Вы тут

Дэпутаты Магілёўскага аблсавета ацанілі патэнцыял Быхаўскага раёна


Каб даведацца, як у маштабах краіны рэалізоўваецца палітыка дзяржавы, лепш за ўсё заглянуць у глыбінку. Так лягчэй прааналізаваць, якія існуюць праблемы і што з імі варта рабіць, а заадно азнаёміцца з цікавымі формамі работы на месцах і, магчыма, узяць іх на ўзбраенне. У рабоце выязной сесіі Магілёўскага аблсавета ўзялі ўдзел дэпутаты ўсіх узроўняў, уключаючы Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама парламентарыі ад Савета Рэспублікі і прадстаўнікі абласной, раённай выканаўчай улады. Асноўнымі пытаннямі, якія стаялі на парадку дня выязной сесіі ў Быхаўскі раён, было азнаямленне з ходам рэалізацыі дзяржпраграмы па будаўніцтве жылля на 2021—2025 гады і практыкай работы з насельніцтвам райсавета і органаў мясцовага самакіравання.


Планы на будаўніцтва

У Быхаве на сённяшні дзень пражывае больш чым 17 тысяч чалавек, яшчэ больш як 13 тысяч — у аграгарадках і вёсках. Гэта адзін з буйных сельскіх раёнаў Магілёўшчыны і наогул краіны. І будаўніцтва тут ідзе дастаткова хуткімі тэмпамі. За апошнія 10 гадоў у горадзе пабудавана 79 тысяч квадратных метраў жылля, жыллёвыя ўмовы палепшылі 2305 грамадзян — або 641 сям'я.

Каб уявіць маштабы будаўніцтва, удзельнікі сесіі наведалі маладзёжны мікрараён «Колас». У трох апошніх дамах, якія пабудаваныя тут з 2019 года, прапісалася 128 сямей, 125 з якіх — шматдзетныя. Сёння ў краіне робіцца акцэнт на павышэнне якасці жылля. І апошні дом, які тут быў узведзены, — электрычны.

— Больш увагі аддаецца стварэнню безбар'ернага асяроддзя, — расказаў намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама Аляксандр Жэлабкевіч. — Прадугледжваецца аўтастаянка ўжо і для фізічна аслабленых асоб, а на ўваходах у дом кладзецца тактыльная плітка.

На суседняй пляцоўцы відаць пад'ёмны кран — тут ідзе будаўніцтва яшчэ аднаго пяціпавярховіка.

— Гэта будзе 40-кватэрны дом з ліфтам, — тлумачыць Аляксандр Жэлабкевіч. — Сёння ўсё, што вышэй за чатыры паверхі, абсталёўваецца ліфтам, каб палепшыць сацыяльныя стандарты і жыццё тых людзей, якія будуць пражываць у такіх дамах.

Дарэчы, новая аднапакаёўка ў Быхаве каштуе сёння 64 тысячы беларускіх рублёў, двухпакаёўка — каля 98, трохпакаёўка — каля 135 тысяч. І попыт ёсць. Сёння ў чарзе на будаўніцтва жылля стаіць 1323 чалавекі. У якасці альтэрнатывы кватэры ў шматпавярховіку прапануецца і індывідуальнае жыллё.

— У адпаведнасці з Дырэктывай № 8 Прэзідэнта, яго аб'ём складае 40 % ад агульнай колькасці тых метраў, якія мы будуем, — удакладніў намеснік старшыні. — Адзінае, што непасрэдна ў горадзе зямельных участкаў няшмат, усяго тры. І каля 125 знаходзіцца на тэрыторыі сельскіх выканкамаў. Больш запатрабаваныя пляцоўкі ў аграгарадках і вёсках, што побач з імі.

Раённыя ўлады спадзяюцца, што колькасць участкаў пад індывідуальнае жыллё ў Быхаве хутка павялічыцца. Такую магчымасць дае Указ № 116. І работа ў гэтым кірунку вядзецца, запэўніў Аляксандр Жэлабкевіч.

— Плошча адведзеных пад забудову індывідуальнага жылля складае 32 гектары. Тут будзе 121 зямельны ўчастак, — паведаміў ён.

Дэпутатаў цікавіла, ці ўсе нормы Указа № 116 урэгуляваныя, мо яшчэ засталіся няўлічаныя пытанні.

Намеснік старшыні запэўніў, што пасля ўступлення ў дзеянне Указа ўсе яны былі знятыя.

Лясгас шануе гісторыю і прываблівае моладзь

Пабывалі ўдзельнікі выязной сесіі і ў мясцовым лясгасе. Першае, што звяртае на сябе ўвагу, гэта сам будынак. Ён датуецца аж XVІІ стагоддзем. І, як паведаміў дэпутат райсавета, дырэктар Быхаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей Жыжыян, пабудова захавалася толькі дзякуючы лясгасу, які ўзяў на сябе дарагі рамонт. Гэта былыя памяшканні каталіцкага манастыра, якія ўваходзілі ў сістэму гарадскіх умацаванняў. З яго вокнаў быхаўчане бачылі гетмана Івана Залатарэнку, які ў XVІІ стагоддзі на чале запарожскіх казакоў асаджваў Быхаў. Гэты будынак ведаюць яшчэ і па 1917 годзе, калі сюды перавезлі з Магілёва «быхаўскіх вязняў» — генералаў Карнілава, Дзянікіна, Лукомскага і іншых, якія потым сталі героямі белага руху. Сёння ў Быхаве спрабуюць зрабіць з гэтага гістарычнага факта брэнд і прывабіць у горад турыстаў.

— Ужо цяпер да нас прыязджаюць рэканструктары «белай справы», прыходзяць у музей, а потым сюды, каб пакланіцца дошцы, якая знаходзіцца на сцяне будынка, — кажа Сяргей Жыжыян. — У будучым гэтае месца будзе цікавым турыстычным пунктам Быхава.

Лясгас справіў наваселле ў гістарычным будынку ў снежні 2015 года. Каб уявіць, у якім стане была пабудова, дастаткова згадаць — у аднаўленне будынка ўкладзены мільён долараў. Дырэктар лясгаса, а таксама дэпутат раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў Віктар Кузняцоў, успамінае: будынак быў у такім стане, што пытанне стаяла, захаваць яго або разбурыць. І на карысць апошняга нават было больш аргументаў. Але будынак захавалі, і сёння гэта адзін з найцікавейшых аб'ектаў не толькі горада, але і краіны. Ну, а сам лясгас — адно з паспяховых прадпрыемстваў у раёне.

Віктар Кузняцоў падрабязна расказаў пра гаспадарчую і сацыяльную дзейнасць прадпрыемства. Тут устаноўлена высокатэхналагічнае абсталяванне, якое дазваляе рабіць глыбокую перапрацоўку драўніны і ствараць высакаякасную прадукцыю. Гэта, у сваю чаргу, дазваляе развівацца і ствараць новыя рабочыя месцы.

— Асаблівая ўвага аддаецца маладым спецыялістам, — адзначыў кіраўнік. — І тое, што 60 % з іх застаецца пасля адпрацоўкі, добры вынік. Дзейсным стымулам з'яўляецца зарплата, якая ў маладога спецыяліста складае ў сярэднім больш чым 1300 рублёў. Прадугледжана кампенсацыя па найме жылля, існуе шэраг розных ільгот. За апошнія пяць гадоў на прадпрыемстве ўтварыліся чатыры маладыя сям'і.

Маладзёжныя ініцыятывы і турыстычны патэнцыял

У Быхаве шмат актыўных і ініцыятыўных жыхароў. Дарэчы, горад падзелены на 16 мікразон, кіраўнікамі іх з'яўляюцца дзеючыя дэпутаты.

— Мне пашчасціла, што я працую і жыву ў сваёй мікразоне, — адзначыў старшыня мікразоны «Ленінская» Сяргей Жыжыян. — Мяне ўсе ведаюць як дырэктара музея і ведаюць, дзе шукаць. Ёсць і вызначаны час прыёму грамадзян, але людзі прыходзяць з пытаннямі і прапановамі, калі ім зручна.

У раённым Цэнтры культуры, дзе адбылося адкрыццё сесіі, уразіла вялікая выстава макетаў, прысвечаных спаленым вёскам. За тры гады нямецкай акупацыі на Быхаўшчыне было знішчана 86 вёсак, забіта, закатавана, спалена каля 9 тысяч чалавек з мірнага насельніцтва. Макеты гэтых вёсак, зробленыя дзіцячымі рукамі з дапамогай іх настаўнікаў, уражваюць сваімі маштабамі і грунтоўнасцю. Школьнікі рабілі даследчыя работы, выязджалі ў вёскі, гутарылі са старажыламі. З гэтымі работамі юныя даследчыкі ўдзельнічалі ў міжнародных канферэнцыях... Таксама была магчымасць азнаёміцца з дзвюма ініцыятывамі ад насельніцтва, якія мелі працяг і дагэтуль функцыянуюць у раёне. Гэта Мабільная школа аўтарскага рамяства, якая была рэалізавана ў суаўтарстве з Слаўгарадскім і Клічаўскім раёнамі, і «Кола жыцця — развіццё ганчарства, керамікі і саломапляцення». Гэтыя ініцыятывы дапамаглі шмат каму рэалізавацца.

На адкрыцці сесіі старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Марціновіч звярнуў увагу на тое, што ў раёне робіцца ўсё, для таго каб зацікавіць і прывабіць сюды моладзь, каб прывіць ёй любоў да роднага краю. Ён таксама даў невялічкую характарыстыку сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і абазначыў прыярытэтныя кірункі. Сярод іх вялікая ўвага аддаецца будаўніцтву жылля і рабоце з насельніцтвам. Як тое робіцца, можна было прасачыць падчас наведвання абазначаных у праграме выязной сесіі аб'ектаў.

На пленарным пасяджэнні старшыня Быхаўскага райсавета Вячаслаў Сідарэнка звярнуў увагу на тыя кірункі, дзе трэба ўзмацніць работу. Гэта, у прыватнасці, актывізацыя дзейнасці дэпутатаў у сацыяльных сетках і больш грунтоўнае навядзенне парадку на сельскіх могілках. У раёне таксама праводзіцца вялікая работа па прыцягненні сюды турыстаў. Дырэктар цэнтра «Чыгірынскі кластар: партнёрства для эканамічнага росту» Раман Мельнікаў расказаў, як гэты перспектыўны праект набірае абароты. Усяго ў Чыгірынскі кластар, які быў створаны ў снежні 2021 года, сёння ўваходзіць больш за 20 аграсядзіб і баз адпачынку дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці, з якіх 14 працуе на поўную магутнасць.

У тэму

Алег Дзячэнка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:

— Выязная сесія ў Быхаўскі раён стала вельмі плённай вучобай для ўсяго дэпутацкага корпуса. Ды і мне як сенатару вельмі важна было дадаткова вывучыць на месцы спецыфіку эканамічнай і сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў раёне, які знаходзіцца па-за межамі маіх выбарчых акруг, але ў той жа самы час мяжуе з імі.

Параўнальны аналіз дасягненняў раёна, у тым ліку работы мясцовых дэпутатаў з выбаршчыкамі, дазваляе скарэкціраваць асобныя напрамкі ўзаемадзеяння з насельніцтвам у цэлым, удасканаліць механізм зваротнай сувязі, палепшыць якасць прыняцця рашэнняў па пытаннях, якія хвалююць сёння простых людзей. Вельмі імпануе станоўчы досвед работы з грамадзянамі ў сельскіх саветах і ў мікразонах Быхава, калі людзі могуць у любы час, а не толькі ў прыёмныя дні, данесці да дэпутатаў свае праблемы і спадзяванні. Гэта і ёсць прыклад сапраўднага народлаўладдзя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Быхаў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?