Вы тут

Алесю Кажадубу — 70. З гэтай нагоды пагутарылі пра вытокі натхнення, літаратурную тусоўку і асаблівасці пісьменніцкай працы


Беларускі празаік Алесь Кажадуб шмат гадоў жыве ў Маскве, але заўсёды знаходзіцца ў самых вірах і рускага, і беларускага літаратурнага працэсу — актыўна піша на беларускай мове, выдаецца, да таго ж шмат робіць, каб нашу літаратуру ведалі ў Расіі. Слыннаму пісьменніку 27 верасня спаўняецца 70 гадоў. З гэтай нагоды мы пагутарылі для чытачоў «Звязды» пра вытокі натхнення, літаратурную тусоўку і асаблівасці пісьменніцкай працы. 


— Вы шчыра любіце родныя Ганцавічы, якім прысвечана ваша кніга «Гарадок». Можа, згадаеце асабліва яркія ўспаміны з дзяцінства, якія паўплывалі на фармаванне будучага пісьменніка? Якія мясціны малой радзімы найбольш любілі? Што з гісторыі Ганцавіч вам падаецца асабліва рамантычным, таямнічым, трагічным?

—Пра Ганцавічы я ўжо неаднойчы пісаў, але, тым не менш, раскажу яшчэ раз. Мы жылі ў доме былога панскага падлоўчага. Ён быў падзелены на дзве паловы, у адной мясціліся мы, у другой дырэктар школы Сяргей Іосіфавіч Сычоў з жонкай Дар’яй Іванаўнай, маёй першай настаўніцай. Якраз у іх я і пачаў чытаць свае першыя кнігі, большасцю энцыклапедычныя даведнікі. І ці не першай гістарычнай падзеяй, якая мяне тады ўразіла, было Вялікае перасяленне народаў. Пытання, на каго вучыцца, у мяне не было з першага класа — або на гісторыка, або на пісьменніка... А тыя Ганцавічы, з маленства, былі дзівоснай краінай. Тут і Тамашэўскі лес, і рэчка Цна, нават торф на паплавах у нас гарэў не так, як у іншых мясцінах. А якія пісьменнікі нарадзіліся і жылі на Ганцаўшчыне? Міхась Рудкоўскі, Васіль Праскураў, Мікола Антаноўскі, Іван Кірэйчык, Алесь Каско, Віктар Гардзей, Уладзімір Марук... Я ўжо не кажу пра тое, што ў нас запісваў казкі Сержпутоўскі, а ў Люсіне настаўнічаў Якуб Колас. Асаблівая краіна, у якой хапала і рамантыкі, і таемнасці, і, на жаль, трагічнасці. 

— Я ведаю, што вы і пра гэта ўжо распавядалі... Але ўсё-ткі згадайце, каму паказвалі першыя літаратурныя спробы, калі адбылася першая публікацыя? Як адрэагавалі на яе ў сям’і? У коле сяброў? А свой першы ганарар помніце? На што патрацілі?

— Першае сваё апавяданне я паказаў Васілю Фёдаравічу Праскураву. Ён сябраваў з маім бацькам. Мы ўжо не жылі ў Ганцавічах, але прыехалі з бацькам да Праскурава. Той, канешне, блаславіў, ды ў кожнага ў літаратуры свой шлях. Кожны з нас піша па-свойму. Першае апавяданне я надрукаваў у 1976 годзе ў «Маладосці», і яго прыхільна ўспрынялі амаль усе, і найперш сябры. Тады публікацыю прынята было «абмываць». Ганарар быў прыстойны, рублёў 250. Але на што патраціў, не памятаю. Грошы, як ні дзіўна, не былі для нас галоўным. Пра ўсё гэта, дарэчы, я пішу ў сваім новым рамане «Партрэт», які скончыў літаральна днямі.

— У сваім апавяданні «Як я зрабіўся пісьменнікам» вы згадваеце недапісаны Вамі ў дзяцінстве раман «Анты» — аб праславянскiм племенi, якое ваявала з Вiзантыяй. Як вярталіся да гістарычнай тэмы, што для вас такое гістарызм у літаратуры? Наколькі аўтар мусіць быць залежны ад фактаў? Ці вас прываблівае больш містыка, міфалогія, фэнтэзі, альтэрнатыўная гісторыя?

— Пачну з апошняга — альтэрнатыўную гісторыю я не лічу вартай увагі. А вось міфалогія, няхай сабе і аздобленая містыкай, надзвычай прывабная рэч. Я ці не першы ў нашай літаратуры пачаў пісаць пра лесавікоў, русалак і ваўкалакаў. Што тычыцца «Антаў», дык яны сапраўды перавярнулі мой светапогляд. Ад антаў, якія насамрэч ваявалі з Візантыяй, я прыйшоў да беларуска-літоўскіх летапісаў, і на іх падставе напісаў сваё гістарычнае даследаванне «Інакшая Русь» (у Мінску ў дапрацаваным выглядзе яно выйшла пад назваю «Русь і Літва»). На маю думку, гістарычны факт павінен ляжаць у падмурку любой гіпотэзы. І тут не магу не прыгадаць імя Міколы Улашчыка, які ўвёў у навуковы абыходак беларуска-літоўскія летапісы і напісаў геніяльную кнігу «Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання». Прынамсі, ён быў з тых беларусаў, што жылі ў Маскве і працавалі на Бацькаўшчыну. 

— Некалькі гадоў вы працавалі рэдактарам літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. Якім чынам патрапілі на гэтую працу? Якія праекты ўспамінаюцца асабліва ярка?

— На тэлебачанне я прыйшоў, што называецца, з вуліцы. Аднак за плячыма ўжо былі і праца фізруком і настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сельскай школе, і два гады ў сектары сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства АН БССР, які ўзначальваў акадэмік Бірыла. Ну, і апавяданне ў «Маладосці». На тэлебачанні я вёў перадачы «Паэзія слова народнага», «Літаратурная Беларусь», рабіў творчыя партрэты пісьменнікаў, у тым ліку Уладзіміра Караткевіча. Як я пазней даведаўся, Караткевіч вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве разам з маім будучым цесцем Георгіем Ладоншчыкавым, які быў у іх старастам курса. Яны ліставаліся, як, дарэчы, і з Еўдакіяй Лось, таксама аднакурсніцай. Цікавых выпадкаў на тэлебачанні было шмат, аднак пра іх я пішу ў рамане «Партрэт». Нагадаю толькі пачатак творчага вечара пісьменніка Алеся Рыбака, які я запісваў у Доме літаратара. Той выйшаў на сцэну, пахадзіў па ёй, трымаючыся рукой за падбароддзе, падышоў да мікрафона і прамовіў: «Доўгі час я жыў далёка ад радзімы. Я працаваў у Крамлі». А ён насамрэч нейкі час працаваў у Вярхоўным Савеце СССР, перакладаючы на беларускую мову ўказы і акты.

— Якім чынам сёння можна выхоўваць чытацкія густы, калі сёння галоўны маркер для чытача — меркаванне шматлікіх кніжных блогераў і рэкламныя кампаніі буйных выдаўцоў сусветнага рынку?

— Густы, на жаль, выхоўваюць якраз абставіны жыцця. Я ўспамінаю, што ў дзевяностыя гады большасць чытала творы крымінальнага напрамку. Цяпер... Нават і не ведаю, што чытае моладзь цяпер, мусіць, фэнтэзі і літаратуру nonfiction. Ва ўсякім выпадку, тое, што як надалей ад іх рэчаіснасці. Праўду сказаць, сённяшняя рэчаіснасць у многім і адштурхоўвае ад сябе. Канешне, пісьменніку трэба было б як мага далей трымацца ад палітыкі, аднак гэта ўдаецца далёка не кожнаму. 

— Вы вучыліся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Хто там апынуўся вашым настаўнікам? З кім з калег па пісьменніцкім цэху пасябравалі? Некаторыя, дарэчы, ставяць пад сумніў шчырае сяброўства паміж пісьменнікамі, спасылаючыся, што кожны таленавіты творца — індывідуаліст, эгацэнтрыст, складаная асоба... 

— На Вышэйшых літаратурных курсах маімі настаўнікамі былі Розаў, Межыраў, Вішнеўская, Ляснеўскі, Максімаў, Куніцын, Яромін... Успамінаю выказванне апошняга: «Што такое прагрэс? Час ідзе, нягоднік удасканальваецца...» А кіраўніком семінара прозы быў Эрнст Сафонаў, з якім мы пасябравалі. Зрэшты, я ўдзячны лёсу, што быў блізка знаёмы з пісьменнікамі Сяргеем Міхалковым, Сяргеем Баруздзіным, Юрыем Бондаравым, Пятром Праскурыным, Ягорам Ісаевым, Фазілем Іскандэрам, Расулам Гамзатавым, Канстанцінам Ваншэнкіным, Мікалаем Старшыновым, Міхаілам Лабанавым, Юрыем Кузняцовым, Васілём Бяловым, Сяргеем Вікулавым... Аднак найбольшым шчасцем лічу тыдзень у Франкфурце-на-Майне, які я правёў у размовах з Васілём Быкавым. Павінен сказаць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, у тым ліку і ў сяброўстве. 

— Вы доўгі час курыравалі дадатак да «Литературной газеты» «Лад», дзе прапагандавалі беларускую літаратуру. Ці дзейнічае цяпер гэты праект, якія ў яго перспектывы?

— Гэтага праекта ў «Литературной газете» ўжо няма, аднак ёсць «Беларуская старонка», і гэта добра. Зрэшты, яшчэ да нас сказана: «Новы час — новыя песні». Гаворачы пра «Лад», не магу не ўспамянуць добрым словам Івана Бурсава і Ізяслава Катлярова, якія дапамагалі мне рабіць гэтую газету ў газеце. Першы быў выдатны перакладчык з беларускай мовы, як кажуць, прадстаўнік старой школы. А другі — сапраўдны рыцар літаратуры, дай Бог яму здароўя. Між іншым, з 1999 па 2009 гады я быў галоўным рэдактарам выдавецтва «Советский писатель», і ганаруся, што разам з В.І. Лосевым выдаў дзённік і лісты Міхаіла Булгакава. Гэта сапраўдны ўнёсак у рускую літаратуру.

— Раней у Літаратурным інстытуце час ад часу набіралі курсы перакладчыкаў з беларускай мовы... Што адбываецца сёння? Ці найперш кожны аўтар — сам сабе перакладчык, бо кожны ж ведае вольна і рускую, і беларускую мовы? Ці ўсё-ткі ёсць розніца паміж аўтаперакладам, і здзейсненым прафесійным перакладчыкам? Помню, пачула неяк заўвагу ад крытыка, што аўтапераклад лічыцца менш прэстыжным у літаратурнай тусоўцы…

—Усё залежаць ад асобы аўтара. У свой час былі прафесійныя перакладчыкі, якім аднолькава давяралі і аўтары, і выдаўцы. Я, напрыклад, ведаў Якава Казлоўскага, з якім жыў у пісьменніцкім пасёлку «Унукава». Выдатны перакладчык. Наколькі я ведаю, у Літаратурным інстытуце плануюць узнавіць курсы перакладчыкаў з беларускай мовы, аднак падрабязнасцей не маю. Ад плана да ягонай рэалізацыі, бывае, праходзіць цэлае жыццё. Што тычыцца прэстыжнасці аўтаперакладу, дык яна зноў жа залежыць ад асобы. Пра якасць тэксту можна гаварыць толькі прачытаўшы яго. 

— Ці лёгка распавядаеце пра толькі пачатыя, няскончаныя творы? Бо некаторыя пісьменнікі пазбягаюць такой размовы, каб «не сурочыць». Ці можаце працаваць паралельна над некалькімі тэкстамі? Ці дапушчальна для вас пакідаць твор няскончаным? Ну і адсюль банальнае пытанне пра цяперашнюю вашу творчую працу…

—З вопыта ведаю, што пра няскончаны твор лепей не гаварыць. Тым больш, я толькі што скончыў раман, і новы яшчэ не пачаў. А паралельна над некалькімі тэкстамі працаваў, і не раз. Пішучы, напрыклад, раман, карысна знайсці час для аднаго-двух апавяданняў. Незавершаных твораў у мяне практычна няма, ну, хіба што тыя ж «Анты». Калі ж гаварыць пра планы... Даўно хачу напісаць твор пра Міхала Клеафаса Агінскага. Ён, дарэчы, быў апошні, хто хацеў узнавіць Вялікае княства Літоўскае, гаварыў пра гэта з Напалеонам і Аляксандрам Першым. 

Гутарыла Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.