда з Санкт-Пецярбурга. Усяго было восем змешаных экіпажаў. 

Марафон стаў традыцыйным і прымеркаваны да сусветнага Дня турызму, які адзначаецца 27 верасня. А пачынаецца водны сезон на Аўгустоўскім канале фестывалем «Нёманская вясна», які праходзіць у пачатку мая. 

А на турыстычнай базе «Нямнова» ў той дзень разгарнуліся Усебеларускія турысцкія гульні, на якія сабраліся пяць каманд з Беларусі. Дарэчы, у іх прынялі ўдзел ветэраны воднага турызму, у тым ліку знакаміты гродзенскі воднік Аляксандр Іваноў, якому споўнілася 83 гады. Спаборніцтвы праходзілі ў тэхніках пешага, воднага і велатурызму на кароткія і доўгія дыстанцыі. У звязцы добра сябе паказалі ветэраны, якія нават ва ўзросце 60 плюс пераадольвалі складаную вяровачную трасу. Па словах старшыні Рэспубліканскага турысцка-спартыўнага саюза, такія спаборніцтвы дапамагаюць заўзятым аматарам турызму быць гатовымі да экстрымальных сітуацый, удзельнічаць у складаных паходах. Каб людзі, якія вырашылі здзейсніць такі паход, былі да яго падрыхтаваны. І ўвогуле прыемна, калі беларусы адзначаны на якіх-небудзь знакавых месцах. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота прадастаўлена Рэспубліканскім турысцка-спартыўным саюзам

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».